28 July 2015

 

 

 

 

ТАПАНІМІЧНЫ СЛОЎНІК ЗЯМЕЛЬ ВОРНАЎСКАГА

СЕЛЬСКАГА САВЕТА

Уводзіны. ТАПАНІМІЯВОРНАЎШЧЫНЫ: АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА

Пачатак вывучэння тапаніміі Ворнаўшчыны даў падставы зрабіць папярэдні аналіз і вывады, сістэматызаваць тапонімы, паспрабаваць іх растлумачыць.

У найбольш ранніх назвах адлюстраваны, як правіла, род аб’екта: узвышанае месца называецца Гарой, рака ці возера –Возерам, лясная прастора – Лесам  і г. д.

Паступова з’явіліся характарыстыкі гаспадарчай дзейнасці насельніцтва.

Пры перасяленні насельнікі часта пераносілі назвы ранейшых месцаў пасялення на новыя мясціны, маглі пераймаць  або змяняць, прыстасоўваць пад сябе ранейшыя назвы, пераасэнсоўваючы іх.

На завяршальным этапе    фарміравання тапаніміі сталі адлюстроўвацца асабістыя прозвішчы, мянушкі, імёны, якія абазначалі прыналежнасць да першапасяленцаў, уладальнікаў і г. д.

Асаблівасцю нашай мясцовасці (як і ўсёй прасторы Усходнееўрапейскай раўніны нашага рэгіёну) было суіснаванне і ўзаемадзеянне розных этнасаў, этнічных груп. У выніку чаго паступова складваўся агульны запас геаграфічных назваў. Цікава, што ў блізкіх ці падобных фізіка-геаграфічных умовах незалежна адны ад іншых узнікалі падобныя ці ідэнтычныя назвы.

Цяпер цяжка вызначыць, дакладна якому этнасу належыць паходжанне той або іншай назвы, можна толькі паспрабаваць даць магчымыя і найбольш верагодныя версіі, зыходзячы з лінгвістычных асаблівасцяў, мясцовых паданняў і гістарычных дадзеных.

Этымалагічна выдзяляюцца тры групы назваў: этымалагічна яўныя назвы нашага рэгіёну складаюць каля 65 % ад агульнай колькасці, этымалагічна празрыстыя — каля 20 %, а этымалагічна непразрыстыя — каля 15 %.

Гідронімы з’яўляюцца найбольш старажытнай групай найменняў на пэўнай тэрыторыі. З прычыны таго, што некаторыя гідронімы дапускаюць тлумачэнне адразу з некалькіх моў, то размеркаваць назвы па моўных групах паводле іх паходжання дакладна не ўяўляецца магчымым.  Найбольш простай па разуменню з’яўляецца славянская група гідронімаў (Мох і інш.) Больш складанымі для этымалагічнага аналізу з’яўляюцца балцкія і асабліва фіна-ўгорскія назвы. Асабліва пры вызначэнні назваў рэк і азёр. Магчыма, некаторыя з іх аднавіць ужо ніколі не ўдасца.

 

ТАПАНІМІЧНЫ СЛОЎНІК ВОРНАЎШЧЫНЫ (АЙКОНІМЫ, ГІДРОНІМЫ, АРОНІМЫ)

Ворнаўскі сельскі савет уключае ў сябе наступныя населеныя пункты:  (вёскі):Ворнаўка, Высокая, Енцы, Іванаўка, Каўказ,Вострая Карма, Рудня.

Азерскі роў – роў, які знаходзіцца на поўдзень ад в. Высокая і ўпадае ў забалочанае возера Тапіла.

Азярок –невялікае забалочанае возера, якое злучана з р. Сож.

Азяркі – некалькі маленькіх азяркоў, забалочаных канавак, якія напаўняюцца вадой у час паводкі, а летам перасыхаюць. Знаходзяцца на захад ад Высокаўскага старыка.

Антонаў хутар – на думку мясцовых жыхароў, мясцовасць, дзе некалі быў хутар, у якім жыў Антон. Знаходзіцца на ўсход ад Майдана.

Аржава (Аржавец), руч. – ручэй на поўдзень ад пас. Грохва і Лашчынезь, назва паходзіць ад рыжага ці бурага колеру снега, які пакрывае паверхню мясцовасці зімой.Цячэ ў напрамку ад в. Іванаўка ў бок Пеліва.

Аўсянь, попл. – поплаў, які знаходзіцца на ўсход ад в. Высокая і ўдаецца “рогам” у раку Добрыч.

Бадрыкаў пераезд, брод – брод, побач з якім жыў нейкі Бадрык. Брод з Аўсяня праз раку Добрыч.

Бор, ур. –урочышча, парослае сасновым ляском. Знаходзіцца непадалёк ад урочышча Туры-Бор. Цяпер – маладая пасадка лесу.

Брады – поплаў, неглыбокае, часткова забалочанае, паглыбленне (лашчына), якая заліваецца вадой, знаходзіцца паміж урочышчам Грэнск і Пелівам, гэтую мясціну часта прыходзіцца пераходзіць уброд.

Бусенкова забока –старык на рацэ Сож на поўдзень ад в. Высокая, магчыма ўказвае на месца, дзе некалі жыў чалавек па прозвішчы (мянушцы) Бусенок.

Вадапой, руч.месца, дзе летам пояць скот. Сюды ж на вадапой ходзяць і дзікія жывёлы.

Вадастой, бал. – балота на поўдзень ад в. Енцы. Стаячая вада. Мясцовасць забалочана.

Вазярок – невялікі ручай, які працякае па Падобчы і ўпадае ў р. Сож.

Вазурок –забалочанае месца, якое некалі было возерам. Знаходзіцца каля в. Высокая.

Вакуліна – нізкая, часткова забалочаная мясцовасць, дзе раней было паселішча.

Вакуліна, бал. – балота на ўсход ад мясцовасці Вакуліна.

Вець, р. –рака, якая ўпадае ў р. Сож; атрымала назву ад слова “вятляць”, у форме змейкі. Вець – рака і ў Пскоўскай вобласці, мае таксама назву Змейка.

Возера, воз. – возера каля пас. Вярхі, уяўляе сабой штучна пашыранае русла ракі.

Востраў, в.  – назва паходзіць ад таго, што раней гэтая ўзвышаная мясцовасць была акружана балотам і вадой, якая разлівалася ў час паводкі, таму ўяўляла сабой востраў.

Ворнаўка, в.  – цэнтр с/с. У пісьмовых крыніцах вядома з 1726 г.(у інвентары Чачэрскага староства).З 1772 г.у складзе Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні.Vuori (фінск.)  - гора. Узвышанае месца. Звязана р. Горна. У 13 км на поўдзень ад Кармы. Версіі паходжання назвы – гл. дадатак 1. Можна яшчэ дадаць наступную гіпотэзу. З цягам часу адбылося змяненне назвы ракі Горна – Ворна (Ворнаўшчына – мясцовасць на рацэ Ворна). “Ор” (фіна-угорск. – “яр”, “лагчына””) “вор” у розных мовах–вада, рака. “Ворнаўка”: “вор” плюс “наў” (свет памерлых) плюс “ка”, - мясцовасць на ўзвышшы, дзе спраўляліся язычніцкія культы, у т. л. і культ памерлых. У звязку з легендай аб дрэве на шляху падарожнікаў, на якім сядзела шмат варон. Воран – сімвал свету памерлых, дрэва – сімвал Сусветнага  Дрэва (як “ліфта” паміж трыма светамі: Навь, Явь, Правь). У комплексе і паблізу адзін ад аднаго ў раёне Ворнаўкі ці непадалёку размяшчаюцца шмат тапонімаў: Бор, Туры-Бор, Кавалёў Рог, Чарцяты і г. д., якія ўскосна звязваюцца з язычніцкімі культамі і вераваннямі.

Вострая Карма – в. у Ворнаўскім с /с. 11 км на поўдзень ад Кармы. Каля в. Востраў (адсюль і “Вострая”). Заснавана ў пачатку XX ст. перасяленцамі з суседніх вёсак.У 30-я гг. працавала торфараспрацовачная артэль.

Высокая – в. у Ворнаўскім с/с. у 8 км. на поўдзень ад Кармы на р. Добрыч; на ўсходзе некалькі меліяратыўных каналаў, злучаных з ракой Добрыч. У пісьмовых крыніцах вядома з XIX ст .як вёска ў Кармянскай воласці Рагачоўскага павету Магілёўскай губерні.

Вышняя Бабравіна, ур. – урочышча на рацэ Добрыч, каля в. Высокая, месца, дзе, паводле сведчанняў мясцовых жыхароў, бабры пастаянна робяць свае “хаткі”.

Вярхі, в. – адзін з пасёлкаў, які быў у 1924 г. пераселены ў в. Высокая, знаходзіўся на ўзвышаным месцы, але вакол у час паводкі затопліваўся вадой, вядомы з канца ХУІІІ ст.

Гара – узвышанае месца ў в. Ворнаўка. Паводле сведчанняў мясцовых жыхароў, гэта “намольнае” месца. Там раней маліліся язычніцкім багам, у ХІХ ст. спачатку стаяла каталіцкая каплічка, затым – праваслаўная царква, затым склад і магазін.

Гарадок, ур.– урочышча на р. Горна. На думку мясцовых жыхароў, некалі тут жылі людзі, было іх пасяленне (“гарадок”).

Гарэлае, бал.– балота паміж пасёлкам Вярхі і ўрочышчам Туры-Бор. На думку мясцовых жыхароў, назва паходзіць ад таго, што торф часта загараецца, курыцца, гарыць у спякотную летнюю пару.

Горна, р. – рака, якая працякае праз землі Ворнаўскага с. Савета ў напрамку з Лужка, праз Енцы, Ворнаўку і ўпадае ў р. Сож.

Грабская Карма– пасёлак па поўдзень ад в. Іванаўка. Мясцовасць нагадвае граду леса, знаходзіцца непадалёку ад Вострай Кармы.

Грохва, пас.– пасёлак, раней урочышча, на захад ад Пеліва. Знаходзіцца каля балота, якое, на думку мясцовых жыхароў, выдае гукі, грыміць, грукоча, адсюль і назва.  Канчатак на “-ва” ўказвае на першапачатковы водны характар аб’екта.

Грэнск – урочышча, 2,5 км ад в. Ворнаўка, на рацэ Сож. Месца археалагічнага помніка, які даў назву мезалітычнай культуры, месца гарадзішча жалезнага веку. Стаянка адкрыта ў 1927 г. археолагам Палікарповічам. Паводле мясцовага падання, праз грэнскае балота праязджала на сваёй залатой карэце Кацярына ІІ і згубіла там кола. Цікавы матыў калясніцы Пяруна (месцы мяркуемага яму пакланення пераасэнсаваўся ў карэту Кацярыны.

Грэнскі рог, стар. – старык, які ўпадае ў р. Сож, на поўнач ад урочышча Грэнск.

Гумнішча - ад слова “гумно” - сельскагаспадарчая пабудова для прасушкі і захавання зерня або сена; месца, дзе стаяла гумно. Знаходзіцца на поўдзень ад крывога балота.

Дзявіца, р. – рака, якая ўпадае ў раку Сож на ўсходнім беразе. На думку беларускага даследчыка А. Ф. Рогалева, назвы “дзявіца”, “дзявочы” часта звязаны з воднымі аб’ектамі. Вада як сімвал жыцця, а жаночы пачатак – водгук язычніцкіх уяўленняў, што такія аб’екты мелі апекуноў-духаў у абліччы дзяўчын. Гл. таксама Дзявочы роў.

Дзявочы роў – роў каля в. Халапаўка;  назва паходзіць, паводле мясцовага падання, ад дзяўчыны, якая, уцякаючы ад татараў, маліла Бога, каб зямля яе праглынула, не даўшы над ёй надругацца чужынцам. І калі татары вось-вось ужо яе ледзь не дагналі, зямля расступілася і праглынула дзяўчыну. Так там утварыўся роў, які паступова напоўніўся вадой.

Добрыч (Добрая)  р. -  прыток Сажа.  “Доб”  плюс “”рыч” - “Добрая рака”. Такая ж рака ёсць у Балгарыі.На думку мясцовых жыхароў, рака вызначалася сваёй чысцінёй і добрай энергетыкай, там вадзілася шмат баброў, рыбы і ракаў.

Добрыч, пас. – пасёлак у Ворнаўскім с. Савеце. З 1963 г. – Новы млын. Назва ад р. Добрыч, на якой знаходзіцца. Дакладна ўстаноўлена, што да рэвалюцыі тут быў млын.

Дабрацкае (Дыбрыцкае, Добрыцкае), воз. – воз.                                                                                           

Егерава забока –забока на р. Сож каля в. Высокая. Назва паходзіць ад імя (прозвішча) чалавека – Егер. Паводле іншай версіі, егер – службовая асоба, якая ахоўвае і клапоціцца аб лесе.

Егерава будка – мясціна непадалёк ад Егеравай забокі, месца, дзе некалі жыў егер або чалавек па імені Егер.

Енцы – в. ў Ворнаўскім с. Савеце. У 13 км на поўдзень ад Кармы. На р. Горна. У пісьмовых крыніцах вядома з ХѴІІ ст. як пасяленне ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства ВКЛ. Паводле мясцовага падання назва вёскі паходзіць ад слова “енчыць” (чуўся енк параненых шведскіх салдат, пакінутых у нашых мясцінах пасля бітвы пад Лясной 1708 г.).

Жлобін (Злобін) – пасёлак у Ворнаўскім с/савеце (цяпер частка в. Ворнаўка), які знаходзіцца на рацэ Горна, на захадзе ад урочышча Туры-Бор, калі рухацца з поўначы на поўдзень, больш нізкая мясцовасць пераходзіць у больш узвышаную, апошняя “выпіраецца” як “узлобак” (узвышаная, крыху выгнутая пярэдняя частка).

Зарожак – невялікае адгалінаванне Грэнскага старыка.

Зеньковін, руч. – ручай, які ўпадае ў раку Добрыч. Назва, магчыма, паходзіць ад прозвішча (імя) Зенька, Сенька.

Завонька, стар. –забока са стаячай, крыху “ванючай” вадой. Знаходзіцца побач з Езеравай забокай.

Іванаўка – в. у Ворнаўскім  с/с. У 17 км на поўдзень ад Кармы. Заснавана ў пачатку ХХ ст. перасяленцамі з навакольных вёсак. Назва паходзіць ад імя Іван.

Кавалёў рог – урочышча на поўдзень ад Пеліва і на поўнач ад Турышчаўскага пасёлка (Турышчавічы, Акцябр, Чачэрскі раён), па форме нагадвае рог (вугал). Версіі паходжання назвы: 1) мясцовасць у форме рога, дзе жыў нейкі каваль (ці Каваль); 2) мясцовасць, дзе ў язычніцкія часы некалі жыў каваль, дзейнасць якога звязана з язычніцкім культам, рог – сакральны сімвал дабрабыту.

Канава – роў на поўдзень ад пас. Каўказ, напаўняецца вадой ў час паводкі, летам перасыхае.

Карма, гар. пас. – раённы цэнтр. Першая дакладная згадка ў пісьмовых крыніцах адносіцца да 1691 г. Назва К.фіна-ўгорскага паходжання. На думку вядомага беларускага даследчыка А. Ф. Рогалева, корань карм-, корм-, курм-, магчыма, будзе зразумелым пры супастаўленні з эстонскім словам курм – “заліў”, “вугал” ці фінскім куурна – “жолаб”. Існуе думка, што ў назве Карма можна бачыць адлюстраванне старажытнай індаеўрапейскай каранёвай асновы са значэннем “крывы, выгнуты”.

Сярод насельніцтва ходзяць самыя розныя версіі: 1) тут спыніўся на ноч Афанасій Нікіцін, робячы сваё “хаджэнне” за тры мора; 2) назва звязана з караблебудаваннем, каля в.Струмень ёсць Карабельнае балота, у якім знойдзены рэшткі славянскай ладдзі; 3) тут быў пункт прыпынку і кармлення коней і падарожнікаў, якія рабілі прыпынак на адпачынак; 4) ад сістэмы “кармленняў”.

Каўказ – пасёлак ў Ворнаўскім с. Савеце. 7 км на поўдзень ад Кармы ,на р. Добрыч. Заснаваны ў пачатку 1920-х г.перасяленцамі з суседніх вёсак. На думку мясцовага насельніцтва, назва паходзіць ад таго, што гэта самая высокая мясцовасць у наваколлі.

Кашковы лог – знаходзіцца на поўнач ад в. Высокая, даліна, шырокая нізіна, яр з задзерванелымі схіламі і плоскім днішчам. Рэчышча яра ў час паводкі запаўняецца вадой, улетку перасыхае. Упадае ў раку Добрыч.

Коззе – мясцовасць, раней пасёлак, паміж в. Лядцы і Падобчын. Мясцовасць, дзе мясцовыя жыхары любілі пасвіць коз.

Красны (Краснае), пас. – пасёлак у Ворнаўскім с. Савеце. У 1962 г. далучаны да в. Высокая. «Прыгожы, вялікі, прасторны, галоўны»

Крывое балота – балоцістая мясцовасць. Спрадвечная крывізна – гэта форма праяўлення жыццёвай сілы, гэта – уласцівасць і прыкмета жыцця. Семантычны блок “гнуць”, “згінаць”, “круціць”, “вярцець”, “паварочваць” лічыцца найстаражытнейшым базавым паняццем, з якім былі звязаны як праяўленне жыцця ўвогуле, так і назвы самых розных рэалій, у тым ліку і многіх водных аб’ектаў. Паводле іншай версіі, “крывое” – значыць “злое”, “небяспечнае”. Знаходзіцца на захад ад в. Высокая.

Лаўск(Лаўе) – пасёлак у Ворнаўскім с/с. Lausk (эст., на многіх індаеўрапейскіх мовах) – “плоскі”.  У літ. мове laukas – “поле”.  Ёсць Lausk – пасёлак у Польшчы.

Лашчынезь(Лашчынець) – пасёлак у Ворнаўскім с. Савеце (да 1962 г., цяпер частка в. Ворнаўка). Лашчына – нізіна, мясцовасць нізінная.

Лісцвеніца –мясцовасць, парослая ліставым лесам. Знаходзіцца на поўдзень ад пас. Акцябр.

Лядцы – вёска ў Ворнаўскім с. Савеце, 2,5 км ад в. Ворнаўка (да 1962 г.), цяпер частка в. Ворнаўка. Ад славянскага «ляда» -  “месца сярод лесу”, «месца, вызваленае ад  дрэў пад ворыва». “поле на месцы высечанага лесу ці ляснога пажарышча”; “абложная зямля”; “пакінутая зямля”; “новыя землі, цаліна”; “вільготная, сырая зямля, балота”; “адкрытае месца”; “пустэча”.

Машок -  маленькае балотца, зарослае мохам. На ўсход ад Сякеры.

Майдан, роў –  знаходзіцца на паўднёвым усходзе ад в. Новая Халапаўка; у мясцовых гаворках слова  азначае “месца, дзе знаходзіліся прамысловыя збудаванні лясных або рыбных промыслаў, дзе выганялі дзёгаць і выпальвалі кавальскі вугаль”; “яма, дзе гналі смалу”;

Могілкі (Кладаўе, Кладбішча) – могілкі ў в. Ворнаўка.

Могілкі (Кладаўе, Кладбішча) – могілкі ў в. Высокае.

Мох -   “нізкая балоцістая мясцовасць, парослая мохам”. Відаць, там раней знаходзілася возера, якое забалоцілася. Адтуль мясцовыя жыхары бралі мох для будаўніцтва.

Міронава балота– балоцістая мясцовасць, назва паходзіць ад імя (прозвішча) Мірон.

Новы Млын (Добрыч, да 1963 г.) – в. у Ворнаўскім с/с. 1 км. ад в. Высокая. У 8 км на паўднёвы ўсход ад Кармы. Знаходзіцца на р. Добрыч.

Падмаскоўшчына, ур. – урочышча каля в. Высокая. Назва, на нашу думку, паходзіць з фіна-ўгорскіх моў: ад прыстаўкі “пад” і слова “маскоўшчына”.  “Шчына” азначае мясцовасць, зямля; “масква” – “вільготная”, “сырая”, “топкая”, “слякатнае месца”, “- ва” – рака. Гэтыя характарыстыкі адпавядаюць характару мясцовасці.

Обча (Обчы) – лес, які знаходзіцца паміж ур. Грэнск і Пелівам. Назва паходзіць ад слова “обчы” – “обшчы” (агульны). Па іншай версіі, знаходзіцца каля ракі (вады) (“об”), як называлі Сож. Гл. Падобчы.

Падобча (Падобчы) -  бал. тэраса на поўдзень ад ур. Грэнск. На нашу думку, назва можа паходзіць ад прыстаўкі “пад” і слова “обч” (“об” – з іранскіх моў азначае “вада”): “пад вадой”. “Вада” – гэта рака Сож, якая працякае на ўсходзе ад Падобчы. Рака Обча ёсць у Барысаўскім раёне, а Об – у Расіі. Паводле іншай версіі, “пад лесам Обчым”.

Падобчы,руч. – ручай, які працякае па Падобчы і ўпадае ў месцы ўпадзення ручая Равуха ў раку Сож.

Падсосны, руч. – ручэй, які ўпадае ў р. Сож, на поўдні ад лесу Обчы. У гэтай мясцовасці, на беразе, растуць сосны.

Палякоў (Палякаў) хутар – на думку мясцовых жыхароў, тут некалі жыў паляк (ці сям’я палякаў). Знаходзіцца на ўсход ад Антонавага хутара.

Партызанская пераправа – брод, гаць. Месца, дзе ў час Вялікай Айчыннай вайны праз раку Сож перапраўляліся патрызаны, накіроўваючыся з Кармяншчыны ў Чачэрскія лясы. Сапраўды, гэта вельмі зручнае месца для пераправы.

Пеліва, попл. – пляцоўка, поплаў. Ад рelto (фінск) -  поле. Паводле іншых версій: «пал-, пол»: лацінскае слова palus – “балота”, літоўскае palios; латышскае paļi, paļas – “балота, якое парасло невялікімі кустамі”; “балоцістая прастора”, “абмялелае возера”; лацінскае слова paludis – “балота”, латышскае palts, palte – “лужа, дажджавы паток”.

Равуха, руч. – ручэй, які ўпадае ў раку Сож. Паводле версіі мясцовых жыхароў, назва паходзіць ад слова “шумець” (“равець”). Паводле іншай версіі – ад слова “роў”, “равок”.

Ратнік Халапаўскі (у 20-я гг. ХХ ст. – Ратнік) – пасёлак у Ворнаўскім с./С. “Ратнік” – воін. Пасёлак знаходзіцца недалёка ад в. Халапаўка.

Рудня – в. у Ворнаўскім с. Савеце. Слова “рудня” мае некалькі значэнняў: “руднік для апрацоўкі балотнай жалезнай руды”; “жалезаплавільны і меднаробны заводы”; “паташны завод”. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што калісьці ў наваколлях Рудні вялася здабыча руды. Сёй-той успамінае, што раней вакол вёскі меліся так званыя “шахты”, а ў самой вёсцы быццам бы жыў багаты чалавек, які быў гаспадаром гэтых шахтаў. Людзі называлі гэтыя шахты руднямі. Цяпер на месцы былых рудняў (шахтаў) можна ўбачыць толькі ямы. У пісьмовых крыніцах вядома як вёска ў Кармянскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. У  1876 г. згадваецца аднайменны фальварак з 2 млынамі.

Ручэй (Ручай) 1, руч. – ручэй, які ўпадае ў р. Добрыч.

Ручэй (Ручай) 2, руч. –  ручэй, які ўпадае ў р. Горна.

Ручэй (Ручай) 3, руч. – ручэй, які ўпадае ў р. Сож. На поўдзень ад в. Ворнаўка.

Старая Халапаўка (Хулапаўка, Халапаўка) – в. у Ворнаўскім с/с. Упершыню згадваецца ў XIX ст., 8 км на поўдзень ад Кармы, як паселішча Кармянскай воласці Рагачоўскага павета. У 20-я гг. ХХ ст. побач з’явіўся пасёлак Новая Халапаўка. В 1960-я гг.вёскі былі аб’яднаны ў адну – Халапаўка.У 1962 г.да вёскі далучаны пасёлак Ратнік. У сувязі з катастрофой на ЧАЭС жыхары вёскі былі адселены. Рашэннем Кармянскага райсавета дэпутатаў вёска скасавана з 1 сакавіка 2012 года.

Стары Шлях (“Кацярынінскі шлях”) – старая грунтовая дарога, якая праходзіць праз вв. Высокая і Ворнаўка ў напрамку да г. Чачэрска. Паводле падання тут падарожнічала расійская імператрыца Кацярына ІІ.

Старык Ворнаўскі –1,5 км. ад в. Ворнаўка, на р. Сож.

Старык Высокаўскі – 2,5 км. ад в. Высокая, на р. Сож.

Сож, р.  – рака, якая працякае па землях Кармянскага раёна, у якую ўпадаюць рэкі Горна і Добрыч. Сож часткова працякае па тэрыторыі Ворнаўскага с.с.  Версіі паходжання Сажа  ад: 1) імя старажытных скіфаў, сакаў; 2) старажытнапрускай асновы ў значэнні «дождж»; 3) фінамоўнага абазначэння ваўка; 4) славянскага слова, што абазначала «выпаленае месца пад ворыва». 5) Гл. мясцовае паданне аб р. Сож (дадатак 1).

Сякера– старое забалочанае возера, якое па форме нагадвае сякеру. Знаходзіцца на поўнач ад в. Енцы і ракі Горна.

Тарфяны, п. – пасёлак у Ворнаўскім с./С. (да 1978 г.), дзе ў даваенны час ішла здабыча і нарыхтоўка торфа, існаваў тарфяны завод, цяпер частка в. Ворнаўка.

Тапіла, бал. – раней было балота, “непраходнае месца на дрыгвяністым балоце”; “багністая бездань”; “невялікае прыроднае азярцо сярод балота або выкапанае спецыяльна”; “гразкае месца”; “нізкае поле, якое ў час разводдзя і паводкі затапляецца вадой”.

Турышчаўскі пасёлак (Акцябр) – пасёлак ў суседнім Чачэрскім раёне, непадалёк знаходзіцца Туры-Бор і Кавалёў Рог. Назва звязваецца са словам “тур”.

Туры-Бор – пасёлак, раней урочышча, у Ворнаўскім с/с. (да 1962 г.), цяпер частка в. Ворнаўка. На нашу думку, назва паходзіць  ад звязаных паміж сабой словаў “тур” і “бор”. Што атаясамліваецца з язычніцкімі абрадамі. Тур – свяшчэнная жывёла Перуна, Бор – сасновы лес. Свяцілішчы язычніцкім багам раней знаходзіліся ў такіх мясцінах.

Ухватаўка, пас. – ад слова “ухва́т” ці “рага́ч” — прылада, якой захоплівалі і ставілі ў печ чугункі. Магла выкарыстоўвацца і як зброя. Ад слова “ўхапіць”, “схапіць”. Версіі паходжання сярод мясцовага насельніцтва: 1) месца, дзе былі рабаўнікі, хапалі і рабавалі людзей, 2) раней гэта была балоцістая мясціна, багна “хватала” людзей. На нашу думку, мясцовасць па абрысах (форме) была падобная на ўхват.

Чарцяты – стары ручэй, відаць, у далёкія ад нас стагоддзі тут спраўляліся язычніцкія абрады, звязаныя з вадой. Цяпер людзі кажуць, што гэта было нядобрае месца. Падобнае стаўленне да старажытных сакральных аб’ектаў – нярэдкая з’ява ў розных мясцовасцях. Магчыма, тут знаходзілася язычніцкае капішча.

Чарнобыль – народная назва пасёлка, які ўзнік у 90-я гг. ХХ ст. шляхам перасялення людзей, пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС.

Чыстая калюга, ур.– урочышча недалёка ад в. Енцы. На думку мясцовых жыхароў, раней  тут было возера, дзе вада была сцюдзёная і чыстая.

Царкоўе – паселішча на захад ад пас. Лашчынезь, каля в. Ворнаўка. На думку мясцовых жыхароў, “месца, дзе раней была царква”.

Царкоўе, бал. – балота побач (на захад) ад паселішча Царкоўе.

Юркава забока – старык на ўсход ад вёскі Высокая, на рацэ Сож. Назва паходзіць ад імя (прозвішча) нейкага Юркі.

Спіс вуліц Ворнаўскага сельскага Савета

           - веска Ворнаўка: вуліца  Інтэрнацыянальная, вуліца  Калгасная, вуліца  Камуністычная, завулак  Камуністычны, вуліца Камсамольская, вуліца Лугавая, вуліца  Першамайская, вуліца  Савецкая, вуліца  Працоўная, вуліца  Цэнтральная, завулак  Цэнтральны, вуліца  Школьная, вуліца Несцяровіча П. У.

Несцяровіч Павел Уладзіміравіч нар. у 1913 г. у в. Енцы; сапёр 4-га асобнага сапёрнага батальёна 193-й стр. дывізіі 65-й арміі Цэнтральнага фронту, чырвонаармеец. Герой Савецкага Саюза. За захоп і ўтрыманне плацдарма пры фарсіраванні р. Днепр пад Лоевам, быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза з уручэннем Ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка» (№ 1536) (Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 30 кастрычнiка 1943 г.).        

- веска Высокая:

улица Колхозная                              (вуліца  Калгасная)

улица Новая                                      (вуліца  Новая)

улица Октябрьская                           (вуліца  Кастрычніцкая)

улица Советская                               (вуліца  Савецкая)

улица Строительная                         (вуліца  Будаўнічая)

переулок Строительный                  (завулак Будаўнічы)

           - веска Добрыч:

улица Партизанская                         (вуліца  Партызанская)

           - веска Енцы:

улица  Гвардейская                         (вуліца Гвардзейская)

улица Нестеровича П. В.                 (вуліца Несцяровіча П. У.)  

-          веска Іванаўка:

улица Крестьянская                          (вуліца  Сялянская)

улица 8 Марта                                    (вуліца 8 Сакавіка)

 

-          веска Вострая Карма:

улица Космоновтов                           (вуліца Касманаўтаў)

улица Пионерская                             (вуліца Піянерская)