28-07-2015

 

 

 

ТАПАНІМІЧНЫ СЛОЎНІК ЗЯМЕЛЬ ЛУЖКОЎСКАГА

СЕЛЬСКАГА САВЕТА

Аляксандраўка, в. – вёска ў Лужкоўскім сельсавеце. У 16 км на поўдзень ад Кармы, у 75 км ад чыгуначнай станцыі Рагачоў (на лініі Магілеў - Жлобін), 103 км ад Гомеля. Каардынаты: 5300052* п.ш. 3004842* у.д.

Заснавана ў XX стагоддзі перасяленцамі з суседніх весак, у асноўным з вёскі Лужок, якая знаходзіцца за ракой. У 1929 годзе арганізаваны калгас. Паводле перапісу 1959 года ў складзе калгаса «Бальшавік» (цэнтр - вёска Лужок).

У 2004 г. было 44 гаспадаркі і 101 жыхар.

Вялікі роў – ручэй, які знаходзіцца ў в. Лужок і ўпадае ў сажалку (возера).

Горна, канал Горна – рака, правы прыток р. Сож (басейн Дняпра). Даўжыня 20 кіламетраў. Плошча вадазбору 109 км2. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 1,8%. Вадазбор раўнінны, пад лесам 4% тэрыторыі. Пачынаецца за 2 км на поўдзень ад в. Багданавічы, вусце ў 2 км на ўсход ад в. Ворнаўка. Рэчышча каналізіравана на працягу 11,3 км (ад вытока да сажалкі ў в. Расохі).

Жабін, в. – вёска ў Лужкоўскім сельсавеце. У 14 км на поўдзень ад Кармы, у 51 км ад чыгуначнай станцыі Буда-Кашалёўская (на лініі Гомель - Жлобін), 78 км ад Гомеля. Паводле пісьмовых крыніц, вядомая з XVII стагоддзя як паселішча ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. Паводле інвентара Чачэрскага староства (1704 года) баярскі паселак 10 дымоў.

Каардынаты: 5300151* п.ш. 3004837* у.д.

Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) у складзе Расійскай імперыі. Паводле інвентара 1848 года ў складзе аднайменнага маёнтка, уласнасць казны. Гаспадар маёнтка ў 1850 годзе валодаў 113 дзесяцінамі зямлі. Побач з вёскай у 1858 года была аколіца (4 двары, 25 жыхароў), уладанне памешчыка Міляўскага. У 1868 годзе ў Расохскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. Паводле перапісу 1897 года дзейнічалі 2 ветракі. У 1909 годзе ў вёсцы 951 дзесяціна зямлі, у ваколіцы 64 дзесяціны зямлі. У 1929 годзе арганізаваны калгас «1 Мая», працавалі ветракі. Паводле перапісу 1959 года ў складзе калгаса «Бальшавік» (цэнтр - вёска Лужок).

У 2004 г. было 3 гаспадаркі і 4 жыхары.

Жабінка, руч. – ручэй каля вёскі Жабін, упадае ў раку Горна. Дагэтуль тут жывуць бабры.

Лужок, в. – вёска, цэнтр Лужкоўскага сельсавета Кармянскага раёна Гомельскай вобласці. У 15 км на поўдзень ад Кармы, у 75 км ад чыгуначнай станцыі Рагачоў (на лініі Магілёў - Жлобін), 104 км ад Гомеля. Каардынаты: 5300107* п.ш. 3004801* у.д.

На думку мясцовых жыхароў, такую назву далі будучай вёсцы яе першыя пасяленцы. Цэнтрам стала возера, вакол якога размяшчаліся нізіны, зарослыя травой.

Паводле пісьмовых крыніц, вядомая з XVI стагоддзя як паселішча ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) у складзе Расійскай імперыі. Паводле рэвізіі 1859 года ў валоданні памешчыка В. К. Быкоўскага. З 1880-х гадоў дзейнічаў хлебазапасны магазін. У 1909 годзе 992 дзесяціны зямлі, працавалі школа, капліца, млын, у Расохскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. У 1913 годзе адкрыта школа, якая размясцілася ў наёмнай сялянскай хаце, а ў 1919 годзе для яе быў пабудаваны ўласны будынак.

У 1929 годзе арганізаваны калгас «Бальшавік», працавалі 2 ветраныя млыны, кузня, шэрсцечасальня, конная крупадзёрка. У час Вялікай Айчыннай вайны ў баях каля вёскі загінулі 25 савецкіх салдат (пахаваны ў брацкай магіле каля школы). На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 244 жыхара, у памяць пра іх побач з помнікам на брацкай магіле ўстаноўлены дошкі з іх імёнамі. З 1939 года цэнтр Расохскага, з 30 чэрвеня 1966 года Лужкоўскага сельсавета. Паводле перапісу 1959 года цэнтр калгаса «Бальшавік», працавалі млын, камбінат бытавога абслугоўвання, сярэдняя школа (у 1989 годзе пабудаваны новы цагляны будынак), Дом культуры, бібліятэка, аддзяленне сувязі, магазін, амбулаторыя, дзіцячы сад.

У склад Лужкоўскага сельсавета да 1986 года ўваходзіў пасёлак Замошша, да 1993 года пасёлак Асінаўка, да 1995 года вёска Аляксандраўка.

Радзіма Рыгора Максімавіча Вайцянкова – аднаго з арганізатараў партызанскага руху ў Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны.

У 2004 г. было 121 гаспадарка і 360 жыхароў.

Машок – знаходзіцца на захадзе ад в. Лужок, недалёка ад в. Чамушаль, назва паходзіць ад імху, які рос у гэтай мясцовасці ў вялікай колькасці. Мясцовыя жыхары здабывалі яго, каб канапаціць хаты, лазні і дзеля іншых патрэб. У 80-я гг. ХХ ст. недалёка зрабілі склады з угнаеннямі і гэтая расліна загінула. 

Расохі, в. – вёска ў Лужкоўскім сельсавеце. У 15 км на поўдзень ад Кармы, у 53 км ад чыгуначнай станцыі Буда-Кашалёўская (на лініі Гомель - Жлобін), у 80 км ад Гомеля.

Каардынаты: 5300006* п.ш. 3004621* у.д.

         Паводле пісьмовых крыніц вядомая з XVIII стагоддзя як вёска ў Рагачоўскім павеце Магілеўскай губерні. У 1785 годзе валоданне памешчыка С. Вязьміцінава. У 1791 годзе пабудавана драўляная Свята-Мікалаеўская царква. Паводле рэвізіі 1859 года ў валоданні памешчыка В. К. Быкоўскага. У 1863 годзе адкрыта школа, дзейнічаў хлебазапасны магазін. Паводле перапісу 1897 года ў вёсцы дзейнічалі вятрак, вадзяны млын, піцейны дом. У 1909 годзе 2131 дзесяціна зямлі, вінная лаўка, прыёмны лячэбны пункт. Цэнтр воласці (да 9 мая 1923 года), у якую ў 1910 годзе ўваходзілі 25 населеных пунктаў з 1394 дварамі. З 1911 года пры школе дзейнічала бібліятэка.

З 26 красавіка 1919 года ў Гомельскай губерні РСФСР. З 20 жніўня 1924 года да 1939 года цэнтр Расохскага сельсавета. У 1929 годзе арганізаваны калгас «Саюз», працаваў вадзяны млын. У 1930-х гадах 2 вёскі: Старыя Расохі і Новыя Расохі. Паводле перапісу 1959 г. вёскі Старыя Расохі і Новыя Расохі. З 1980-х гадоў адна вёска Расохі. У складзе калгаса «Бальшавік» (цэнтр - вёска Лужок).

У 2004 г. было 50 гаспадарак і 111 жыхароў.

Скамарошкі – роў, які знаходзіцца паміж в. Лужок і в. Енцы.

Скартынь, в. – вёска ў Лужкоўскім сельсавеце. У 13 км на поўдзень ад Кармы, у 67 км ад чыгуначнай станцыі Рагачоў (на лініі Магілеў - Жлобін), 104 км ад Гомеля.

Каардынаты: 5205904* п.ш. 3004856* у.д.

Паводле пісьмовых крыніц вядомая з XIX стагоддзя як вёска ў Кармянскай воласці Рагачоўскага павета Магілеўскай губерні. У 1880-я гады пачаў дзейнічаць хлебазапасны магазін. Паводле перапісу 1897 года дзейнічалі хлебазапасны магазін, вятрак. У 1909 годзе ў Расохскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. У 1929 годзе жыхары ўступілі ў калгас, працаваў вятрак. Паводле перапісу 1959 года ў складзе калгасу «Бальшавік» (цэнтр - вёска Лужок).

У 2004 г. было 13 гаспадарак і 20 жыхароў.

Чамушаль, в. – скасаваная вёска ў Лужкоўскім сельсавеце. У 10 км на поўдзень ад Кармы, у 67 км ад чыгуначнай станцыі Рагачоў (на лініі Магілёў - Жлобін), 102 км ад Гомеля.

Каардынаты: 5300235* п.ш. 3004548* у.д.

Заснавана ў 1920-х гадах перасяленцамі з суседніх вёсак. У 1932 годзе жыхары ўступілі ў калгас. Паводле перапісу 1959 года ў складзе калгасу «Бальшавік» (цэнтр - вёска Лужок).

У 2004 г. было 5 гаспадарак і 6 жыхароў.

Рашэннем Кармянскага райсавету дэпутатаў вёска скасавана з 1 сакавіка 2012 года.

Чыстая лужа – невялікае забалочанае возера, якое знаходзіцца паміж в. Лужок і в. Скартынь, дзе мясцовыя жыхары маглі лавіць рыбу.

         Вёска Дубавіца. Вуліцы вёскі

        Вёска Дубавіца размешчана на паўднёвым усходзе Кармянскага раёна. У склад вёскі  ўваходзяць вуліцы: Працоўная, Школьная, Новая, Садовая, Зарэчная, Гомельская. Большасць назваў вуліц нашай вёскі лёгка тлумачыцца асаблівасцямі прыродна-геаграфічных умоў і  асаблівасцямі гістарычнага развіцця.

       Напрыклад, вуліца Працоўная - мае наступную гісторыю: гэта вуліца ўзнікла  перад вайной, калі пачалі ўзбуйняць дробныя вёскі і аб'ядноўваць  хутарныя гаспадаркі. Адна з такіх вёсак-Дубраўка (знаходзілася ў полі, каля невялікай дубровы) была перанесена на новае месца. Тут, на вуліцы Працоўнай, жыла першапачаткова невялікая колькасць сем'яў. Толькі пасля вайны яна атрымала далейшае развіццё. Так, як  раней на гэтым месцы было балота, то маладыя (працоўныя) сем'і, пасяліўшыся, перш чым будаваць сабе дом, вымушаны былі засыпаць усё новай зямлёй, будаваць усё нанова. Менавіта па гэтай прычыне вуліца першапачаткова атрымала назву “Новы свет”. Хоць для карэнных жыхароў нашай вёскі яна па-ранейшаму мае назву "Дубраўка".  Гэтую  ж назву мела супрацьлеглая частка нашай вёскі, якая цяпер называецца “Гомельскай”.

        Вуліца Школьная - адна з цэнтральных вуліц нашай вёскі. Першапачаткова мела назву “Барсукі”. Шмат  пазней, толькі  пасля вайны, атрымала іншую  назву- "Школьная": з-за знаходжання на яе тэрыторыі будынка школы. Вядома, што перад пачаткам ВАВ у вёсцы Дубавіца на гэтай вуліцы знаходзіўся  будынак сямігадовай школы. Будынак быў драўляны, стары. Аднак у гэтай школе вучалася 130 чалавек. Дырэктарам школы быў Конанаў Ціхан Васільевіч. Калі вёску занялі фашысцкія акупанты, заняткі ў школе часова спыніліся. Дырэктар   пайшоў у партызаны,  а ў  школе размясціліся  нямецкія салдаты. Наша вёска была вызвалена ад фашысцкіх захопнікаў 30 лістапада 1943, а з 1 студзеня 1944 аднавіла ў сваім будынку працу школа. Падручнікаў не было, таму чыталі па газетах. Пісалі ў асноўным  мелам на дошцы. А на паперы пісалі гусіным пяром і сокам сталовых буракоў. У 1993 годзе для навучэнцаў нашай вёскі быў  пабудаваны двухпавярховы будынак новай школы на гэтай жа вуліцы, таму і цяпер яе назва застаецца ранейшай.

        Вуліца Зарэчная - атрымала сваю назву з-за ракі Горна, якая працякае побач з вёскай. Адна з самых старых вуліц нашай вёскі. Існавала яшчэ ў даваенны час. Вядома, што першапачаткова на гэтае месца былі перанесены дамы  з іншай невялікай вёскі Восаў, што  падлягала  ўзбуйненню. (Знаходзілася  каля суседняй вёскі Расохі). У памяці мясцовых жыхароў да гэтага часу захавалася дадзеная  назва. Толькі  пазней яе сталі называць Зарэчнай. Цікавы той факт, што яе жыхары, нараўне  з іншымі жыхарамі вёскі, пацярпелі ад вайны, аднак, калі жыхароў суседняй вёскі Норкаўшчына  і побач размешчанай вуліцы гналі ў палон немцы, яе не кранулі. Шмат жыхароў нашай вёскі загінула на вайне, аднак дзякуючы гэтаму выпадку многія з  жанчын і дзяцей змаглі выратавацца ад смерці і палону.(З успамінаў ураджэнкі в. Дубавіца-Рагавенка Ніны Зосімаўны.)

        Вуліца Новая, як і вуліца Гомельская, былі пабудаваны аднымі з самых апошніх у 90-х гадах.

        Вуліца Садовая - яшчэ некалькі гадоў таму на месцы гэтай вуліцы стаяў вялізны яблыневы сад. Пасля частку дрэў высеклі, і на іх месцы былі пабудаваны дамы для жыхароў нашай вёскі і работнікаў калгаса. Гэта вуліца, як і Зарэчная, атрымала сваю прыгожую назву дзякуючы  жывапісным краявідам  нашай вёскі.

        Барсукі (Новая сяліба) - у пасляваенныя гады, калі маладым сем'ям адводзілі зямлю пад будаўніцтва, ім дазволілі будавацца на самым краю вёскі, на новай тэрыторыі. Менавіта таму, першапачаткова гэтую частку вёскі называлі Новая сяліба - гэта значыць “новыя паселішчы”.

        Такім чынам, мы бачым, што большая частка назваў вуліц нашай вёскі непадзельна звязана з гісторыяй яе калгаса, з працоўнай дзейнасцю  яе жыхароў па пераўтварэнню і добраўпарадкаванню  тэрыторыі.

        На ўсходзе, поўначы і захадзе нашай вёскі знаходзяцца меліярацыйныя каналы, злучаныя з ракой Горна (прыток ракі Сож). З апытвання жыхароў нашай вёскі мы даведаліся, што раней гэтая рака была вельмі вялікай і ў дажджлівы час  або снежныя зімы залівала і тэрыторыю вёскі Дубавіца(з успамінаў Карнавушанка В.І. і Капачовай В.І.). Неаднаразова яе асушвалі, праводзілі меліярацыйныя каналы. Аднак паходжанне назвы ракі па-ранейшаму застаецца

невядома. Можна меркаваць, што яно паходзіць  ад слова гара, да таго ж тэрыторыя мясцовасці мае раўнінна-ўзгоркавы рэльеф.

        Таксама з асущэннем  балот звязана паходжанне назвы такога  кар'ера, як Чорнае мора. Гэта назва, на думку жыхароў нашай вёскі, замацавалася за невялікім штучным вадаёмам  з-за празмернай колькасці торфу, чорнай твані і разнастайных  асадкаў, якія заставаліся пасля асушэння балота ў дадзенай мясцовасці.

      З гаспадарчай дзейнасцю чалавека звязана таксама ўзнікненне  шэрагу вадаёмаў на тэрыторыі нашай вескі:

 “Кар'ера” – з дабычай гліны для вырабу цэглы;

 “Цагельні”- штучны вадаём па вуліцы Школьнай. З успамінаў жыхароў нам стала вядома, што на гэтым месцы раней дабывалі гліну;

  “Выгаркі” -канал насупраць калгаснай фермы. На яго месцы раней было невялікае балота.

“Лозка”-штучны вадаём  па вуліцы Зарэчнай.

       Цікава і тое, што само  балота таксама мае некалькі назваў:

“Шырокаўскае балота”- ад назвы суседняй вёскі Шырокае;

”Гаць” –балота каля расохскага маста;

“Каліннік”-балота, што знаходзілася  у канцы  вёскі Працоўнай;

         Нягледзячы на тое, што жыхарам нашай вёскі прыйшлося прыкласці нямала намаганняў для таго, каб асушыць тэрыторыю для пабудовы жылля, а таксама для павелічэння ворных зямель, па-ранейшаму адным з самых маляўнічых месцаў, што акружаюць  нашу вёску, застаецца рака Горна і прылягаючы  да яе бярозавы гай.

        Для абазначэння гэтай тэрыторыі нашы жыхары выкарыстоўваюць некалькі слоў-шлях, бярэзнік, гарадок.

         Вядома, што яшчэ да вайны на месцы бярэзніка, каля дарогі (шляху) расло некалькі старых бяроз. Сам жа бярэзнік з'явіўся нашмат пазней. На яго месцы было поле і маленькія дрэўцы з не вельмі ўрадлівай зямлёй. (З успамінаў Ісанковай А.К.) Праз бярэзнік ішла дарога ў царкву, якая знаходзілася ў самым яго  канцы і прылягала да  суседняй вёскі Расохі.

         Таксама агульнавядома, што самае высокае месца ў пачатку  бярэзніка, называюць “гарадок”, бо менавіта тут знаходзіцца адзін з археалагічных помнікаў  Кармянскага раёна - гарадзішча-свяцілішча, якое адносіцца да перыяду Ранняга сярэднявечча да  культуры Калачын. Вядома даследчыкам з 1873 года. Даследаваў у 1976 У.І. Шадыра , у 1992г . - А.А. Макушнікаў. Раскопкі не праводзіліся.

        На тэрыторыі бярэзніка знаходзіцца невялікае балотца, тэрыторыю каля якога мясцовыя жыхары называюць “Чыстай лужай”. Вядома,  што яно існавала яшчэ  ў даваенны час.  Жыхары нашай і суседняй вёсак ездзілі касіць траву, а таксама  за мохам для будаўніцтва дамоў. Таксама з апытвання жыхароў вёскі (Капачовай В.І.) даведаліся, што ў час вайны  жыхары в. Норкаўшчына неаднаразова хаваліся  ў ім   ад  нямецкіх захопнікаў, якія стаялі ў вёсцы.

Вёска  Міхалёўка - наконт паходжання вёскі існуе некалькі версій.

Версія №1.Існуе паданне пра двух братоў - Міхала і Лёву, якія вырашылі пабудаваць хутар на гэтым месцы і назвалі шляхам складання сваіх імёнаў: Міхал + Лёва = Міхалёўка. 

Версія №2. Паходжанне ад прозвішча  Міхалёў. Асновай прозвішча  Міхалёвы паслужыла царкоўнае імя Міхаіл. Па меркаванні вучоных, гэта прозвішча  ўзыходзіць да хрысціянскага  мужчынскага  імя Міхаіл, якое ў перакладзе са старажытнаяўрэйскай мовы  азначае «благанраўны». Гэтае імя лічылася  даволі распаўсюджаным на Русі і мае некалькі памяншальных варыянтаў: Міха, Міхал, Міхалка, Міша. Імя Міхаіл мог атрымаць чалавек, які нарадзіўся ў Дзень Міхаіла Архангела (8 лістапада).

Узнікла Міхалёўка не раней другой паловы XVI-пачатку XVII стагоддзяў.

Міхалёўка- адна са старэйшых вёсак, размешчаных на тэрыторыі КСУП “Дубавіца”. Зараз яна, як і многія вёскі нашай мясцовасці, аджывае свой век. Засталося ўсяго некалькі вуліц, маўклівых сведкаў мінулага нашай малой Радзімы.

Вуліца Сялянская (Крестьянская) -  назва гэтай вуліцы, як і многія  тапанімічныя назвы, звязана з сацыяльнымі пераўтварэннямі, што адбыліся ў жыцці нашай краіны ў пачатку  20 стагоддзя.

         Паралельна Сялянскай вуліцы  размешчана  вуліца Зарэчная. Зараз на яе месцы засталося некалькі старэнькіх дамоў.  Як сцвярджаюць многія са старажылаў, раней каля гэтай вёскі размяшчаўся прыток ракі “Горна”. Пазней ён  высах. Засталася толькі рака каля бярозавага гаю. Але ў  памяці жыхароў вескі яна вельмі доўга мела назву “Зарэчная”.

Аналагічна тлумачаць жыхары вёскі і паходжанне назвы вуліцы  Падгорнай. Тэрыторыя вуліцы мае ўзгорысты  рэльеф. Таму,  як і рака Горная, што працякае побач, атрымала сваю назву-вуліца Падгорная.

Цікава і тое, што раней, як адзначаюць многія з  жыхароў  нашага раёна,многія з вёсак не мелі назваў вуліц. Яны ўзніклі значна пазней. Напрыклад, калі мы звернемся да  часоў калектывізацыі 28-30-я гады 20 стагоддзя, то  даведаемся, што з‘яўленне многіх вуліц на тэрыторыі вёскі Міхалёўка звязана з узбуйненнем вёсак. Напрыклад, побач з вёскай Дубавіца і Міхалёўка, у полі, каля лесу, знаходзілася вёска Ржэў. Зараз, нібы ўспамін пра гэту вёску, на яе месцы пасярод поля  стаіць  адзінокая  бяроза. Па меркаванні жыхароў вескі, назва “Ржэў” звязана з асноўнымі відамі працы людзей. Тэрыторыі апрацоўваліся і засяваліся зернем(рожью), таму і адпаведнае паходжанне.  У той жа час, на думку  вучоных, дадзеная назва абазначае ваду  жоўта-бурага колеру  ад гліны ці прымесей жалеза. Гэта  назва з'яўляецца па паходжанні агульнаславянскай   і адносіцца да часоў 14-15 стагоддзяў.  Некаторыя вучоныя тлумачаць паходжанне  назвы “Ржэў” ад імя ўласнага,  прозвішча. Пасля калектывізацыі гэту вёску  перанеслі. Адбылося ўзбуйненне. Адну частку Ржэва перанеслі на вуліцу Зарэчную, а другую перанеслі ў  пачатак вуліцы Сялянскай (Крестьянской).

Вёска  Матораўка - атрымала сваю назву ад прозвішча Матораўскі. Адна з ураджэнак гэтай вёскі- Барашанка С.П. расказвала, што раней усе землі вёскі належылі пану, па прозвішчы Матораўскі, і толькі намнога пазней, у 1928 годзе была заснавана сама вёска. Жыхарамі вёскі былі сяляне, якія перасяліліся  на яе тэрыторыю з суседніх вёсак:Дубавіцы, Норкаўшчыны і Міхалёўкі.

Тэрыторыю вёскі многія жыхары падзяляюць на дзве часткі-Збароў і Матораўка. Калі мы параўнаем паходжанне назвы вуліц суседніх вёсак, то стане зразумелым, чаму амаль у кожнай вёсцы існуюць падобныя назвы.

На тэрыторыі вёскі Матораўка  размешчаны тры вуліцы: Сялянская і Зарэчная-атрымалі назву “Збароў”, трэцяя вуліца-Садовая. З размовы з  жыхарамі  вёскі мы даведаліся, што  сваю назву вуліцы атрымалі толькі ў 80-я гады 20 стагоддзя, калі праводзілася нумарацыя дамоў.

Вёска Норкаўшчына - нягледзячы на тое, што зараз  на тэрыторыі вёскі засталося мала двароў, вуліцы па-ранейшаму з‘яўляюцца маўклівымі сведкамі гісторыі гэтай мясцовасці. На тэрыторыі вёскі размешчаны тры вуліцы.

       Вуліца Кастрычніцкая (Октябрьская) - як і іншыя вуліцы калгаса, атрымала назву толькі ў 80-я гады 20 стагоддзя. Назва гэтай вуліцы, як і многія  тапанімічныя назвы, звязана з сацыяльнымі пераўтварэннямі, што адбыліся ў жыцці нашай краіны ў пачатку  20 стагоддзя. У  многіх  вёсках Кармянскага раёна і па наш час захавалася мноства вуліц з назвамі ў памяць  аб Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі.

Вуліца Школьная - як сцвярджаюць жыхары вёскі, назва з‘явілася ў пасляваенны час. Так, як на тэрыторыі вуліцы размяшчалася пачатковая школа. Але вядома,  што школа ў вёсцы існавала яшчэ і ў даваенны час.

Не менш цікавую назву маюць іншыя завулкі вёскі. Напрыклад, такая назва як “Падол” - гэта частка вёскі, размешчаная ў нізіне, што прылягае да ракі, як бы на падоле, мае паніжэнне. Калі мы звернемся да тлумачальнага слоўніка беларускай мовы, то даведаемся, што “падолам”  называецца ніжні край сукенкі, кашулі. “Падол” адносяць яшчэ да адной з вуліц вёскі.