17-06-2015

 Прадмовада«Тапанімічнага слоўніка» Кармяншчыны

 Слоўнік складаецца з уводнай і асноўнай (уласна слоўніка) частак  і літаратуры, выкарыстанай пры працы над ім.

Мова слоўніка – беларуская. Усе словы размешчаны ў алфавітным парадку. У артыкулах прадстаўлены  тапонімы на тэрыторыі сельскіх Саветаў Кармянскага раёна, так і некаторыя назвы прылеглых тэрыторый, а таксама агульныя для нашага раёна (напрыклад: Карма, Сож і г. д.).

Улічваючы магчымасці друку, матэрыялы слоўніка падаюцца ў скарочаным выглядзе.

Асноўныя этапы работы над слоўнікам: вывучэнне наяўных крыніц і літаратуры, стварэнне спісу тапонімаў і  папярэдняй базы дадзеных, тапанімічная экспедыцыя (апытванні мясцовых жыхароў, апісанне мясцовых аб’ектаў, даследванне і апісанне аб’ектаў на мясцовасці), апрацоўка, удакладненне, карэкцыя, дапаўненне, сістэматызацыя, аналіз і абагульненне матэрыялаў, складанне “Тапанімічнага слоўніка”, у якім у алфавітным парадку падаюцца айконімы (назвы населеных пунктаў), гідронімы (назвы водных аб’ектаў і аронімы (назвы аб’ектаў рэльефу зямной паверхні) з варыянтамі тлумачэння іх паходжання і сэнсавага значэння.

У найбольш ранніх назвах адлюстраваны, як правіла, род аб’екта: узвышанае месца называецца Гарой, рака ці возера – Возерам, лясная прастора – Лесам  і г. д.

У далейшым, акрамя роду, пачынаюць адлюстроўвацца дадатковыя характарыстыкі: Добрая (Чыстая, Хуткая і г. д.) + Рака; Чыстае (Глыбокае і г. д.) + Возера і г. д.

Паступова з’явіліся характарыстыкі гаспадарчай дзейнасці насельніцтва.

Пры перасяленні насельнікі часта пераносілі назвы ранейшых месцаў пасялення на новыя мясціны, маглі пераймаць або змяняць, прыстасоўваць пад сябе  ранейшыя назвы, пераасэнсоўваючы іх.

На завяршальным этапе фарміравання тапаніміі сталі адлюстроўвацца асабістыя прозвішчы, мянушкі, імёны, якія абазначалі прыналежнасць да першапасяленцаў, уладальнікаў і г. д.

Асаблівасцю нашай мясцовасці (як і ўсёй прасторы Усходнееўрапейскай раўніны нашага рэгіёну) было суіснаванне і ўзаемадзеянне розных этнасаў, этнічных груп. У выніку чаго паступова складваўся агульны запас геаграфічных назваў. Цікава, што ў блізкіх ці падобных фізіка-геаграфічных умовах, незалежна адны ад іншых узнікалі падобныя ці ідэнтычныя назвы.

Цяпер цяжка вызначыць дакладна,  якому этнасу належыць паходжанне той або іншай назвы, можна толькі  паспрабаваць  даць магчымыя і найбольш верагодныя версіі, зыходзячы з лінгвістычных асаблівасцяў, мясцовых паданняў і гістарычных дадзеных.

Паводле моўнай класіфікацыі адрозніваюць:1) назвы, сэнс якіх абсалютна зразумелы; 2) назвы, што паходзяць з другой мовы, але трывала ўвайшлі ў актыўны тапанімічны слоўнік; 3) назвы іншамоўныя, якія захавалі структуру і сэнс іншай мовы.

Фарміраванне назваў нашага рэгіёну адбывалася пад магутным уплывам трох асноўных моўных хваляў: фіна-ўгорскай, балцкай і славянскай. Адна ад адной яны адрозніваюцца часам распаўсюджвання і прасторай, якую калісьці займалі. Лічыцца, што самай старажытнай сярод іх была фіна-ўгорская (каля 5%), крыху больш пазнейшая — балцкая моўная хваля (каля 10%). Апошняй моўнай стыхіяй была славянская (каля 70%).  Астатнія тапонімы не маюць больш-менш пэўнага моўнага тлумачэння. Але,  на нашу думку, фіна-ўгры і балты больш паўплывалі на гідранімію, якая з’яўляецца найбольш старажытнай па паходжанні часткай тапаніміі. Славяне яе больш адаптавалі пад сябе, дадаўшы нешта сваё. Дакладна вызначыць.якая моўная хваля пакінула больш значны адбітак на нашай мясцовасці, не ўяўляецца яшчэ і таму, што з цягам часу назвы мяняліся, новыя насельнікі, крыху змяняючы ранейшыя назвы, адаптавалі іх пад сябе.

Па сэнсавым значэнні тапонімы можна падзяліць на некалькі груп:

        1.Назвы, якія адлюстроўваюць прыродныя ўмовы мясцовасці. Да іх адносяцца найменні, якія паказваюць адметнасць геаграфічнага становішча, адлюстроўваюць характар рэльефу, сведчаць пра грунтова-глебавыя ўмовы мясцовасці (Высокая, Гара, Вярхі, Востраў, Камышовы лог, Крывое балота, Мох, Тарфяны, Бор, Вышняя Бабравіна, Вець, Тапіла, Сякера і г. д.)

     2. Назвы, якія звязаны з працоўнай дзейнасцю і сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі жыцця людзей. Да іх адносяцца найменні, якія адлюстроўваюць умовы жыцця і быт людзей, звязаны з працоўнай дзейнасцю людзей і з іх старажытнымі промысламі; адлюстроўваюць асаблівасці транспартных шляхоў (Вадапой, Новы Млын, Стары шлях, Ратнік, Лядцы, Майдан, Рудня і г. д.).

      3. Назвы рэлігійна-культавага значэння (Могілкі, Царкоўе і інш.).

     4. Назвы, якія паказваюць тып паселішчаў, пабудоў (Гумнішча і інш.).

     5. Назвы, якія звязаны з прозвішчамі і імёнамі людзей. Магчыма, першапасяленцаў ці заснавальнікаў. (Іванаўка, Міронава балота, Егерава будка, Ворнаўка (паводле адной з версій), Бедрыкаў пераезд і г. д.).

     6. Назвы, якія адлюстроўваюць знешнія асаблівасці паселішча (колер, велічыню) (Чорнае, Вялічкі, Белыя, Сіўцы, Рудзі).

     7. Назвы, якія звязаны сваім паходжаннем з воднымі аб’ектамі, у тым ліку з назвамі рэк і азёр (Крывое балота, Дзявіца, Старык, Завонька, Затока, Ручай, Возера).

Частка назваў населеных пунктаў раёна маюць фарманты -ва, -шчына характэрныя для славянскіх назваў і адносяцца да значных па памерах тэрыторый, урочышчаў, былых уласніцкіх земляў.

Тапанімія вызначаецца вялікай разнастайнасцю, шматлікасцю варыянтаў утварэння з розных моў і, з прычыны гэтага, цяжкасцю вызначэння сапраўднага сэнсу і паходжання значнай долі найменняў.

 

ТАПАНІМІЧНЫ СЛОЎНІК ЗЯМЕЛЬ БАРАВАБУДСКАГА

СЕЛЬСКАГА САВЕТА

Баравая Буда, в. – вёска ў Баравабудскім сельсавеце, цэнтр сельсавета, цэнтр камунальнага сельгаспрадпрыемства “Багданавічы”.

Старажылы распавядаюць, што ў даўнія часы на месцы вёскі Баравая Буда, рос вялікі хваёвы бор. Калі першыя жыхары паставілі тут некалькі будынкаў, па мясцовым – буданоў, за імі замацавалася назва Баравая Буда.

Слова “буда”  ў якасці назвы, як правіла, замацоўвалася за ляснымі засценкамі, невялікімі па памерах, і мела першапачаткова  якое-небудзь вытворчае значэнне. Мусіць, Баравая Буда таксама пачыналася як “прамысловае паселішча”. Узнікненне  вёскі  дакладна датаваць складана з-за адсутнасці гістарычных дакументаў. Але па ўскосных дадзеных яна магла ўзнікнуць прыкладна ў  XVI стагоддзі, калі на землях Беларусі з’явіліся і шматлікія іншыя Буды, прычым заснавалі яе выхадцы з сяла Меркулавічы. Пісьмовыя гістарычныя крыніцы ўзгадваюць вёску з XVIII ст.  

У пачатку XVIII ст. у складзе маёнтка Меркулавічы Рэчыцкага павета ВКЛ. У 1970 г. – 17 дымоў, 7 валок, прыватная ўласнасць Марціна і Міхайлы Міхалкоўскіх. У 1884 г.  – 67 двароў, 448 жыхароў, Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. Меліся крама, вятрак. У вёсцы былі распаўсюджаны промыслы: ганчарны, прыбытак – 45 рублёў, рамізніцкі – 20 рублёў, кравецкі – 15 рублёў, кавальскі – 25 рублёў. У пачатку 20 стагоддзя ў Магілёўскай губерні.     

У 1907 г. была адкрыта земская школа. У 1909 г. – вёска, 111 двароў, 794 жыхароў, прыналежала мясцовай сельскай грамадзе, якая валодала 1129 дзес. зямлі. У 1918 г. на базе дарэвалюцыйнай школы створана працоўная школа 1 ступені. У 1923 г. яна размяшчалася ў фальварку Лесавая Буда: двухпавярховы крыты гонтай будынак нацыяналізаваны ў гэтым жа годзе.

20.8.1924 г.  – цэнтр Баравабудскага сельсавета Кармянскага раёна Магілёўскай губерні, а 20.2.1938 г. гэтага ж раёна Гомельскай вобласці. Паводле перапісу 1926 гады – 83 двары, 423 жыхароў (214 мужчын, 218 жан.). Побач былі размешчаны Баравабудскія хутары, 12 двароў, 70 жыхароў (31 муж., 39 жан.). Меліся кравецкая майстэрня, вятрак, 2 гамарні, створаны калгас “Землеўпарадкавальнік”.

16.7.1954 г. сельсавет ліквідаваны, яго тэрыторыя далучылася да Струкачоўскага сельсавета. У 1970 г. 167 двароў, 586 жыхароў.

На 1.1.2002 г. 189 двароў, 501 жыхар. Сярэдняя школа, дзіцячы сад, фельчарска-акушэрскі пункт, Дом культуры, бібліятэка, аддзяленне сувязі, крама.

Баравікоў хутар – хутар у Баравабудскім сельсавеце, назва паходзіць ад прозвішча пасяленца – гаспадара гэтай мясцовасці. Знаходзіўся на ўсходзе ад вёскі Баравая Буда.

Бабічоў хутар – хутар у Баравабудскім сельсавеце, назва хутара ўтварылася ад прозвішча пасяленца – гаспадара гэтай мясцовасці. Знаходзіўся на ўсходзе ад вёскі Баравая Буда.

Вадапой, руч. – ручай непадалёку ад вёскі Баравая Буда, Баравабудскага сельсавета. Назва паходзіць ад месца, дзе летам пояць скот. Сюды ж на вадапой ходзяць і дзікія жывёлы.

Ветрадуеўка, вул. (устр.) – вуліца ў вёсцы Баравая Буда, Баравабудскага сельсавета. У зімовыя месяцы, у снегапад моцны вецер прыносіў снягі пад самыя дахі хат.

Выгар, а. – невялікае азярцо, якое знаходзілася на ўсход ад вёскі Баравая Буда, Баравабудскага сельсавета. Назва паходзіць ад стар. бел. “выкапны вадаём, штучная сажалка”.

Гарадок, в.вёска ў Баравабудскім сельсавеце. Назва Гарадок паказвае на археалагічны аб’ект каля населенага пункта ці нават у паселішчы – на ўмацаванае гарадзішча старажытна ўсходнеславянскай эпохі. “Гарадок” існаваў у маладаступным месцы, сярод балот, паколькі нават у цяперашні час уезд у вёску Гарадок магчымы толькі з боку Баравой Буды.

У другой палове XIX ст. у Меркулавіцкай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. У 1884 г. – 54 двары, 349 жыхароў. У вёсцы былі распаўсюджаны промыслы: адыходны, даход якога складаў 45 рублёў, кравецкі – 5 рублёў, рамізніцкі (займаліся 12 двароў) – 10 рублёў, колавы (займаліся 3 двары) – 5 рублёў, бандарны – 25 рублёў, па вырабу драўлянага посуду – 25 рублёў. У 1882 годзе адчынена царкоўнапрыходская школа ў пабудаванай сялянамі драўлянай хаце, крытай саломай. Вяскоўцы адносіліся да праваслаўнага Меркулавіцкага прыхода і наведвалі Ушэсцеўскую царкву. На пачатку XX ст. вёска ў Меркулавіцкай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. 1909 г. – 85 двароў, 612 жыхароў, належала вясковай сельскай грамадзе. У 1909 г. працавала царкоўнапрыходская школа, ператвораная ў 1918 г. у працоўную школу 1 ступені. У 1924 г. навучаліся 125 дзяцей, з вёскі Гарадок – 83 вучні, з Шэрахаўскай Буды – 42 чалавекі. Навучанне вялося на беларускай і рускай мовах. З 20. 08. 1924 г. – пасёлак у Баравабудскім сельсавеце Кармянскага раёна Магілёўскай акругі, з 20. 02. 1938 г. – гэтага ж раёна Гомельскай вобласці. Паводле перапісу насельніцтва 1926 г. – 42 двары, 207 жыхароў (80 мужчын, 127 жанчын). Створаны калгас “Чырвоны Гарадок”. Працавалі кузня, ветраны млын. З 16. 7. 1954 г. у Струкачоўскім сельсавеце. 22 снежня 1966 г. з вёскай злучыўся пасёлак Новы Прамень. Зараз у складзе КСУП “Багданавічы”.

На 1. 1. 2002 г. 45 двароў, 77 жыхароў.

Гомельская, вул. – вуліца ў вёсцы Баравая Буда, Баравабудскага сельсавета, узнікла ў савецкі час.

Гомельская, вул. – вуліца ў вёсцы Струкачоў, Баравабудскага сельсавета, назва ўзнікла ў савецкі час.

Гомельскі, пер. – перавулак у вёсцы Струкачоў, Баравабудскага сельсавета, назва ўзнікла ў савецкі час.

Дубавіца, в. – вёска ў Баравабудскім сельсавеце, назва паходзіць ад слова “дуб”. Па народнаму паданню, у старажытныя часы на месцы Дубавіцы рос вялікі дуб. Па дрэву і было дадзена назва новаму паселішчу. Вядома вёска з другой паловы XIX ст. 

У другой палове XIX ст. у Расохскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. У 1884 г. – 47 двароў, 220 жыхароў. Распаўсюджаны промыслы: кавальскі, даход – 30 рублёў, ганчарны, даход – 18 рублёў, колавы, даход – 40 рублёў. Размяшчаўся хлебазапасны магазін. Вяскоўцы адносіліся да праваслаўнага Расохскага прыхода і наведвалі Мікалаеўскую царкву. У 1909 г. вёска, 65 двароў, 477 жыхароў, 722 дзес. зямлі належала вясковай сельскай грамадзе. З 20. 08. 1924 г. у Струкачоўскім сельсавеце Кармянскага раёна Магілёўскай акругі, з 20. 02. 1938 г. гэтага ж раёна Гомельскай вобласці. Вясковыя дзеці (15 вучняў) наведвалі працоўную школу 1 ступені імя Вароўскага за 0,5 км. у вёсцы Міхалёўка. Створаны калгас “Чырвоны дабраволец”, працавалі ветраны млын, кузня. У 1971 г. 165 двароў, 565 жыхароў. Камбінат бытавога абслугоўвання, лесапільня, млын. Васьмігадовая школа, Дом культуры, бібліятэка, аддзяленне сувязі, магазін.

На 01. 01. 2002 г. 150 двароў, 429 жыхароў. Базавая школа, Дом культуры, бібліятэка, дзіцячы сад, фельчарска-акушэрскі пункт, магазін.

Дзюндзікаў хутар – хутар у Баравабудскім сельсавеце, назва паходзіць ад мянушкі пасяленца – гаспадара гэтай мясцовасці. Знаходзіўся на поўдні ад вёскі Баравая Буда.

Жданаў, п. – пасёлак у Баравабудскім сельсавеце. Узнік у 20-ыя гг. XX ст. у час калгаснага будаўніцтва, назва паходзіць ад прозвішча савецкага палітычнага дзеяча Жданава.

З 20. 08. 1924 г. у Струкачоўскім сельсавеце Кармянскага раёна Магілёўскай акругі, з 20. 02. 1938 г. гэтага ж раёна Гомельскай вобласці. Паводле перапісу насельніцтва 1926 г. – 14 двароў, 77 жыхароў (38 муж., 39 жан.). Створаны калгас імя К. Маркса, працаваў ветраны млын. 29 лістапада 1962 г. пасёлкі Крывы Рог і Круглы злучыліся з пасёлкам Жданаў. Не існуе.

Іванькаў хутар –хутар у Баравабудскім сельсавеце, назва паходзіць ад прозвішча пасяленца – гаспадара гэтай мясцовасці. Знаходзіўся на ўсходзе ад вёскі Баравая Буда, каля мясцовага сельскагаспадарчага комплексу.

Ігнатава шына – поле  у вёсцы Баравая Буда.

Кірылаў хутар – хутар у Баравабудскім сельсавеце, назва паходзіць ад прозвішча пасяленца – гаспадара гэтай мясцовасці. Знаходзіўся непадалёк ад Гарадка.

Коласава, в. – вёска ў Баравабудскім сельсавеце, назва паходзіць ад слова “колас” . З 20. 08. 1924 г. у Струкачоўскім сельсавеце Кармянскага раёна Магілёўскай акругі, з 20. 02. 1938 г. гэтага ж раёна Гомельскай вобласці. Паводле перапісу насельніцтва 1926 г. – 18 двароў, 96 жыхароў (40 муж., 56 жан.). Зараз у складзе КСУП “Багданавічы”.

На 01. 01. 2002 г. 9 двароў, 13 жыхароў.

Краншчыкаў хутар – хутар у Баравабудскім сельсавеце, назва паходзіць ад прозвішча пасяленца – гаспадара гэтай мясцовасці. Знаходзіўся на поўдні ад вёскі Баравая Буда, каля мясцовага аэрадрома.

Круглы, п.пасёлак (да 29 лістапада 1962 г.) у Струкачоўскім сельсавеце. З 20. 08. 1924 г. у Струкачоўскім сельсавеце Кармянскага раёна Магілёўскай акругі, з 20. 02. 1938 г. гэтага ж раёна Гомельскай вобласці. Паводле перапісу насельніцтва 1926 г. – 17 двароў, 76 жыхароў. З 29 лістапада 1962 г. знаходзіўся ў складзе пасёлка Жданаў. Не існуе.

Крывы Рог, п. – пасёлак (да 29 лістапада 1962 г.) у Струкачоўскім сельсавеце. Вядомы з 20-ых гг. XX ст. З 20. 08. 1924 г. у Струкачоўскім сельсавеце Кармянскага раёна Магілёўскай акругі, з 20. 02. 1938 г. гэтага ж раёна Гомельскай вобласці. Паводле перапісу насельніцтва 1926 г. – 13 двароў, 71 жыхар. З 29 лістапада 1962 г. знаходзіўся ў складзе пасёлка Жданаў. Не існуе.

Лесавая Буда, в. – вёска ў Баравабудскім сельсавеце, знаходзілася на месцы лесу, з якога першыя пасяленцы будавалі “буды”. Вядома з канца XIX ст. як фальварак, пабудаваны ў 1892 г. памешчыкам Жукоўскім. На пачатку XX ст. 2 аднайменныя фальваркі ў Меркулавіцкай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. У 1909 г. – паштовая станцыя Лесавая Буда, 1 двор, 6 жыхароў; фальварак (1 двор, 8 жыхароў, 162 дзес. зямлі), належаў двараніну Жукоўскаму. Побач размяшчаўся другі фальварак: 1 двор, 11 жыхароў, 1039 дзес. зямлі, таксама належаў двараніну Жукоўскаму. У 1923 г. фальваркі былі нацыяналізаваны, у адным з іх размясцілася Баравабудская працоўная школа 1 ступені. З 20. 08. 1924 г. – вёска ў Баравабудскім сельсавеце Кармянскага раёна Магілёўскай губерні, з 20. 02. 1938 г. гэтага ж раёна Гомельскай вобласці. Створаны калгас “12 Кастрычнік”, працавала кузня. З 16. 07. 1954 г. – вёска ў Струкачоўскім сельсавеце. Зараз вёска ў складзе КСУП “Багданавічы”.

На 01. 01. 2002 г. – 63 двары, 123 жыхары.

Маліноўская Буда (Шэрахаўская Буда), в. – вёска ў Баравабудскім сельсавеце, назва паходзіць ад прозвішча Маліноўскі, які з’яўляўся памочнікам мясцовага пана. 

Манголія - частка вёскі Баравая Буда, устр. Па тлумачэнні старажылаў, хаты так шчыльна знаходзіліся тут адна ад адной, быццам юрты ў стэпах манголаў.

Мархліва – поле ў вёсцы Баравая Буда, назва паходзіць ад прозвішча першага пасяленца.

Міра, вул. – вуліца ў вёсцы Баравая Буда, Баравабудскага сельсавета, узнікла ў савецкі час.

Міра, пер. – перавулак у вёсцы Баравая Буда, Баравабудскага сельсавета, назва ўзнікла ў савецкі час.

Мірны, пер. – перавулак у вёсцы Баравая Буда, Баравабудскага сельсавета, назва ўзнікла ў савецкі час.

Міхалёўка, в. – вёска ў Баравабудскім сельсавеце. Існуе паданне пра двух братоў – Міхала і Лёву, якія вырашылі пабудаваць хутар  на  гэтым месцы, назвалі яго шляхам складання сваіх імён, атрымалася Міхалёўка. Па другой версіі заснавальнікам вёскі быў адзін чалавек па прозвішчы Міхалёў. Узнікла вёска прыблізна ў XVII ст.

У 1884 г. – 37 двароў, 120 жыхароў, у Расохскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. Меўся хлебазапасны магазін. Распаўсюджаны промыслы: ганчарны, даход – 18 рублёў, бандарны – 10 рублёў. Вяскоўцы з’яўляліся прыхаджанамі Расохскага праваслаўнага прыхода і наведвалі Мікалаеўскую царкву. На пачатку XX ст. у Расохскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. У 1909 г. – 62 двары, 417 жыхароў. Належала вёска мясцовай сельскай грамадзе, якая валодала 703 дзес. зямлі. У 1911 г. пабудавана школа, якая ў 1918 г. ператворана ў працоўную школу 1 ступені. У 1924 г. яна насіла імя Вароўскага, навучаліся 35 вучняў з в. Міхалёўка і 153 з в. Дубавіца. Школе належала 2 дзес. зямлі. Навучанне вялося на беларускай мове. З 20. 08. 1924 г. вёска ў Струкачоўскім сельсавеце Кармянскага раёна Магілёўскай акругі. Паводле перапісу насельніцтва 1926 г. – 60 двароў, 331 жыхар (156 муж., 175 жан.).

На 01. 01. 2002 г. 42 двары, 71 жыхар.

Новая, вул. – вуліца ў вёсцы Струкачоў, Баравабудскага сельсавета, назва ўзнікла ў савецкі час.

Новы Свет, п. – пасёлак (да 22 снежня 1966 г.) у Баравабудскім сельсавеце. Узнік у час калгаснага будаўніцтва. З 20. 08. 1924 г. у Баравабудскім сельсавеце Кармянскага раёна Магілёўскай акругі, з 20. 02. 1938 г. гэтага ж раёна Гомельскай вобласці. Паводле перапісу насельніцтва 1926 г. – 15 двароў, 86 жыхароў (38 муж., 48 жан.). Пасялковыя дзеці наведвалі Гарадоцкую працоўную школу 1 ступені, працавала пякарня кандытарскіх вырабаў. 22 снежня 1966 г. пасёлак злучыўся з вёскай Гарадок.

Норкаўшчына, в.вёска ў Баравабудскім сельсавеце, назва паходзіць ад прозвішча чалавека Норка, які валодаў зямельнымі надзеламі вакол сучаснай вёскі. Прозвішча зафіксавана ў многіх гістарычных крыніцах XVII – XVIII стст.

У 1884 г. – 52 двары, 230 жыхароў, у Расохскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. Размяшчаўся хлебазапасны магазін, ветраны млын. Вяскоўцы, апрача земляробства, займаліся промысламі: ганчарным, даход з якога складаў 18 рублёў, кавальскім, 5 двароў, даход – 10 рублёў, рамізніцкім, 12 двароў, даход – 10 рублёў. Вяскоўцы з’яўляліся прыхаджанамі Расохскага праваслаўнага прыхода і наведвалі Свята-Троіцкую царкву. На пачатку XX ст. вёска ў Расохскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. У 1902 годзе адчынена царкоўнапрыходская школа. У 1909 г. – 78 двароў, 284 жыхары, належала вясковай сельскай грамадзе, якая валодала 100 дзес. зямлі. У 1918 г. на базе дарэвалюцыйнай школы была створана працоўная школа 1 ступені, у 1921 г. для яе пабудавалі ўласны будынак, драўляную хату, крытую саломай.

З 20. 08. 1924 г. – вёска ў Струкачоўскім сельсавеце Кармянскага раёна Магілёўскай акругі, з 20. 02. 1938 г. гэтага ж раёна Гомельскай вобласці. Паводле перапісу насельніцтва 1926 г. – 93 двары, 564 жыхары (273 муж., 291 жан.). Створаны калгас прасвет”, працавалі ветраны млын, кузня.

На 01. 01. 2002 г. 60 двароў, 123 жыхары.

Паштовая, вул. – вуліца ў вёсцы Баравая Буда, Баравабудскага сельсавета, узнікла ў савецкі час.

Перамогі, вул. – вуліца ў вёсцы Баравая Буда, Баравабудскага сельсавета, узнікла ў савецкі час.

Перамогі, вул. – вуліца ў вёсцы Струкачоў, Баравабудскага сельсавета, назва ўзнікла ў савецкі час.

Першамайская, вул. – вуліца ў вёсцы Струкачоў, Баравабудскага сельсавета, назва ўзнікла ў савецкі час.

Піянерская, вул. – вуліца ў вёсцы Баравая Буда, Баравабудскага сельсавета, узнікла ў савецкі час.

Праўда, в. – вёска ў Баравабудскім сельсавеце. Узнікла ў час калгаснага будаўніцтва на месцы сельскагаспадарчай арцелі “Праўда”. З 20. 08. 1924 г. у Струкачоўскім сельсавеце Кармянскага раёна Магілёўскай акругі, з 20. 02. 1938 г. гэтага ж раёна Гомельскай вобласці. Паводле перапісу насельніцтва 1926 г. – 8 двароў, 41 жыхар (21 муж., 20 жан.). Дзеці наведвалі працоўную школу 1 ступені за 1,5 км. у вёсцы Струкачоўка. Зараз у складзе КСУП “Багданавічы”.

На 01. 01. 2002 г. 5 двароў, 16 жыхароў.

Рабочая, вул. – вуліца ў вёсцы Струкачоў, Баравабудскага сельсавета, назва ўзнікла ў савецкі час.

Рахвееў хутар – хутар у Баравабудскім сельсавеце, назва паходзіць ад прозвішча пасяленца – гаспадара гэтай мясцовасці. Знаходзіўся на ўсходзе ад вёскі Баравая Буда.

Рэпішча – поле ў Баравабудскім сельсавеце. Знаходзіцца непадалёк ад вёскі Баравая Буда, назва ўтворана ад мянушкі Рэпіш.

Савецкая, вул. – вуліца ў вёсцы Струкачоў, Баравабудскага сельсавета, назва ўзнікла ў савецкі час.

Сёмчына – поле ў Баравабудскім сельсавеце. Знаходзіцца непадалёк ад вёскі Баравая Буда, назва ўтворана ад імя Сёмка.

Сілкаў хутар – хутар у Баравабудскім сельсавеце, назва паходзіць ад прозвішча пасяленца – гаспадара гэтай мясцовасці. Знаходзіўся непадалёк ад вёскі Зялёная Паляна (Чачэрскі раён).

Стальмакоў хутар – хутар у Баравабудскім сельсавеце, назва паходзіць ад прозвішча пасяленца – гаспадара гэтай мясцовасці. Знаходзіўся на поўдні ад вёскі Баравая Буда.

Струкачоў, в. – вёска ў Баравабудскім сельсавеце, назва паходзіць ад прозвішча Струкач, г. зн. “маленькі чалавек, ростам з гарохавага струка”. Вёска вядома з 1886 года.

У 1886 г. – былое ўладанне на р. Горка, 95 двароў, 541 жыхар у Расохскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. Размяшчаліся 2 ветраныя млыны, хлебазапасны магазін. Асноўным заняткам вяскоўцаў было земляробства, якое яны спалучалі з рознымі промысламі: ганчарным – даход 18 рублёў, кравецкім – 10 рублёў. Вёска адносілася да праваслаўнага Расохскага прыхода, вяскоўцы наведвалі Мікалаеўскую царкву. У 1885 годзе была пабудавана школа. На пачатку XX ст. вёска ў Расохскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. У 1907 г. дзейнічала земская школа. У 1909 г. – 153 двары, 995 жыхароў, належала вясковай сельскай грамадзе, якая мела 2126 дзес. зямлі. На базе дарэвалюцыйнай школы створана працоўная школа 1 ступені, якая размяшчалася ва ўласным будынку. Навучанне вялося на беларускай мове. З 20. 08. 1924 г. цэнтр Струкачоўскага сельсавета Кармянскага раёна Магілёўскай акругі, з 20. 02. 1938 г. гэтага ж раёна Гомельскай вобласці. Паводле перапісу насельніцтва 1926 г. – пасёлак, 25 двароў, 133 жыхары (53 муж., 80 жан.). Побач Струкачоўскія хутары: 11 двароў, 71 жыхар (39 муж., 32 жан.). Створаны калгас імя Розы Люксембург, працавалі ветраны млын, кузня. 29 жніўня 1974 г. вёска Лозкі злучыліся са Струкачовам. Зараз у складзе КСУП “Багданавічы”.

На 01. 01. 2002 г. 120 двароў, 389 жыхароў. Сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, дзіцячы сад, сталовая, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, магазін.

Сялянская, вул. – вуліца ў вёсцы Баравая Буда, Баравабудскага сельсавета, узнікла ў савецкі час.

Тапіла, саж. – сажалка ў вёсцы Баравая Буда, Баравабудскага сельсавета, азначае “топкая, балоцістая мясціна”.

Хайматаў хутар – хутар у Баравабудскім сельсавеце, назва паходзіць ад прозвішча пасяленца – гаспадара гэтай мясцовасці. Знаходзіўся на ўсходзе ад вёскі Баравая Буда.

Цыганская, вул. (устр.) – вуліца ў вёсцы  Баравая Буда, Баравабудскага сельсавета. Назва паходзіць ад слова “цыган”. На думку жыхароў, тут сяліліся жыхары з найбліжэйшых хутароў.

Чачора, р. – рака, якая працякае непадалёк ад вёскі Баравая Буда, Баравабудскага сельсавета.

Чайкін хутар – хутар у Баравабудскім сельсавеце, назва паходзіць ад прозвішча пасяленца – гаспадара гэтай мясцовасці. Знаходзіўся на поўдні ад вёскі Баравая Буда.

Шаламеі, в. – вёска ў Баравабудскім сельсавеце. У першай палове XIX ст. уласнасць памешчыка Коўзаня, затым яго дачкі Соф’і Сімпліцынавай. У 1858 г. налічвалася 249 рэвізскіх сялянскіх душ (128 муж., 121 жан.). У другой палове XIX вядома як цэнтр аднайменнага маёнтка ў Расохскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. У 1884 г. налічвалася 44 двары, 326 жыхароў. Распаўсюджаны промысел кавальскі, даход – 20 рублёў, які прыносіў значны даход у гаспадарку. Вяскоўцы з’яўляліся прыхаджанамі праваслаўнага Навасёлкаўскага прыхода і наведвалі Свята-Троіцкую царкву. На пачатку XX ст. вёска і маёнтак у Расохскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. У 1909 г. – вёска , 70 двароў, 442 жыхары, належала мясцовай сельскай грамадзе, якая валодала 518 дзес. зямлі; маёнтак, 1 двор, 6 жыхароў, належала нашчадкам памешчыка І. Коўзаня. З 20. 08. 1924 г. вёска ў Струкачоўскім сельсавеце Кармянскага раёна Магілёўскай акругі, з 20. 02. 1938 г. гэтага ж раёна Гомельскай вобласці. Вясковыя дзеці наведвалі працоўную школу 1 ступені за 1,5 км. у в. Струкачоўка. Паводле перапісу насельніцтва 1926 г. – 93 двары, 444 жыхары (200 муж., 244 жан.). Створаны калгас “Праўда”, працавалі нафтавы і ветраны млыны, конная крупарушка. Зараз у складзе КСУП “Багданавічы”.

На 01. 01. 2002 г. 6 двароў, 9 жыхароў.

Шэрахаўская Буда, в. – вёска ў Баравабудскім сельсавеце, назва паходзіць ад прозвішча Шэрахаў. Калі верыць народнаму паданню, Шэрахаўская Буда была заснавана на шляху з вёскі Баравая Буда ў мястэчка Шэрахаў (тэрыторыя Чачэрскага раёна).

У другой палове XIX ст. у Меркулавіцкай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. У 1884 г. заснаваны вінакурны завод. У 1884 годзе налічвалася 50 двароў, 312 жыхароў. Размяшчаўся хлебазапасны магазін. Асноўным заняткам вяскоўцаў было земляробства, якое яны спалучалі з рознымі промысламі: кавальскім, даход – 11 рублёў, адыходным – 45 рублёў, ганчарным – 45 рублёў. З 20. 08. 1924 г. вёска ў Баравабудскім сельсавеце Кармянскага раёна Магілёўскай акругі, з 20. 02. 1938 г. гэтага ж раёна Гомельскай вобласці. Вясковыя дзеці наведвалі працоўную школу 1 ступені за 5 км. у вёсцы Гарадок, дзе ў 1924 г. навучаліся 42 чалавекі. Паводле перапісу насельніцтва 1926 г. – 52 двары, 263 жыхары (121 муж., 141 жан.). Побач размяшчаліся Баравабудскія хутары: 22 двары, 125 жыхароў (54 муж., 70 жан.). Створаны калгас “13 Кастрычнік”, працавалі кузня, ветраны млын. З 16. 07. 1954 г. вёска ў Струкачоўскім сельсавеце. Зараз у складзе КСУП “Багданавічы”.

На 01. 01. 2002 г. 9 двароў, 18 жыхароў. 

Школьнае, воз. – возера ў вёсцы Баравая Буда, Баравабудскага сельсавета, раней каля возера размяшчалася школа.

Школьная, вул. – вуліца ў вёсцы Струкачоў, Баравабудскага сельсавета, назва ўзнікла ў савецкі час.

Шчаранка, руч. – невялікі ручай, які працякае непадалёк ад вёскі Баравая Буда, Баравабудскага сельсавета.

 

TАПАНІМІЧНЫ СЛОЎНІК ЗЯМЕЛЬ БАРСУКОЎСКАГА

СЕЛЬСКАГА САВЕТА

Барсукоўскі сельскі савет уключае ў сябе наступныя населеныя пункты (вёскі): Барсукі, Бялёва, Навасёлкі, Сырская Буда, Рэўт, Тарахаўка.

Барсукі, в. – цэнтр с/с. У 7 км. на ўсход ад Кармы, у 70 км. ад чыгуначнай станцыі г.Рагачова (на лініі Карма – Мінск), у 100 км. ад Гомеля.

Версія паходжання назвы: вёска Барсукі – старое пасяленне жыхароў гэтай мясцовасці. Размешчана яна па абодва бакі рэчкі Абрамаўкі. Спачатку ў гэтай мясцовасці пражывалі жыхары ў трох хатах. Гэтыя жыхары пераехалі з вёскі Рэўт, дзе жыў пан, прозвішча якога было Барсук. Ён перасяліў сваіх родзічаў і вёска стала называцца Барсукі.

          Беразатоўе- невялікі лясок, у якім расце бяроза. Знаходзіцца на ўсходне-паўднёвай частцы паміж в. Бялёва і в. Рэўт.

Вылазы - забалочанае месца, якое знаходзілася на ўсходне-паўднёвай частцы паміж в. Барсукі і в. Навасёлкі.

Круглае - невялікі лясны масіў, які ўтварыўся прыроднай з’явай і напамінае круг. Знаходзіцца на заходняй частцы паміж в. Бялёва і в. Задуб’е.

Машок- забалочанае месца, якое было пацягнута мохам. Знаходзіцца на ўсходне-заходняй частцы паміж в. Тарахаўка і в. Лубянка.

Маяк - на невялікім узвышшы стаяў маяк, які знаходзіўся на ўсходняй частцы паміж в. Рэўтам і в. Тарахаўкай.

Надуёва пасека – на думку мясцовых жыхароў, мясцовасць, дзе некалі была заснавана першая пасека чалавекам па прозвішчу Надуёў. Знаходзіцца ў в.Навасёлкі на паўднёва-заходняй частцы.

Вуліцы в.Барсукі: в.Камсамольская, в.Камуністычная, в.Савецкая, в.Касманаўтаў, в.Піянерская, в.Валадарскага – названа ў гонар палітычнага дзеяча, в.Маладзёжная – названа таму, што яе будавалі маладыя спецыялісты, в.Мінская – так названа таму, што яе будавалі будаўнікі з Мінску, в.Садовая – пабудавана на месцы былога саду, пер.Наберажны – знаходзіцца на беразе малога азярца.

Вуліцы в.Бялёў: в.Інтэрнацыянальная, в.Кастрычніцкая.

Вуліцы в.Навасёлкі: в.Камсамольская, в.Школьная.

Вуліца в.Сырская Буда:в.Сялянская.

Вуліцы в.Рэўт: в.Пралетарская, пер. Тэхнічны, в.Цыбульскага – названа ў гонар Героя Савецкага Саюза, які загінуў у 1943 г. пры вызваленні Кармяншчыны.

Вуліцы в.Тарахаўка: в.Первамайская, в.Інтэрнацыянальная.

Падкамня - месца, дзе знаходзіцца вялікі камень-валун на ўсходзе в. Куракаўшчына і в. Лубянка.

Поруб- на  месцы тагачаснага лесу, знаходзіцца сенажаць. Размешчана на заходне-ўсходняй частцы паміж в. Барсукі і в. Янаўка.

Седнева- месца заснаванае чалавекам, дзе асядалі на ўвесь час жыхары мясцовасці. Знаходзіцца на захадзе паміж в. Бялёва і в. Задуб’е.

Сергаёнкава зарасць - на думку мясцовых жыхароў, мясцовасць, дзе некалі быў хутар, які заснаваў чалавек па імені Сяргей.

Страшнае рэпішча - невялікае забруджанае  азярцо, у якім водзяцца рэптыліі. Знаходзіцца на паўночна-заходняй частцы в. Барсукі і в. Каменка.

Чыстая лужа- невялікае азярцо, якое размешчана ўбок ад р. Добрыч, у в. Тарахаўка.

 

 

 

 

 

 

ТАПАНІМІЧНЫ СЛОЎНІК ЗЯМЕЛЬ ВОРНАЎСКАГА

СЕЛЬСКАГА САВЕТА

Уводзіны. ТАПАНІМІЯВОРНАЎШЧЫНЫ: АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА

Пачатак вывучэння тапаніміі Ворнаўшчыны даў падставы зрабіць папярэдні аналіз і вывады, сістэматызаваць тапонімы, паспрабаваць іх растлумачыць.

У найбольш ранніх назвах адлюстраваны, як правіла, род аб’екта: узвышанае месца называецца Гарой, рака ці возера –Возерам, лясная прастора – Лесам  і г. д.

Паступова з’явіліся характарыстыкі гаспадарчай дзейнасці насельніцтва.

Пры перасяленні насельнікі часта пераносілі назвы ранейшых месцаў пасялення на новыя мясціны, маглі пераймаць  або змяняць, прыстасоўваць пад сябе ранейшыя назвы, пераасэнсоўваючы іх.

На завяршальным этапе    фарміравання тапаніміі сталі адлюстроўвацца асабістыя прозвішчы, мянушкі, імёны, якія абазначалі прыналежнасць да першапасяленцаў, уладальнікаў і г. д.

Асаблівасцю нашай мясцовасці (як і ўсёй прасторы Усходнееўрапейскай раўніны нашага рэгіёну) было суіснаванне і ўзаемадзеянне розных этнасаў, этнічных груп. У выніку чаго паступова складваўся агульны запас геаграфічных назваў. Цікава, што ў блізкіх ці падобных фізіка-геаграфічных умовах незалежна адны ад іншых узнікалі падобныя ці ідэнтычныя назвы.

Цяпер цяжка вызначыць, дакладна якому этнасу належыць паходжанне той або іншай назвы, можна толькі паспрабаваць даць магчымыя і найбольш верагодныя версіі, зыходзячы з лінгвістычных асаблівасцяў, мясцовых паданняў і гістарычных дадзеных.

Этымалагічна выдзяляюцца тры групы назваў: этымалагічна яўныя назвы нашага рэгіёну складаюць каля 65 % ад агульнай колькасці, этымалагічна празрыстыя — каля 20 %, а этымалагічна непразрыстыя — каля 15 %.

Гідронімы з’яўляюцца найбольш старажытнай групай найменняў на пэўнай тэрыторыі. З прычыны таго, што некаторыя гідронімы дапускаюць тлумачэнне адразу з некалькіх моў, то размеркаваць назвы па моўных групах паводле іх паходжання дакладна не ўяўляецца магчымым.  Найбольш простай па разуменню з’яўляецца славянская група гідронімаў (Мох і інш.) Больш складанымі для этымалагічнага аналізу з’яўляюцца балцкія і асабліва фіна-ўгорскія назвы. Асабліва пры вызначэнні назваў рэк і азёр. Магчыма, некаторыя з іх аднавіць ужо ніколі не ўдасца.

 

ТАПАНІМІЧНЫ СЛОЎНІК ВОРНАЎШЧЫНЫ (АЙКОНІМЫ, ГІДРОНІМЫ, АРОНІМЫ)

Ворнаўскі сельскі савет уключае ў сябе наступныя населеныя пункты:  (вёскі):Ворнаўка, Высокая, Енцы, Іванаўка, Каўказ,Вострая Карма, Рудня.

Азерскі роў – роў, які знаходзіцца на поўдзень ад в. Высокая і ўпадае ў забалочанае возера Тапіла.

Азярок –невялікае забалочанае возера, якое злучана з р. Сож.

Азяркі – некалькі маленькіх азяркоў, забалочаных канавак, якія напаўняюцца вадой у час паводкі, а летам перасыхаюць. Знаходзяцца на захад ад Высокаўскага старыка.

Антонаў хутар – на думку мясцовых жыхароў, мясцовасць, дзе некалі быў хутар, у якім жыў Антон. Знаходзіцца на ўсход ад Майдана.

Аржава (Аржавец), руч. – ручэй на поўдзень ад пас. Грохва і Лашчынезь, назва паходзіць ад рыжага ці бурага колеру снега, які пакрывае паверхню мясцовасці зімой.Цячэ ў напрамку ад в. Іванаўка ў бок Пеліва.

Аўсянь, попл. – поплаў, які знаходзіцца на ўсход ад в. Высокая і ўдаецца “рогам” у раку Добрыч.

Бадрыкаў пераезд, брод – брод, побач з якім жыў нейкі Бадрык. Брод з Аўсяня праз раку Добрыч.

Бор, ур. –урочышча, парослае сасновым ляском. Знаходзіцца непадалёк ад урочышча Туры-Бор. Цяпер – маладая пасадка лесу.

Брады – поплаў, неглыбокае, часткова забалочанае, паглыбленне (лашчына), якая заліваецца вадой, знаходзіцца паміж урочышчам Грэнск і Пелівам, гэтую мясціну часта прыходзіцца пераходзіць уброд.

Бусенкова забока –старык на рацэ Сож на поўдзень ад в. Высокая, магчыма ўказвае на месца, дзе некалі жыў чалавек па прозвішчы (мянушцы) Бусенок.

Вадапой, руч.месца, дзе летам пояць скот. Сюды ж на вадапой ходзяць і дзікія жывёлы.

Вадастой, бал. – балота на поўдзень ад в. Енцы. Стаячая вада. Мясцовасць забалочана.

Вазярок – невялікі ручай, які працякае па Падобчы і ўпадае ў р. Сож.

Вазурок –забалочанае месца, якое некалі было возерам. Знаходзіцца каля в. Высокая.

Вакуліна – нізкая, часткова забалочаная мясцовасць, дзе раней было паселішча.

Вакуліна, бал. – балота на ўсход ад мясцовасці Вакуліна.

Вець, р. –рака, якая ўпадае ў р. Сож; атрымала назву ад слова “вятляць”, у форме змейкі. Вець – рака і ў Пскоўскай вобласці, мае таксама назву Змейка.

Возера, воз. – возера каля пас. Вярхі, уяўляе сабой штучна пашыранае русла ракі.

Востраў, в.  – назва паходзіць ад таго, што раней гэтая ўзвышаная мясцовасць была акружана балотам і вадой, якая разлівалася ў час паводкі, таму ўяўляла сабой востраў.

Ворнаўка, в.  – цэнтр с/с. У пісьмовых крыніцах вядома з 1726 г.(у інвентары Чачэрскага староства).З 1772 г.у складзе Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні.Vuori (фінск.)  - гора. Узвышанае месца. Звязана р. Горна. У 13 км на поўдзень ад Кармы. Версіі паходжання назвы – гл. дадатак 1. Можна яшчэ дадаць наступную гіпотэзу. З цягам часу адбылося змяненне назвы ракі Горна – Ворна (Ворнаўшчына – мясцовасць на рацэ Ворна). “Ор” (фіна-угорск. – “яр”, “лагчына””) “вор” у розных мовах–вада, рака. “Ворнаўка”: “вор” плюс “наў” (свет памерлых) плюс “ка”, - мясцовасць на ўзвышшы, дзе спраўляліся язычніцкія культы, у т. л. і культ памерлых. У звязку з легендай аб дрэве на шляху падарожнікаў, на якім сядзела шмат варон. Воран – сімвал свету памерлых, дрэва – сімвал Сусветнага  Дрэва (як “ліфта” паміж трыма светамі: Навь, Явь, Правь). У комплексе і паблізу адзін ад аднаго ў раёне Ворнаўкі ці непадалёку размяшчаюцца шмат тапонімаў: Бор, Туры-Бор, Кавалёў Рог, Чарцяты і г. д., якія ўскосна звязваюцца з язычніцкімі культамі і вераваннямі.

Вострая Карма – в. у Ворнаўскім с /с. 11 км на поўдзень ад Кармы. Каля в. Востраў (адсюль і “Вострая”). Заснавана ў пачатку XX ст. перасяленцамі з суседніх вёсак.У 30-я гг. працавала торфараспрацовачная артэль.

Высокая – в. у Ворнаўскім с/с. у 8 км. на поўдзень ад Кармы на р. Добрыч; на ўсходзе некалькі меліяратыўных каналаў, злучаных з ракой Добрыч. У пісьмовых крыніцах вядома з XIX ст .як вёска ў Кармянскай воласці Рагачоўскага павету Магілёўскай губерні.

Вышняя Бабравіна, ур. – урочышча на рацэ Добрыч, каля в. Высокая, месца, дзе, паводле сведчанняў мясцовых жыхароў, бабры пастаянна робяць свае “хаткі”.

Вярхі, в. – адзін з пасёлкаў, які быў у 1924 г. пераселены ў в. Высокая, знаходзіўся на ўзвышаным месцы, але вакол у час паводкі затопліваўся вадой, вядомы з канца ХУІІІ ст.

Гара – узвышанае месца ў в. Ворнаўка. Паводле сведчанняў мясцовых жыхароў, гэта “намольнае” месца. Там раней маліліся язычніцкім багам, у ХІХ ст. спачатку стаяла каталіцкая каплічка, затым – праваслаўная царква, затым склад і магазін.

Гарадок, ур.– урочышча на р. Горна. На думку мясцовых жыхароў, некалі тут жылі людзі, было іх пасяленне (“гарадок”).

Гарэлае, бал.– балота паміж пасёлкам Вярхі і ўрочышчам Туры-Бор. На думку мясцовых жыхароў, назва паходзіць ад таго, што торф часта загараецца, курыцца, гарыць у спякотную летнюю пару.

Горна, р. – рака, якая працякае праз землі Ворнаўскага с. Савета ў напрамку з Лужка, праз Енцы, Ворнаўку і ўпадае ў р. Сож.

Грабская Карма– пасёлак па поўдзень ад в. Іванаўка. Мясцовасць нагадвае граду леса, знаходзіцца непадалёку ад Вострай Кармы.

Грохва, пас.– пасёлак, раней урочышча, на захад ад Пеліва. Знаходзіцца каля балота, якое, на думку мясцовых жыхароў, выдае гукі, грыміць, грукоча, адсюль і назва.  Канчатак на “-ва” ўказвае на першапачатковы водны характар аб’екта.

Грэнск – урочышча, 2,5 км ад в. Ворнаўка, на рацэ Сож. Месца археалагічнага помніка, які даў назву мезалітычнай культуры, месца гарадзішча жалезнага веку. Стаянка адкрыта ў 1927 г. археолагам Палікарповічам. Паводле мясцовага падання, праз грэнскае балота праязджала на сваёй залатой карэце Кацярына ІІ і згубіла там кола. Цікавы матыў калясніцы Пяруна (месцы мяркуемага яму пакланення пераасэнсаваўся ў карэту Кацярыны.

Грэнскі рог, стар. – старык, які ўпадае ў р. Сож, на поўнач ад урочышча Грэнск.

Гумнішча - ад слова “гумно” - сельскагаспадарчая пабудова для прасушкі і захавання зерня або сена; месца, дзе стаяла гумно. Знаходзіцца на поўдзень ад крывога балота.

Дзявіца, р. – рака, якая ўпадае ў раку Сож на ўсходнім беразе. На думку беларускага даследчыка А. Ф. Рогалева, назвы “дзявіца”, “дзявочы” часта звязаны з воднымі аб’ектамі. Вада як сімвал жыцця, а жаночы пачатак – водгук язычніцкіх уяўленняў, што такія аб’екты мелі апекуноў-духаў у абліччы дзяўчын. Гл. таксама Дзявочы роў.

Дзявочы роў – роў каля в. Халапаўка;  назва паходзіць, паводле мясцовага падання, ад дзяўчыны, якая, уцякаючы ад татараў, маліла Бога, каб зямля яе праглынула, не даўшы над ёй надругацца чужынцам. І калі татары вось-вось ужо яе ледзь не дагналі, зямля расступілася і праглынула дзяўчыну. Так там утварыўся роў, які паступова напоўніўся вадой.

Добрыч (Добрая)  р. -  прыток Сажа.  “Доб”  плюс “”рыч” - “Добрая рака”. Такая ж рака ёсць у Балгарыі.На думку мясцовых жыхароў, рака вызначалася сваёй чысцінёй і добрай энергетыкай, там вадзілася шмат баброў, рыбы і ракаў.

Добрыч, пас. – пасёлак у Ворнаўскім с. Савеце. З 1963 г. – Новы млын. Назва ад р. Добрыч, на якой знаходзіцца. Дакладна ўстаноўлена, што да рэвалюцыі тут быў млын.

Дабрацкае (Дыбрыцкае, Добрыцкае), воз. – воз.                                                                                           

Егерава забока –забока на р. Сож каля в. Высокая. Назва паходзіць ад імя (прозвішча) чалавека – Егер. Паводле іншай версіі, егер – службовая асоба, якая ахоўвае і клапоціцца аб лесе.

Егерава будка – мясціна непадалёк ад Егеравай забокі, месца, дзе некалі жыў егер або чалавек па імені Егер.

Енцы – в. ў Ворнаўскім с. Савеце. У 13 км на поўдзень ад Кармы. На р. Горна. У пісьмовых крыніцах вядома з ХѴІІ ст. як пасяленне ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства ВКЛ. Паводле мясцовага падання назва вёскі паходзіць ад слова “енчыць” (чуўся енк параненых шведскіх салдат, пакінутых у нашых мясцінах пасля бітвы пад Лясной 1708 г.).

Жлобін (Злобін) – пасёлак у Ворнаўскім с/савеце (цяпер частка в. Ворнаўка), які знаходзіцца на рацэ Горна, на захадзе ад урочышча Туры-Бор, калі рухацца з поўначы на поўдзень, больш нізкая мясцовасць пераходзіць у больш узвышаную, апошняя “выпіраецца” як “узлобак” (узвышаная, крыху выгнутая пярэдняя частка).

Зарожак – невялікае адгалінаванне Грэнскага старыка.

Зеньковін, руч. – ручай, які ўпадае ў раку Добрыч. Назва, магчыма, паходзіць ад прозвішча (імя) Зенька, Сенька.

Завонька, стар. –забока са стаячай, крыху “ванючай” вадой. Знаходзіцца побач з Езеравай забокай.

Іванаўка – в. у Ворнаўскім  с/с. У 17 км на поўдзень ад Кармы. Заснавана ў пачатку ХХ ст. перасяленцамі з навакольных вёсак. Назва паходзіць ад імя Іван.

Кавалёў рог – урочышча на поўдзень ад Пеліва і на поўнач ад Турышчаўскага пасёлка (Турышчавічы, Акцябр, Чачэрскі раён), па форме нагадвае рог (вугал). Версіі паходжання назвы: 1) мясцовасць у форме рога, дзе жыў нейкі каваль (ці Каваль); 2) мясцовасць, дзе ў язычніцкія часы некалі жыў каваль, дзейнасць якога звязана з язычніцкім культам, рог – сакральны сімвал дабрабыту.

Канава – роў на поўдзень ад пас. Каўказ, напаўняецца вадой ў час паводкі, летам перасыхае.

Карма, гар. пас. – раённы цэнтр. Першая дакладная згадка ў пісьмовых крыніцах адносіцца да 1691 г. Назва К.фіна-ўгорскага паходжання. На думку вядомага беларускага даследчыка А. Ф. Рогалева, корань карм-, корм-, курм-, магчыма, будзе зразумелым пры супастаўленні з эстонскім словам курм – “заліў”, “вугал” ці фінскім куурна – “жолаб”. Існуе думка, што ў назве Карма можна бачыць адлюстраванне старажытнай індаеўрапейскай каранёвай асновы са значэннем “крывы, выгнуты”.

Сярод насельніцтва ходзяць самыя розныя версіі: 1) тут спыніўся на ноч Афанасій Нікіцін, робячы сваё “хаджэнне” за тры мора; 2) назва звязана з караблебудаваннем, каля в.Струмень ёсць Карабельнае балота, у якім знойдзены рэшткі славянскай ладдзі; 3) тут быў пункт прыпынку і кармлення коней і падарожнікаў, якія рабілі прыпынак на адпачынак; 4) ад сістэмы “кармленняў”.

Каўказ – пасёлак ў Ворнаўскім с. Савеце. 7 км на поўдзень ад Кармы ,на р. Добрыч. Заснаваны ў пачатку 1920-х г.перасяленцамі з суседніх вёсак. На думку мясцовага насельніцтва, назва паходзіць ад таго, што гэта самая высокая мясцовасць у наваколлі.

Кашковы лог – знаходзіцца на поўнач ад в. Высокая, даліна, шырокая нізіна, яр з задзерванелымі схіламі і плоскім днішчам. Рэчышча яра ў час паводкі запаўняецца вадой, улетку перасыхае. Упадае ў раку Добрыч.

Коззе – мясцовасць, раней пасёлак, паміж в. Лядцы і Падобчын. Мясцовасць, дзе мясцовыя жыхары любілі пасвіць коз.

Красны (Краснае), пас. – пасёлак у Ворнаўскім с. Савеце. У 1962 г. далучаны да в. Высокая. «Прыгожы, вялікі, прасторны, галоўны»

Крывое балота – балоцістая мясцовасць. Спрадвечная крывізна – гэта форма праяўлення жыццёвай сілы, гэта – уласцівасць і прыкмета жыцця. Семантычны блок “гнуць”, “згінаць”, “круціць”, “вярцець”, “паварочваць” лічыцца найстаражытнейшым базавым паняццем, з якім былі звязаны як праяўленне жыцця ўвогуле, так і назвы самых розных рэалій, у тым ліку і многіх водных аб’ектаў. Паводле іншай версіі, “крывое” – значыць “злое”, “небяспечнае”. Знаходзіцца на захад ад в. Высокая.

Лаўск(Лаўе) – пасёлак у Ворнаўскім с/с. Lausk (эст., на многіх індаеўрапейскіх мовах) – “плоскі”.  У літ. мове laukas – “поле”.  Ёсць Lausk – пасёлак у Польшчы.

Лашчынезь(Лашчынець) – пасёлак у Ворнаўскім с. Савеце (да 1962 г., цяпер частка в. Ворнаўка). Лашчына – нізіна, мясцовасць нізінная.

Лісцвеніца –мясцовасць, парослая ліставым лесам. Знаходзіцца на поўдзень ад пас. Акцябр.

Лядцы – вёска ў Ворнаўскім с. Савеце, 2,5 км ад в. Ворнаўка (да 1962 г.), цяпер частка в. Ворнаўка. Ад славянскага «ляда» -  “месца сярод лесу”, «месца, вызваленае ад  дрэў пад ворыва». “поле на месцы высечанага лесу ці ляснога пажарышча”; “абложная зямля”; “пакінутая зямля”; “новыя землі, цаліна”; “вільготная, сырая зямля, балота”; “адкрытае месца”; “пустэча”.

Машок -  маленькае балотца, зарослае мохам. На ўсход ад Сякеры.

Майдан, роў –  знаходзіцца на паўднёвым усходзе ад в. Новая Халапаўка; у мясцовых гаворках слова  азначае “месца, дзе знаходзіліся прамысловыя збудаванні лясных або рыбных промыслаў, дзе выганялі дзёгаць і выпальвалі кавальскі вугаль”; “яма, дзе гналі смалу”;

Могілкі (Кладаўе, Кладбішча) – могілкі ў в. Ворнаўка.

Могілкі (Кладаўе, Кладбішча) – могілкі ў в. Высокае.

Мох -   “нізкая балоцістая мясцовасць, парослая мохам”. Відаць, там раней знаходзілася возера, якое забалоцілася. Адтуль мясцовыя жыхары бралі мох для будаўніцтва.

Міронава балота– балоцістая мясцовасць, назва паходзіць ад імя (прозвішча) Мірон.

Новы Млын (Добрыч, да 1963 г.) – в. у Ворнаўскім с/с. 1 км. ад в. Высокая. У 8 км на паўднёвы ўсход ад Кармы. Знаходзіцца на р. Добрыч.

Падмаскоўшчына, ур. – урочышча каля в. Высокая. Назва, на нашу думку, паходзіць з фіна-ўгорскіх моў: ад прыстаўкі “пад” і слова “маскоўшчына”.  “Шчына” азначае мясцовасць, зямля; “масква” – “вільготная”, “сырая”, “топкая”, “слякатнае месца”, “- ва” – рака. Гэтыя характарыстыкі адпавядаюць характару мясцовасці.

Обча (Обчы) – лес, які знаходзіцца паміж ур. Грэнск і Пелівам. Назва паходзіць ад слова “обчы” – “обшчы” (агульны). Па іншай версіі, знаходзіцца каля ракі (вады) (“об”), як называлі Сож. Гл. Падобчы.

Падобча (Падобчы) -  бал. тэраса на поўдзень ад ур. Грэнск. На нашу думку, назва можа паходзіць ад прыстаўкі “пад” і слова “обч” (“об” – з іранскіх моў азначае “вада”): “пад вадой”. “Вада” – гэта рака Сож, якая працякае на ўсходзе ад Падобчы. Рака Обча ёсць у Барысаўскім раёне, а Об – у Расіі. Паводле іншай версіі, “пад лесам Обчым”.

Падобчы,руч. – ручай, які працякае па Падобчы і ўпадае ў месцы ўпадзення ручая Равуха ў раку Сож.

Падсосны, руч. – ручэй, які ўпадае ў р. Сож, на поўдні ад лесу Обчы. У гэтай мясцовасці, на беразе, растуць сосны.

Палякоў (Палякаў) хутар – на думку мясцовых жыхароў, тут некалі жыў паляк (ці сям’я палякаў). Знаходзіцца на ўсход ад Антонавага хутара.

Партызанская пераправа – брод, гаць. Месца, дзе ў час Вялікай Айчыннай вайны праз раку Сож перапраўляліся патрызаны, накіроўваючыся з Кармяншчыны ў Чачэрскія лясы. Сапраўды, гэта вельмі зручнае месца для пераправы.

Пеліва, попл. – пляцоўка, поплаў. Ад рelto (фінск) -  поле. Паводле іншых версій: «пал-, пол»: лацінскае слова palus – “балота”, літоўскае palios; латышскае paļi, paļas – “балота, якое парасло невялікімі кустамі”; “балоцістая прастора”, “абмялелае возера”; лацінскае слова paludis – “балота”, латышскае palts, palte – “лужа, дажджавы паток”.

Равуха, руч. – ручэй, які ўпадае ў раку Сож. Паводле версіі мясцовых жыхароў, назва паходзіць ад слова “шумець” (“равець”). Паводле іншай версіі – ад слова “роў”, “равок”.

Ратнік Халапаўскі (у 20-я гг. ХХ ст. – Ратнік) – пасёлак у Ворнаўскім с./С. “Ратнік” – воін. Пасёлак знаходзіцца недалёка ад в. Халапаўка.

Рудня – в. у Ворнаўскім с. Савеце. Слова “рудня” мае некалькі значэнняў: “руднік для апрацоўкі балотнай жалезнай руды”; “жалезаплавільны і меднаробны заводы”; “паташны завод”. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што калісьці ў наваколлях Рудні вялася здабыча руды. Сёй-той успамінае, што раней вакол вёскі меліся так званыя “шахты”, а ў самой вёсцы быццам бы жыў багаты чалавек, які быў гаспадаром гэтых шахтаў. Людзі называлі гэтыя шахты руднямі. Цяпер на месцы былых рудняў (шахтаў) можна ўбачыць толькі ямы. У пісьмовых крыніцах вядома як вёска ў Кармянскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. У  1876 г. згадваецца аднайменны фальварак з 2 млынамі.

Ручэй (Ручай) 1, руч. – ручэй, які ўпадае ў р. Добрыч.

Ручэй (Ручай) 2, руч. –  ручэй, які ўпадае ў р. Горна.

Ручэй (Ручай) 3, руч. – ручэй, які ўпадае ў р. Сож. На поўдзень ад в. Ворнаўка.

Старая Халапаўка (Хулапаўка, Халапаўка) – в. у Ворнаўскім с/с. Упершыню згадваецца ў XIX ст., 8 км на поўдзень ад Кармы, як паселішча Кармянскай воласці Рагачоўскага павета. У 20-я гг. ХХ ст. побач з’явіўся пасёлак Новая Халапаўка. В 1960-я гг.вёскі былі аб’яднаны ў адну – Халапаўка.У 1962 г.да вёскі далучаны пасёлак Ратнік. У сувязі з катастрофой на ЧАЭС жыхары вёскі былі адселены. Рашэннем Кармянскага райсавета дэпутатаў вёска скасавана з 1 сакавіка 2012 года.

Стары Шлях (“Кацярынінскі шлях”) – старая грунтовая дарога, якая праходзіць праз вв. Высокая і Ворнаўка ў напрамку да г. Чачэрска. Паводле падання тут падарожнічала расійская імператрыца Кацярына ІІ.

Старык Ворнаўскі –1,5 км. ад в. Ворнаўка, на р. Сож.

Старык Высокаўскі – 2,5 км. ад в. Высокая, на р. Сож.

Сож, р.  – рака, якая працякае па землях Кармянскага раёна, у якую ўпадаюць рэкі Горна і Добрыч. Сож часткова працякае па тэрыторыі Ворнаўскага с.с.  Версіі паходжання Сажа  ад: 1) імя старажытных скіфаў, сакаў; 2) старажытнапрускай асновы ў значэнні «дождж»; 3) фінамоўнага абазначэння ваўка; 4) славянскага слова, што абазначала «выпаленае месца пад ворыва». 5) Гл. мясцовае паданне аб р. Сож (дадатак 1).

Сякера– старое забалочанае возера, якое па форме нагадвае сякеру. Знаходзіцца на поўнач ад в. Енцы і ракі Горна.

Тарфяны, п. – пасёлак у Ворнаўскім с./С. (да 1978 г.), дзе ў даваенны час ішла здабыча і нарыхтоўка торфа, існаваў тарфяны завод, цяпер частка в. Ворнаўка.

Тапіла, бал. – раней было балота, “непраходнае месца на дрыгвяністым балоце”; “багністая бездань”; “невялікае прыроднае азярцо сярод балота або выкапанае спецыяльна”; “гразкае месца”; “нізкае поле, якое ў час разводдзя і паводкі затапляецца вадой”.

Турышчаўскі пасёлак (Акцябр) – пасёлак ў суседнім Чачэрскім раёне, непадалёк знаходзіцца Туры-Бор і Кавалёў Рог. Назва звязваецца са словам “тур”.

Туры-Бор – пасёлак, раней урочышча, у Ворнаўскім с/с. (да 1962 г.), цяпер частка в. Ворнаўка. На нашу думку, назва паходзіць  ад звязаных паміж сабой словаў “тур” і “бор”. Што атаясамліваецца з язычніцкімі абрадамі. Тур – свяшчэнная жывёла Перуна, Бор – сасновы лес. Свяцілішчы язычніцкім багам раней знаходзіліся ў такіх мясцінах.

Ухватаўка, пас. – ад слова “ухва́т” ці “рага́ч” — прылада, якой захоплівалі і ставілі ў печ чугункі. Магла выкарыстоўвацца і як зброя. Ад слова “ўхапіць”, “схапіць”. Версіі паходжання сярод мясцовага насельніцтва: 1) месца, дзе былі рабаўнікі, хапалі і рабавалі людзей, 2) раней гэта была балоцістая мясціна, багна “хватала” людзей. На нашу думку, мясцовасць па абрысах (форме) была падобная на ўхват.

Чарцяты – стары ручэй, відаць, у далёкія ад нас стагоддзі тут спраўляліся язычніцкія абрады, звязаныя з вадой. Цяпер людзі кажуць, што гэта было нядобрае месца. Падобнае стаўленне да старажытных сакральных аб’ектаў – нярэдкая з’ява ў розных мясцовасцях. Магчыма, тут знаходзілася язычніцкае капішча.

Чарнобыль – народная назва пасёлка, які ўзнік у 90-я гг. ХХ ст. шляхам перасялення людзей, пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС.

Чыстая калюга, ур.– урочышча недалёка ад в. Енцы. На думку мясцовых жыхароў, раней  тут было возера, дзе вада была сцюдзёная і чыстая.

Царкоўе – паселішча на захад ад пас. Лашчынезь, каля в. Ворнаўка. На думку мясцовых жыхароў, “месца, дзе раней была царква”.

Царкоўе, бал. – балота побач (на захад) ад паселішча Царкоўе.

Юркава забока – старык на ўсход ад вёскі Высокая, на рацэ Сож. Назва паходзіць ад імя (прозвішча) нейкага Юркі.

Спіс вуліц Ворнаўскага сельскага Савета

           - веска Ворнаўка: вуліца  Інтэрнацыянальная, вуліца  Калгасная, вуліца  Камуністычная, завулак  Камуністычны, вуліца Камсамольская, вуліца Лугавая, вуліца  Першамайская, вуліца  Савецкая, вуліца  Працоўная, вуліца  Цэнтральная, завулак  Цэнтральны, вуліца  Школьная, вуліца Несцяровіча П. У.

Несцяровіч Павел Уладзіміравіч нар. у 1913 г. у в. Енцы; сапёр 4-га асобнага сапёрнага батальёна 193-й стр. дывізіі 65-й арміі Цэнтральнага фронту, чырвонаармеец. Герой Савецкага Саюза. За захоп і ўтрыманне плацдарма пры фарсіраванні р. Днепр пад Лоевам, быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза з уручэннем Ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка» (№ 1536) (Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 30 кастрычнiка 1943 г.).        

- веска Высокая:

улица Колхозная                              (вуліца  Калгасная)

улица Новая                                      (вуліца  Новая)

улица Октябрьская                           (вуліца  Кастрычніцкая)

улица Советская                               (вуліца  Савецкая)

улица Строительная                         (вуліца  Будаўнічая)

переулок Строительный                  (завулак Будаўнічы)

           - веска Добрыч:

улица Партизанская                         (вуліца  Партызанская)

           - веска Енцы:

улица  Гвардейская                         (вуліца Гвардзейская)

улица Нестеровича П. В.                 (вуліца Несцяровіча П. У.)  

-          веска Іванаўка:

улица Крестьянская                          (вуліца  Сялянская)

улица 8 Марта                                    (вуліца 8 Сакавіка)

 

-          веска Вострая Карма:

улица Космоновтов                           (вуліца Касманаўтаў)

улица Пионерская                             (вуліца Піянерская)

 

 

ТАПАНІМІЧНЫ СЛОЎНІК Г.П.КАРМА

 

Г.п.Карма - назва раённага цэнтра ў Гомельскай вобласці. Існуе некалькі версій паходжання гэтай назвы. Па першай версіі, гэты ўласны назоўнік  паходзіць    ад  агульнага “карма” (задняя частка карабля, лодкі). Старажылы гавораць, што побач з вёскай Струмень Кармянскага раёна,  якая знаходзіцца на беразе ракі Сож, ёсць карабельнае  балота, у якім  нібыта знаходзяцца рэшткі старажытных чоўнаў і лодак. Некалі па берагах Сожа раслі гіганцкія карабельныя сосны, якія выкарыстоўваліся для будаўніцтва транспартных сродкаў для руху па вадзе.

Па другой версіі, назва пасёлка звязана з рэчкай Кармянкай. Адміністрацыйны цэнтр Карма  размешчаны на рацэ Сож пры ўпадзенні  ў яе ракі Кармянкі  ў 110 км. ад Гомеля. Гідронім  паходзіць  са старажытных часоў, мае праславянскія карані і можа быць растлумачаны з фіна-ўгорскага “курм”(заліў,вугал), “курна”(жолаб) ці “курма”(лавушка для рыбы).

Па трэцяй версіі, знакаміты падарожнік Афанасій Нікіцін  вяртаўся з хаджэння за тры моры, спыніўся тут на начлег у жыхароў (другая палова 15 стагоддзя) для адпачынку і кармлення не толькі падарожніка, але і жывёлы.

Па чацвертай версіі,  у  14-15 стагоддзях багатыя баяры набывалі права на атрыманне кармлення з вызначаных месцаў, якім з’яўлялася і Карма. Гэта права потым адмяніў рускі цар Іван Грозны.

Па пятай версіі, руская царыца нямецкага паходжання Кацярына 2 пракладвала шлях з Санкт  - Пецярбурга на поўдзень Расійскай Імперыі, аб’язджала свае вялікія ўладанні і спынялася ў мястэчку для “кармлення” сваіх коней, а потым праязджала далей у Чачэрск.  Яны ведалі  нецярплівы і своеасаблівы характар  сваёй гаспадыні. І,нарэшце, яшчэ адна версія, слова Карма паходзіць ад слова “кормлячы”,  што абазначае “рулявы”, той,  хто вядзе карабель,  “галоўны”, ”кормлячы  ўсіх”. У 13 стагоддзі на Русі існавалі кормчыя кнігі, зборнікі царкоўных і свецкіх законаў. Найбольш  верагоднымі лічацца першая і пятая версіі.    

Тапонім Карма вельмі распаўсюджаны ў Гомельскай вобласці. На тэрыторыі раёна знаходзіцца вёска з назвай  Вострая Карма. Карма ёсць і ў Буда-Кашалёўскім раёне, ёсць і Добрушская Карма, дзе знаходзяцца моцы Святога Іана. Добрушская Карма - месца паломніцтва праваслаўных хрысціян.Такі тапонім фіксуецца і ў Акцябрскім, Ельскім, Калінкавіцкім раёнах.

Упершыню Карма Кармянскага раёна ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах у 1563 годзе ў  “Прывілеі”  Караля  Жыгімонта 2  Аўгуста пры кіраванні рускага цара Івана Грознага ў 17 стагоддзі Карма Кармянскага раёна ўваходзіла ў склад ВКЛ. З 1772 года ў складзе Расійскай Імперыі  ўласнасць памешчыкаў Быкоўскіх. У 1919-1924 годах  яна знаходзілася ў складзе Гомельскай     губерніі  РСФСК, у 1924-1930 гадах – цэнтр Кармянскага раёна Магілёўскай губерніі, з 1938 года знаходзілася ў складзе Гомельскай вобласці. З 1924 уваходзіла ў склад БССР.  У 1962-1965 гадах знаходзілася ў складзе Рагачоўскага раёна, у 1965-1966 год у склад Чачэрскага раёна, у цяперашні  час - гэта раённы цэнтр Кармянскага раёна Гомельскай вобласці, у якім пражывае 6 тысяч жыхароў. Раён  утвораны 17 ліпеня 1924 года. Сцяг і герб Кармы і Кармянскага раёна зацверджаны Рашэннем №31 Кармянскага раённага Савета Дэпутатаў 22.09.2000 года. Герб унесены ў Гербавы матрыкул РБ 18.12.2000 года пад №45. На блакітным полі шчыта дзве срэбныя сабельныя эфесы,   пакладзеныя ў Андрэеўскі крыж.  Г.п.Карма пацярпеў  вялікія страты ад аварыі на Чарнобыльскай АС  у красавіку 1986 года: зменшылася колькасць жыхароў, скараціліся прадпрыемствы.  Зараз  на     тэрыторыі г.п. Карма знаходзіцца 82 вуліцы, у тапанімічных назвах якіх захавана гісторыя пасёлка.

Па сэнсаваму значэнню ўсе назвы вуліц і перавулкаў г.п. Карма можна падзяліць на  наступныя групы:

  1. Групы, якія адлюстроўваюць прыродныя ўмовы пасёлка – 14 вуліц.

  2. Назвы, якія звязаны з працоўнай дзейнасцю і сацыяльна –эканамічнымі ўмовамі жыцця  - 11 вуліц.

  3. Назвы, якія звязаны з імёнамі людзей – 20 вуліц.

  4. Назвы, якія звязаны  са знешнімі асаблівасцямі геаграфічнага аб’екта  - 2 вуліцы.

  5. Назвы, якія звязаны з воднымі аб’ектамі (гідронімамі) – 4 вуліцы.

  6. Назвы, якія звязаны з маральнымі асновамі і асаблівасцямі менталітэту беларускага народа – 6 вуліц.

  7. Назвы вуліц,  якія ўтварыліся ад тапонімаў, назваў пасяленняў – 8 вуліц.

  8. Назвы, якія звязаны з савецкім перыядам (1917 - 1991) у жыцці кармянцаў – 7 вуліц.

  9. Назвы, якія звязаны  са святамі – 5 вуліц.

  10.  Спартыўныя назвы – 2 вуліцы.

  11.  Назвы, якія звязаны з узроставымі асаблівасцямі людзей – 3 назвы.

  12.  Назвы рэлігійна –культавага значэння – 4 вуліцы.

Можна зрабіць выснову,  што кармянцы паважаюць  берагуць памяць сваіх герояў, занатаваных ў назвах вуліц і перавулкаў  (20),  любяць і захапляюцца прыродай Беларусі, сваёй малой і вялікай Радзімай  (14).

Па наступнай класіфікацыі (анамастыкі) можна ўявіць тыпалогію тапонімаў (назвы вуліц перавулкаў,  іншых геаграфічных а’бектаў)  г.п. Карма такім чынам:

 - ад’ ектонімы (прыметнікі, якія ўтварыліся ад тапонімаў):  вуліца Гомельская.

- віконімы (тапонім, уласнае імя любога  ўнутрывясковага аб’екта): Сырскае возера.

- гідронімы (тапонім,які звязаны з водным аб’ектам): вуліца  Рачная.

- гадонімы (від урбаноніма, які звязаны з лінейным аб’ектам): Кармянскі базар.

- двайны тапонім (складаецца з двух слоў): старыя могілкі, вуліца Новы праспект, Яўрэйскія могілкі.

- штучны тапонім (створаны ў выніку імя творчасці):  КСУП  “Кармянскі”.

- касмонімы ( вуліца Касманаўтаў).

- лімнонімы (назвы азёр): Сырскае возера.

- мемарыяльныя тапонімы (у памяць аб людзях і падзеях):  вуліца Першамайская, вуліца Балахонава.

- мікратапонімы (уласнае імя прыроднага аб’екта,якое мае вузкую сферу ўжывання) -   Сожская прыстань.

 - назва - арыенцір (утворанага спалучэннем прыназоўніка і назоўніка): паміж Кармой і Куракаўшчынай, за бальніцай, за школай,на аэрадроме.

- айконім (назва любога паселішча): Карма.

- акдтапонімы (назва жыхароў,па назве месца жыхарства):  сырчане, куракаўцы.

- пасіўны тапонім (тапонім, які ўказвае на прыналежнасць яго ўладальніку):  Міхалева крыніца.

- тапонім (уласная імя рэчкі): Кармянка,Сож.

- урбанонім (уласнае імя ўнутры гарадской прасторы): парк у памяць пра Чарнобыль.

- эклезіонім (уласнае імя, месца пакланення любой рэлігіі):  Царква Святога Мікалая.

- эргонім (уласнае імя дзелавога аб’яднання людзей, установы, прадпрыемства і гэтак далей):  фабрыка” Чырвоны Кастрычнік”, “Гомельлён”, КЖПУП “Карма”

-         агнатапонім (тапонім,які ўтвораны ад імя святога):  Царква Святога Мікалая.

Тапанамастычная прастора  г.п. Корма і яго наваколля  досыць разнастайная і шматгранная. Гэта дапамагае адрозніць адзін аб’ект геаграфічны  ад другога , які спалучае ў сабе гістарычныя звесткі, звычаі жыхароў, любоў і павагу да роднага краю, яго мінулага і сучаснага. Кожнае пакаленне папаўняе дадзеную прастору новымі імёнамі ў суаднесенасці са сваім бачаннем свету.

Гомельская - вуліца ў г.п. Карма, гэта назва адносіцца да ад’ектонімаў, утворанага ад тапоніма Гомель, так як па гэтай вуліцы пралягала аўтамабільная дарога, якая вяла ў абласны горад Гомель, узнікла назва ў трыццатыя гады  дваццатага стагоддзя. На гэтай вуліцы размешчаны магазіны, жылыя дамы, раённая бальніца, рэшткі старой царквы, курган, мост праз раку Кармянка, Кармянскія раённыя электрычныя сеткі. Вуліца Гомельская - гэта працяг вуліцы імя Ільюшчанка.

Гомельскі  перавулак размешчаны побач вуліцай Гомельскай. Дружба - вуліца ў весцы Куракаўшчына, якая ўзнікла ў савецкі час, уваходзіць ў склад г.п. Карма пасля далучэння бліжніх весак гарадскога пасёлка да тэрыторыі раённага цэнтра. Гэта здарылася ўжо ў дзясятыя гады дваццаць першага стагоддзя.  Назва паходзіць  ад слова “друг, дружыць”, рускамоўнага паходжання, на гэтай вуліцы жылі прадстаўнікі розных нацыянальнасцей былога Савецкага Саюза. Назва нясе глыбокі маральны і этычны сэнс, адносіцца да веконімаў .

        Алімпійская – вуліца, размешчаная на тэрыторыі вескі Сырск, якая ўваходзіць у склад г.п.Карма.

Вуліца Новая - ўзнікла ў 80-90-ыя гады 20 стагоддзя, якая названа ў гонар Алімпійскіх гульняў у Маскве ў1980 годзе. Жылыя дамы размясціліся на ёй, сучасныя, камфортныя, пражываюць у іх у асноўным людзі сярэдняга і маладога ўзросту. Гэта штучны тапонім у гонар вялікай падзеі, якая была ва ўсім свеце на слыху ў 80-ыя гады 20 стагоддзя. Лугавая – вуліца, размешчаная на  ўскраіне г.п.Карма на тэрыторыі вескі Куракаўшчына, вуліца адносна новая.  Назва паходзіць ад рускага слова “луг”. Вуліца размешчана на былой лугавой тэрыторыі, частка якой выкарыстоўваецца і сёння для выпасу жывёлы. Жыхары гэтай вуліцы карыстаюцца зручнымі прыроднымі ўмовамі для  ўтрымання дамашняй гаспадаркі. Луг - гэта   ўчастак,  які пакрыты травяністай расліннасцю. Вось і з’явілася такая назва вуліцы, якая звязана з прыроднымі ўмовамі пражывання і размяшчэння. Гэта веконім.

Заводская - вуліца, якая знаходзіцца ў весцы Сырск.  Атрымала сваю назву ад прадпрыемства, якое знаходзіцца на яе тэрыторыі, - спіртзавод.  У савецкі час саўгас “Кармянскі” славіўся на ўсю краіну сваёй  моцнай агародніцкай гаспадаркай, фарміраваў бюджэт Кармянскага раёна, працаваў з вялізным прыбыткам, ствараў і будаваў малыя заводы, цэхі па пераапрацоўцы агародніны і садавіны. На вуліцы Заводскай ў асноўным жылі працаўнікі гэтых прадпрыемстваў. Перавулак  Заводскі, размешчаны там  жа,  дзе вуліца Заводская . Узнікненне назвы Заводскай звязана з вытворчай дзейнасцю людзей. Гэта ўрбанонім.

Леніна - вуліца,  якая вядзе да сярэдняй школы №1 г.п.Карма. Вуліца невялікая, але вельмі людная, так як па ёй штодзённа праходзіць каля тысячы школьнікаў, настаўнікаў і іншых жыхароў Кармы і Кармянскага раёна. У любы дзённы час сутак на ёй можна сустрэць вучня ці настаўніка. Названа ў гонар У.І.Леніна, першага кіраўніка Савецкай дзяржавы, яшчэ ў 30-е гады дваццатага стагоддзя. І нават у час бума ачарнення забыцця вялікіх заваёў Кастрычніцкай рвалюцыі 1917 года і Савецкай улады яна не была перайменавана. Кармянцы не дазволілі гэта зрабіць. Гісторыя ёсць гісторыя, яе не перапішаш і вельмі шмат пралілося чалавечай крыві, каб вось так забыць і выкрасліць. Праўда, гэту вуліцу яшчэ звалі Банная. Так як на ёй адвеку знаходзілася лазня. Некалі ў Карме не было вадаправодаў, уласных ваннаў, і лазня была ледзь  не адзінай крыніцай чысціні і гігіены.Тут заўсёда была чарга тых, хто жадаў папарыцца бярозавым венікам, пагаварыць, нават рашыць некаторыя праблемы, папляткарыць, абмяняцца поглядам, даведацца аб кармянскіх навінах. Гэта было месца не толькі для прыняцця душа, але і месца цікавых сустрэч. У цяперашні час лазня знаходзіцца ў сучасным  добраўпарадкаваным будынку, з саўнай, басейнам, на вуліцы Абатурава. Але старажылы гарадскога пасёлка памятаюць лазню на вуліцы Леніна.  Леніна - перавулак, які прылягае да вуліцы Леніна.

Балахонава -  вуліца, размешчаная супраць будынка РАУС, названая ў гонар капітана міліцыі І. Балахонава, выхадца Кармянскага раёна, які працаваў у крымінальным вышуку у Добрушскім, Рэчыцкім, Рагачоўскім, Кармянскім і Чачэрскім раёнах. Загінаў пры выкананні службовых абавязкаў 5 лютага 1966 года пры затрыманні парушальніка закону. Яму было 32 гады. Яго імя ўшанавана на мемарыянальных дошках на будынках РАУС Кармянскага і Чачэрскага раёна. Так паважаюць кармянцы памяць пра сваіх гераічных землякоў. Гэта геаграфічная назва адносіцца да антрапонімаў, якіх у г.п.Карма вельмі шмат. Жыхары Кармы любяць называць вуліцы, па якім штодзень ходзяць на працу, у школу, у дзіцячы сад, у магазіны, імёнамі сваіх знакамітых землякоў. І іх называюць скарочана, ласкава, проста - Балахонава, Давыдзенка, Малайчука і г.д. І ўсім жыхарам зразумела,  пра што ці пра каго ідзе размова, так разумеюць штодзённа і штохвілінна кармянцы тых, хто аддаў жыццё за іх шчасце, здароўе і мір.

Ільюшчанка - вуліца цэнтральная, яна цягнецца ад вуліцы Рагачоўскай і пераходзіць у вуліцу Гомельскую. Названа ў гонар міліцыянера І.А.Ільюшчанка, які ўжо пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ўваходзіць у склад  Валасной міліцыі. Ён загінуў, калі ўдзельнічаў у прыгнечанні контррэвалюцыйнага мяцяжу на тэрыторыі г.п.Карма ў 1919 годзе. Былі забіты на месцы міліцыянеры І.А.Ільюшчанка, І.Г.Абатураў і Ф.М.Давыдзенка. Так у пасёлку з’явілася вуліца Ільюшчанка яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны, якую правільна б было назваць вуліцай імя І.А.Ільюшчанка. У гонар подзвігу міліцыянераў у скверы каля раённага Дома культуры ўстаноўлены помнік. Гэты сціплы абеліск знаходзіцца таксама на вуліцы Ільюшчанка. Тут кожны год 7 лістапада жыхары г.п.Карма збіраюцца для ўдзелу ў  мітынгу па ўвекавечванню памяці першых змагароў за Савецкую ўладу. На вуліцы знаходзіцца Дом Саветаў, Дом дзіцячай творчасці, базар, магазіны і іншыя важныя ўстановы і арганізацыя Кармянскага раёна. Адносіцца да антрапонімаў (па ўласнаму імені чалавека).

Малайчука - вуліца, якая знаходзіцца недалёка ад будынка РАУС, перад ракой Кармянкай, названа ў гонар нашага земляка М.Ф.Малайчука  Па адукацыі юрыст, працаваў у крымінальным вышуку, старэйшы лейтэнант міліцыі. Загінуў пры затрыманні небяспечнага злачынца  17 лютага 1965 года. Яму было 29 год, пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Яго імя ўвекавечана на мемарыяльнай дошцы Кармянскага РАУС.

Зайцава вул. - вуліца імя Зайцава Івана Сцяпанавіча (09.10.1926-16.04.1945) выхадзец Гомельскай вобласці, вёскі Чонкі, Героя Савецкага Саюза, які паўтарыў подзвіг Аляксандра Матросава, які закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота.Гэта вуліца знаходзіцца ў центры г.п.Карма, недалёка ад будынка раённага выканаўчага камітэта. Вуліца зялёная, невялікая, перасякаецца з вуліцай Школьнай. На гэтай вуліцы знаходзяцца Кармянскі філіял №2  ААТ “Рэчыцкі тэкстыль”, шматпавярховыя дамы адсутнічаюць, на ёй размешчаны толькі аднапавярховыя драўляныя  ўласныя пабудовы.

Зайцава зав. – завулак, аднайменны, які прымыкае да вуліцы Зайцава.

Iнтэрнацыянальная вул. - вуліца, якая размешчаная ў вёсцы Сырск,  з 2007 года ўваходзіць у склад гарадскога пасёлка. Гэта назва ўзнікла  не зусім даўно, у савецкі час, калі інтэрнацыяналізм з’яўляўся часткай грамадскай свядомасці і быў ва ўсіх на слыху. Без выкарыстання гэтага слова не абыходзіўся ні адзін мітынг, ні адзін сход ці грамадскае мерапрыемства. Такія назвы інтэнсіўна выкарыстоўваюцца пасля 1917 года і нясуць ідэалагічны характар. Такая назва ў савецкі час карыстаецца папулярнасцю, лінейных аб’ектаў з дадзенымі назвамі з’яўлялася ўсё больш. У наш час такія урбанонімы не менш папулярны.

Зарэчная вул. - вуліца, якая размешчана на заходняй ускраіне г.п. Карма, назва па месцу размяшчэння вуліцы, каля ракі Кармянкі, адносна прыроднага аб’екта. Вуліцы з такімі назвамі ёсць у розных гарадах Беларусі (Магілёў, Гродна). У назве заключаны прызнак, які апісвае месцазнаходжанне лінейнага аб’екта. Ён падкрэслівае сувязь назвы вуліцы з іншымі аб’ектамі. Гэта урбанонім.

Новая вул. - вуліца, якая характарызуе лінейны аб’ект з пункту погляду часу існавання ці ўзросту. Гэта гадонім. Назвы вуліц,  у якіх уключаны марфемы нов і стар  у інвентарах беларускіх гарадоў з 18 стагоддзя. Такія назвы вуліц ёсць у Віцебску, Мінску і іншых гарадах. Звычайна яны заключаюць “бікарную” апазіцыю новая і старая. Але ў г.п. Карма вуліца, якая ўключала б у назву слова “старая” не знойдзена. Мабыць, з-за невялікай тэрыторыі, якую займае раённы цэнтр, няма неабходнасці проціпастаўляць назвы вуліц. Але назва вуліцы Новая страціла свай першапачатковы сэнс, таму што гэты аб’ект даўно ператварыўся ў стары. У г.п. Карма ёсць яшчэ такія назвы: Старая Зенькавіна і Новая Зенькавіна. Гэтыя антонімы ўжо напрамую звязаны з часам з’яўлення дадзеных аб’ектаў.

Фрунзе вул. – вуліца, якая размешчана на паўднёвай частцы г.п. Карма. У населеных пунктах усходняй зоны Беларусі сустракаюцца часта вуліцы, якія названы  ў гонар палітычных дзеячаў, кіраўнікоў пралетарыяту, герояў Кастрычніцкай рэвалюцыі, тых, хто змагаўся за ўладу Саветаў у Беларусі, герояў грамадзянскай вайны. у тым ліку мясцовых чырвоных палкаводцаў і камандзіраў. У раённым цэнтры Карма такіх назваў шмат. Частка назваў, якія ўтварыліся ад асабовых назваў, дастаткова высокая. І дыяпазон імёнаў  асоб, якія ўваходзяць у урбанонію, пастаянна ўзрастае. Мяркуюць, што гэта назва з’явілася ў 30-я гады прошлага стагоддзя. Міхаіл Фрунзе быў галоўным міліцыянерам у Беларусі і стаяў на чале стварэння савецкай міліцыі, у тым ліку і беларускай. Згодна гістарычным дакументам  М.В. Фрунзе 4 сакавіка 1917 года прызначаны часовым начальнікам міліцыі Усерасійскага земскага саюза па ахове парадка ў горадзе Мінску.Так гэта найменне ўвайшло ў жыццё пасёлка і служыць яму ўжо некалькі дзясяткаў год, вызначаючы ідэалагічныя і палітычныя арыенціры, сцвярджаючы тым самым сацыяльны склад. Сёння гэты урбанонім вядомы кожнаму кармянцу. Але не ўсе могуць адказаць на пытанне: “Хто такі Фрунзе  і чаму так названа вуліца?”  У асноўным растлумачыць сэнс назвы могуць людзі старэйшага пакалення. А для іншых – гэта слова, якое  лёгка вымаўляецца, гучнае, кароткае і выразнае слова, якое не патрабуе асобага напружання пры запамінанні і вымаўленні.

Свабоды вул. - вуліца ў цэнтры г.п.Карма, адносна новая вуліца.  Гадонім. Названа у  гонар перамогі ў Вялікую Айчынную вайну 1941-1945 гады. Гэта невялікая вуліца перакрыжоўваецца з вуліцай Савецкай. У г.п.Карма ёсць і плошча з такой жа назвай.

Савецкая вул. - вуліца, якая ўзнікла ў 80-ыя гады мінулага стагоддзя  Знаходзіцца недалёка ад былога аэрадрома, на месцы якога ўзведзены будынак школы №2.  Аэрадром  не стаў дзейнічаць і існаваць у 70-ыя гады  20 стагоддзя, застаўся  толькі адзін будынак, у якім знаходзіліся білетныя касы і адміністрацыя аэрадрома. У гэтым будынку зараз размясцілася праваслаўная царква святога Мікалая Чудатворца. Назва вуліцы Савецкай адносіцца да часоў існавання Савецкага Саюза. Адну з галоўных роляў у жыцці народа ў гэты час адыгрывалі Саветы народных дэпутатаў.

Кастрычніцкая вул. - вуліца, названая ў гонар Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года, якая ператварыла невялікае мястэчка Карма ў добраўпарадкаванае  паселішча гарадскога тыпу. Прынцып намінацыі ўнутрыгарадскіх аб’ектаў па сувязі з разуменнем савецкай эпохі было вельмі папулярнае ў пасёлку.  А такая гістарычная падзея, як Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 года, пакінула свой след  у тапаніміцы многіх  гарадоў  і пасёлкаў   Беларусі. Гэтыя найменні вельмі шматлікія. Яны  з’ яўляюцца сімваламі  сацыялістычнай эпохі. Штучная намінацыя прывяла да таго, што адны і тыя ж назвы сустракаюцца ў дзясятках гарадоў краіны.

Паркавая вул. - вуліца, якая ўзнікла ў канцы 20 стагоддзя. Будынак школы №2 доўгі час заставаўся без адраса. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе супраць школы быў заложаны парк у памяць аб гэтай трагічнай падзеі. А вуліца, на якой размешчаны гэты парк,  атрымала назву Паркавая. Так школа № 2 набыла прапіску. Пакуль на гэтай вуліцы размешчаны два будынкі: школа і адзін уласны дом.

Палявая вул. - вуліца, паралельна вуліцы Паркавай. Некалі яе тэрыторыя належыла калгасу “Кармянскі”. І для сваіх спецыялістаў і паляводаў, рабочых дадзенае прадпрыемства пабудавала тут шэраг добраўпарадкаваных дамоў, якія і зараз маюць рэспектабельны выгляд.  І назвалі гэту вуліцу Палявой, таму што ў той час саўгас “Кармянскі” славіўся на ўсю краіну вытворчасцю садавіны і агародніны, быў вельмі эфектыўным, багатым сельскагаспадарчым прадпрыемствам. Яго рабочыя ў асноўным працавалі на пладародных землях і збіралі з палёў багатыя ўраджаі. Вуліца Палявая і перавулак  Палявы былі мяжой паміж г.п.Карма і вёскай Сырск. Сёння ўся тэрыторыя ўваходзіць ў склад раённага цэнтра.

Лясны  -  перавулак,  урбанонім,  без якога цяжка ўявіць наш пасёлак, таму што вакол яго шмат лясоў. Нашы продкі ведалі, дзе сяліцца: на беразе ракі, у цэнтры лясных угоддзяў.  Лес  даваў будаўнічы матэрыял, цяпло і выкарыстоўваўся для прыгатавання ежы. А ў ваенны час хаваў ад ворага, у гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Кармянскага раёна дыслацыравалася партызанская брыгада. У кармянцаў асобыя адносіны да лесу. Яны яго паважаюць і берагуць. Гэты перавулак невялікі, размешчаны на паўдневай ускраіне г.п.Карма.

Парэчаўка - так называлася тэрыторыя, размешчаная каля рэчкі Кармянка паміж г.п.Карма і вёскай Куракаўшчына, недалёка ад вуліц Краснаармейскай і Лугавой. Паходзіць ад слова “рака”. Некалі рэчка Кармянка была больш глыбокай, вясной моцна разлівалася, летам уваходзіла ў свае берагі. А месцы,якія заставаліся пасля разліва называлі “парэчаўкай”.      Тут была і лясная пасадка з кустамі. Сёння гэта найменне ўжываецца толькі старажыламі.

Поплаў - тэрыторыя пасля маста паміж пасёлкам і Куракаўшчынай. Гэта нізкае месца, тут  растуць кусты, шмат лугавой травы, вельмі распаўсюджаная назва для некаторых вясковых аб’ектаў Беларусі, узнікла ад слова “плаваць”. Вясной затапліваецца вадой, нельга прайсці, каб не замачыць ногі, летам высыхае, вада знікае. Узнікае меркаванне аб значэнні гэтай назвы:  “пасля плавання”. Летам утапае ў палявых кветках, з’ яўляецца густы кветкавы водар.

Валоўня - размешчана ў заходняй частцы вёскі Куракаўшчына. Гэта тэрыторыя, на якой дзейнічае жывёлаводчая ферма.Там знаходзяцца буйна рагаты скот. Назва ўзнікла ў 40-ыя гады мінулага стагоддзя, захавалася да сённяшняга дня. Узнікла ад слова “вол”(бык, які выкарыстоўваецца ў сельскагаспадарчых працах). Некалі на дадзенай ферме разводзілі і ўтрымлівалі быкоў. Іх там было не адзін дзясятак. Зараз утрымліваюць кароў асобай пароды, ферма  названа “Куракаўская”, але больш прывычная да мясцовых жыхароў называць ферму і тэрыторыю вакол яе “Валоўняй”.

Сярод мясцовых назваў сустракаюцца і сучасныя, яны таксама адлюстроўваюць гісторыю Кармянскага краю. Напрыклад, “Старая царква” – такую назву мясцовасць атрымала нездарма, тут і сапраўды знаходзяцца рэшткі цаглянай праваслаўнай царквы, пабудаванай у 1831 годзе ў гонар Святога Мікалая на сродкі адстаўнога лейб-гвардыі штабс капітана Міхаіла, сына Філіцыянава, і яго жонкі Кацярыны Пятроўны, дачкі Быкоўскіх. Аднак існуюць і больш раннія звесткі пра існаванне ў мястэчку Карма царквы. Напрыклад, у “Топографических примечаниях на знатнейшие места путешествия Ея императорского величества в белорусские наместничества” (маецца на ўвазе Кацярыны II), складзеных у 1780 годзе, адзначаецца, што ў Карме Рагачоўскага павета існавала ўніяцкая царква (хутчэй за ўсё, на яе месцы ў 1831 годзе была пабудавана праваслаўная царква з цэглы). На жаль ,лёс гэтай “старой царквы” вельмі трагічны. У савецкі час у ёй размяшчаліся клуб, склад, хлебазавод, потым будынак быў пашкоджаны пажарам і больш не аднаўляўся. Сваю ролю адыграў і час, які таксама не пашкадаваў пабудову. Зараз у Карме ёсць малітоўны дом, а побач з ім закладзены будынак новай царквы.

Ёсць у Карме і яшчэ адна назва, аднак звязана яна з трагічнымі часамі Вялікай Айчыннай вайны. Мясцовыя называюць гэта месца “жыдоўскі роў”. Размешчаны ён зараз у межах населенага пункту, а ў гады вайны гэта былі ўскраіны. Менавіта тут 8 лістапада 1941 года нямецка-фашысцкія захопнікі расстралялі, па адных звестках 700, па другіх – 1500 чалавек мясцовых яўрэяў, якія ўтрымліваліся ў гета (у Карме іх было два – мужчынскае і жаночае (сучасныя вуліцы Абатурава і Школьная)). Да гэтага часу мясцовыя жыхары кажуць, што на гэтым месцы “шавеліцца” зямля. Шмат хто абыходзяць гэта месца бокам, баючыся патрывожыць душы забітых тут яўрэяў.

Карма – аб паходжанні назвы распаўсюджаны самыя розныя легенды. У адной з іх сцвярджаецца, што раней гэтыя мясціны былі шматводнымі і людзі займаліся караблебудаваннем. Як бы ў пацвярджэнне гэтай легенды выступае той факт, што недалёка ад Кармы, каля вёскі Валынцы, ёсць балота пад назвай Караблінае. А чаму так называецца? Мясцовае насельніцтва дае два адказы. Першы, таму што яшчэ ў Пятроўскую эпоху тут раслі высокія, стройныя сосны, якія і спатрэбіліся цару Пятру I дзеля таго, каб пабудаваць флатылію. Сосны дастаўлялі ў Пецярбург, дзе з іх будавалі караблі. Аднак ёсць адно “але”! У пачатку XVIII стагоддзя (час праўлення Пятра I) землі Кармяншчыны ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. Другі адказ, таму што ў гэтым балоце і сапраўды знайшлі рэшткі старажытнага карабля. Аднак, на мой погляд, і гэты факт з’яўляецца толькі легендай. Таму што ад Караблінага балота да Кармы адлегласць некалькі  кіламетраў. І тады, чаму менавіта гэта балота не носіць назву “Карма”?

Некаторыя мясцовыя гісторыкі і краязнаўцы прытрымліваюцца думкі, што назва “Карма” пайшла з таго часу, калі на поўдзень праз гэтыя землі быў пракладзены шлях, па якім праязджала імператрыца Кацярына II і спынялася тут на “кармленне” і адпачынак. Аднак і гэта легенда не мае права быць навуковым фактам. Справа ў тым, што Карма ўпершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1509 годзе (раней за Кацярыненскую эпоху больш за 200 год).

Таксама існуе версія аб тым, што ў XIV – XVI стагоддзях княжацкія слугі і багатыя баяры атрымлівалі ад князя права збіраць “кармы” (атрымліваць кармленне) – натуральны падатак. Гэты збор займаў шмат часу, а таму па яго заканчэнні назначаліся месцы іх збору. Відаць Карма і стала такім пунктам збору.

Аднак найбольш верагодна, што назва населенага пункту Карма паходзіць ад назвы рачулкі Кармянка, якая і зараз працякае праз Карму. Аб паходжанні назвы гэтай рэчкі, мясцовае насельніцтва кажа, што калісьці гэта рачулка была паўнаводнай і глыбокай, не такой як зараз (па ёй нават плавалі на лодках). Тут вадзілася шмат рыбы, якую людзі лавілі і выкарыстоўвалі для ежы. Менавіта ад таго, што Кармянка “карміла” тутэйшых жыхароў і пайшла назва рэчкі. Але гэта толькі легенда і згаджацца з ёй ці не – права кожнага з нас. Назва “Кармянка” мае больш глыбокія карані і ніяк не звязана з “кармленнем.

Зусім нядаўна каля Кармы знаходзілася вёска з цікавай назвай Сырск (зараз яна ўваходзіць у межы населенага пункту Карма). Гэту назву таксама тлумачаць па-рознаму. Некаторыя мясцовыя жыхары звязваюць яе паходжанне з сырам (малочны прадукт), які нашы продкі выраблялі і гэтым славіліся ў акрузе. Другія кажуць, што “Сырск” паходзіць ад слова “сыры”, “вільготны” – значыць мясцовасць падвяргалася частаму падтапленню. Калі прыняць да ўвагі, што праз Сырск працякае рэчка Кармянка, якая калісьці была паўнаводнай, то і версія гэта гучыць боль праўдападобна. Акрамя таго, у Сырску размешчаны некалькі сажалак і возера.

Ёсць непадалёку ад Кармы невялікія азярыны – “старыкі”, дык вось, адна з іх носіць назву “Жыдоўка”. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што назва гэта звязана з трагічнай падзеяй. Адной цёмнай летняй ноччу, непадалёку ад гэтай азярыны, была згвалтавана дзяўчына, іўдзейка па веравызнанні (“жыдоўка”). І каб схаваць сляды свайго ліхадзейства, гвалтаўнікі ўтапілі няшчасную.

Паміж вёскамі Навасёлкі і Куракаўшчына (апошняя зараз уваходзіць у склад Кармы) знаходзіцца верхавое балота пад назвай “Мох”. Доўгія гады ў перадваенны час, ды і пазней, людзі, калі будавалі свае хаты і гаспадарчыя пабудовы, ездзілі туды, каб нарыхтаваць мох, які выкарыстоўваўся для ўцяплення пабудоў.

З балота “Мох” пачынае свой шлях маленькі ручай, які пасля ўпадае ў рэчку Кармянка. Берагі гэтага ручая густа параслі алешнікам. Гэта вузкая паласа алешніку чамусьці атрымала назву “Парычаўка” (або “Парэчаўка”). Існуе некалькі версій паходжання гэтай назвы. Першая, таму што алешнік расце ўздоўж ручая – рэчкі – “па рэчке”. Другая версія сцвярджае, што па берагах нізіны, па якой цячэ ручэй, з боку вёскі Куракаўшчына сустракалася шмат кустоў парэчкі. Трэцяя версія такая, у вільготныя часы года, напрыклад, восенню, часта здараюцца туманы. Туман з’яўляецца ў нізінах. Туман – гэта “пары вады”, таму і “Парычаўка”.

Тапанімічны слоўнік в. Сырск.

Сырск (русск.Сырск) - вёска, 30 лістапада 2007 ўключана ў склад гарадскога пасёлка Карма, да гэтага ў складзе Кароцькаўскага сельсавета Кармянскага раёнаГомельскай вобласці Беларусі.

Побач з заходняй ускраінай Кармы, у 55 км ад чыгуначнай станцыі Рагачоў (на лініі Магілёў - Жлобін), у 110 км ад Гомеля.

Транспартныя сувязі па аўтадарогах, якія ідуць з Кармы. План вескі складаецца з 2 прамалінейных, параллельных паміж сабой вуліц, злучаных завулкамі. Да паўночнай вуліцы далучаюцца з поўначы 2 кароткія вуліцы (Завадская, Сялянская).Забудавана  з двух бакоў, пераважна драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу.

в.Сырск - у свой час славілася сваімі сырамі. Вёску сыраробаў так і назвалі - Сырск.

Паводле пісьмовых крыніц, вядомая з XVIII стагоддзя як вёска ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) у складзе Расійскай імперыі. Паводле рэвізіі 1816 ўласнасць казны. У 1858 ў валоданні памешчыцы П. Ф. Дзерналовіч.

. З 1880-х гадоў дзейнічаў хлебазапасны магазін. Паводле перапісу 1897 году дзейнічалі хлебазапасная крама, 2 ветряныя млыны, крупадзёрка, карчма. У 1909 годзе 606 дзесяцін зямлі.

У 1930 годзе арганізаваны калгас імя С. М. Будзёнага, працавалі:вятрак, гамарня, санна-калёсная майстэрня. У 1966 годзе да вёскі далучана суседняя вёска Майстравая Слабада. У складзе калгаса «Перамога» (цэнтр - вёска Новая Зенькавіна).

Дынаміка колькасці насельніцтва:

• 1858 - 42 двары, 317 жыхароў.

• 1897 год - 63 двары, 443 жыхара (паводле перапісу).

• 1909 - 81 двор, 592 жыхары.

• 1959 - 609 жыхароў (паводле перапісу).

• 2004 - 220 гаспадарак, 486 жыхароў.

Ракой Кармянкай в. Сырск дзеліцца на дзве часткі.

 Вялікі Бок - участак, бліжэй да Кармы

-малы бок ці Майстравая Слабодка–частка вёскі  за ракой.Кармянкай.

 Бычане - так называлі жыхары Сырска жыхароў з другога берага ракі Кармянкі.

 Кармянка - рака ў Кармянскім раёне Гомельскай вобласці, правы прыток ракі Сож (бассейн Дняпра). Даўжыня 14 км.

 Балацянка– невялікае  балотца, у 0,5 км. На паўднёвым  усходзе ад вёскі.

 Брод– месца пераправы праз р. Кармянку, знаходзіцца ў 100м на захад ад сучаснага Сырскага маста праз р. Кармянка.

 Железны Мост - месца, дзе раней стаяўжалезны мост праз р. Кармянка, у 50 м на захад ад сучаснага  маста.

 Кар’еры – некалькі катлаванаў, запоўненых вадой, дзе раней вялася   здабыча торфу, знаходзяцца ў 1,5 км.на поўнач ад вёскі.

 Крыніца - месца, дзе раней была крынічка, знаходзіцца ў 300 м. на захад ад сучаснага сырскага маста праз р. Кармянку.

 Салдацкая Могілка - месца, дзе па словах старажылаў, пад час Вялікай Айчыннай  вайны расстраляны чырвонаармеец, знаходзіцца ў 100 м. на ўсход ад сырскага  маста праз р. Кармянка.

 Старыя Могілкі - месца,  на паўднёвай ускраіне вёскі.

          Сырскае возера - возера, размешчанае на паўночна-ўсходняй ускраіне вёскі.

 Лашчына - яр, які праходзіць па паўднёвай ускраіне вёскі.

Тапанімічны слоўнік в. Куракаўшчына

 Куракаўшчына (русск.Кураковщина) - вёска, 30 лістападзе 2007 года ўключана ў склад гарадскога пасёлка Карма, да гэтага ў складзе Кароць каўскага  сельсавета Кармянскага раёна Гомельскай вобласці Беларусі.

Размяшчэнне:

У 1 км на поўдзень ад Кармы, у 56 км ад чыгуначнай станцыі Рагачоў (на лініі Магілёў - Жлобін), у 109 км ад Гомеля.

На рацэ Кармянка (прыток ракі Сож).

Транспартныя сувязі па аўтадарогах, якія адыходзяць ад Кармы. План складаецца з доўгай амаль шыротнай арыентацыі вуліцы з завулкамі. Забудова двухбаковая , пераважна драўляныя дамы сядзібнага  тыпу.

Паводле пісьмовых крыніц, вядомая з пачатку XIX стагоддзя як вёска ў Рагачоўскім павеце Магілёўскай губерні. З 1859 года ў складзе маёнтка Карма, валоданне памешчыка М. Ф. Быкоўскага. У 1880-я гады адкрыта х лебазапасная крама. У 1909 годзе 426 дзесяцін зямлі, у Кармянскай воласці.

З 20 жніўня 1924 да 19 верасня 1963 г. Цэнтр Куракаўскага сельсавета Кармянскага раёна Магілёўскай (да 26 ліпеня 1930 г.) акругі, з 20 лютага 1938 г. Гомельскай вобласці. Побач знаходзіўся саўгас імя П. Л. Войкава. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Чырвоны Кастрычнік», працавалі вінзавод (з 1919 года), гамарня (з 1925 года), масласырзавод (з 1925 года), сталярная майстэрня (з 1931 года). Паводле перапісу 1959 года ў складзе саўгаса «Кармянскі» (цэнтр – вёска Короцькі).

Колькасць насельніцтва:

2004 - 128 гаспадарак, 288 жыхароў.

        Куракаўскае возера - возера, якое знаходзіцца ў 200м на паўночны ўсход ад вёскі.

        Крынічка – натуральная крыніца вады, якая знаходзіцца ў паўднёва–ўсходняй частцы вёскі.

        Квадратнае возера- возера, размешчанае ў 100 м. на поўнач ад вёскі.

        Ключ– некалькі натуральных падземных крыніц вады, якія   ўпадаюць у квадратнае возера.

        Старыца - старое рэчышча р. Кармянка, якое знаходзіцца ў напрамку на поўдзень ад вёскі.

        Вуцінае возера – невялікае азярцо, размешчанае ў напрамку на паўднёвы ўсход ад вёскі.

Дынаміка насельніцтва:

1816 - 27 двароў.

1897 год - 47 двароў, 287 жыхароў (паводле перапісу).

1909 - 52 двары, 362 жыхара.

1959 - 397 жыхароў (паводле перапісу).

2004 - 128 гаспадарак, 288 жыхароў.

Вёска Лебядзёўка – як сцвярджаюць мясцовыя жыхары, вёска атрымала такую назву ад таго, што тут калісьці было лебядзінае возера, якое пасля Вялікай Айчыннай вайны ператварылася ў балота, а лебедзі былі забіты.

Сажалка Калініхіна – атрымала сваю назву ад прозвішча заможных рабочых Калініных, якія жылі побач .

Возера Слыш – сваю назву дадзены штучны вадаём атрымаў ад мянушкі чалавека, які яго выкапаў (трактарыст Мікалай Канаплёў па мянушцы “Слыш”).

Рака Разумоўшчына, такую ж назву мае і прылягаючая мясцовасць, назва гэта таксама паходзіць ад прозвішча. Справа ў тым, што ў 1920-я гг. тут размяшчаўся хутар, на якім жылі людзі па мянушцы “Разумкі”.

         Гара – назва курганаў каля вёскі Лебядзёўка.

 

ТАПАНІМІЧНЫ СЛОЎНІК ЗЯМЕЛЬ КАМЕНСКАГА

СЕЛЬСКАГА САВЕТА

                                           I. Вёска Бярозаўка

    Бярозаўка – наз. пах. ад бярозавага гаю, у якім заснавана вёска.

                                               Канцы вёскі

 

           Крывы Лог                                                  Бор

 

                                       Улочка     Слабада

 

   Крывы Лог (вул. Першамайская) – наз. пах. ад галоўнай вуліцы, якая пятляючы па вёсцы, ідзе на ўсход.

   Улочка (вул. Рабочая)  – наз. пах. ад шчыльнай забудовы вуліцы, праз якую праходзіць вузкая дарога. якая з поўначы ўпіраецца ў балота.

   Слабада (вул. Садовая)  – свабодная, шырокая, прасторная вуліца.

   Бор (вул. Электрычная) – па гэтай ускраіннай вуліцы праходзіць дарога на вёску Бор. Акрамя таго надалёка ад дарогі расце сасновы бор.

   Веска Ляды – наз. пах.ад прыстасавання для прання бялізны.

   Вёска Бор – наз. пах. ад сасновага бора, дзе была пабудавана вёска.

   Вёска Пакроўскае – вёска. пабудаваная на свята “Пакроў Прасвятой Багародзіцы”.

                                  Прозвішчы жыхароў вёскі

                               Зенькавы; Сяліцкія; Лукашэнкі.

                            II. вёска Каменка (раней Курганне)

       Каменка – наз. пах. ад камяністай глебы ў акрузе.

       Курганне – наз. пах. ад курганных насыпаў, якія знаходзіліся ў валоліцах вёсцы.

                                               Канцы вёскі

               Пасёлак                                                          Хутар

 

                                      

                                          Старая             Новая

                                          дзярэўня        дзярэўня

 

      Пасёлак (вул. Кастрычніцкая) – селішча, паселішча людзей.

      Старая дзярэўня (вул. Пралетарская) – вуліца, ад якой бярэ пачатак вёска Каменка.

      Новая дзярэўня (вул. 8 сакавіка) – забудова вёскі пасляваннага часу.

      Хутар (вул. 8 сакавіка (зах. напрамак)) – адасобленая частка вёскі, раней хутар заможнага селяніна.

                                     Прозвішчы жыхароў вёскі.

Паграбенкі; Стэльмаховы; Філімонавы; Касцюковы; Старавойтавы.

                                             

                                               III. Вёска Кучын

 Кучын – наз. пах. ад слова “куча” – мясцовая назва курганных могілак, якіх у ваколіцах вёскі было вельмі шмат.

         Шлях (вул.Савецкая) – назва паходзіць ад адрэзка шляху Масква – Адэса. які праходзіў праз вёску (найстарэйшая вуліца вёскі)

          Школьная – вуліца, заснаваная ў 70 – я гады XX стагодзя пасля пабудовы Кучынскай школы. 

 Палявая – вуліца. заснаваная   напрыканцы 80 – х гадоў XX стагоддзя  пасля Чарнобыльскай аварыі для перасяленцаў з моцна забруджаных раёнаў БССР.

 Моладзевая – мае ж тую гісторыю заснавання, што і вуліца Палявая. Акрамя таго працягвала забудоўвацца ў 90 – я гады XX стагоддзя .

 Вугал  (вул. Касманаўтаў) –  адыходзіць з левага боку вуліцы Савецкай і  доўга цягнецца на поўнач ад вёскі.

                                         Прозвішчы жыхароў вёскі.

                     Філімонавы; Сокалавы; Здаравенкі; Петраченкі.

                                            IV. Вёска Лебядзёўка

Лебядзёўка – па адной з версій назва пайшла ад слова “лебя” – “ляда” – карчаваць лес), па другой назва паходзіць ад травы “лебяда”.

Прыполле (вул. Кастрычніцкая) – блізкая да поля.

                                        Прозвішчы жыхароў вёскі.

Савасцеевы; Гомеравы;Тарасенкі;Герасіменкі; Драбышэўскія.

                                              V. Вёска Янаўка        

Янаўка – паз. пах. ад імя пана Яна, які заснаваў вёску (Яна – вёска).

Мурашкі  (вул. Міру) – наз. пах. ад шчыльнай забудовы вёскі, якая нагадвае мурашнік. “Прычынай таму быў панскі маёнтак, якому належала большая частка зямель вескі. А просты люд юціўся на невялікіх клачках зямлі”.

                                      Прозвішчы жыхароў вёскі.

            Уласенкі; Касцюковы; Драбышэўскія; Давыдзенкі; Цімашэнкі.

 

ТАПАНІМІЧНЫ СЛОЎНІК  ЗАСАЖЭЎЯ

Засажэўе. Адносілася да двух с\с Валынцаўскага і Струменскага. У сувязі з падзеямі на Чарнобыльскай АЭС- зараз часткова адселены, а землі, якія засталіся, адносяцца да Кароцькаўскага с\с.

1.Вёскі:

Валынцы - в.Кароцькаўскага с\с.,  упамінаецца ў пісьмовых крыніцах з 1562 года. Валынцы (валыняне)- старажытная назва насельніцтва Валыні. З глыбокай даўніны  існавалі цесныя кантакты паміж насельніцтвам Валыні і Беларусі. Назву Валынцы прынеслі на беларускую тэрыторыю перасяленцы з Валыні.

Па другой версіі. назва вёскі паходзіць ад прозвішча пана, якому належалі дадзеныя землі- пан Валынецкі.

В.Восаў- Струменскі с.\с - назва ўзыходзіць да прыметніка восаў, асовы, асінавы. Па другой версіі.  вёска сярод асінніку, шмат асін.Знікла ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

В. Кляпінская Буда - Кароцькаўскага с\с. Кармянскага раёна .Назва паходзіць ад устарэўшага тэрміна- буда, невялікае збудаванне, часовае жыллё, лясная старожка. Ад гэтай жа асновы беларускі дзеяслоў будаваць, тэрмін будынак (пабудова) .Выраз буда з часам некалькі змяніўся. У XIV-XVIIIстст. Будамі называлі аддаленыя лясныя збудаванні, у якіх жылі буднікі, якія выпальвалі паташ, гналі дзёгаць, смалу, драўляны вугаль. Існаваў таксама спецыяльны будны промысел. Напрыклад, ва “Устаўной грамаце Сігізмунда”(1527) сустракаем запіс”Мает он пильне стеречи и смотрети , абы сам нихто без воли нашое гасподарьское, не смел буд и всяких работ деревянных и попельных робяти…а кому быхмо дозволити  там буду мети, он мает о том ведати” (Ср.,т.1,стр.190).

Вёска Кляпін (Кляпіна) была заснавана  ажно ў 1667 г. На картах XVIII ст. і пачатку XIX ст. яна абазначана як Клятвін- па назве рэчкі  Клятвінкі. І толькі ў сярэдзіне XIXст. назвы вёскі і рэчкі змяніліся на Кляпін і Кляпінку.У чым загадка ?

Існуе паданне, што ў адзін з майскіх вечароў пан Васілеўскі згвалціў вясковую дзяўчыну Марысю, каханую юнака  Ігната. Дзяўчына, супраціўляючыся, пакусала ганебніка, за што атрымала трыццаць бізуноў.Зняслаўленая, абражаная, яна ледзь не расталася з жыццём.

Ігнат з братамі Пятром і Піліпам вывезлі ў лес свае   сем’і і Марысю з няхітрымі пажыткамі , а самі вярнуліся ў вёску. І хутка жанчыны ўбачылі , як запалала чырвоным агнём ускраіна неба над вёскай.Вярнуліся на панскіх конях браты. Лес добра схаваў уцекачоў.  Урэшце рэшт спыніліся ля струменчатай рачулкі і рашылі, што лепшага месца і шукаць не варта. І зноў прагучала клятва: панам тут не панаваць.Рачулку назвалі Клятвінкай, а новае паселішча Клятвінам. Сюды паціху пацягнуліся многія з тых, каго ўлада праследавала , каму пагражала смерць ад паноў . Вось і вырасла вёска Клятвін…

У зборніку “Магілёўшчына”, які выдадзены ў 1922 годзе , у раздзеле “Сялянскія бунты на Магілёўшчыне” ёсць такія радкі:”У маі 1667 г. тры браты зарэзалі пана Васілеўскага , што маёнтак меў на Чэрыкаўшчыне, спалілі падвор’е і ўцяклі з сем’ямі ў лясы”. Ёсць, значыць, выснова ў паданні. А зменена ранейшая назва хутчэй за ўсё па палітычных матывах: не хацелася ўладам, каб людзі ведалі пра  згвалтаванне і бунт братоў, вось і перайменавалі Клятвін у Кляпін. Самі кляпінцы па сённяшні дзень у гэтым  да канца ўпэўнены.І , бачна, небеспадстаўна.

Па другой версіі ў аснове назвы старажытнае імя –мянушка Кляпа, якое ўпамінаецца пад 1495 год.

Бель- пасёлак у Струменскім с\с  У 20-х гг. XX ст. хутар у Струменскім сельсавеце Кармянскага раёна Магілёўскай акругі, з 20.02.1938 г. гэтага ж раёна Гомельскай вобласці. Названы па адной з версій так  таму , што быў бялюткі пясок, на пяску. Пазней, як цэнтр вёскі Струмень.Зараз не існуе ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Дубараўка - раней вёска, зараз назва мясціны па-за Валынцамі. Дубрава на беразе ракі.

Лазовіца- вёска, Струменскі с/с - зараз адселена ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

 Высякалі лазняк, лаза паўз вёску.

Труд - вёска, Струменскі с/с. Прыйшлося папрацаваць, каб раскарчаваць месца для вёскі і палі. Знікла ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Калюды- вёска Валынцаўскага с/С.Заснавалі перасяленцы з Расіі, азначае , што паселішча заснавана на калектыўных пачатках. У сярэдзіне 80-ых гг.XX ст. была самай вялікай вёскай, у якой налічвалася 157 двароў і пражывала 928 жыхароў.Была вядома трыма ветранымі млынамі. Знікла ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Корсунь - раней Валынцаўскі с\с, зараз Кароцькаўскі с/с. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС засталося два жылыя двары.Назва паходзіць па адной з версій ад назвы месца на Украіне-Корсунь, заснавана нібыта  выхадцамі з Украіны. Па версіі  мясцовых жыхароў ад таго, што шмат карэння, корні выкопвалі.

Ясень- вёска Валынцаўскага с\с.  Па адной з версій, знаходзіцца на ўзвышшы, яснае, светлае месца; па другой, абсаджана была менавіта ясенем.Знікла ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

В.Струмень- па адной з версій, ад назвы струмень або ручай. Цэнтр Струменскага с\с. Знікла ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Жавуніца - ад назвы ракі Жавуніца л.пр.Сажа.Вёска ў Валынцаўскім с\с. Адселена ў сувязі з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС.                                              

В.Курганіца - па адной з версій, няроўная, бугрыстая, узгорыстая мясцовасць; па другой, заснаваная непадалёк ад курганоў, пахаванняў, на думку мясцовых жыхароў. шведаў.

2.Палі:

Кляпінская Буда

Ракітнік - ад ракіты расчышчалі поле, каб пасеяць.

Марцінава-ад імя чалавека Марціна, які распрацоўваў пустку.

Выдзел - прыклалі намаганні для таго, каб распрацаваць  зямлю,выдзел зрабіць, выдзелаць.

Мандрыкава поле- як ісці з Кляпіна на Калюды. Задавілі пад час уборкі пасля вайны Мандрыка(прозвішча). Назва так і засталася.

Ямка-пад Кляпінскай Будай месца, дзе поле знаходзіцца ў нізіне, пасярод лесу.

Гусараўшчына - поле  пад Кляпінам, дзе ў вайну 1812 года, стаялі коні гусар(рускай арміі). Жыхары ўспамінаюць гэты час як разарэнне, “руіну”.

2.Калюды:

Нізкае - поле знаходзіцца ў нізіне , у бок вёскі Бяразякі.

Грыва  - вялікая( грыўная) трава.

Ваўчаборык - па адной з версій. ад агульнага прозвішча Ваўчок або Ваўчкі.Бор належыць родзічам- Вачкам.

Вятрак-назва ўзнікла таму, што стаяў ветраны млын.

Аэрадром- у вайну месца для пасадкі самалётаў. Вялікі прагал.

Пасечнае - знаходзілася вялікая пасека.

У яблыках - поле, сярод лесу, дзе былі дзічкі, дзікія яблыні.

Ля вёскі Ясень

Маяк-у даўні час, панамі зроблены маяк, каб засцерагчыся ад пажараў, назва поля так і засталася Маяк.

Пад сасной- поле сярод сасняку, стаяла прыгожая сасна, лес выразалі, сасна засталася.

Сапронаўшчына-ад прыналежнасці чалавеку. Сапрон-гутарковы варыянт імя Сафрон (царк. Софроний).

Фесціваль - праходзілі святы(фесцівалі).

Брод - нізкае месца, у вялікі разліў залівалася вадой, пераходзілі.

2.Валынцы-

Падбалоцце- знаходзілася ля балота.

Поле Падлап’е- у выглядзе лапы звера.

Вятрак-як і на Калюдах, атрымала назву ад ветранага млына.

Хахлова - якое распрацавалі і засявалі жыхары Хахлова хутара(гл.Хахлоў хутар).

Паплавы- поле, якое распрацавалі.Раней быў поплаў, сухадольны луг.

В.Курганіца

Салдацкая ямка- поле, в.Курганіца,  дзе было масавае пахаванне салдат I-й сусветнай вайны. Перанесены ў брацкую магілу ў г.Гомель у даваенны час.

3.Месцы( часткі тэрыторыі):

Маяк- пабудова пачатку XX стагоддзя, для аховы лесу ад пажараў. Іншая версія, што меў ваеннае прызначэнне. Быў знішчаны ўдарам маланкі. На сённяшні дзень месца паміж Кляпінам  і Валынцамі, аб якім нагадвае толькі некалькі бярозак пасярод поля.

Курганы-ад слова курган, узгорак,узвышша. Курган шырока вядомы як старажытны штучны магільны насып. У мясцовых жыхароў існуе паданне , што тут пахаваны шведскія салдаты , якія ўдзельнічалі ў Паўночнай вайне.

З’яўляецца помнікам археалогіі. Усталявана пліта. Месца знаходжання паміж вёскамі Кляпін і Валынцамі. У народзе так і кажуць, ля Курганоў.

Склады-месца пад Струменем,а дакладней, як ісці па старой дарозе на Труд. Поле назвалі так ,таму што размясцілі  напярэдадні вайны ваенныя  арсеналы.

Стошаўшчына - месца   ў раёне Калюдоў.Перасякаўся з Маліноўшчынай.(землі  ў раёне Кляпінскай Буды). Пан Стош валодаў Засажэўем і в.Кляпін у  XIX    ст.

Пральня - месца ў в. Курганіца, дзе знаходзіцца старарэчышча і быў добры падыход да вады, жанчыны пралі ручным спосабам (пяруць пранікам), мылі бялізну.

Бор- месца у раёне былой Струменскай школы- прыгожы сасновы лес.

Лаза - месца у в.Струмень- за лясніцтвам, месца паўз раку, дзе была добрая зямля пад грады,высякалася лаза, адзінае месца, дзе ўся вёска рабіла грады, таму што сам Струмень знаходзіўся  на пяску. 

Лысая гара- ад вёскі  Струмень прыкладна 5 кіламетраў. Назва ўзнікла ад таго, што яна прыроднага паходжання, аднак з чыстага пяску і на ёй нічога не расло.У вялікі разліў Сожу сюды падыходзіў паром .Так і казалі, да Лысай гары або да Лысай. Лысымі ў народзе завуцца горы, не пакрытыя расліннасцю або зусім бедныя на яе.

Лысая гара таксама сустракаецца паміж Кляпінам і Кляпінскай Будай на рэчцы Кляпінка, дзе на свята Купалле любіла збірацца моладзь і ладзіць вогнішча, а таксама добрае месца для купання.

Лысая гара- узгорак , высокі курган , крутая гара без расліннасці .

Волак -дарога паміж вёскай Ясень (знікла ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС) і Сожам. Валаклі па зямлі караблі (лодкі) ў Сож.

4.Руччы(ручаі):

Гардзееў ручэй - як ісці на Бяразякі з Калюдоў, чыстая і смачная вада, бярэ пачатак з крынічкі. Калісьці быў хутар і жыў Гардзей.

Віктараў ручэй - недаходзячы в. Жавуніца. У вайну быў забіты Віктар.

Алёнава возера. Упадае ў Сож з левабярэжжа. У ВАВ      была на лузе забіта немцамі Алена.

Іржаўка - невялікая рэчка, якая бярэ пачатак з балота ў раёне в.Калюды, вада як быццам іржавая.

Пінтусава - невялікая рачулка(ручай) непадалёк ад Пінтусава хутара, адсюль і назва.(гл. Пінтусаў хутар).

5.Хутары

 каля в.Валынцы

Хахлы - пасяленне ўкраінцаў у перыяд грамадзянскай вайны, як ехаць з Кляпіна , недаходзячы Валынцаў з правага боку, пасяліліся перасяленцы, якія ратаваліся ад голаду.

Зязюлі- ад прозвішча чалавека-Зязюля;

Ярохаўка- ад прозвішча чалавека-Яроха;

Смаловіца- гналі смалу,жылі смалагоны.

Кур’які - недаходзячы Курганоў, першапачаткова стаялі курані, невялікія часовыя пабудовы.

Шышкоўка - месца або хутар, заснаваны  шышамі ( шышы-партызаны або паказачаныя сяляне) .Назва ўзыходзіць да    XVII ст.

Мікалаеўка - частка в.Валынцы,зараз вуліцы Піянерская,Міра, Інтэрнацыянальная. Па адной з версій , ад імя чалавека ,які першы пасяліўся . Па другой версіі, адасобленая частка в.Валынцы, дзе пасялілі ў часы калектывізацыі раскулачаных сялян.

В.Калюды:

Салаўі - па адной з версій, шмат вясной салаўёў;па другой, што больш верагодна, ад прозвішча Салаўёў, якое і зараз сустракаецца ў Валынцах.

Андронаўхутар - ад імя Андрон.

Мажэеўшчына - ад прозвішча сям’і , якая пасялілася там, Мажэйка.

Казакоў хутар - засялілі казакі ў XVII ст.

Гардзееўшчына - ад імя Гардзей, знаходзіцца за вёскай Калюды, як ісці на Беразякі.

Макееўшчына- ад прозвішча Макеенка, па другой версіі, ад імя чалавека Макей.

Піванава - жыли пявуны, іншая версія- Пімен з сям’ёй.

В.Кляпін

Зэхараў хутар - жыў Захар(або па- мясцоваму Зэхар) са сваёй сям’ёй.

Арсонаў хутар - ад імя чалавека Арсон, якраз насупраць Курганоў(левы бок)

Бінусаў хутар -  жыў Бінус з сям’ёй. Насупраць курганоў (правы бок). Вядомы па -за Сожам злодзей.

Гаўрылаў хутар, Гаўрылаўшчына знаходзіцца на Зэхаравай рэчцы  , перад уездам у Кляпін.

Марцінаў хутар, знаходзіцца за Прошчай, пасяліўся ў канцы XIX стагоддзя ляснік Марцін з дазволу пані фон Мект.

Пінтусаў хутар - ад мянушкі Пінтус або магчыма ад прозвішча заснавальніка Пінтус.

6. Лугі:

Веска Калюды:

Касцюкоў( Касцюкова)- ад прозвішча пасяленца Касцюкоў.

Гатальшчына- ад вядомага раней на Калюдах прозвішча Гаталавы.

Крывы рог- цікавая форма , як закручаны рог.

Сяменькаў- месца ад імя гаспадара- Сямён, па- мясцоваму Сяменька.

Маркелаў- ад імя чалавека Маркел.

Цітаўшчына - ад імя чалавека Ціт.

Арэнда- месца арэндаванае жыхарамі Калюдоў у кляпінцаў.

Півенаў- ад імя чалавека Пімен.

Газлаўка- па назве балота , якое знаходзіцца непадалеку.

Шапараўшчына - па адной з версій. паходзіць ад назвы Шапарня, асобны будынак, дзе стаялі вялікія скрыні для захоўвання збожжа, мукі і іншых прадуктаў.

Матвееў лу г- в.Калюды. Да вайны жыў Матвей, які быў вельмі руплівы, за ім ніхто не мог паспець. Людзі прыходзяць касіць, а Матвей ужо скасіў. Так і пайшло Матвееў луг.

В.Кляпін:

Папоў вугал (попл.) - касіў поп,месца як ісці з Кляпіна на Кл.Буду , недаходзячы прыкладна 0,5 км па правы бок.

Маячок- па правы бок, як ісці з Кляпіна на Кл.Буду. Стаяў да вайны супраць пажарны маяк. Зараз назва поля.

В.Ясень

Фёдараў надзел - ад імя чалавека, які выдзелаў дадзеную тэрыторыю Фёдар.

Парня- названа таму, што землі гулялі, астаўляліся пад папар.

7.Віры (асобныя месцы на рэчцы):

Антонаў вір-на Кляпінцы, патануў у XIXстагоддзі юнак Антон;

Цімохаў вір- на беразе Кляпінкі жыў Цімох з сям’ёй.

8.Дарогі:

Паліцаі - месца па дарозе з Кляпінскай Буды на Марынаполле(Магілёўшчына), дзе ў 1943 годзе партызаны пабілі паліцаяў. Месца амаль заўсёды мокрае. У народзе назва засталася .

Васяляўская дарога - злучае ў Кляпіне па-за вёскай 2 вуліцы Завадскую і Лясную, жыў Васіль ( па- мясцоваму Васялянак) з Мар’яй.

Гутнецкая дарога - вядзе з Кляпіна на Гуту(Чачэрскі раён).Па-за пасёлкам у Кляпіне.

Кацярынінскі шлях - праходзіў на Карму, насупраць Курганоў захавалася некалькі старых бяроз, як напамінак гэтага шляху.

9.Балоты:

Газлаўка - знаходзіцца за вёскай Калюды.Па адной з версій, названа так таму, што выдзялялася шмат балотных газаў, якія палохалі мясцовых жыхароў.

Краснае балота-  знаходзіцца за Кляпінам.Чырвонае ад журавін, прыгожае.

Караблінае балота - назва ўзнікла ад таго, што раслі высокія карабельныя сосны.Вядомы два Карабліныя балоты- у раёне вёскі Струмень і за вёскай Кляпін. Па версіі жыхароў Кляпіна, раней было мора і хадзілі вялікія караблі На балоце быццам знайшлі часткі карабля. Таму і назва- караблінае.

Жаб’е балотца-падКалюдамі.Вясной крумкалі жабы.

Махавое балота- былі  вялікія імхі. Адрозніваюць два Махавых балоты- Вялікае і Малое Махавое балота. Вялікае знаходзіцца па дарозе да Валынцаў. Малое –каля Струменя. Звязаны адно з адным.

Жорава абоЖорнава балота, шмат вадзілася жораваў. Знаходзіцца па дарозе ад Лазовіцы да Кармы.

Смаловіца-у раёне вёскі Валынцы.Балота атрымала назву ад назвы хутара(гл. Смаловіца).

Ля трактара- балота пад вёскай Ясень, дзе доўгі час стаяў разбіты ў ВАВ трактар. Балота так і сталі называць, “ля трактара”.

Вазвазер’е - перад Еселевай мельніцы, месца, дзе рэчку Кляпінку штучна запрудзілі і ўтварылася штосьці накшталт возера. Дамбу зруйнавалі ў 1920-я гг. Назва засталася.

10.Масты

Ёселеў мост - яўрэй, трымаў за заводам на Кляпінцы млын, каб зручна было пад’язджаць, пабудаваў мост.

Графскі мост, знаходзіцца па-за Кляпінам, у бок Кляпінскай Буды.Дзяліў землі на Маліноўшчыну і Графшчыну(ад прозвішчаў паноў).

Зэхарава рэчка, цячэ з Калюдоў і ўпадае ў Кляпінку, жыў Захар або па мясцоваму Зэхар.

11.Крыніцы:

Мілавец - знаходзілася непадалёк ад печышча Мілавец (гл Мілавец)

Якімава- ад імя чалавека Якіма , які сачыў за крыніцай.

Падкручча- знаходзіцца ля берага ракі пад кручай .

Прошча - месца, надзеленае цудадзейнай , незвычайнай сілай,святое месца, вада лічыцца гаючай.Да яе ішлі і ідуць паломнікі за адпушчэннем(прашчэннем) грахоў, памаліцца за сваё здароўе і здароўе родных. Прошчы пакланяліся. Прыносілі розныя ахвяраванні ( палатно, ручнікі, грошы).Пры пані фон Мект  была пабудавана капліца ( разбурана ў 1960-я гг.) На сённяшні дзень невялікая крынічка ,ля якой стаіць крыж.

12.Млыны

Ветрачок- пад Калюдамі, быў ветраны млын.

Яськава мельніца - ад імя  чалавека  Яся, які яе трымаў.

13.Часткі вёскі:

Самадумаўка- частка Кляпінскай Буды, якая заселена была адразу пасля падзей 1917 года, заселена на свой абум, адум.

Панскі сад( або сад) - дзеліць вёску Кляпін папалам. У канцы XIXстагоддзя закладзены па загаду мясцовай памешчыцы фон Мект. Зараз засталася 1 яблынька і ігруша. А таксама векавечны  дуб.

Завод-месца за вёскай, як ісці з Кляпіна на Труд. Месца існавання лесапільнага завода, які быў пабудаваны пры панах і існаваў да 1990 года. Па загадзе раённых улад быў закрыты. Зараз засталася пара зруйнаваных будынкаў  і назва .

Царквішча, месца ў Кляпіне, як ехаць на Кляпінскую Буду, непадалёк ад фермы, знаходзілася царква Святога Пакрава.

Казёншчына - у раёне в.Калюды, дзе знаходзіліся дзяржаўныя лясы.

Зарэчча - частка Кляпіна па-за ракой Кляпінкай, якая дзеліць вёску на дзве палавіны.

Завад, заваднішча - месца ў Кляпіне,  напрыканцы вуліцы Лясной, дзе гналі бярозавы дзёгаць. Застаўся  шматлікі пласт вугалю.

Крумкачы і Совы - часткі  Кляпінскай Буды.Левы бок вуліцы-  Совы, праныры, хітруны, абы вока пабачыла, сцягнуць; правы бок - гультаі, спяць да абеда. Не ладзілі адзін з адным.

Прыбар- месца за Валынцамі, жыў пан, ад яго прозвішча і пайшла назва.

Хахловы могілкі, асобныя пахаванні жыхароў Хахлова хутара, захаваліся да сённяшняга дня  ў раёне вёскі Валынцы.

Пад ігрушай - за Хохлавым хутарам, пад Валынцамі . былі смачныя ігрушы.

Бурцы - частка вёскі Кляпін, пайшла назва ад перасяленцаў з Браншчыны, якія пераехалі ў пачатку XX стагоддзя і пасяліліся на водшыбе, на бурчаку.

Вуліца Паўла Паўлавіча Качуеўскага ў вёсцы Кляпін.

П.П.Качуеўскі- камандзір атрада спецыяльнага прызначэння НКУС у гады ВАВ.На тэрыторыю Кляпіна быў закінуты  ў сакавіку 1942 года.У ліпені 1942 года ў час аперацыі на тэрыторыі  в.Пільня Краснапольскага раёна быў паранены, прывезены ў Кляпін, дзе і памер ва ўзросце 24 год. Пахаваны на мясцовых могілках. Яго імя носіць вуліца ў вёсцы Кляпін , піянерская дружына ДУА “Кляпінскі ДССШ Кармянскага раёна”

14.Часткі леса:

Кабякі - па шырокай лініі, падзел леса на Гутнецкі і Кляпінскі.Калісьці быў кардон, жыў ляснік Кабяк, у якога ўкралі дачку.

Мілавец  – частка леса .Знаходзіцца непадалёк ад маста , які на дарозе, што вядзе з в.Труд  на Карму .Названа па печышчу, які звалі ў Мілаўцы. Па другой версіі, мілае сэрцу  месца.

Таполь- месца пад Валынцамі , дзе саджалі мэтанакіравана  на драўніну  таполі.

Мажэеў сад - месца за Валынцамі ў бок вёскі Жавуніца, дзе чалавек па прозвішчу Мажэйка пасадзіў вялікі сад. Зараз засталося некалькі яблынь сярод лесу.

Ярохаўка- па адной з версій, па мянушцы чалавека Яроха.

Казельская печ- месца лесу па-за Кляпінам у бок вёскі Труд. Гналі смалу, смалагонаў прозвішча Казельцы.

15.Забакавіны (часткі) р.Сож:

Каменне - частка Сожа па-за Валынцамі, куды мясцовыя жыхары ездзяць адпачываць і лавіць рыбу.  Ляжалі вялікія валуны , праз якія з шумам цякла вада, перакатвалася.

Зялены бераг - пойменная, зялёная частка, дзе раней касілі.

Дзёры - дзерць,дзерці- старажытны тэрмін падсечна-агнявога земляробства.У лясіста- балоцістай мясцовасці прыдатных зямель было няшмат, даводзілася адваёўваць іх у леса. Хмызнякі карчавалі(дралі) і на іх месцы заводзілі культурныя дзялянкі.

Прыбар- месца, дзе зручна было падыходзіць лодкам, прычальваць. У старажытны час сплаўлялі лес. Пасля вайны хадзіла так званая “ракета”.

Вусікі-месца, дзе Сож дзяліўся на два рукавы, як быццам вусы чалавека.

Хохлачы- непадалёк ад Хахлова хутара. Адсюль і назва.

На Цыганцы, або Цыганка. У бурны разліў Сожа заўсёды размывае ў гэтым месцы дарогу. Старое русла р.Сож. У даваенны час забілі цыганку

 

ТАПАНІМІЧНЫ СЛОЎНІК ЗЯМЕЛЬ ЛУЖКОЎСКАГА

СЕЛЬСКАГА САВЕТА

Аляксандраўка, в. – вёска ў Лужкоўскім сельсавеце. У 16 км на поўдзень ад Кармы, у 75 км ад чыгуначнай станцыі Рагачоў (на лініі Магілеў - Жлобін), 103 км ад Гомеля. Каардынаты: 5300052* п.ш. 3004842* у.д.

Заснавана ў XX стагоддзі перасяленцамі з суседніх весак, у асноўным з вёскі Лужок, якая знаходзіцца за ракой. У 1929 годзе арганізаваны калгас. Паводле перапісу 1959 года ў складзе калгаса «Бальшавік» (цэнтр - вёска Лужок).

У 2004 г. было 44 гаспадаркі і 101 жыхар.

Вялікі роў – ручэй, які знаходзіцца ў в. Лужок і ўпадае ў сажалку (возера).

Горна, канал Горна – рака, правы прыток р. Сож (басейн Дняпра). Даўжыня 20 кіламетраў. Плошча вадазбору 109 км2. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 1,8%. Вадазбор раўнінны, пад лесам 4% тэрыторыі. Пачынаецца за 2 км на поўдзень ад в. Багданавічы, вусце ў 2 км на ўсход ад в. Ворнаўка. Рэчышча каналізіравана на працягу 11,3 км (ад вытока да сажалкі ў в. Расохі).

Жабін, в. – вёска ў Лужкоўскім сельсавеце. У 14 км на поўдзень ад Кармы, у 51 км ад чыгуначнай станцыі Буда-Кашалёўская (на лініі Гомель - Жлобін), 78 км ад Гомеля. Паводле пісьмовых крыніц, вядомая з XVII стагоддзя як паселішча ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. Паводле інвентара Чачэрскага староства (1704 года) баярскі паселак 10 дымоў.

Каардынаты: 5300151* п.ш. 3004837* у.д.

Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) у складзе Расійскай імперыі. Паводле інвентара 1848 года ў складзе аднайменнага маёнтка, уласнасць казны. Гаспадар маёнтка ў 1850 годзе валодаў 113 дзесяцінамі зямлі. Побач з вёскай у 1858 года была аколіца (4 двары, 25 жыхароў), уладанне памешчыка Міляўскага. У 1868 годзе ў Расохскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. Паводле перапісу 1897 года дзейнічалі 2 ветракі. У 1909 годзе ў вёсцы 951 дзесяціна зямлі, у ваколіцы 64 дзесяціны зямлі. У 1929 годзе арганізаваны калгас «1 Мая», працавалі ветракі. Паводле перапісу 1959 года ў складзе калгаса «Бальшавік» (цэнтр - вёска Лужок).

У 2004 г. было 3 гаспадаркі і 4 жыхары.

Жабінка, руч. – ручэй каля вёскі Жабін, упадае ў раку Горна. Дагэтуль тут жывуць бабры.

Лужок, в. – вёска, цэнтр Лужкоўскага сельсавета Кармянскага раёна Гомельскай вобласці. У 15 км на поўдзень ад Кармы, у 75 км ад чыгуначнай станцыі Рагачоў (на лініі Магілёў - Жлобін), 104 км ад Гомеля. Каардынаты: 5300107* п.ш. 3004801* у.д.

На думку мясцовых жыхароў, такую назву далі будучай вёсцы яе першыя пасяленцы. Цэнтрам стала возера, вакол якога размяшчаліся нізіны, зарослыя травой.

Паводле пісьмовых крыніц, вядомая з XVI стагоддзя як паселішча ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) у складзе Расійскай імперыі. Паводле рэвізіі 1859 года ў валоданні памешчыка В. К. Быкоўскага. З 1880-х гадоў дзейнічаў хлебазапасны магазін. У 1909 годзе 992 дзесяціны зямлі, працавалі школа, капліца, млын, у Расохскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. У 1913 годзе адкрыта школа, якая размясцілася ў наёмнай сялянскай хаце, а ў 1919 годзе для яе быў пабудаваны ўласны будынак.

У 1929 годзе арганізаваны калгас «Бальшавік», працавалі 2 ветраныя млыны, кузня, шэрсцечасальня, конная крупадзёрка. У час Вялікай Айчыннай вайны ў баях каля вёскі загінулі 25 савецкіх салдат (пахаваны ў брацкай магіле каля школы). На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 244 жыхара, у памяць пра іх побач з помнікам на брацкай магіле ўстаноўлены дошкі з іх імёнамі. З 1939 года цэнтр Расохскага, з 30 чэрвеня 1966 года Лужкоўскага сельсавета. Паводле перапісу 1959 года цэнтр калгаса «Бальшавік», працавалі млын, камбінат бытавога абслугоўвання, сярэдняя школа (у 1989 годзе пабудаваны новы цагляны будынак), Дом культуры, бібліятэка, аддзяленне сувязі, магазін, амбулаторыя, дзіцячы сад.

У склад Лужкоўскага сельсавета да 1986 года ўваходзіў пасёлак Замошша, да 1993 года пасёлак Асінаўка, да 1995 года вёска Аляксандраўка.

Радзіма Рыгора Максімавіча Вайцянкова – аднаго з арганізатараў партызанскага руху ў Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны.

У 2004 г. было 121 гаспадарка і 360 жыхароў.

Машок – знаходзіцца на захадзе ад в. Лужок, недалёка ад в. Чамушаль, назва паходзіць ад імху, які рос у гэтай мясцовасці ў вялікай колькасці. Мясцовыя жыхары здабывалі яго, каб канапаціць хаты, лазні і дзеля іншых патрэб. У 80-я гг. ХХ ст. недалёка зрабілі склады з угнаеннямі і гэтая расліна загінула. 

Расохі, в. – вёска ў Лужкоўскім сельсавеце. У 15 км на поўдзень ад Кармы, у 53 км ад чыгуначнай станцыі Буда-Кашалёўская (на лініі Гомель - Жлобін), у 80 км ад Гомеля.

Каардынаты: 5300006* п.ш. 3004621* у.д.

         Паводле пісьмовых крыніц вядомая з XVIII стагоддзя як вёска ў Рагачоўскім павеце Магілеўскай губерні. У 1785 годзе валоданне памешчыка С. Вязьміцінава. У 1791 годзе пабудавана драўляная Свята-Мікалаеўская царква. Паводле рэвізіі 1859 года ў валоданні памешчыка В. К. Быкоўскага. У 1863 годзе адкрыта школа, дзейнічаў хлебазапасны магазін. Паводле перапісу 1897 года ў вёсцы дзейнічалі вятрак, вадзяны млын, піцейны дом. У 1909 годзе 2131 дзесяціна зямлі, вінная лаўка, прыёмны лячэбны пункт. Цэнтр воласці (да 9 мая 1923 года), у якую ў 1910 годзе ўваходзілі 25 населеных пунктаў з 1394 дварамі. З 1911 года пры школе дзейнічала бібліятэка.

З 26 красавіка 1919 года ў Гомельскай губерні РСФСР. З 20 жніўня 1924 года да 1939 года цэнтр Расохскага сельсавета. У 1929 годзе арганізаваны калгас «Саюз», працаваў вадзяны млын. У 1930-х гадах 2 вёскі: Старыя Расохі і Новыя Расохі. Паводле перапісу 1959 г. вёскі Старыя Расохі і Новыя Расохі. З 1980-х гадоў адна вёска Расохі. У складзе калгаса «Бальшавік» (цэнтр - вёска Лужок).

У 2004 г. было 50 гаспадарак і 111 жыхароў.

Скамарошкі – роў, які знаходзіцца паміж в. Лужок і в. Енцы.

Скартынь, в. – вёска ў Лужкоўскім сельсавеце. У 13 км на поўдзень ад Кармы, у 67 км ад чыгуначнай станцыі Рагачоў (на лініі Магілеў - Жлобін), 104 км ад Гомеля.

Каардынаты: 5205904* п.ш. 3004856* у.д.

Паводле пісьмовых крыніц вядомая з XIX стагоддзя як вёска ў Кармянскай воласці Рагачоўскага павета Магілеўскай губерні. У 1880-я гады пачаў дзейнічаць хлебазапасны магазін. Паводле перапісу 1897 года дзейнічалі хлебазапасны магазін, вятрак. У 1909 годзе ў Расохскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. У 1929 годзе жыхары ўступілі ў калгас, працаваў вятрак. Паводле перапісу 1959 года ў складзе калгасу «Бальшавік» (цэнтр - вёска Лужок).

У 2004 г. было 13 гаспадарак і 20 жыхароў.

Чамушаль, в. – скасаваная вёска ў Лужкоўскім сельсавеце. У 10 км на поўдзень ад Кармы, у 67 км ад чыгуначнай станцыі Рагачоў (на лініі Магілёў - Жлобін), 102 км ад Гомеля.

Каардынаты: 5300235* п.ш. 3004548* у.д.

Заснавана ў 1920-х гадах перасяленцамі з суседніх вёсак. У 1932 годзе жыхары ўступілі ў калгас. Паводле перапісу 1959 года ў складзе калгасу «Бальшавік» (цэнтр - вёска Лужок).

У 2004 г. было 5 гаспадарак і 6 жыхароў.

Рашэннем Кармянскага райсавету дэпутатаў вёска скасавана з 1 сакавіка 2012 года.

Чыстая лужа – невялікае забалочанае возера, якое знаходзіцца паміж в. Лужок і в. Скартынь, дзе мясцовыя жыхары маглі лавіць рыбу.

         Вёска Дубавіца. Вуліцы вёскі

        Вёска Дубавіца размешчана на паўднёвым усходзе Кармянскага раёна. У склад вёскі  ўваходзяць вуліцы: Працоўная, Школьная, Новая, Садовая, Зарэчная, Гомельская. Большасць назваў вуліц нашай вёскі лёгка тлумачыцца асаблівасцямі прыродна-геаграфічных умоў і  асаблівасцямі гістарычнага развіцця.

       Напрыклад, вуліца Працоўная - мае наступную гісторыю: гэта вуліца ўзнікла  перад вайной, калі пачалі ўзбуйняць дробныя вёскі і аб'ядноўваць  хутарныя гаспадаркі. Адна з такіх вёсак-Дубраўка (знаходзілася ў полі, каля невялікай дубровы) была перанесена на новае месца. Тут, на вуліцы Працоўнай, жыла першапачаткова невялікая колькасць сем'яў. Толькі пасля вайны яна атрымала далейшае развіццё. Так, як  раней на гэтым месцы было балота, то маладыя (працоўныя) сем'і, пасяліўшыся, перш чым будаваць сабе дом, вымушаны былі засыпаць усё новай зямлёй, будаваць усё нанова. Менавіта па гэтай прычыне вуліца першапачаткова атрымала назву “Новы свет”. Хоць для карэнных жыхароў нашай вёскі яна па-ранейшаму мае назву "Дубраўка".  Гэтую  ж назву мела супрацьлеглая частка нашай вёскі, якая цяпер называецца “Гомельскай”.

        Вуліца Школьная - адна з цэнтральных вуліц нашай вёскі. Першапачаткова мела назву “Барсукі”. Шмат  пазней, толькі  пасля вайны, атрымала іншую  назву- "Школьная": з-за знаходжання на яе тэрыторыі будынка школы. Вядома, што перад пачаткам ВАВ у вёсцы Дубавіца на гэтай вуліцы знаходзіўся  будынак сямігадовай школы. Будынак быў драўляны, стары. Аднак у гэтай школе вучалася 130 чалавек. Дырэктарам школы быў Конанаў Ціхан Васільевіч. Калі вёску занялі фашысцкія акупанты, заняткі ў школе часова спыніліся. Дырэктар   пайшоў у партызаны,  а ў  школе размясціліся  нямецкія салдаты. Наша вёска была вызвалена ад фашысцкіх захопнікаў 30 лістапада 1943, а з 1 студзеня 1944 аднавіла ў сваім будынку працу школа. Падручнікаў не было, таму чыталі па газетах. Пісалі ў асноўным  мелам на дошцы. А на паперы пісалі гусіным пяром і сокам сталовых буракоў. У 1993 годзе для навучэнцаў нашай вёскі быў  пабудаваны двухпавярховы будынак новай школы на гэтай жа вуліцы, таму і цяпер яе назва застаецца ранейшай.

        Вуліца Зарэчная - атрымала сваю назву з-за ракі Горна, якая працякае побач з вёскай. Адна з самых старых вуліц нашай вёскі. Існавала яшчэ ў даваенны час. Вядома, што першапачаткова на гэтае месца былі перанесены дамы  з іншай невялікай вёскі Восаў, што  падлягала  ўзбуйненню. (Знаходзілася  каля суседняй вёскі Расохі). У памяці мясцовых жыхароў да гэтага часу захавалася дадзеная  назва. Толькі  пазней яе сталі называць Зарэчнай. Цікавы той факт, што яе жыхары, нараўне  з іншымі жыхарамі вёскі, пацярпелі ад вайны, аднак, калі жыхароў суседняй вёскі Норкаўшчына  і побач размешчанай вуліцы гналі ў палон немцы, яе не кранулі. Шмат жыхароў нашай вёскі загінула на вайне, аднак дзякуючы гэтаму выпадку многія з  жанчын і дзяцей змаглі выратавацца ад смерці і палону.(З успамінаў ураджэнкі в. Дубавіца-Рагавенка Ніны Зосімаўны.)

        Вуліца Новая, як і вуліца Гомельская, былі пабудаваны аднымі з самых апошніх у 90-х гадах.

        Вуліца Садовая - яшчэ некалькі гадоў таму на месцы гэтай вуліцы стаяў вялізны яблыневы сад. Пасля частку дрэў высеклі, і на іх месцы былі пабудаваны дамы для жыхароў нашай вёскі і работнікаў калгаса. Гэта вуліца, як і Зарэчная, атрымала сваю прыгожую назву дзякуючы  жывапісным краявідам  нашай вёскі.

        Барсукі (Новая сяліба) - у пасляваенныя гады, калі маладым сем'ям адводзілі зямлю пад будаўніцтва, ім дазволілі будавацца на самым краю вёскі, на новай тэрыторыі. Менавіта таму, першапачаткова гэтую частку вёскі называлі Новая сяліба - гэта значыць “новыя паселішчы”.

        Такім чынам, мы бачым, што большая частка назваў вуліц нашай вёскі непадзельна звязана з гісторыяй яе калгаса, з працоўнай дзейнасцю  яе жыхароў па пераўтварэнню і добраўпарадкаванню  тэрыторыі.

        На ўсходзе, поўначы і захадзе нашай вёскі знаходзяцца меліярацыйныя каналы, злучаныя з ракой Горна (прыток ракі Сож). З апытвання жыхароў нашай вёскі мы даведаліся, што раней гэтая рака была вельмі вялікай і ў дажджлівы час  або снежныя зімы залівала і тэрыторыю вёскі Дубавіца(з успамінаў Карнавушанка В.І. і Капачовай В.І.). Неаднаразова яе асушвалі, праводзілі меліярацыйныя каналы. Аднак паходжанне назвы ракі па-ранейшаму застаецца

невядома. Можна меркаваць, што яно паходзіць  ад слова гара, да таго ж тэрыторыя мясцовасці мае раўнінна-ўзгоркавы рэльеф.

        Таксама з асущэннем  балот звязана паходжанне назвы такога  кар'ера, як Чорнае мора. Гэта назва, на думку жыхароў нашай вёскі, замацавалася за невялікім штучным вадаёмам  з-за празмернай колькасці торфу, чорнай твані і разнастайных  асадкаў, якія заставаліся пасля асушэння балота ў дадзенай мясцовасці.

      З гаспадарчай дзейнасцю чалавека звязана таксама ўзнікненне  шэрагу вадаёмаў на тэрыторыі нашай вескі:

 “Кар'ера” – з дабычай гліны для вырабу цэглы;

 “Цагельні”- штучны вадаём па вуліцы Школьнай. З успамінаў жыхароў нам стала вядома, што на гэтым месцы раней дабывалі гліну;

  “Выгаркі” -канал насупраць калгаснай фермы. На яго месцы раней было невялікае балота.

“Лозка”-штучны вадаём  па вуліцы Зарэчнай.

       Цікава і тое, што само  балота таксама мае некалькі назваў:

“Шырокаўскае балота”- ад назвы суседняй вёскі Шырокае;

”Гаць” –балота каля расохскага маста;

“Каліннік”-балота, што знаходзілася  у канцы  вёскі Працоўнай;

         Нягледзячы на тое, што жыхарам нашай вёскі прыйшлося прыкласці нямала намаганняў для таго, каб асушыць тэрыторыю для пабудовы жылля, а таксама для павелічэння ворных зямель, па-ранейшаму адным з самых маляўнічых месцаў, што акружаюць  нашу вёску, застаецца рака Горна і прылягаючы  да яе бярозавы гай.

        Для абазначэння гэтай тэрыторыі нашы жыхары выкарыстоўваюць некалькі слоў-шлях, бярэзнік, гарадок.

         Вядома, што яшчэ да вайны на месцы бярэзніка, каля дарогі (шляху) расло некалькі старых бяроз. Сам жа бярэзнік з'явіўся нашмат пазней. На яго месцы было поле і маленькія дрэўцы з не вельмі ўрадлівай зямлёй. (З успамінаў Ісанковай А.К.) Праз бярэзнік ішла дарога ў царкву, якая знаходзілася ў самым яго  канцы і прылягала да  суседняй вёскі Расохі.

         Таксама агульнавядома, што самае высокае месца ў пачатку  бярэзніка, называюць “гарадок”, бо менавіта тут знаходзіцца адзін з археалагічных помнікаў  Кармянскага раёна - гарадзішча-свяцілішча, якое адносіцца да перыяду Ранняга сярэднявечча да  культуры Калачын. Вядома даследчыкам з 1873 года. Даследаваў у 1976 У.І. Шадыра , у 1992г . - А.А. Макушнікаў. Раскопкі не праводзіліся.

        На тэрыторыі бярэзніка знаходзіцца невялікае балотца, тэрыторыю каля якога мясцовыя жыхары называюць “Чыстай лужай”. Вядома,  што яно існавала яшчэ  ў даваенны час.  Жыхары нашай і суседняй вёсак ездзілі касіць траву, а таксама  за мохам для будаўніцтва дамоў. Таксама з апытвання жыхароў вёскі (Капачовай В.І.) даведаліся, што ў час вайны  жыхары в. Норкаўшчына неаднаразова хаваліся  ў ім   ад  нямецкіх захопнікаў, якія стаялі ў вёсцы.

Вёска  Міхалёўка - наконт паходжання вёскі існуе некалькі версій.

Версія №1.Існуе паданне пра двух братоў - Міхала і Лёву, якія вырашылі пабудаваць хутар на гэтым месцы і назвалі шляхам складання сваіх імёнаў: Міхал + Лёва = Міхалёўка. 

Версія №2. Паходжанне ад прозвішча  Міхалёў. Асновай прозвішча  Міхалёвы паслужыла царкоўнае імя Міхаіл. Па меркаванні вучоных, гэта прозвішча  ўзыходзіць да хрысціянскага  мужчынскага  імя Міхаіл, якое ў перакладзе са старажытнаяўрэйскай мовы  азначае «благанраўны». Гэтае імя лічылася  даволі распаўсюджаным на Русі і мае некалькі памяншальных варыянтаў: Міха, Міхал, Міхалка, Міша. Імя Міхаіл мог атрымаць чалавек, які нарадзіўся ў Дзень Міхаіла Архангела (8 лістапада).

Узнікла Міхалёўка не раней другой паловы XVI-пачатку XVII стагоддзяў.

Міхалёўка- адна са старэйшых вёсак, размешчаных на тэрыторыі КСУП “Дубавіца”. Зараз яна, як і многія вёскі нашай мясцовасці, аджывае свой век. Засталося ўсяго некалькі вуліц, маўклівых сведкаў мінулага нашай малой Радзімы.

Вуліца Сялянская (Крестьянская) -  назва гэтай вуліцы, як і многія  тапанімічныя назвы, звязана з сацыяльнымі пераўтварэннямі, што адбыліся ў жыцці нашай краіны ў пачатку  20 стагоддзя.

         Паралельна Сялянскай вуліцы  размешчана  вуліца Зарэчная. Зараз на яе месцы засталося некалькі старэнькіх дамоў.  Як сцвярджаюць многія са старажылаў, раней каля гэтай вёскі размяшчаўся прыток ракі “Горна”. Пазней ён  высах. Засталася толькі рака каля бярозавага гаю. Але ў  памяці жыхароў вескі яна вельмі доўга мела назву “Зарэчная”.

Аналагічна тлумачаць жыхары вёскі і паходжанне назвы вуліцы  Падгорнай. Тэрыторыя вуліцы мае ўзгорысты  рэльеф. Таму,  як і рака Горная, што працякае побач, атрымала сваю назву-вуліца Падгорная.

Цікава і тое, што раней, як адзначаюць многія з  жыхароў  нашага раёна,многія з вёсак не мелі назваў вуліц. Яны ўзніклі значна пазней. Напрыклад, калі мы звернемся да  часоў калектывізацыі 28-30-я гады 20 стагоддзя, то  даведаемся, што з‘яўленне многіх вуліц на тэрыторыі вёскі Міхалёўка звязана з узбуйненнем вёсак. Напрыклад, побач з вёскай Дубавіца і Міхалёўка, у полі, каля лесу, знаходзілася вёска Ржэў. Зараз, нібы ўспамін пра гэту вёску, на яе месцы пасярод поля  стаіць  адзінокая  бяроза. Па меркаванні жыхароў вескі, назва “Ржэў” звязана з асноўнымі відамі працы людзей. Тэрыторыі апрацоўваліся і засяваліся зернем(рожью), таму і адпаведнае паходжанне.  У той жа час, на думку  вучоных, дадзеная назва абазначае ваду  жоўта-бурага колеру  ад гліны ці прымесей жалеза. Гэта  назва з'яўляецца па паходжанні агульнаславянскай   і адносіцца да часоў 14-15 стагоддзяў.  Некаторыя вучоныя тлумачаць паходжанне  назвы “Ржэў” ад імя ўласнага,  прозвішча. Пасля калектывізацыі гэту вёску  перанеслі. Адбылося ўзбуйненне. Адну частку Ржэва перанеслі на вуліцу Зарэчную, а другую перанеслі ў  пачатак вуліцы Сялянскай (Крестьянской).

Вёска  Матораўка - атрымала сваю назву ад прозвішча Матораўскі. Адна з ураджэнак гэтай вёскі- Барашанка С.П. расказвала, што раней усе землі вёскі належылі пану, па прозвішчы Матораўскі, і толькі намнога пазней, у 1928 годзе была заснавана сама вёска. Жыхарамі вёскі былі сяляне, якія перасяліліся  на яе тэрыторыю з суседніх вёсак:Дубавіцы, Норкаўшчыны і Міхалёўкі.

Тэрыторыю вёскі многія жыхары падзяляюць на дзве часткі-Збароў і Матораўка. Калі мы параўнаем паходжанне назвы вуліц суседніх вёсак, то стане зразумелым, чаму амаль у кожнай вёсцы існуюць падобныя назвы.

На тэрыторыі вёскі Матораўка  размешчаны тры вуліцы: Сялянская і Зарэчная-атрымалі назву “Збароў”, трэцяя вуліца-Садовая. З размовы з  жыхарамі  вёскі мы даведаліся, што  сваю назву вуліцы атрымалі толькі ў 80-я гады 20 стагоддзя, калі праводзілася нумарацыя дамоў.

Вёска Норкаўшчына - нягледзячы на тое, што зараз  на тэрыторыі вёскі засталося мала двароў, вуліцы па-ранейшаму з‘яўляюцца маўклівымі сведкамі гісторыі гэтай мясцовасці. На тэрыторыі вёскі размешчаны тры вуліцы.

       Вуліца Кастрычніцкая (Октябрьская) - як і іншыя вуліцы калгаса, атрымала назву толькі ў 80-я гады 20 стагоддзя. Назва гэтай вуліцы, як і многія  тапанімічныя назвы, звязана з сацыяльнымі пераўтварэннямі, што адбыліся ў жыцці нашай краіны ў пачатку  20 стагоддзя. У  многіх  вёсках Кармянскага раёна і па наш час захавалася мноства вуліц з назвамі ў памяць  аб Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі.

Вуліца Школьная - як сцвярджаюць жыхары вёскі, назва з‘явілася ў пасляваенны час. Так, як на тэрыторыі вуліцы размяшчалася пачатковая школа. Але вядома,  што школа ў вёсцы існавала яшчэ і ў даваенны час.

Не менш цікавую назву маюць іншыя завулкі вёскі. Напрыклад, такая назва як “Падол” - гэта частка вёскі, размешчаная ў нізіне, што прылягае да ракі, як бы на падоле, мае паніжэнне. Калі мы звернемся да тлумачальнага слоўніка беларускай мовы, то даведаемся, што “падолам”  называецца ніжні край сукенкі, кашулі. “Падол” адносяць яшчэ да адной з вуліц вёскі.

 ТАПАНІМІЧНЫ СЛОЎНІК ЗЯМЕЛЬ ЛІТВІНАВІЧСКАГА

СЕЛЬСКАГА САВЕТА

Літвінавічы (Ліцвінавічы) – адна з самых старажытных вёсак у Пасожжы, ей больш за 600 гадоў. Старажылы тлумачаць назву сваёй вёскі наступным чынам: землі за Сажом (левабярэжжа) вакол Прапойска(Слаўгарад) уваходзілі ў склад Смаленскага княства, а землі на правабярэжжы, якраз там, дзе размяшчаюцца Літвінавічы, уваходзілі ў склад Вялікага княства Літоўскага. Жыхары левага берага называлі жыхароў правага берага ліцвякамі, ліцвінамі. Адсюль і Літвінавічы.

Калектыўная мянушка Літвінавічы можа разумецца наступным чынам: “Літвінавічы” – гэта “патомкі ліцвіна” цм падданыя Ліцвіна”. Старажылы Літвінавічаў расказваюць яшчэ адно паданне, у якім чалавек, па прозвішчы Ліцвін,  лічыцца заснавальнікам пасялення. Быў ён нібыта памешчыкам  і валодаў  вялікім маёнткам, да самага Сажа цягнуліся сенажаці, якія належалі Ліцвіну. Меў ён сеназавод, прадукцыю якога адпраўляў на баржах па рацэ аж да Украіны.

Ліцвінам, хутчэй за ўсё, з’яўляўся  выхадзец з заходніх раёнаў сучаснай Беларусі.Перасяленцаў з тэрыторый, якія размяшчаліся на захад ад Бярэзіны Дняпроўскага і Мінскага ўзвышша, у больш усходніх раёнах (напрыклад, у Пасожжы, Прыдзвінні, Прыпяці) успрымалі  як чужынцаў, адсюль і мянушкі тыпу Ліцвін, якія даваліся мясцовым русінам- прышэльцам. Вул. Лепяшынскага – названа ў гонар славутага земляка П.М. Лепяшынскага, які заснаваў першую ў Рэспубліцы школу-камуну для сялянскіх дзяцей.

вул. Калінкіна М.Г. – у гонар Героя Савецкага Саюза М.Г. Калінкіна, які ў час вызвалення Кармяншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1943 годзе паўтарыў подзвіг А. Матросава.

вул. Шыкіна М.М. – у гонар Героя Савецкага Саюза М.М. Шыкіна, які ўдзельнічаў у вызваленні Кармяншчыны.

вул. Лесапаркавая – названа па месцы размяшчэння – вядзе да бліжэйшага лесу.

пер. Палявы – названы па месцы размяшчэння – вядзе да поля.

пер. Рачны – названы па месцы размяшчэння – уздоўж р. Вілейка.

вул. Набярэжная – названа па месцы размяшчэння – уздоўж р. Касалянка.

вул. Маладзёжная – у шматкватэрных дамах, пабудаваных на гэтай вуліцы, жылі маладыя сем’і працаўнікоў птушкафабрыкі” Сож”.

пер. Вішнёвы – у час наймення быў шчыльна засаджаны вішнямі.

вул. Садовая – названа па месцы размяшчэння – вядзе да яблыневага саду.

вул. Піянерская – на ёй пражывала шмат людзей, якія першыя стварылі калгас у в. Літвінавічы ў 1929 годзе.

вул. Камсамольская – на гэтым месцы былі пабудаваны дамы маладых сем’яў камсамольскага ўзросту.

вул. Зарэчная – названа па месцы размяшчэння – знаходзіцца ад цэнтра вёскі, за рэчкай.

р. Косель – старажытная назва – рака ўтварае на шматлікіх паваротах пясчаныя косы.

Плотвішча – так называецца ўчастак Сажа ў наваколлях Літвінавічаў.

1. Месца, дзе мясцовыя рыбакі лавілі плотак.

2. Нізкае месца, балоцістая нізіна каля ракі.

Ялаўка (назва поле) – паходзіць са слова” ялавіна” - “дрэнная, запушчаная зямля”.

Узбоішча (назва поле) – “поле на ўзвышшы”.

Пень (затока, у якую ўпадае р. Касалянка) – месца, якое можна тлумачыць як “багна, дрыгва, глей, мул”.

Казенніца (лясны масіў каля в. Літвінавічы) – месца, якое належыла казне.

Грапшчына (лясны масіў каля в. Літвінавічы) – месца, якое належыла гражу Чарнышову-Круглікаву.

Дзербахін (возера каля в. Літвінавічы) – участак цаліны, ляда, запушчаная аблога.

в. Рудня – месца выплаўкі руды. Недалёка ад Літвінавічаў за лесам знаходзіцца вёска Рудня. Старажылы расказваюць, што ў мінулым тут выплаўлялі ў самаробных печах балотную руду. Так гэта было ці не, але ж назва Рудня таксама можа сведчыць аб даўніх промыслах.

У наваколлі Літвінавічаў шмат лясных масіваў, азёр і багатых сенажацей. На поўнач ад Літвінавічаў, за вёскай Рудня цягнецца лясны масіў Казённіца. На паўднёвы ўсход – іншы лясны масіў, які носіць найменне Грапшчына, што, відаць, у дарэвалюцыйны час належаў графу Чарнышову-Круглікаву.

Побач з Літвінавічамі ўздоўж берага Сожа раскіданы азёры Калтуноў вір, Чорная калюга, Дзербахінь... Назва апошняга прыцягнула нашу ўвагу ў сувязі з тым, што ў яе складзе маецца вельмі старажытны геаграфічны тэрмін, хоць і ў трансфармаваным у фанетычным плане выглядзе, - хінь (з іранскага хан, хон – “ручай, крыніца”). Першая частка назвы тлумачыцца хутчэй за ўсё пры супастаўленні з геаграфічным тэрмінам “дзерба” – “шырокае паніжэнне”, “шырокая сухая даліна”, а таксама – “участак цаліны, ляда”. Такім чынам, найменне возера Дзербахінь можа разумецца як “крыніца”, размешчаная на тым участку лесу, які высякаўся”.

У шасцістах метрах ад Літвінавічаў, на рацэ Сож, ёсць невялічкая затока, у якую ўпадае рака Касалянка. Гэтая затока носіць назву Пень. Сувязь са словам “пень” тут выключна знешняя, па сугуччы. На самай справе, у найменні затокі Пень маецца той жа корань, што і ў назве ракі Піна, на якой размешчаны Пінск. Даследчыкі лічаць падобныя найменні водных аб’ектаў вельмі старажытнымі, індаеўрапейскімі па паходжанні, а значэнне кораня пен-, пін- вызначаюць як “балота, багна, дрыгва, гразь, глей”.

Выклікаюць цікавасць і назвы некаторых палёў, у прыватнасці Узбоішча і Ялоўка. Назва Ялоўка разумеецца пры супастаўленні са словам ялавіна – “дрэнная, запушчаная зямля”, ялавы – “запушчаны”, “той, што не апрацоўваецца”. У найменні Узбоішча мы бачым прыстаўку ўз- і корань –бой-. Корань –бой-, -буй- мае значэнне “высокае месца”, а назва Узбоішча, такім чынам, разумеецца як “поле на ўзвышшы”.

Плотвішча - так называецца ўчастак Сожа ў наваколлях Літвінавічаў. Можна было б думаць, што Плотвішча – гэта месца, дзе мясцовыя рыбакі лавілі плотак. Але ёсць і іншае тлумачэнне: Плотвішча – “нізкае месца, балоцістая нізіна каля ракі”.

Бобрыца - гэта таксама рэчка, прыток Сожа паблізу Літвінавічаў. Меліяратары “пагаспадарылі” так, што ад Бобрыцы засталася, бадай, толькі назва. Калісьці на рэчцы жылі бабры, будавалі “гаці”, “хаткі”. Цяпер тут праглядваецца ланцужок невялікіх азярцоў з густымі зараснікамі чароту і вастралісту.

 

      ТАПАНІМІЧНЫ СЛОЎНІК ЗЯМЕЛЬ ВЁСКІ СТРУКАЧОЎ

Гарадок – вёска ў Баравабудскім сельсавеце. Зараз у складзе КСУП “Саўгас “Багданавічы” ( цэнтр в.Хізаў).

На 01.01.2015г.      17 двароў,    30 жыхароў.

Горна – назва ракі, якая працякае ў Струкачове, узнікла ад слова “гара”. У стражытнасці Горна  ўваходзіла ў сістэму водна-валокавых шляхоў Пасожжа.

Доркі – пасёлак у былым Струкачоўскім сельсавеце. Зараз не існуе.

Дубраўка – пасёлак у былым Струкачоўскім сельсавеце. Зараз не існуе.

Жданаў – пасёлак у былым  Струкачоўскім сельсавеце. Зараз не існуе.

Коласава – вёска ў Баравабудскім сельсавеце. Зараз у складзе КСУП “ Саўгас “Багданавічы”.

На 01.01.2015г.     22  двары,  56 жыхароў.

Круглы – пасёлак. З 29 лістападп 1962 гада знаходзіўся ў складзе пасёлка Жданаў. Зараз не існуе.

Крывы Рог – пасёлак. Вядомы з 20-хгг. XX ст., зараз не існуе.

Лозкі – пасёлак  у былым Струкачоўскім сельсавеце. Зараз не існуе.

Новы свет – пасёлак (да 22 снежня 1966г.) у былым Струкачоўскім сельсавеце. 22 снежня 1966 г. пасёлак злучыўся з вёскай Гарадок.

Праўда - вёска. Узнікла ў час калгаснага будаўніцтва на месцы сельскагаспадарчай арцелі “Праўда”.

На 01.01.2015 г.   3  двары,  10 жыхароў.

 Струкачоў –  назва вёскі. Існуе некалькі версій паходжання назвы вёскі.

     Па першай з іх, вёска атрымала сваю назву ад прозвішча (мянушкі) Струкачоў, Струкач. Так звалі верагоднага заснавальніка і гаспадара паселішча. Прозвішча Струкачоў  утварылася ад мянушкі Струкач у значэнні «маленькі чалавек, падобны на струк (стручок) гароху ці іншых бабовых раслін».

     Ёсць версія, што назва паходзіць ад слова «струкі» ,якія  адпачкаваліся ад асноўных родзічаў. Аддзяленне, магчыма, адбывалася ад паселішча, знойдзенага па дарозе з Расох на Норкаўшчыну. У выніку і зарадзіліся так званыя «струкачы».

     Паводле пісьмовых крыніц, паселішча вядома з XVIII стагоддзя як вёска ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Струкачоў уваходзіў у склад Расійскай імперыі. Паводле рэвізіі 1859 года, вёска была валоданнем памешчыка І. К. Быкоўскага.

     Статыстычныя звесткі аб гэтай вёсцы маюцца ў многіх польскіх і рускіх крыніцах канца XIX - пачатку XX стагоддзя. У кнізе «Воласці і важнейшыя паселішчы Еўрапейскай Расіі. Выпуск 5. Губерні Літоўскай і Беларускай абласцей »(1886) сказана:« Струкачоў - вёска пры  рэчцы Горне, 95 двароў, 541 жыхар, два ветракі ». У гэты час на тэрыторыі вёскі быў адкрыты хлебазапасны магазін. Асноўным заняткам жыхароў вёскі было земляробства, якое яны паспяхова сумяшчалі з рознымі рамёствамі: ганчарным з прыбыткам 18 рублёў, кравецкім з прыбыткам 10 рублёў.

     У «Геаграфічным Слоўніку Польскага каралеўства і іншых славянскіх рэгіёнаў» (том 6, Варшава, 1890; на польскай мове) пры згадванні Струкачова паказваецца 106 двароў, 560 жыхароў.

     Паводле перапісу 1897 года, у Струкачове дзейнічалі царкоўнапрыходская школа, хлебазапасны магазін, два ветракі, піцейны дом.

     У даведніку «Спіс населеных месцаў Магілёўскай губерні» (рэдактар Г. П. Пажараў, Магілёў, 1910) ёсць больш шырокія звесткі аб Струкачове, вёсцы Расохскай воласці Рагачоўскага павета: 153 двары, 552 чалавекі мужчынскага полу, 543 жаночага. Як бачым, у канцы XIX - пачатку XX стагоддзя Струкачоў рос досыць хутка.

     Назва ракі Горна, якая працякае праз Струкачоў, узнікла ад слова «гара». У старажытнасці Горна ўваходзіла ў сістэму водна-валокавых шляхоў Пасожжа.

     Вёска Струкачоў адносілася да праваслаўнага Расохскага прыходу. Жыхары вёскі наведвалі Мікалаеўскую царкву.

     У 1885 годзе была пабудавана школа, якая размясцілася паміж вёскамі Струкачоў і Шаламеі. Гэта была так званая школа граматы, якая размяшчалася ў невялікім драўляным доме. Гэты дом стаяў за ракой каля млына. Дзяцей вучыў Сцяпан Бахметаў, які сам толькі нядаўна скончыў Кармянскае народнае вучылішча. Разразная азбука, па якой вучні авалодвалі ведамі, вісела на сцяне. Заняткі ў школе пачыналіся ў другой палове кастрычніка, пасля заканчэння палявых работ.

     У 1907 годзе ў вёсцы пачала дзейнічаць земская школа, якая пазней была рэарганізавана ў працоўную школу I ступені, а пазней стала народным вучылішчам на 85 вучняў. У гэты час школа знаходзілася ў памяшканні арандаванага сялянскага дома побач з маёнткам струкачоўскага памешчыка Коўзаня. У школе з чатырохкласным навучаннем вучыліся дзеці з вёскі Струкачоў і з навакольных вёсак. Выпускнікі школы Дзямід Паўлавіч Брычыкаў, Яўсей Аляксеевіч Маскаленка, Н. В. Лепухаў у будучым актыўна ўключыліся ў арганізацыю калгасаў і ўзначалілі іх. З 1911 года пры школе пачала дзейнічаць бібліятэка. У гэтым будынку школа працавала да пачатку 1930-х гадоў.

     У 1909 годзе ў Струкачове было 153 двары і 995 жыхароў, працавала вінная крама. 2126 дзесяцін зямлі належалі вясковаму сельскаму грамадству.

Струкачоў з навакольнымі вёскамі з'яўляўся валоданнем многіх памешчыкаў, апошнімі з іх былі Коўзані. Памешчык памёр у 1914 годзе ў састарэлым узросце, яго жонка - у 1916 годзе. У іх засталіся дзве дачкі Паліна і Соня, якія пасля рэвалюцыі жылі ў сядзібе да арганізацыі арцелі «Праўда». Потым іх выгналі, і дзяўчаты пайшлі са свайго маёнтка. Праз некаторы час яны вярнуліся, але сяляне іх не прынялі. Куды сышлі дзяўчаты потым, засталося таямніцай, паколькі найбольш нахабная частка жыхароў праследвала  іх як прадстаўнікоў эксплуататарскага класа.

     Сядзіба памешчыка Коўзаня размяшчалася на ўзвышаным месцы паміж Струкачовам, Праўдай, Шаламеямі і міжрэччам ракі Горна і яе прытокам, які праходзіць па Шаламеях ўздоўж вёскі Праўда і далей каля Ружовага, Коласава. Злучаўся ён з Горнай у мястэчку Норкаўшчына, а частка вытокі  каля вёскі Дуброўка (зараз не існуе). У месцы зліцця дзвюх рэк ёсць мост.

     Як і ў іншых маёнтках, у Струкачоўскім развіваліся рамёствы. Пераважала вытворчасць цэглы. Завод знаходзіўся паміж алешнікам і палянкамі. Сыравіна для цэглы здабывалася ва ўрочышчы Дубавіцкае, а таксама за Струкачовам каля алешніку. Меліся вадзяныя млыны, адзін - каля вёскі Праўда, дзе зараз мост, другі - у Струкачове, дзе зараз саўгаснае сенасховішча.

     Развіваліся і іншыя рамёствы. Пашывам адзення займалася габрэйка Сара. Пашывам і рамонтам абутку - габрэй Нохім. Пражывалі яны ў доміку праз дарогу ад першай карчмы, дзе зараз стаіць цагляны домік - былы медпункт. Развіваўся выраб неабходных для сельскага жыхара прыладаў і інвентара: вазоў, саней.

     З часам Струкачоў стаў валасным цэнтрам, і ўсе прылеглыя вёскі ўжо ўваходзілі ў Струкачоўскую воласць, адміністрацыйна выйшаўшы з Расохскай.

     У Струкачове было дзве карчмы. Адна знаходзілася ў цэнтры вёскі (сучасная вул. Перамогі, насупраць дома, дзе жыве Волкаў В. А.), а другая ў доме на перакрыжаванні, паварот на вёску Норкаўшчына, дзе ў савецкія гады пражываў Дземідовіч Павел (сучасная вул. Першамайская). Дом згарэў у 2001 годзе.

     З 20 жніўня 1924 вёска стала цэнтрам Струкачоўскага сельсавета Кармянскага раёна Магілёўскай акругі. У лютым 1938 года населены пункт увайшоў у склад Гомельскай вобласці. Некалькі разоў змянялася прыналежнасць вёскі па раёне: з 25 снежня 1962 -  Рагачоўскі раён, з 6 студзеня 1965 года - Чачэрскі, з 30 ліпеня 1966 года зноў Кармянскі раён.

     Па дадзеных перапісу насельніцтва ў 1926 годзе ў складзе вёскі Струкачоў было 25 двароў, 133 жыхары (53 мужчыны і 80 жанчын). Памяншэнне колькасці гаспадарак і жыхароў у параўнанні з 1909 годам адбылося таму, што ў 1924 годзе пры выдзяленні зямельных надзелаў сялянам вакол вёскі з'явілася шмат пасёлкаў: Коласаў, Лозкі, Дуброўка, Жданаў, Круглы, Крывы Рог, Ружовы, Доркі  і 11 хутароў (Палянкі , Ржэў, Прагрэс, Гітаўшчына і іншыя).

     У 1929 годзе ў вёсцы быў арганізаваны калгас імя Р. Люксембург, працавалі вятрак і кузня.  

     Паводле перапісу 1959 года, у вёсцы быў 391 жыхар. У склад Струкачоўскага  сельсавета да 1962 года ўваходзілі пасёлкі Доркі, Дуброўка-1, Дуброўка-2, да 1974 года - вёска Лозкі, пасёлак Жданаў, да якога ў 1962 годзе былі далучаны пасёлкі Круглы і Крывы Рог (у цяперашні час не існуюць).

     Доўгі час жыхар вёскі К. К. Нікіцін працаваў старшынёй мясцовага калгаса, яму было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.

     Пасля вайны вёска ўвайшла ў склад саўгаса імя В. І. Чапаева (цэнтр - вёска Баравая Буда).

     У 1970-1980-я гады ў вёсцы дзейнічалі Дом культуры, аддзяленне сувязі, сярэдняя школа, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, дзіцячы сад, дзве крамы, камбінат бытавога абслугоўвання.

     Зараз у вёсцы ёсць комплекс «Дзіцячы сад - сярэдняя школа", Дом культуры, дзве крамы. Струкачоў з 2010 года ўваходзіць у склад Баравабудскага сельскага Савета.

     Дынаміка росту вёскі:

• 1759 - 20 двароў;

• 1886 - 95 двароў, 541 жыхар;

• 1897 год - 150 двароў, 859 жыхароў (паводле перапісу);

• 1909 - 183 двары, 1095 жыхароў;

• 2004 год - 107 гаспадарак, 337 жыхароў.

• 2015 - 72 гаспадаркі, 223 жыхары.

     Паралельна вёсцы Струкачоў ўздоўж прытока ракі Горна з'яўляюцца паселішчы Быч (Коласаў), Ружовы, Шаламеі, Маліноўская Буда, Баравая Буда, Лесавая Буда, Шэрахаўская Буда, а таксама Норкаўшчына, Дубавіца, Міхалёўка, Матораўка і іншыя, якія ўзнікаюць ад рассялення Пасожжа.

Вуліца Балахонава (в.Коласаў) - ёсць пад такой назвай вуліца і ў г.п. Карма, якая пралягае на паўднёвай частцы пасёлка насупраць Кармянскага РАУС, а таксама завулак у г. Чачэрску. На будынку Кармянскага і Чачэрскага РАУС устаноўлены мемарыяльныя дошкі. Гэтыя назвы ў гонар нашага земляка Івана Балахонава (30.03.1934 – 05.01.1966), які нарадзіўся ў вёсцы Коласаў Кармянскага   раёна ў вялікай сялянскай сям’і. Бацька не вярнуўся з вайны, і асноўны цяжар лёг на плечы Івана, як старэйшага ў сям’і. Пасля заканчэння школы – Ленінградскае юрыдычнае вучылішча ( скончыў у 1956 годзе). Затым адказная праца ў крымінальным вышуку ў Добрушскім, Рэчыцкім, Кармянскім, Рагачоўскім раённых аддзелах міліцыі. Мінская вышэйшая школа міліцыі (1964 г.).

    З верасня 1964 г. да ліпеня 1965 г. працуе намеснікам начальніка Брагінскага РАУС, затым – намеснікам  начальніка Чачэрскага РАУС.

     5 студзеня 1966 года капітан міліцыі І.І. Балахонаў, як і звычайна, прыступіў да выканання службовых абавязкаў. Ён не мог падумаць, што гэты дзень стане апошнім у яго жыцці. Не аднаго парушальніка закону даводзілася затрымліваць Івану Іванавічу. У гэты дзень яму прыйшлося ўступіць у небяспечную сутычку. Здавалася, аперацыя па затрымцы прайшла паспяхова. Але пры дастаўцы ў аддзел міліцыі злачынец спрабуе збегчы. Не думаў капітан, што ў паліто можа быць зброя. Бандыт страляе ва ўпор… Смяротна ранены І.Балахонаў трымае ворага да таго часу, пакуль не прыйшлі на дапамогу сябры. Так, ва ўзросце 32 гадоў загінуў на сваім воінскім пасту самаадданы абаронца закона, капітан міліцыі І.Балахонаў.

       Вуліца Перамогі і Першамайская - арыентаваныя з паўднёвага ўсходу на паўночны захад і злучаныя завулкамі. Забудова вуліц двухбаковая, пераважна драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу, назвы шырока ўжывальныя ў гонар вядомых свят.

       Вуліца Школьная - якая складалася з 10 цагляных дамкоў катэджнага тыпу на дзве сям'і, яна пачыналася ад будынка школы і ішла ў бок вёскі Коласаў.

 

ТАПАНІМІЧНЫ СЛОЎНІК ЗЯМЕЛЬ СТАРАГРАДСКАГА

СЕЛЬСКАГА САВЕТА

 Кастрычніцкая, Будаўнічая, Зарэчная,  Маладзёжная, Савецкая – вуліцы  вёскі  Стараград ,  назвы  атрымалі  ў  савецкі  час.

Архіпскае  - лес  на поўдзень  ад  вёскі Бераставец.

Барок – малады  сасновы  лес   на  захадзе  ад вёскі  Задуб’ е.

Барок  -  сасновы  лес  на  захадзе вёскі  Хізаў.

         Балацянка Става – невялікае  балота ў вёсцы  Задуб’ е.

Батракі – месца  на поўначы  вёскі  Стараград,  названа  па  месцы  пражывання  батракоў,  часоў  прыгоннага  права,  пасля месца  атрымала  назву  Крынічны ,зараз  вуліца Кастрычніцкая.

Белае – возера  ў вёсцы  Бераставец, назву  атрымала за  кошт  гліністага дна, якое  мае белы  колер.

Бераставец – вёска Стараградскага  сельскага  савета, вядомая з 19 стагоддзя.  У 1858 годзе – вёска  фальварка  Цераспаль,  прыватная ўласнасць  памешчыцы  Ванды  Манкевіч.

Назва пайшла  ад  слова “бераста”  , у  ваколіцах  вёскі расло  шмат  бярозавых  гаёў,  жыхары  назапашвалі  берасту, з якой  выраблялі  абутак, прылады  працы, прадметы  быту.

Берастоўка --  безымянны  ручэй,  які  цячэ  з  возера  на  поўнач  вёскі Хізаў.

Берастоўка – рака працякае па вёсцы  Бераставец,  упадае  ў Хізаўскае  возера, атрымала  назву  ад  назвы  вёскі. 

Брода – балота вёскі Задуб’ е   каля  Малай  ракі,  жыхары  рыхтавалі  альховыя  дровы. 

Буслянка – гара  на паўднёвым  захадзе  вёскі Хізаў , названая ў гонар  бусла, які  шмат  гадоў  жыве ў буслянцы, якая знаходзіцца на адзінай сасне.

Вазярышча --  луг вёскі Хізаў ,  дзе  па  меркаванні  жыхароў  у 19 ст.,  знаходзілася  возера.

Вір – старыца  ракі  Берастоўкі,  месца багатае на  флору  і фаўну.

Воўчы  лес – лес у вёсцы  Пятравічы, дзе  вадзілася  шмат ваўкоў,  існуе  меркаванне, што  лес  атрымаў  назву  ў гонар  чалавека, які працяглы  час  жыў  у  гэтым  лесе.

Втарка – гара  ў вёсцы  Лубянка,  у  часы  ВАВ  ішлі  вялікія  баі.

Выдабач – поле на поўнач ад вёскі Бераставец.

Вышкі – лес, размешчаны  на  самым высокім месцы ў  вёсцы  Пятравічы.

Дзеліцца  на  Маленькія  і Вялікія  Вышкі.

Гадка – рака, якая  працякае  па  вёсцы  Задуб’ е,  называецаа  таму, што  кожную  вясну  разліваецца  і  пакідае  пасля  сябе  шмат  гразі.

Галкова – на поўдзень  ад  вёскі  Стараград  балоцістая  тэрыторыя,  багатая  на  флору і фаўну,  цягнецца да  вёскі  Хізаў.

Дворня -  месца  ў  цэнтры  вёскі  Стараград,  названа  па  месцу  знаходжання  сельскагаспадарчага  двара  пана Случаноўскага,  зараз  вуліца Савецкая.

Дзярліўка – лес  на  захадзе  ад вёскі   Пятравічы,  калісьці  дралі  кару,  пагэтаму   і назва  адпаведная.

Добрыца  -  рака вёскі Хізаў,  якая  ўпадае  ў Добрыч,  атрымала  назву  ад  назвы  ракі  Добрыч.

Добрыч – рака , абвівае ўсю вёску Пятравічы.

Жыхары надавалі ёй міфічнае значэнне. Казалі, што ў  ёй жывуць  русалкі, якія  кожны  вечар  выходзілі  на  бераг  і  прыгожа  спявалі. Сельскія дзяўчаты таксама  пачыналі спяваць, налажваючы  спаборніцтва.  А прыгожыя хлопцы баяліся  купацца  ноччу  ў рэчцы,  таму што  баяліся  русалак, якія  маглі  заказытаць і  зацягнуць у  раку

Добрыч – рака вёскі Хізаў,  якая  цячэ з  захаду  на  ўсход,  упадае  ў  раку  Сож.

Доўгае  поле  - поле вёскі Задуб’ е ,  яшчэ  называецца  “пасекай”,  атрымала  назву таму, што  тут  існавала  вялікая  колькасць  земляных  пчол,  заўсёды  прысутнічаў  запах  мёду,  масава  расце  верас.

Завідаўка – месца  па  вуліцы  Камуністычнай  вёскі Задуб’ е, раней  жылі  заможныя  людзі  і  ім  астатнія  жыхары  зайздросцілі, пагэтаму  і  адпаведная назва.

Задабрачча – месца  вёскі Задуб’ е  за  ракой  Добрыч, раней  здабывалі  торф.

Задуб’ е -  вёска  ў  Стараградскім  сельскім  савеце,  вядомая  з  19 стагоддзя,  належыла  калежскаму  рэгістратару  Іосіфу  Янушкевічу. Распаўсюджаны  ганчарны  промысел,размяшчаўся  хлебазапасны  магазін.

Вёска атрымала  назву –Задуб’ е, таму што  знаходзілася  за  дубравай.

Зарэчча -  месца  вёскі Задуб’ е за  маладым  сасановым  лесам, які называецца  Барок.

Зарэчча --  частка  вёскі  Хізаў,  размешчаная  на  паўночы  ад  ракі  Добрыч,  якая  ўпадае  ў  р. Сож.

Зашколка -  месца вёскі  Стараград ,  дзе  раней  знаходзіўся  пітомнік  пладовых  дрэў,  зараз  вуліца  Будаўнічая.

Зялёнка – лес  паміж  Пятравічамі і  Слабодкай,  названы з- за балота, размешчанага  ў ім.

Індусаўка  -- забалочаная  тэрыторыя,  на  захадзе  вёскі Хізаў,  дзе  размешчана  некалькі  жылых  дамоў.

Інтэрнацыянальная,  Маладзёжная,  Палявая – вуліцы  вёскі Бераставец, атрымалі  назвы  ў савецкія часы.

Іржаўка – рака, якая  цячэ  з  вёскі Лубянка  ў  вёску  Стараград, названая  за  кошт  гліністага  дна , якое  мае  цёмна – жоўты  колер.

Казіны рог -  лес на  захадзе  вёскі  Бераставец, праз  яго  пралягае  казіная  трапа, па якой  жывёлы пераходзяць  з  “Лісічак” у” Архіпскае”.

Камуністычная, Касманаўтаў, Партызанская, Чырвонаармейская – вуліцы  вёскі Задуб’ е , названыя  ў  савецкі час.

Камянёў – камяністы  ўзгорак   на  ўсходзе  ад  вёскі  Задуб’ е.

Канапляннік – поле  ў  вёсцы  Пятравічы, раней  вырошчвалі  канаплю, зараз сельскагаспадарчыя  культуры.

Кірдзееўка -  старыца,  размешчана  на  ўсходзе  в. Хізаў.

Круглае – лес  паміж  Задуб’ ем  і  Лубянкай,  мае  адпаведную  форму,  жыхары  паведамляюць,  што  ў  часы  ВАВ  тут  упаў  нямецкі  самалёт  і патануў  у  лясным  балоце , зараз  знаходзіцца  там.

Кручок -  вуліца  Касманаўтаў  у  вёсцы  Задуб’ е,  жыхары  так  называюць,  таму  што  вуліца  мае  адпаведную  форму.

Культурка – лес на  паўночным усходзе   ад  вёскі Задуб’ е.

Лахманоўка – месца  былых  хутароў  з  боку  Старага  Крыўску  ад вёскі Пасека - Слабодка,  пайшло  ад слова  “лахматы”

Ліпавы  равок –   роў,  які  ўпадае  ў  Хізаўскае  возера,  паабапал  якога   растуць  ліпы,  месца,  дзе  людзі  нарыхтоўвалі  ліпу  і  займаліся  бортніцтвам.

Ліпнік -  балота  з яго  бярэ  пачатак  рака  Гадка, упадае   ў  Малую  раку і Задубскае  возера,  атрымала  такую  назву  з-за вялікай  колькасці  ліп.

Лісічкі – лес на  поўначы в.Бераставец,  празваны з-  за вялікай  колькасці  грыбоў – лісічак.

Лог – лес  на захадзе ад вёскі  Пятравічы,  у часы ВАВ  існаваў  ваенны  аэрадром.

Лясная – вуліца  ў вёсцы Пасека – Слабодка, названая ў савецкі час.

Малая  рака -  невялікая   рэчка вёскі Задуб’ е, пачатак бярэ на   “Сахаліне”і  ўпадае  ў  Задубскае  возера.

Малы  лясок -  невялікі  сасновы  лясок  на  паўднёвым  усходзе  вёскі Хізаў,  размешчаны  на  беразе  возера.

Марозаў  сад –  невялікі    яблыневы  сад  на  ўсходзе   вёскі Хізаў,  названы  ў  гонар  гаспадара   В.  Марозава( садам  карыстаецца  ўся  вёска)

Мачульнік – поле  ў  вёсцы  Пятравічы, атрымала  назву  ад  назвы травы “мачульнік”, якая  вельмі  падобная  на  мачалку, раней  сенакос,  зараз  хмызняк.

Машок – балота  на ўсходзе  вёскі Задуб’ е, атрымала  назву.

Машарына –  лес,  дзе  раней  было   многа  моху, жыхары  вёскі Пятравічы хадзілі  за  чарніцамі.

Маяк – частка  вёскі Пятравічы, празваная  ў  гонар назвы  калгаса  “Маяк” , зараз  вуліцы  Цэнтральная,  Шасейная  і Міру.

Мельнікаў  сад – сад  ў  вёсцы Задуб е, атрымаў  назву  ў  гонар  уладальніка  сада – мельніка.

Міра, Перамогі, Працоўная, Цэнтральная, Шасейная – вуліцы  вёскі Пятравічы,  названыя  ў  савецкія часы.

Мірскі  бярэзнік (Швейцарыя) -  месца  паміж  в. Багданавічы  і  Бераставец. Мох – балота на  захадзе   ад  вёскі  Лубянка.

Мох – вуліца Міра вёскі Пятравічы , жыхары  называюць  яе  так з-за  балоцістай мясцовасці.

Пагар –   тарфяная  балацянка  вёскі Задуб’ е, атрымала  назву  таму, што  часта  гарэў торф.

Паланскі  мост –  мост  вёскі Задуб е, раней  называлі “ палымскі”  мост ад слова  полымя,  магчыма  драўляны  мост часта  гарэў.

Пасека –забалочанае  месца  на  паўночным  усходзе   вёскі   Хізаў,  да  сярэдзіны  20  ст.  жыхары  вёскі  здабывалі  торф.

Пасека – Слабодка – вёска Стараградскага  сельскага  Савета, атрымала  назву  з-за  вялікай  колькасці  пчол  і пасек.

Пасёлак --  месца  першапачатковага  пасялення  хізаўчан,  зараз  вуліца  Пралетарская.

Перагон  --  невялікае  забалочанае  возера  на  месцы  былой  рэчкі  пад  назвай  Кірдзееўка  ў  вёсцы  Хізаў.

Пралетарская –   вуліца  ў  цэнтры  в. Хізаў,  названая  ў  гонар  рабочага  класа  ў  савецкі час.

Пята – лес на захадзе  ад  вёскі  Пятравічы,  названы  за  кошт  формы,  прыгадвае  пяту.

Пятравічы – вёска Стараградскага  сельскага савета, вядомая  з  19 стагоддзя. Прыватная ўласнасць  памешчыка  штабс – капітана І . Сідарэнкі. Назва паходзіць  ад  імя жыхара  вёскі Пятра.

Ракорд - частка  вёскі Пятравічы, празваная  ў  гонар назвы  калгаса  “Ракорд” , зараз  вуліцы Перамогі і Працоўная.

Ржаўка – рэчка вёскі Хізаў, якая  ўпадае ў  Добрыч,  названая  за  кошт  гліністага  дна, які  мае  цёмна – жоўты  колер.

Сажалкі – балота  на ўсходзе  ад  вёскі  Задуб’ е, раней  жыхары  вёскі  здабывалі  торф.

Сахалін -  вуліца  Чырвонаармейская  ў вёсцы  Задуб’ е,  названая  жыхарамі  за  кошт  аддалённасці.

Свіначос – лес  на  Захадзе  ад  вёскі  Стараград,  жыхары  паведамляюць,  што  тут  вадзілася  шмат   дзікіх  кабаноў.

Сеенае – лес  на поўнач   ад вёскі Бераставец , называецца  таму, што  вырас  сам  з  семян.

Скакун -  маленькая  балацянка  на захадзе ад  вёскі  Задуб’ е,  якую  можна  было  пераскочыць.

Стараград – цэнтр  сельскага  Савета, на  рацэ  Добрыч, за 16 км  на  захад  ад  Кармы.  У  пачатку 19 стагоддзя   вядомы  як  цэнтр  фальварка,  прыватная  ўласнасць  памешчакаў  Случаноўскіх.

Сярэдняя  Дарога -  дарога  злучае  Лубянку  і  Задуб’ е, па  ёй  хадзілі  ў  школу  вучні,  зараз  поле.

Табукоў  сад -  сад на  ўсходзе   вёскі Хізаў,  названы  ў  гонар  дзеда  Табука,  вартаўніка  гэтага  сада.

Тарасполле – месца вёскі  Бераставец, дзе жыў  кіраўнік  панскім  дваром, існавала  мельніца. У савецкі час  былі  агароды, дзе  вырошчвалі  агародніну, зараз  хмызняк.

         Фесціваль -  невялікі  бярэзнік,  пасаджаны  ў  савецкі  час,  для  святкавання  “маёўкі”  ў вёсцы Хізаў.

Фукаў – месца на поўначы вёскі Бераставец ,  тут  размяшчаўся былы  хутар, дзе  жылі  людзі,  прозвішча  якіх  было    Фукавы, пагэтаму  і  адпаведная  назва.

Хізаў – назва  вёскі  Стараградскага  сельскага Савета,  пайшла  ад слова  “хізы” --  неўрадлівае,  пустое,  пясчанае  месца.  Другое  значэнне  паходзіць  ад  слова  “Хіжына”  --пабудова  для  жылля.

Ранніх пісьмовых звестак аб Хізаве, на жаль, не захавалася, але помнікі мінулага – курганы, што знаходзяцца ў ваколіцах вёскі, каменныя прылады працы, знойдзеныя ў зямлі, сведчаць аб старажытнасці паселішча. Так, прайшлі нашы продкі і радавую абшчыну, зведалі феадальна-памешчыцкі лад і прыгоннае права.

         Вось у сувязі з адменай прыгоннага права і прыгадвае гісторыя цікавы факт з жыцця вёскі. Менавіта ў 1861 годзе тутэйшым сялянам, дакладней іх прадстаўніку, трэба было падпісаць акт аб перадачы ім зямлі, што належала памешчыку Шарэвічу. А так як пісьменнага чалавека ў Хізаве не было, то сяляне прывезлі нейкага пісарчука з Расохаў, дзе, дарэчы, была воласць і размяшчалася адно з першых народных вучылішчаў. Ён і згадзіўся падпісаць акт за … 25 залатых рублёў.

         Аднак і пасля адмены прыгону сяляне не мелі поўнай свабоды і пажыццёва плацілі выкуп за зямлю. Паступова расла незадаволенасць сялян парадкамі памешчыка, які займаўся ашуканствам., прымушаў працаваць у сваім маёнтку ад зары да змяркання за нікчэмныя грашы. І вось улетку 1905 года чаша цярпення перапоўнілася: сяляне ўзбунтаваліся супраць прыгнятальніка. Спынілася работа на млыне, цагельным заводзе, сукнавалцы. Бачачы гэта, памешчык выклікаў з воласці салдат і ўсмірыў з іх дапамогай забастоўшчыкаў, а іх кіраўнік стараста А.Несцераў быў схоплены і сасланы на катаргу на Поўнач. Лепшыя землі засталіся ў памешчыка, а сялянства атрымала малаўрадлівыя аддаленыя ад вёскі палі, аб чым гавораць назвы ўрочышчаў – Пясчанка, Чыстая Лужа, Узвальня, Курганы і т.п.

         Неўзабаве пачалася першая сусветная вайна, і цяжар ваеннага ліхалецця абрушыўся на хізаўчан з новай сілай. А на франтах і ў тыле спелі рэвалюцыйныя падзеі.

         Восенню 1917 года на радзіму з Петраграда прыехаў Цімох Кавалёў – рабочы завода – расказаў, што адбываецца ў сталіцы. І вось ужо склалася смелая дружына, якая прад’явіла памешчыцы Чарапанавай ультыматум – аддай зямлю сялянам. Тая адрэгавала хуценька: паведаміла ваеннаму каменданту ў Рагачоў. Адтуль, як вынік, у Магілёў, у стаўку, паляцела тэлеграма: “У Хізаве арганізавалася рэспубліка, якая не прызнае часовага ўрада”. Для пачатку ў Хізаў прыехалі двое конных чаркесаў са стрэльбамі і нагайкамі, схапілі галоўнага падбухторшчыка – Максіма Шаўчэнку. Разам з ім пайшоў і яго бацька. У Карме іх без суда і следства расстралялі.

         Здарылася гэта ў верасні 1917 года, а ў кастрычніку адбылася рэвалюцыя ў Петраградзе. Памешчыца Чарапанава знікла, а яе надзелы раздзялялі між сабой малазямельныя. На памешчыцкіх участках утварыліся хутары па 10 – 15 гектараў.

         У краіне тым часам запалыхала полымя грамадзянскай вайны. Тыя, хто ствараў рэспубліку ў Хізаве, уліліся ў рады Чырвонай  гвардыі, а хто стаў і чырвоным партызанам. Гэта Цімох Кавалёў, Лукаш Жукоўскі, Ціт Голубеў і іншыя.

         Пасля заканчэння вайны ў тутэйшых мясціна была канчаткова ўстаноўлена Савецкая ўлада, а кіруючым органам стаў Хізаўскі сельсавет. Першы камуніст Хізава Ф.С. Хрыпуноў быў выбраны і першым старшынёй яго. Сельскі Савет аб’ядноўваў тры вёскі: Хізаў, Бераставец і Тарахаўку. Пры Савеце быў камітэт беднаты.

         Калі стала вядома пра кааператыўны план Леніна. У Хізаве арганізавалася таварыства па супольнай апрацоўцы зямлі – ТОЗ. У яго аб’ядналіся сем гаспадарак: Фёдар Хрыпуноў, Акуліна Макарава, Аляксандр Барысенка, Іван Шаўчэнка і іншыя. ТОЗ і быў ядром, вакол якога ў 1929 годзе арганізаваўся калгас “Новы мір”. На жаль, прозвішча першага старшыні пакуль невядома, і аўтар гэтых радкоў будзе вельмі ўдзячны, калі нехта ведае аб гэтым.

         У краіне будаваліся трактарныя заводы, ішла індустрыялізацыя сельскай гаспадаркі. Былі арганізаваны МТС – машынна-трактарныя станцыі. Калгас “Новы мір” абслугоўвала Багданавіцкая МТС. З’явіліся новыя прафесіі: трактарыст, камбайнёр, спецыялісты па рамонту тэхнікі – Максім Аляксеенка, Іван Уласаў, Іван Лявончыкаў і іншыя.

         Ствараліся ўмовы для ўздыму пісьменнасці насельніцтва. Пры школах былі лікбезы па ліквідацыі непісьменнасці ўсіх слаёў, было ўведзена абавязковае пачатковае навучанне. Адначасова адзначаўся і агульны ўздым культуры. У кожнай вёсцы дзейнічалі хаты-чытальні. У Хізаве яе загадчыкам (“хатчыкам”) быў Клім Курганкоў. Настаўнікі рабілі даклады аб міжнародным становішчы і на навукова-папулярныя тэмы. У хатах-чытальнях быў патэфон з наборам пласцінак і радыёпрыёмнік на батарэйках.

         Зацікаўлена, актыўна вёў навучальны працэс у тутэйшай школе і асветніцкую дзейнасць сярод насельніцтва першы настаўнік-хізавец Іван Пятровіч Сяргеенка. Ён ганарыўся тым, што выбраўся з цемры і нясе веды сялянам. Педагог, як кажуць, ад прыроды, карыстаўся вялікім аўтарытэтам і павагай у школьнікаў і вяскоўцаў. І цяпер кожнаму хізаўцу прыемна сустрэцца з ім, калі ветэран педагагічнай працы наведваецца да сваіх землякоў з Кіева.

         Хізаўшчына – месца былых  хутароў  на  поўдзень  ад  вёскі  Пасека –Слабодка.

          Хілінская -  вуліца вёскі Хізаў,  названая  ў  гонар  земляка,  удзельніка  ВАВ  М.  Хілінскага.  Мікалай Лявонцьевіч Хілінскі нарадзіўся ў сялянскай сям’і . У гады вайны ў сувязі з пашырэннем падпольных групіровак сярод моладзі на сяле і ў раённым цэнтры Журавічах рашэннем падпольнага раённага камітэта партыі ў ліпеню 1943 годзе быў створаны Журавіцкі райком камсамола, другім сакратаром якога быў Мікалай Хілінскі. Загінуў Мікалай Лявонцьевіч у верасні 1945 года.

 Цагельня – поле  на  ўсходзе ад  вёскі Задуб’ е,  месца  дзе  раней  бралі  гліну.

  Чарнобыль  -  некалькі  вуліц  в. Хізаў,  якія  былі  пабудаваны  для  перасяленцаў , пацярпеўшых  ад  аварыі  на  ЧАЭС.

  Чвэрткі –  сістэма  палёў  у  выглядзе  квадрата  паміж  вёскай  Хізаў  і  Баравая  Буда,  з  даўніх  часоў  людзі нарыхтоўваюць   сена  і  дровы.

 Чоткі – лес паміж  Слабодкай  і Пятравічамі.

 Школьная –  перавулак,  месца  пабудовы  школы.

У 1882 годзе ў Хізаве была адкрыта трохкласная школа. Размяшчалася яна ў сялянскай хаце каля царквы. Школу наведвалі каля 30 хлопчыкаў.

Калі памяшканне школы зусім спарахнела, навучанне вялося вандроўным спосабам у розных сялянскіх хатах.

У 1906 годзе каля Хізаўскай царквы быў пабудаваны будынак школы з адным класным пакоем. У новым памяшканні была адкрыта чатырохкласная  царкоўна – прыхадская школа. Настаўнікам у гэтай школе працаваў Зуеў Спірыдон Якаўлевіч. У школе вывучалі рускую мову, славянскую мову, арыфметыку, Закон Божы. Навучальны год працягваўся з 1 кастрычніка да 1 красавіка па старому стылю. Пісьмо праводзілася на грыфельных дошках і ў сшытках з касой разгаліноўкай. Пасля Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі настаўнікі школы правялі вялікую работу па ліквідацыі непісьменнасці сярод насельніцтва. Уся моладзь,  хлопчыкі і дзяўчынкі сталі наведваць школу. Сялянскія дзеці імкнуліся да ведаў.

         У 1932 годзе ў школе быў адкрыты 5 клас. Школа стала  сямігодкай. Першым дырэктарам школы была Маісеенка Ганна Сямёнаўна. У 1935 годзе ва ўрачыстай абстаноўцы школа адзначыла свой першы выпуск.

Каля 200 навучэнцаў скончылі Хізаўскую сямігодку ў даваенны час. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, у час абстрэлу гітлераўцамі вёскі Хізаў памяшканне школы сгарэла. Настаўнікі пайшлі на фронт, а якія засталіся – не спыніліся перад ворагам. Яны распаўсюджвалі сярод насельніцтва змест лістовак, працавалі сувязнымі партызан. У час вайны геройскі загінулі былыя настаўнікі школы: Максіменка Ганна, Васіленка Мікалай, Патапенка Фёдар, Макараў Іван, Хрыпуноў Андрэй, Акуленка Васіль, Выдранкова Антаніна, Маруценка Канстанцін, Цімохаў Сцяпан і многія іншыя.

          Першага верасня 1944 года ў школе аднавіліся заняткі. У 1963 годзе была пабудавана новая двухпавярховая школа, будаўніцтву якой шмат увагі ўдзяляў малады дырэктар школы Сяргеенка Іван Канстанцінавіч.

1968 год – гэта памятны год гісторыі школы. 25 мая 1968 года ўрачыста празвінеў апошні званок першага выпуска ўжо сярэдняй Хізаўскай школы.

         За кругавод існавання школа выхавала не адно пакаленне людзей, якія сёння – сучаснасць і будучае нашай вёскі Хізаў. Працавітасць, узаемадапамога, бескарыслівасць, сумленнасць, самапавага перадаюцца па эстафеце ад дзядоў да ўнукаў.

         Шпакавы  бярэзнік --    лес на  захадзе вёскі Хізаў, атрымаў  назву  ў гонар  жыхара,  якога  ў  вёсцы  называлі   “ Шпак “ .

         Штапы – месца былога  хутара  на захад ад вёскі Пасека – Слабодка.

         Яменскі  -  бярозавы  лес вёскі Пятравічы,  атрымаў  назву  ад  назвы  вёскі  Ямнае.

Янінкавае  поле – поле на  захад ад  вёскі  Пятравічы, атрымала  назву  ад  імя  жыхаркі , якая  жыла  на ўскраіне  вёскі.

 ДАДАТАК 1.

Назвы Ворнаўшчыны ў легендах і паданнях

Паданне аб урочышчы Грэнск

         Гэта было вельмі даўно, яшчэ тады, калі нашымі землямі завалодала Расія. Правіла тады імператрыца Кацярына ІІ Вялікая.

         Атрымаўшы нашы землі і шмат новых падданых, імператрыца пажадала агледзіць новыя свае ўладанні. Адправілася ў сваё падарожжа ўладарка на багатай і прыгожай залатой карэце. Ехала яна праз Карму, дзе вырашыла спыніцца, каб адпачыць і пакарміць коней. Далей рушыла праз нашу Ворнаўку ў напрамку на Чачэрск. А ехала па Старому Шляху (так у народзе называюць старую грунтовую дарогу, якая вядзе ў напрамку Чачэрска). Цяпер жа, калі пабудавалі новую шашу, па Старым Шляху ходзяць толькі мясцовыя жыхары.

         Дык вось, ехала Кацярына, было цёмна, ішоў дождж, дарогу размыла, імператрыца са ваёй світай і заблукала. Патрапіла яна на Грэнск, дзе было балота, моцна гразка. Карэта і загразла. А калі яе штурхалі і цягнулі з балота, ад карэты залатое кола і адвалілася. Неўзабаве яно патанула.

         Адным словам, намаялася Кацярына тады. Неўзабаве адправілася далей. А памяць пасля сябе пакінула. Тое залатое кола. Яно стала надзеяй на жыццё ў дастатку многіх  нашых людзей. Колькі яго не шукалі, усё навокал, што можна толькі было, перакапалі, а кола так і не знайшлі.

Версіі  (мясцовыя паданні) пра паходжанне назвы вёскі Ворнаўка 

      Паданне першае. У гэтай мясцовасці некалі квітнела канакрадства. З двароў мясцовых жыхароў часта ўводзілі коней і кароў. Каб  заблытаць сляды, скрадзены скот “абувалі ў лапці”. Ад “вароў”, “вараўства” (крадзяжу) сталі называць гэтае месца “Варанаўшчызна”, “Варанаўшызна”, “Ворнаўка”.

Паданне другое. Некалі на шляху падарожнікаў тут, у нашай мясцовасці стаяла старое, вялікае, разгалістае дрэва. Яно стаяла на некаторым узвышэнні, што яго было добра відаць здаля. На тым дрэве было шмат гнёздаў і жыло шмат варон, якія і сустракалі людзей, што праязджалі паўз гэтую мясціну, сваім гучным і шматгалосым карканнем. Дрэва было настолькі прыкметна здалёк, што з часам стала служыць арыентырам для падарожных, што кіравалі па Старым Шляху (мясцовая дарога) ў Чачэрск і далей – у Гомлю. Паступова вакол дрэва сталі сяліцца людзі, затым з’явілася і паселішча, якое і назвалі “Варанаўшчызна”. Так і казалі: “А дзе гэта? Дык гэта там, дзе Варанаўшчызна! Там,дзе стаіць вялікае дрэва, дзе шмат варон ”.

Паданне трэцяе. Некалі даўным - даўно тут жыў чалавек па прозвішчу ці імені Воран. Землі, якімі ці то валодаў, ці якія апрацоўваў ён і яго дзеці, нашчадкі пазней сталі называць “Воранаўшчынай” ці “Варанаўшчынай”.

Паданне чацвёртае.  У даўнія часы тут былі непраходныя і густыя лясы. І вось калі на гэтай зямлі сталі сяліцца сярод гэтых гушчароў людзі, сапраўдныя гаспадары, сталі апрацоўваць, араць зямлю. А калі ішлі падарожныя, то ім адкрываўся від ворыва, ворнай зямлі (зямлі, вызваленай з-пад лесу пад ворыва). Здаўна тут у нас людзі аралі зямлю, займаліся земляробствам. Ад слова  “араць”, “ворыва” і пайшла назва “Ворнаўка”.

Паданне аб паходжанні вёскі Енцы

Гэта было ў часы вайны са шведамі. Рускія войскі на чале з царом Пятром І разбілі корпус шведаў у бітве пад Лясной, што на Прапойшчыне (сучасны Слаўгарадскі раён). Шведскі камандуючы аддаў загад адступаць астаткам корпуса, прабірацца на злучэнне да караля Карла ХІІ на Украіну. Адыходзілі яны ўздоўж ракі Сож, акурат па нашай мясцовасці, па якой праходзіла старая дарога. Але рускія хутка маглі нагнаць уцекачоў. І тады было вырашана пакінуць параненых воінаў, пакуль тыя залечаць свае раны, а астатнім рухацца далей. Так параненыя шведы засталіся у нашых мясцінах. Ім было так балюча, што яны моцна енчылі. Гэты енк быў чуцен у наваколлі. А мясціну, дзе быў чуцен енк параненых шведаў, сталі называць Енцы.

Легенда аб паходжанні Кармы

…На месцы, дзе цяпер Карма некалі адбылася катастрофа. Зямля разверзлася і пачаўся вялікі патоп. Хутка ўсё патанула, утварылася вялікае возера, берагоў якога было  не відаць. Пасярод вады віднелася (тырчала з вады) карма карабля. Калі вада сышла і тут зноў сталі сяліцца людзі, насельнікі сталі гэтую мясцовасць называць  “Карма”. У адным месцы засталося толькі балота, якое называюць Карабельным…”. 

З падання пра Дзявочы Роў

… у час нападзення на мясцовых жыхароў татараў ад іх уцякала адна дзяўчына. Татары гналіся за ёй, усё больш і больш насцігаючы яе. Калі хцівыя ворагі вось-вось ужо маглі б дагнаць дзяўчыну, яна стала маліцца Богу, просячы Госпада, каб разверзлася Зямля і праглынула яе – лепш так, толькі б не патрапіць у рукі брудных чужынцаў. І тут нечакана зямля разверзлася, з’явіўся роў, ён напоўніўся вадой і праглынуў дзяўчыну. Так узнікла рака, якая называецца: “Дзявочы роў”.

З Легенды аб рацэ Сож

Было гэта даўненька, калі яшчэ божыя святыя (у нас іх імёны не называюцца, а вось на Веткаўшчыне ў падобным паданні, напрыклад, гэта – Кузьма і Дзям’ян) працавалі каля аднаго возера кавалямі. Калі змей зноў прыйшоў за чалавечай ахвярай, яны пайшлі на хітрасць: папрасілі змея высунуць язык, каб пасадзіць туды чалавека. Даверлівая, але глупая, істота выканала просьбу, а тыя ўхапілі змяіны язык кавальскімі, раскаленымі да чырвані, шчыпцамі. Ад болю гад стаў скавытаць, брыкацца, але пасля таго, як на яго накінулі хамут, які аказалася немагчыма скінуць. Святыя кавалі запрэглі змяюку ў плуг. Так змей пацягнуў гэты плуг і пракапаў вялікую і шырокую баразну. Возера не вытрымала і лопнула, адкуль і нацякло вады ў гэты роў… Так з’явіўся наш Сож. (Паволе аповяда Шутовай Марфы Калінаўны, ураджэнкі в. Струмень, 1921 г. н., Варганавым Валерыем у 1994 г.).

 

 

ДАДАТАК 2

 

Карта Кармянскага раёна

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Прынятыя скарачэнні:

К. р-н – Кармянскі раён

аг. - аграгарадок

с/c. – сельскі cавет

в.  – вёска

п. – пасёлак

вул. – вуліца

завул. - завулак

р. – рака

руч. – ручай

воз. – возера

ур. – урочышча

попл. – поплаў

зат. – затока

бал. – балота

заб. – забока

зат. – затока