28-07-2015

 ТАПАНІМІЧНЫ СЛОЎНІК Г.П.КАРМА

 Г.п.Карма - назва раённага цэнтра ў Гомельскай вобласці. Існуе некалькі версій паходжання гэтай назвы. Па першай версіі, гэты ўласны назоўнік  паходзіць    ад  агульнага “карма” (задняя частка карабля, лодкі). Старажылы гавораць, што побач з вёскай Струмень Кармянскага раёна,  якая знаходзіцца на беразе ракі Сож, ёсць карабельнае  балота, у якім  нібыта знаходзяцца рэшткі старажытных чоўнаў і лодак. Некалі па берагах Сожа раслі гіганцкія карабельныя сосны, якія выкарыстоўваліся для будаўніцтва транспартных сродкаў для руху па вадзе.

Па другой версіі, назва пасёлка звязана з рэчкай Кармянкай. Адміністрацыйны цэнтр Карма  размешчаны на рацэ Сож пры ўпадзенні  ў яе ракі Кармянкі  ў 110 км. ад Гомеля. Гідронім  паходзіць  са старажытных часоў, мае праславянскія карані і можа быць растлумачаны з фіна-ўгорскага “курм”(заліў,вугал), “курна”(жолаб) ці “курма”(лавушка для рыбы).

Па трэцяй версіі, знакаміты падарожнік Афанасій Нікіцін  вяртаўся з хаджэння за тры моры, спыніўся тут на начлег у жыхароў (другая палова 15 стагоддзя) для адпачынку і кармлення не толькі падарожніка, але і жывёлы.

Па чацвертай версіі,  у  14-15 стагоддзях багатыя баяры набывалі права на атрыманне кармлення з вызначаных месцаў, якім з’яўлялася і Карма. Гэта права потым адмяніў рускі цар Іван Грозны.

Па пятай версіі, руская царыца нямецкага паходжання Кацярына 2 пракладвала шлях з Санкт  - Пецярбурга на поўдзень Расійскай Імперыі, аб’язджала свае вялікія ўладанні і спынялася ў мястэчку для “кармлення” сваіх коней, а потым праязджала далей у Чачэрск.  Яны ведалі  нецярплівы і своеасаблівы характар  сваёй гаспадыні. І,нарэшце, яшчэ адна версія, слова Карма паходзіць ад слова “кормлячы”,  што абазначае “рулявы”, той,  хто вядзе карабель,  “галоўны”, ”кормлячы  ўсіх”. У 13 стагоддзі на Русі існавалі кормчыя кнігі, зборнікі царкоўных і свецкіх законаў. Найбольш  верагоднымі лічацца першая і пятая версіі.    

Тапонім Карма вельмі распаўсюджаны ў Гомельскай вобласці. На тэрыторыі раёна знаходзіцца вёска з назвай  Вострая Карма. Карма ёсць і ў Буда-Кашалёўскім раёне, ёсць і Добрушская Карма, дзе знаходзяцца моцы Святога Іана. Добрушская Карма - месца паломніцтва праваслаўных хрысціян.Такі тапонім фіксуецца і ў Акцябрскім, Ельскім, Калінкавіцкім раёнах.

Упершыню Карма Кармянскага раёна ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах у 1563 годзе ў  “Прывілеі”  Караля  Жыгімонта 2  Аўгуста пры кіраванні рускага цара Івана Грознага ў 17 стагоддзі Карма Кармянскага раёна ўваходзіла ў склад ВКЛ. З 1772 года ў складзе Расійскай Імперыі  ўласнасць памешчыкаў Быкоўскіх. У 1919-1924 годах  яна знаходзілася ў складзе Гомельскай     губерніі  РСФСК, у 1924-1930 гадах – цэнтр Кармянскага раёна Магілёўскай губерніі, з 1938 года знаходзілася ў складзе Гомельскай вобласці. З 1924 уваходзіла ў склад БССР.  У 1962-1965 гадах знаходзілася ў складзе Рагачоўскага раёна, у 1965-1966 год у склад Чачэрскага раёна, у цяперашні  час - гэта раённы цэнтр Кармянскага раёна Гомельскай вобласці, у якім пражывае 6 тысяч жыхароў. Раён  утвораны 17 ліпеня 1924 года. Сцяг і герб Кармы і Кармянскага раёна зацверджаны Рашэннем №31 Кармянскага раённага Савета Дэпутатаў 22.09.2000 года. Герб унесены ў Гербавы матрыкул РБ 18.12.2000 года пад №45. На блакітным полі шчыта дзве срэбныя сабельныя эфесы,   пакладзеныя ў Андрэеўскі крыж.  Г.п.Карма пацярпеў  вялікія страты ад аварыі на Чарнобыльскай АС  у красавіку 1986 года: зменшылася колькасць жыхароў, скараціліся прадпрыемствы.  Зараз  на     тэрыторыі г.п. Карма знаходзіцца 82 вуліцы, у тапанімічных назвах якіх захавана гісторыя пасёлка.

Па сэнсаваму значэнню ўсе назвы вуліц і перавулкаў г.п. Карма можна падзяліць на  наступныя групы:

  1. Групы, якія адлюстроўваюць прыродныя ўмовы пасёлка – 14 вуліц.

  2. Назвы, якія звязаны з працоўнай дзейнасцю і сацыяльна –эканамічнымі ўмовамі жыцця  - 11 вуліц.

  3. Назвы, якія звязаны з імёнамі людзей – 20 вуліц.

  4. Назвы, якія звязаны  са знешнімі асаблівасцямі геаграфічнага аб’екта  - 2 вуліцы.

  5. Назвы, якія звязаны з воднымі аб’ектамі (гідронімамі) – 4 вуліцы.

  6. Назвы, якія звязаны з маральнымі асновамі і асаблівасцямі менталітэту беларускага народа – 6 вуліц.

  7. Назвы вуліц,  якія ўтварыліся ад тапонімаў, назваў пасяленняў – 8 вуліц.

  8. Назвы, якія звязаны з савецкім перыядам (1917 - 1991) у жыцці кармянцаў – 7 вуліц.

  9. Назвы, якія звязаны  са святамі – 5 вуліц.

  10.  Спартыўныя назвы – 2 вуліцы.

  11.  Назвы, якія звязаны з узроставымі асаблівасцямі людзей – 3 назвы.

  12.  Назвы рэлігійна –культавага значэння – 4 вуліцы.

Можна зрабіць выснову,  што кармянцы паважаюць  берагуць памяць сваіх герояў, занатаваных ў назвах вуліц і перавулкаў  (20),  любяць і захапляюцца прыродай Беларусі, сваёй малой і вялікай Радзімай  (14).

Па наступнай класіфікацыі (анамастыкі) можна ўявіць тыпалогію тапонімаў (назвы вуліц перавулкаў,  іншых геаграфічных а’бектаў)  г.п. Карма такім чынам:

 - ад’ ектонімы (прыметнікі, якія ўтварыліся ад тапонімаў):  вуліца Гомельская.

- віконімы (тапонім, уласнае імя любога  ўнутрывясковага аб’екта): Сырскае возера.

- гідронімы (тапонім,які звязаны з водным аб’ектам): вуліца  Рачная.

- гадонімы (від урбаноніма, які звязаны з лінейным аб’ектам): Кармянскі базар.

- двайны тапонім (складаецца з двух слоў): старыя могілкі, вуліца Новы праспект, Яўрэйскія могілкі.

- штучны тапонім (створаны ў выніку імя творчасці):  КСУП  “Кармянскі”.

- касмонімы ( вуліца Касманаўтаў).

- лімнонімы (назвы азёр): Сырскае возера.

- мемарыяльныя тапонімы (у памяць аб людзях і падзеях):  вуліца Першамайская, вуліца Балахонава.

- мікратапонімы (уласнае імя прыроднага аб’екта,якое мае вузкую сферу ўжывання) -   Сожская прыстань.

 - назва - арыенцір (утворанага спалучэннем прыназоўніка і назоўніка): паміж Кармой і Куракаўшчынай, за бальніцай, за школай,на аэрадроме.

- айконім (назва любога паселішча): Карма.

- акдтапонімы (назва жыхароў,па назве месца жыхарства):  сырчане, куракаўцы.

- пасіўны тапонім (тапонім, які ўказвае на прыналежнасць яго ўладальніку):  Міхалева крыніца.

- тапонім (уласная імя рэчкі): Кармянка,Сож.

- урбанонім (уласнае імя ўнутры гарадской прасторы): парк у памяць пра Чарнобыль.

- эклезіонім (уласнае імя, месца пакланення любой рэлігіі):  Царква Святога Мікалая.

- эргонім (уласнае імя дзелавога аб’яднання людзей, установы, прадпрыемства і гэтак далей):  фабрыка” Чырвоны Кастрычнік”, “Гомельлён”, КЖПУП “Карма”

-         агнатапонім (тапонім,які ўтвораны ад імя святога):  Царква Святога Мікалая.

Тапанамастычная прастора  г.п. Корма і яго наваколля  досыць разнастайная і шматгранная. Гэта дапамагае адрозніць адзін аб’ект геаграфічны  ад другога , які спалучае ў сабе гістарычныя звесткі, звычаі жыхароў, любоў і павагу да роднага краю, яго мінулага і сучаснага. Кожнае пакаленне папаўняе дадзеную прастору новымі імёнамі ў суаднесенасці са сваім бачаннем свету.

Гомельская - вуліца ў г.п. Карма, гэта назва адносіцца да ад’ектонімаў, утворанага ад тапоніма Гомель, так як па гэтай вуліцы пралягала аўтамабільная дарога, якая вяла ў абласны горад Гомель, узнікла назва ў трыццатыя гады  дваццатага стагоддзя. На гэтай вуліцы размешчаны магазіны, жылыя дамы, раённая бальніца, рэшткі старой царквы, курган, мост праз раку Кармянка, Кармянскія раённыя электрычныя сеткі. Вуліца Гомельская - гэта працяг вуліцы імя Ільюшчанка.

Гомельскі  перавулак размешчаны побач вуліцай Гомельскай. Дружба - вуліца ў весцы Куракаўшчына, якая ўзнікла ў савецкі час, уваходзіць ў склад г.п. Карма пасля далучэння бліжніх весак гарадскога пасёлка да тэрыторыі раённага цэнтра. Гэта здарылася ўжо ў дзясятыя гады дваццаць першага стагоддзя.  Назва паходзіць  ад слова “друг, дружыць”, рускамоўнага паходжання, на гэтай вуліцы жылі прадстаўнікі розных нацыянальнасцей былога Савецкага Саюза. Назва нясе глыбокі маральны і этычны сэнс, адносіцца да веконімаў .

        Алімпійская – вуліца, размешчаная на тэрыторыі вескі Сырск, якая ўваходзіць у склад г.п.Карма.

Вуліца Новая - ўзнікла ў 80-90-ыя гады 20 стагоддзя, якая названа ў гонар Алімпійскіх гульняў у Маскве ў1980 годзе. Жылыя дамы размясціліся на ёй, сучасныя, камфортныя, пражываюць у іх у асноўным людзі сярэдняга і маладога ўзросту. Гэта штучны тапонім у гонар вялікай падзеі, якая была ва ўсім свеце на слыху ў 80-ыя гады 20 стагоддзя. Лугавая – вуліца, размешчаная на  ўскраіне г.п.Карма на тэрыторыі вескі Куракаўшчына, вуліца адносна новая.  Назва паходзіць ад рускага слова “луг”. Вуліца размешчана на былой лугавой тэрыторыі, частка якой выкарыстоўваецца і сёння для выпасу жывёлы. Жыхары гэтай вуліцы карыстаюцца зручнымі прыроднымі ўмовамі для  ўтрымання дамашняй гаспадаркі. Луг - гэта   ўчастак,  які пакрыты травяністай расліннасцю. Вось і з’явілася такая назва вуліцы, якая звязана з прыроднымі ўмовамі пражывання і размяшчэння. Гэта веконім.

Заводская - вуліца, якая знаходзіцца ў весцы Сырск.  Атрымала сваю назву ад прадпрыемства, якое знаходзіцца на яе тэрыторыі, - спіртзавод.  У савецкі час саўгас “Кармянскі” славіўся на ўсю краіну сваёй  моцнай агародніцкай гаспадаркай, фарміраваў бюджэт Кармянскага раёна, працаваў з вялізным прыбыткам, ствараў і будаваў малыя заводы, цэхі па пераапрацоўцы агародніны і садавіны. На вуліцы Заводскай ў асноўным жылі працаўнікі гэтых прадпрыемстваў. Перавулак  Заводскі, размешчаны там  жа,  дзе вуліца Заводская . Узнікненне назвы Заводскай звязана з вытворчай дзейнасцю людзей. Гэта ўрбанонім.

Леніна - вуліца,  якая вядзе да сярэдняй школы №1 г.п.Карма. Вуліца невялікая, але вельмі людная, так як па ёй штодзённа праходзіць каля тысячы школьнікаў, настаўнікаў і іншых жыхароў Кармы і Кармянскага раёна. У любы дзённы час сутак на ёй можна сустрэць вучня ці настаўніка. Названа ў гонар У.І.Леніна, першага кіраўніка Савецкай дзяржавы, яшчэ ў 30-е гады дваццатага стагоддзя. І нават у час бума ачарнення забыцця вялікіх заваёў Кастрычніцкай рвалюцыі 1917 года і Савецкай улады яна не была перайменавана. Кармянцы не дазволілі гэта зрабіць. Гісторыя ёсць гісторыя, яе не перапішаш і вельмі шмат пралілося чалавечай крыві, каб вось так забыць і выкрасліць. Праўда, гэту вуліцу яшчэ звалі Банная. Так як на ёй адвеку знаходзілася лазня. Некалі ў Карме не было вадаправодаў, уласных ваннаў, і лазня была ледзь  не адзінай крыніцай чысціні і гігіены.Тут заўсёда была чарга тых, хто жадаў папарыцца бярозавым венікам, пагаварыць, нават рашыць некаторыя праблемы, папляткарыць, абмяняцца поглядам, даведацца аб кармянскіх навінах. Гэта было месца не толькі для прыняцця душа, але і месца цікавых сустрэч. У цяперашні час лазня знаходзіцца ў сучасным  добраўпарадкаваным будынку, з саўнай, басейнам, на вуліцы Абатурава. Але старажылы гарадскога пасёлка памятаюць лазню на вуліцы Леніна.  Леніна - перавулак, які прылягае да вуліцы Леніна.

Балахонава -  вуліца, размешчаная супраць будынка РАУС, названая ў гонар капітана міліцыі І. Балахонава, выхадца Кармянскага раёна, які працаваў у крымінальным вышуку у Добрушскім, Рэчыцкім, Рагачоўскім, Кармянскім і Чачэрскім раёнах. Загінаў пры выкананні службовых абавязкаў 5 лютага 1966 года пры затрыманні парушальніка закону. Яму было 32 гады. Яго імя ўшанавана на мемарыянальных дошках на будынках РАУС Кармянскага і Чачэрскага раёна. Так паважаюць кармянцы памяць пра сваіх гераічных землякоў. Гэта геаграфічная назва адносіцца да антрапонімаў, якіх у г.п.Карма вельмі шмат. Жыхары Кармы любяць называць вуліцы, па якім штодзень ходзяць на працу, у школу, у дзіцячы сад, у магазіны, імёнамі сваіх знакамітых землякоў. І іх называюць скарочана, ласкава, проста - Балахонава, Давыдзенка, Малайчука і г.д. І ўсім жыхарам зразумела,  пра што ці пра каго ідзе размова, так разумеюць штодзённа і штохвілінна кармянцы тых, хто аддаў жыццё за іх шчасце, здароўе і мір.

Ільюшчанка - вуліца цэнтральная, яна цягнецца ад вуліцы Рагачоўскай і пераходзіць у вуліцу Гомельскую. Названа ў гонар міліцыянера І.А.Ільюшчанка, які ўжо пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ўваходзіць у склад  Валасной міліцыі. Ён загінуў, калі ўдзельнічаў у прыгнечанні контррэвалюцыйнага мяцяжу на тэрыторыі г.п.Карма ў 1919 годзе. Былі забіты на месцы міліцыянеры І.А.Ільюшчанка, І.Г.Абатураў і Ф.М.Давыдзенка. Так у пасёлку з’явілася вуліца Ільюшчанка яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны, якую правільна б было назваць вуліцай імя І.А.Ільюшчанка. У гонар подзвігу міліцыянераў у скверы каля раённага Дома культуры ўстаноўлены помнік. Гэты сціплы абеліск знаходзіцца таксама на вуліцы Ільюшчанка. Тут кожны год 7 лістапада жыхары г.п.Карма збіраюцца для ўдзелу ў  мітынгу па ўвекавечванню памяці першых змагароў за Савецкую ўладу. На вуліцы знаходзіцца Дом Саветаў, Дом дзіцячай творчасці, базар, магазіны і іншыя важныя ўстановы і арганізацыя Кармянскага раёна. Адносіцца да антрапонімаў (па ўласнаму імені чалавека).

Малайчука - вуліца, якая знаходзіцца недалёка ад будынка РАУС, перад ракой Кармянкай, названа ў гонар нашага земляка М.Ф.Малайчука  Па адукацыі юрыст, працаваў у крымінальным вышуку, старэйшы лейтэнант міліцыі. Загінуў пры затрыманні небяспечнага злачынца  17 лютага 1965 года. Яму было 29 год, пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Яго імя ўвекавечана на мемарыяльнай дошцы Кармянскага РАУС.

Зайцава вул. - вуліца імя Зайцава Івана Сцяпанавіча (09.10.1926-16.04.1945) выхадзец Гомельскай вобласці, вёскі Чонкі, Героя Савецкага Саюза, які паўтарыў подзвіг Аляксандра Матросава, які закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота.Гэта вуліца знаходзіцца ў центры г.п.Карма, недалёка ад будынка раённага выканаўчага камітэта. Вуліца зялёная, невялікая, перасякаецца з вуліцай Школьнай. На гэтай вуліцы знаходзяцца Кармянскі філіял №2  ААТ “Рэчыцкі тэкстыль”, шматпавярховыя дамы адсутнічаюць, на ёй размешчаны толькі аднапавярховыя драўляныя  ўласныя пабудовы.

Зайцава зав. – завулак, аднайменны, які прымыкае да вуліцы Зайцава.

Iнтэрнацыянальная вул. - вуліца, якая размешчаная ў вёсцы Сырск,  з 2007 года ўваходзіць у склад гарадскога пасёлка. Гэта назва ўзнікла  не зусім даўно, у савецкі час, калі інтэрнацыяналізм з’яўляўся часткай грамадскай свядомасці і быў ва ўсіх на слыху. Без выкарыстання гэтага слова не абыходзіўся ні адзін мітынг, ні адзін сход ці грамадскае мерапрыемства. Такія назвы інтэнсіўна выкарыстоўваюцца пасля 1917 года і нясуць ідэалагічны характар. Такая назва ў савецкі час карыстаецца папулярнасцю, лінейных аб’ектаў з дадзенымі назвамі з’яўлялася ўсё больш. У наш час такія урбанонімы не менш папулярны.

Зарэчная вул. - вуліца, якая размешчана на заходняй ускраіне г.п. Карма, назва па месцу размяшчэння вуліцы, каля ракі Кармянкі, адносна прыроднага аб’екта. Вуліцы з такімі назвамі ёсць у розных гарадах Беларусі (Магілёў, Гродна). У назве заключаны прызнак, які апісвае месцазнаходжанне лінейнага аб’екта. Ён падкрэслівае сувязь назвы вуліцы з іншымі аб’ектамі. Гэта урбанонім.

Новая вул. - вуліца, якая характарызуе лінейны аб’ект з пункту погляду часу існавання ці ўзросту. Гэта гадонім. Назвы вуліц,  у якіх уключаны марфемы нов і стар  у інвентарах беларускіх гарадоў з 18 стагоддзя. Такія назвы вуліц ёсць у Віцебску, Мінску і іншых гарадах. Звычайна яны заключаюць “бікарную” апазіцыю новая і старая. Але ў г.п. Карма вуліца, якая ўключала б у назву слова “старая” не знойдзена. Мабыць, з-за невялікай тэрыторыі, якую займае раённы цэнтр, няма неабходнасці проціпастаўляць назвы вуліц. Але назва вуліцы Новая страціла свай першапачатковы сэнс, таму што гэты аб’ект даўно ператварыўся ў стары. У г.п. Карма ёсць яшчэ такія назвы: Старая Зенькавіна і Новая Зенькавіна. Гэтыя антонімы ўжо напрамую звязаны з часам з’яўлення дадзеных аб’ектаў.

Фрунзе вул. – вуліца, якая размешчана на паўднёвай частцы г.п. Карма. У населеных пунктах усходняй зоны Беларусі сустракаюцца часта вуліцы, якія названы  ў гонар палітычных дзеячаў, кіраўнікоў пралетарыяту, герояў Кастрычніцкай рэвалюцыі, тых, хто змагаўся за ўладу Саветаў у Беларусі, герояў грамадзянскай вайны. у тым ліку мясцовых чырвоных палкаводцаў і камандзіраў. У раённым цэнтры Карма такіх назваў шмат. Частка назваў, якія ўтварыліся ад асабовых назваў, дастаткова высокая. І дыяпазон імёнаў  асоб, якія ўваходзяць у урбанонію, пастаянна ўзрастае. Мяркуюць, што гэта назва з’явілася ў 30-я гады прошлага стагоддзя. Міхаіл Фрунзе быў галоўным міліцыянерам у Беларусі і стаяў на чале стварэння савецкай міліцыі, у тым ліку і беларускай. Згодна гістарычным дакументам  М.В. Фрунзе 4 сакавіка 1917 года прызначаны часовым начальнікам міліцыі Усерасійскага земскага саюза па ахове парадка ў горадзе Мінску.Так гэта найменне ўвайшло ў жыццё пасёлка і служыць яму ўжо некалькі дзясяткаў год, вызначаючы ідэалагічныя і палітычныя арыенціры, сцвярджаючы тым самым сацыяльны склад. Сёння гэты урбанонім вядомы кожнаму кармянцу. Але не ўсе могуць адказаць на пытанне: “Хто такі Фрунзе  і чаму так названа вуліца?”  У асноўным растлумачыць сэнс назвы могуць людзі старэйшага пакалення. А для іншых – гэта слова, якое  лёгка вымаўляецца, гучнае, кароткае і выразнае слова, якое не патрабуе асобага напружання пры запамінанні і вымаўленні.

Свабоды вул. - вуліца ў цэнтры г.п.Карма, адносна новая вуліца.  Гадонім. Названа у  гонар перамогі ў Вялікую Айчынную вайну 1941-1945 гады. Гэта невялікая вуліца перакрыжоўваецца з вуліцай Савецкай. У г.п.Карма ёсць і плошча з такой жа назвай.

Савецкая вул. - вуліца, якая ўзнікла ў 80-ыя гады мінулага стагоддзя  Знаходзіцца недалёка ад былога аэрадрома, на месцы якога ўзведзены будынак школы №2.  Аэрадром  не стаў дзейнічаць і існаваць у 70-ыя гады  20 стагоддзя, застаўся  толькі адзін будынак, у якім знаходзіліся білетныя касы і адміністрацыя аэрадрома. У гэтым будынку зараз размясцілася праваслаўная царква святога Мікалая Чудатворца. Назва вуліцы Савецкай адносіцца да часоў існавання Савецкага Саюза. Адну з галоўных роляў у жыцці народа ў гэты час адыгрывалі Саветы народных дэпутатаў.

Кастрычніцкая вул. - вуліца, названая ў гонар Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года, якая ператварыла невялікае мястэчка Карма ў добраўпарадкаванае  паселішча гарадскога тыпу. Прынцып намінацыі ўнутрыгарадскіх аб’ектаў па сувязі з разуменнем савецкай эпохі было вельмі папулярнае ў пасёлку.  А такая гістарычная падзея, як Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 года, пакінула свой след  у тапаніміцы многіх  гарадоў  і пасёлкаў   Беларусі. Гэтыя найменні вельмі шматлікія. Яны  з’ яўляюцца сімваламі  сацыялістычнай эпохі. Штучная намінацыя прывяла да таго, што адны і тыя ж назвы сустракаюцца ў дзясятках гарадоў краіны.

Паркавая вул. - вуліца, якая ўзнікла ў канцы 20 стагоддзя. Будынак школы №2 доўгі час заставаўся без адраса. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе супраць школы быў заложаны парк у памяць аб гэтай трагічнай падзеі. А вуліца, на якой размешчаны гэты парк,  атрымала назву Паркавая. Так школа № 2 набыла прапіску. Пакуль на гэтай вуліцы размешчаны два будынкі: школа і адзін уласны дом.

Палявая вул. - вуліца, паралельна вуліцы Паркавай. Некалі яе тэрыторыя належыла калгасу “Кармянскі”. І для сваіх спецыялістаў і паляводаў, рабочых дадзенае прадпрыемства пабудавала тут шэраг добраўпарадкаваных дамоў, якія і зараз маюць рэспектабельны выгляд.  І назвалі гэту вуліцу Палявой, таму што ў той час саўгас “Кармянскі” славіўся на ўсю краіну вытворчасцю садавіны і агародніны, быў вельмі эфектыўным, багатым сельскагаспадарчым прадпрыемствам. Яго рабочыя ў асноўным працавалі на пладародных землях і збіралі з палёў багатыя ўраджаі. Вуліца Палявая і перавулак  Палявы былі мяжой паміж г.п.Карма і вёскай Сырск. Сёння ўся тэрыторыя ўваходзіць ў склад раённага цэнтра.

Лясны  -  перавулак,  урбанонім,  без якога цяжка ўявіць наш пасёлак, таму што вакол яго шмат лясоў. Нашы продкі ведалі, дзе сяліцца: на беразе ракі, у цэнтры лясных угоддзяў.  Лес  даваў будаўнічы матэрыял, цяпло і выкарыстоўваўся для прыгатавання ежы. А ў ваенны час хаваў ад ворага, у гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Кармянскага раёна дыслацыравалася партызанская брыгада. У кармянцаў асобыя адносіны да лесу. Яны яго паважаюць і берагуць. Гэты перавулак невялікі, размешчаны на паўдневай ускраіне г.п.Карма.

Парэчаўка - так называлася тэрыторыя, размешчаная каля рэчкі Кармянка паміж г.п.Карма і вёскай Куракаўшчына, недалёка ад вуліц Краснаармейскай і Лугавой. Паходзіць ад слова “рака”. Некалі рэчка Кармянка была больш глыбокай, вясной моцна разлівалася, летам уваходзіла ў свае берагі. А месцы,якія заставаліся пасля разліва называлі “парэчаўкай”.      Тут была і лясная пасадка з кустамі. Сёння гэта найменне ўжываецца толькі старажыламі.

Поплаў - тэрыторыя пасля маста паміж пасёлкам і Куракаўшчынай. Гэта нізкае месца, тут  растуць кусты, шмат лугавой травы, вельмі распаўсюджаная назва для некаторых вясковых аб’ектаў Беларусі, узнікла ад слова “плаваць”. Вясной затапліваецца вадой, нельга прайсці, каб не замачыць ногі, летам высыхае, вада знікае. Узнікае меркаванне аб значэнні гэтай назвы:  “пасля плавання”. Летам утапае ў палявых кветках, з’ яўляецца густы кветкавы водар.

Валоўня - размешчана ў заходняй частцы вёскі Куракаўшчына. Гэта тэрыторыя, на якой дзейнічае жывёлаводчая ферма.Там знаходзяцца буйна рагаты скот. Назва ўзнікла ў 40-ыя гады мінулага стагоддзя, захавалася да сённяшняга дня. Узнікла ад слова “вол”(бык, які выкарыстоўваецца ў сельскагаспадарчых працах). Некалі на дадзенай ферме разводзілі і ўтрымлівалі быкоў. Іх там было не адзін дзясятак. Зараз утрымліваюць кароў асобай пароды, ферма  названа “Куракаўская”, але больш прывычная да мясцовых жыхароў называць ферму і тэрыторыю вакол яе “Валоўняй”.

Сярод мясцовых назваў сустракаюцца і сучасныя, яны таксама адлюстроўваюць гісторыю Кармянскага краю. Напрыклад, “Старая царква” – такую назву мясцовасць атрымала нездарма, тут і сапраўды знаходзяцца рэшткі цаглянай праваслаўнай царквы, пабудаванай у 1831 годзе ў гонар Святога Мікалая на сродкі адстаўнога лейб-гвардыі штабс капітана Міхаіла, сына Філіцыянава, і яго жонкі Кацярыны Пятроўны, дачкі Быкоўскіх. Аднак існуюць і больш раннія звесткі пра існаванне ў мястэчку Карма царквы. Напрыклад, у “Топографических примечаниях на знатнейшие места путешествия Ея императорского величества в белорусские наместничества” (маецца на ўвазе Кацярыны II), складзеных у 1780 годзе, адзначаецца, што ў Карме Рагачоўскага павета існавала ўніяцкая царква (хутчэй за ўсё, на яе месцы ў 1831 годзе была пабудавана праваслаўная царква з цэглы). На жаль ,лёс гэтай “старой царквы” вельмі трагічны. У савецкі час у ёй размяшчаліся клуб, склад, хлебазавод, потым будынак быў пашкоджаны пажарам і больш не аднаўляўся. Сваю ролю адыграў і час, які таксама не пашкадаваў пабудову. Зараз у Карме ёсць малітоўны дом, а побач з ім закладзены будынак новай царквы.

Ёсць у Карме і яшчэ адна назва, аднак звязана яна з трагічнымі часамі Вялікай Айчыннай вайны. Мясцовыя называюць гэта месца “жыдоўскі роў”. Размешчаны ён зараз у межах населенага пункту, а ў гады вайны гэта былі ўскраіны. Менавіта тут 8 лістапада 1941 года нямецка-фашысцкія захопнікі расстралялі, па адных звестках 700, па другіх – 1500 чалавек мясцовых яўрэяў, якія ўтрымліваліся ў гета (у Карме іх было два – мужчынскае і жаночае (сучасныя вуліцы Абатурава і Школьная)). Да гэтага часу мясцовыя жыхары кажуць, што на гэтым месцы “шавеліцца” зямля. Шмат хто абыходзяць гэта месца бокам, баючыся патрывожыць душы забітых тут яўрэяў.

Карма – аб паходжанні назвы распаўсюджаны самыя розныя легенды. У адной з іх сцвярджаецца, што раней гэтыя мясціны былі шматводнымі і людзі займаліся караблебудаваннем. Як бы ў пацвярджэнне гэтай легенды выступае той факт, што недалёка ад Кармы, каля вёскі Валынцы, ёсць балота пад назвай Караблінае. А чаму так называецца? Мясцовае насельніцтва дае два адказы. Першы, таму што яшчэ ў Пятроўскую эпоху тут раслі высокія, стройныя сосны, якія і спатрэбіліся цару Пятру I дзеля таго, каб пабудаваць флатылію. Сосны дастаўлялі ў Пецярбург, дзе з іх будавалі караблі. Аднак ёсць адно “але”! У пачатку XVIII стагоддзя (час праўлення Пятра I) землі Кармяншчыны ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. Другі адказ, таму што ў гэтым балоце і сапраўды знайшлі рэшткі старажытнага карабля. Аднак, на мой погляд, і гэты факт з’яўляецца толькі легендай. Таму што ад Караблінага балота да Кармы адлегласць некалькі  кіламетраў. І тады, чаму менавіта гэта балота не носіць назву “Карма”?

Некаторыя мясцовыя гісторыкі і краязнаўцы прытрымліваюцца думкі, што назва “Карма” пайшла з таго часу, калі на поўдзень праз гэтыя землі быў пракладзены шлях, па якім праязджала імператрыца Кацярына II і спынялася тут на “кармленне” і адпачынак. Аднак і гэта легенда не мае права быць навуковым фактам. Справа ў тым, што Карма ўпершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1509 годзе (раней за Кацярыненскую эпоху больш за 200 год).

Таксама існуе версія аб тым, што ў XIV – XVI стагоддзях княжацкія слугі і багатыя баяры атрымлівалі ад князя права збіраць “кармы” (атрымліваць кармленне) – натуральны падатак. Гэты збор займаў шмат часу, а таму па яго заканчэнні назначаліся месцы іх збору. Відаць Карма і стала такім пунктам збору.

Аднак найбольш верагодна, што назва населенага пункту Карма паходзіць ад назвы рачулкі Кармянка, якая і зараз працякае праз Карму. Аб паходжанні назвы гэтай рэчкі, мясцовае насельніцтва кажа, што калісьці гэта рачулка была паўнаводнай і глыбокай, не такой як зараз (па ёй нават плавалі на лодках). Тут вадзілася шмат рыбы, якую людзі лавілі і выкарыстоўвалі для ежы. Менавіта ад таго, што Кармянка “карміла” тутэйшых жыхароў і пайшла назва рэчкі. Але гэта толькі легенда і згаджацца з ёй ці не – права кожнага з нас. Назва “Кармянка” мае больш глыбокія карані і ніяк не звязана з “кармленнем.

Зусім нядаўна каля Кармы знаходзілася вёска з цікавай назвай Сырск (зараз яна ўваходзіць у межы населенага пункту Карма). Гэту назву таксама тлумачаць па-рознаму. Некаторыя мясцовыя жыхары звязваюць яе паходжанне з сырам (малочны прадукт), які нашы продкі выраблялі і гэтым славіліся ў акрузе. Другія кажуць, што “Сырск” паходзіць ад слова “сыры”, “вільготны” – значыць мясцовасць падвяргалася частаму падтапленню. Калі прыняць да ўвагі, што праз Сырск працякае рэчка Кармянка, якая калісьці была паўнаводнай, то і версія гэта гучыць боль праўдападобна. Акрамя таго, у Сырску размешчаны некалькі сажалак і возера.

Ёсць непадалёку ад Кармы невялікія азярыны – “старыкі”, дык вось, адна з іх носіць назву “Жыдоўка”. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што назва гэта звязана з трагічнай падзеяй. Адной цёмнай летняй ноччу, непадалёку ад гэтай азярыны, была згвалтавана дзяўчына, іўдзейка па веравызнанні (“жыдоўка”). І каб схаваць сляды свайго ліхадзейства, гвалтаўнікі ўтапілі няшчасную.

Паміж вёскамі Навасёлкі і Куракаўшчына (апошняя зараз уваходзіць у склад Кармы) знаходзіцца верхавое балота пад назвай “Мох”. Доўгія гады ў перадваенны час, ды і пазней, людзі, калі будавалі свае хаты і гаспадарчыя пабудовы, ездзілі туды, каб нарыхтаваць мох, які выкарыстоўваўся для ўцяплення пабудоў.

З балота “Мох” пачынае свой шлях маленькі ручай, які пасля ўпадае ў рэчку Кармянка. Берагі гэтага ручая густа параслі алешнікам. Гэта вузкая паласа алешніку чамусьці атрымала назву “Парычаўка” (або “Парэчаўка”). Існуе некалькі версій паходжання гэтай назвы. Першая, таму што алешнік расце ўздоўж ручая – рэчкі – “па рэчке”. Другая версія сцвярджае, што па берагах нізіны, па якой цячэ ручэй, з боку вёскі Куракаўшчына сустракалася шмат кустоў парэчкі. Трэцяя версія такая, у вільготныя часы года, напрыклад, восенню, часта здараюцца туманы. Туман з’яўляецца ў нізінах. Туман – гэта “пары вады”, таму і “Парычаўка”.

Тапанімічны слоўнік в. Сырск.

Сырск (русск.Сырск) - вёска, 30 лістапада 2007 ўключана ў склад гарадскога пасёлка Карма, да гэтага ў складзе Кароцькаўскага сельсавета Кармянскага раёнаГомельскай вобласці Беларусі.

Побач з заходняй ускраінай Кармы, у 55 км ад чыгуначнай станцыі Рагачоў (на лініі Магілёў - Жлобін), у 110 км ад Гомеля.

Транспартныя сувязі па аўтадарогах, якія ідуць з Кармы. План вескі складаецца з 2 прамалінейных, параллельных паміж сабой вуліц, злучаных завулкамі. Да паўночнай вуліцы далучаюцца з поўначы 2 кароткія вуліцы (Завадская, Сялянская).Забудавана  з двух бакоў, пераважна драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу.

в.Сырск - у свой час славілася сваімі сырамі. Вёску сыраробаў так і назвалі - Сырск.

Паводле пісьмовых крыніц, вядомая з XVIII стагоддзя як вёска ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) у складзе Расійскай імперыі. Паводле рэвізіі 1816 ўласнасць казны. У 1858 ў валоданні памешчыцы П. Ф. Дзерналовіч.

. З 1880-х гадоў дзейнічаў хлебазапасны магазін. Паводле перапісу 1897 году дзейнічалі хлебазапасная крама, 2 ветряныя млыны, крупадзёрка, карчма. У 1909 годзе 606 дзесяцін зямлі.

У 1930 годзе арганізаваны калгас імя С. М. Будзёнага, працавалі:вятрак, гамарня, санна-калёсная майстэрня. У 1966 годзе да вёскі далучана суседняя вёска Майстравая Слабада. У складзе калгаса «Перамога» (цэнтр - вёска Новая Зенькавіна).

Дынаміка колькасці насельніцтва:

• 1858 - 42 двары, 317 жыхароў.

• 1897 год - 63 двары, 443 жыхара (паводле перапісу).

• 1909 - 81 двор, 592 жыхары.

• 1959 - 609 жыхароў (паводле перапісу).

• 2004 - 220 гаспадарак, 486 жыхароў.

Ракой Кармянкай в. Сырск дзеліцца на дзве часткі.

 Вялікі Бок - участак, бліжэй да Кармы

-малы бок ці Майстравая Слабодка–частка вёскі  за ракой.Кармянкай.

 Бычане - так называлі жыхары Сырска жыхароў з другога берага ракі Кармянкі.

 Кармянка - рака ў Кармянскім раёне Гомельскай вобласці, правы прыток ракі Сож (бассейн Дняпра). Даўжыня 14 км.

 Балацянка– невялікае  балотца, у 0,5 км. На паўднёвым  усходзе ад вёскі.

 Брод– месца пераправы праз р. Кармянку, знаходзіцца ў 100м на захад ад сучаснага Сырскага маста праз р. Кармянка.

 Железны Мост - месца, дзе раней стаяўжалезны мост праз р. Кармянка, у 50 м на захад ад сучаснага  маста.

 Кар’еры – некалькі катлаванаў, запоўненых вадой, дзе раней вялася   здабыча торфу, знаходзяцца ў 1,5 км.на поўнач ад вёскі.

 Крыніца - месца, дзе раней была крынічка, знаходзіцца ў 300 м. на захад ад сучаснага сырскага маста праз р. Кармянку.

 Салдацкая Могілка - месца, дзе па словах старажылаў, пад час Вялікай Айчыннай  вайны расстраляны чырвонаармеец, знаходзіцца ў 100 м. на ўсход ад сырскага  маста праз р. Кармянка.

 Старыя Могілкі - месца,  на паўднёвай ускраіне вёскі.

          Сырскае возера - возера, размешчанае на паўночна-ўсходняй ускраіне вёскі.

 Лашчына - яр, які праходзіць па паўднёвай ускраіне вёскі.

Тапанімічны слоўнік в. Куракаўшчына

 Куракаўшчына (русск.Кураковщина) - вёска, 30 лістападзе 2007 года ўключана ў склад гарадскога пасёлка Карма, да гэтага ў складзе Кароць каўскага  сельсавета Кармянскага раёна Гомельскай вобласці Беларусі.

Размяшчэнне:

У 1 км на поўдзень ад Кармы, у 56 км ад чыгуначнай станцыі Рагачоў (на лініі Магілёў - Жлобін), у 109 км ад Гомеля.

На рацэ Кармянка (прыток ракі Сож).

Транспартныя сувязі па аўтадарогах, якія адыходзяць ад Кармы. План складаецца з доўгай амаль шыротнай арыентацыі вуліцы з завулкамі. Забудова двухбаковая , пераважна драўляныя дамы сядзібнага  тыпу.

Паводле пісьмовых крыніц, вядомая з пачатку XIX стагоддзя як вёска ў Рагачоўскім павеце Магілёўскай губерні. З 1859 года ў складзе маёнтка Карма, валоданне памешчыка М. Ф. Быкоўскага. У 1880-я гады адкрыта х лебазапасная крама. У 1909 годзе 426 дзесяцін зямлі, у Кармянскай воласці.

З 20 жніўня 1924 да 19 верасня 1963 г. Цэнтр Куракаўскага сельсавета Кармянскага раёна Магілёўскай (да 26 ліпеня 1930 г.) акругі, з 20 лютага 1938 г. Гомельскай вобласці. Побач знаходзіўся саўгас імя П. Л. Войкава. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Чырвоны Кастрычнік», працавалі вінзавод (з 1919 года), гамарня (з 1925 года), масласырзавод (з 1925 года), сталярная майстэрня (з 1931 года). Паводле перапісу 1959 года ў складзе саўгаса «Кармянскі» (цэнтр – вёска Короцькі).

Колькасць насельніцтва:

2004 - 128 гаспадарак, 288 жыхароў.

        Куракаўскае возера - возера, якое знаходзіцца ў 200м на паўночны ўсход ад вёскі.

        Крынічка – натуральная крыніца вады, якая знаходзіцца ў паўднёва–ўсходняй частцы вёскі.

        Квадратнае возера- возера, размешчанае ў 100 м. на поўнач ад вёскі.

        Ключ– некалькі натуральных падземных крыніц вады, якія   ўпадаюць у квадратнае возера.

        Старыца - старое рэчышча р. Кармянка, якое знаходзіцца ў напрамку на поўдзень ад вёскі.

        Вуцінае возера – невялікае азярцо, размешчанае ў напрамку на паўднёвы ўсход ад вёскі.

Дынаміка насельніцтва:

1816 - 27 двароў.

1897 год - 47 двароў, 287 жыхароў (паводле перапісу).

1909 - 52 двары, 362 жыхара.

1959 - 397 жыхароў (паводле перапісу).

2004 - 128 гаспадарак, 288 жыхароў.

Вёска Лебядзёўка – як сцвярджаюць мясцовыя жыхары, вёска атрымала такую назву ад таго, што тут калісьці было лебядзінае возера, якое пасля Вялікай Айчыннай вайны ператварылася ў балота, а лебедзі былі забіты.

Сажалка Калініхіна – атрымала сваю назву ад прозвішча заможных рабочых Калініных, якія жылі побач .

Возера Слыш – сваю назву дадзены штучны вадаём атрымаў ад мянушкі чалавека, які яго выкапаў (трактарыст Мікалай Канаплёў па мянушцы “Слыш”).

Рака Разумоўшчына, такую ж назву мае і прылягаючая мясцовасць, назва гэта таксама паходзіць ад прозвішча. Справа ў тым, што ў 1920-я гг. тут размяшчаўся хутар, на якім жылі людзі па мянушцы “Разумкі”.

         Гара – назва курганаў каля вёскі Лебядзёўка.