28 July 2015

 

 

 

ТАПАНІМІЧНЫ СЛОЎНІК ЗЯМЕЛЬ ЛІТВІНАВІЧСКАГА

СЕЛЬСКАГА САВЕТА

Літвінавічы (Ліцвінавічы) – адна з самых старажытных вёсак у Пасожжы, ей больш за 600 гадоў. Старажылы тлумачаць назву сваёй вёскі наступным чынам: землі за Сажом (левабярэжжа) вакол Прапойска(Слаўгарад) уваходзілі ў склад Смаленскага княства, а землі на правабярэжжы, якраз там, дзе размяшчаюцца Літвінавічы, уваходзілі ў склад Вялікага княства Літоўскага. Жыхары левага берага называлі жыхароў правага берага ліцвякамі, ліцвінамі. Адсюль і Літвінавічы.

Калектыўная мянушка Літвінавічы можа разумецца наступным чынам: “Літвінавічы” – гэта “патомкі ліцвіна” цм падданыя Ліцвіна”. Старажылы Літвінавічаў расказваюць яшчэ адно паданне, у якім чалавек, па прозвішчы Ліцвін,  лічыцца заснавальнікам пасялення. Быў ён нібыта памешчыкам  і валодаў  вялікім маёнткам, да самага Сажа цягнуліся сенажаці, якія належалі Ліцвіну. Меў ён сеназавод, прадукцыю якога адпраўляў на баржах па рацэ аж да Украіны.

Ліцвінам, хутчэй за ўсё, з’яўляўся  выхадзец з заходніх раёнаў сучаснай Беларусі.Перасяленцаў з тэрыторый, якія размяшчаліся на захад ад Бярэзіны Дняпроўскага і Мінскага ўзвышша, у больш усходніх раёнах (напрыклад, у Пасожжы, Прыдзвінні, Прыпяці) успрымалі  як чужынцаў, адсюль і мянушкі тыпу Ліцвін, якія даваліся мясцовым русінам- прышэльцам. Вул. Лепяшынскага – названа ў гонар славутага земляка П.М. Лепяшынскага, які заснаваў першую ў Рэспубліцы школу-камуну для сялянскіх дзяцей.

вул. Калінкіна М.Г. – у гонар Героя Савецкага Саюза М.Г. Калінкіна, які ў час вызвалення Кармяншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1943 годзе паўтарыў подзвіг А. Матросава.

вул. Шыкіна М.М. – у гонар Героя Савецкага Саюза М.М. Шыкіна, які ўдзельнічаў у вызваленні Кармяншчыны.

вул. Лесапаркавая – названа па месцы размяшчэння – вядзе да бліжэйшага лесу.

пер. Палявы – названы па месцы размяшчэння – вядзе да поля.

пер. Рачны – названы па месцы размяшчэння – уздоўж р. Вілейка.

вул. Набярэжная – названа па месцы размяшчэння – уздоўж р. Касалянка.

вул. Маладзёжная – у шматкватэрных дамах, пабудаваных на гэтай вуліцы, жылі маладыя сем’і працаўнікоў птушкафабрыкі” Сож”.

пер. Вішнёвы – у час наймення быў шчыльна засаджаны вішнямі.

вул. Садовая – названа па месцы размяшчэння – вядзе да яблыневага саду.

вул. Піянерская – на ёй пражывала шмат людзей, якія першыя стварылі калгас у в. Літвінавічы ў 1929 годзе.

вул. Камсамольская – на гэтым месцы былі пабудаваны дамы маладых сем’яў камсамольскага ўзросту.

вул. Зарэчная – названа па месцы размяшчэння – знаходзіцца ад цэнтра вёскі, за рэчкай.

р. Косель – старажытная назва – рака ўтварае на шматлікіх паваротах пясчаныя косы.

Плотвішча – так называецца ўчастак Сажа ў наваколлях Літвінавічаў.

1. Месца, дзе мясцовыя рыбакі лавілі плотак.

2. Нізкае месца, балоцістая нізіна каля ракі.

Ялаўка (назва поле) – паходзіць са слова” ялавіна” - “дрэнная, запушчаная зямля”.

Узбоішча (назва поле) – “поле на ўзвышшы”.

Пень (затока, у якую ўпадае р. Касалянка) – месца, якое можна тлумачыць як “багна, дрыгва, глей, мул”.

Казенніца (лясны масіў каля в. Літвінавічы) – месца, якое належыла казне.

Грапшчына (лясны масіў каля в. Літвінавічы) – месца, якое належыла гражу Чарнышову-Круглікаву.

Дзербахін (возера каля в. Літвінавічы) – участак цаліны, ляда, запушчаная аблога.

в. Рудня – месца выплаўкі руды. Недалёка ад Літвінавічаў за лесам знаходзіцца вёска Рудня. Старажылы расказваюць, што ў мінулым тут выплаўлялі ў самаробных печах балотную руду. Так гэта было ці не, але ж назва Рудня таксама можа сведчыць аб даўніх промыслах.

У наваколлі Літвінавічаў шмат лясных масіваў, азёр і багатых сенажацей. На поўнач ад Літвінавічаў, за вёскай Рудня цягнецца лясны масіў Казённіца. На паўднёвы ўсход – іншы лясны масіў, які носіць найменне Грапшчына, што, відаць, у дарэвалюцыйны час належаў графу Чарнышову-Круглікаву.

Побач з Літвінавічамі ўздоўж берага Сожа раскіданы азёры Калтуноў вір, Чорная калюга, Дзербахінь... Назва апошняга прыцягнула нашу ўвагу ў сувязі з тым, што ў яе складзе маецца вельмі старажытны геаграфічны тэрмін, хоць і ў трансфармаваным у фанетычным плане выглядзе, - хінь (з іранскага хан, хон – “ручай, крыніца”). Першая частка назвы тлумачыцца хутчэй за ўсё пры супастаўленні з геаграфічным тэрмінам “дзерба” – “шырокае паніжэнне”, “шырокая сухая даліна”, а таксама – “участак цаліны, ляда”. Такім чынам, найменне возера Дзербахінь можа разумецца як “крыніца”, размешчаная на тым участку лесу, які высякаўся”.

У шасцістах метрах ад Літвінавічаў, на рацэ Сож, ёсць невялічкая затока, у якую ўпадае рака Касалянка. Гэтая затока носіць назву Пень. Сувязь са словам “пень” тут выключна знешняя, па сугуччы. На самай справе, у найменні затокі Пень маецца той жа корань, што і ў назве ракі Піна, на якой размешчаны Пінск. Даследчыкі лічаць падобныя найменні водных аб’ектаў вельмі старажытнымі, індаеўрапейскімі па паходжанні, а значэнне кораня пен-, пін- вызначаюць як “балота, багна, дрыгва, гразь, глей”.

Выклікаюць цікавасць і назвы некаторых палёў, у прыватнасці Узбоішча і Ялоўка. Назва Ялоўка разумеецца пры супастаўленні са словам ялавіна – “дрэнная, запушчаная зямля”, ялавы – “запушчаны”, “той, што не апрацоўваецца”. У найменні Узбоішча мы бачым прыстаўку ўз- і корань –бой-. Корань –бой-, -буй- мае значэнне “высокае месца”, а назва Узбоішча, такім чынам, разумеецца як “поле на ўзвышшы”.

Плотвішча - так называецца ўчастак Сожа ў наваколлях Літвінавічаў. Можна было б думаць, што Плотвішча – гэта месца, дзе мясцовыя рыбакі лавілі плотак. Але ёсць і іншае тлумачэнне: Плотвішча – “нізкае месца, балоцістая нізіна каля ракі”.

Бобрыца - гэта таксама рэчка, прыток Сожа паблізу Літвінавічаў. Меліяратары “пагаспадарылі” так, што ад Бобрыцы засталася, бадай, толькі назва. Калісьці на рэчцы жылі бабры, будавалі “гаці”, “хаткі”. Цяпер тут праглядваецца ланцужок невялікіх азярцоў з густымі зараснікамі чароту і вастралісту.