25 May 2015

 

 

 

На ўроках і ў пазакласнай працы я шырока прымяняю Тэхналогію педагагічных майстэрняў, якая абуджае цікавасць вучняў да свайго роднага краю, развівае творчыя здольнасці. Вучні на такіх уроках ствараюць уласныя творы, пішуць эсэ, сачыненні, праяўляюць самастойнасць і ініцыятыву. З маімі поглядамі па тэхналогіі французскіх майстэрняў можна было пазнаёміцца ў перыядычных рэспубліканскіх выданнях “Адкрыты ўрок”, “Настаўніцкая газета”, “Роднае слова”, “Народная асвета” і інш.

Жадалася б прывесці прыклад выкарыстання тэхналогіі “Развіцця крытычнага мыслення” на занятках краязнаўчага характару ў перыяд Летняй школы.

Працуючы ў тэхналогіі, дзеці вырашылі стварыць калектыўны “партрэт”  “Мы – жыхары Кармяншчыны”. Для гэтага некалькі груп школьнікаў выбралі розныя тэмы, каб ахарактарызаваць вёску Баравая Буда і Кармянскі раён у цэлым.

Перш чым пачаць працаваць над праектамі, быў распрацаваны план дзеянняў, пастаўленыя задачы.

Задачы:

v Сістэматызаваць веды аб родных мясцінах: гісторыі,

культуры, асобах, якія жывуць на Кармяншчыне.

v Умацаваць у вучняў пачуццё гонару за свой родны край, за

людзей, якія памнажаюць яго дабрабыт, пачуццё любові да “малой радзімы”.

v Развіваць у школьнікаў крытычнае мысленне.

Былі вылучаныя наступныя этапы на аснове тэхналогіі “Развіцця крытычнага мыслення”:

  1. Этап выкліку. Тут вучні падбіралі асацыятыўныя рады слоў ці

словазлучэнняў да паняцця “радзіма”. Гэта першы этап праходзіў у першы дзень Летняй школы і быў замацаваны такім чынам, каб вызначыць накірункі наступнай працы.

  1. Этап Асэнсавання, які прадугледжваў некалькі стадый:

1). Праца з тэкстам. Настаўнік прапаноўвае тэкст аб гісторыі вёскі Баравая Буда і Кармянскага раёна, які падрыхтавалі вучні старэйшых класаў. Вучням прапаноўваецца пазнаёміцца з тэкстам пры дапамозе прыёма “ІНСЕРТ”, калі на палях тэксту патрэбна ставіць пэўныя значкі:

“+” новае для сябе

“-” не пагадзіўся

“v” ужо ведаў

“?” ёсць пытанні

2). Экскурсія па славутых месцах Кармянскага раёна, у тым ліку экскурсія ў музей П. М. Лепяшынскага. Экскурсія дала магчымасць пазнаёміцца школьнікам з жыццём і побытам жыхароў Кармяншчыны ў мінулым, паглядзець іншыя выставы музея. Гэта прывівала любоў і павагу да прыгажосці роднай зямлі, абуджала гонар і павагу да гісторыі малой радзімы.

3). Вучні падзяляюцца на групы і падгрупы, працуюць самастойна ў бібліятэцы, разам з настаўнікам, пішуць паведамленні, рэфераты, ствараюць ілюстрацыі.

4). Прэзентацыя сваёй працы ў класе. Абмеркаванне разам з настаўнікам незразумелых пытанняў па тэме праекта.

3. Этап Рэфлексіі. На стадыі Рэфлексіі вучні пісалі эсэ, у якім раскрылі любоў і павагу да роднага краю, роднай гісторыі і мовы, гонар у тым, што жывуць у Кармянскім раёне.

У выніку працы стваралася “Партфоліо” па тэме “Таямніцы Кармянскай зямлі”.

Разгледзім некалькі тэм, якія былі прапанаваныя ў якасці праектаў для абароны.

А азнаямленне   з  традыцыямі  і  звычаямі  народа

Той, хто не ведае сваёй гісторыі, не мае права на будучыню. Веданне гістарычнага мінулага неабходна па той прычыне, каб выратаваць нацыю ад культурнага вымярання. Мы і сёння не перастаём здзіўляцца, адкуль у нашым грамадстве людзі, што выракліся ўсяго роднага: мовы, звычаяў і абрадаў, традыцый і павер’яў, паданняў.

Адсюль вынікае праблема зберагання самабытных этнічных традыцый кожнай нацыі, якія ў сваю чаргу з’яўляюцца значнай умовай развіцця грамадзянска-патрыятычных пачуццяў. А беларускі народ здаўна славіўся сваёй самабытнай старажытнай культурай. Вось чаму школьнікі Баравабудскай школы запісвалі легенды і паданні пра паходжанне вёсак і мястэчак Кармянскага раёна. Многія вучні напісалі шэраг вершаў ад убачанага і пачутага.

У вёсцы Баравая Буда мы запісалі абрад “Гуканне вясны”, які быў паказаны на абласным фестывалі народнай творчасці ў г. Чачэрску. Наогул, на працягу многіх гадоў фальклорны гурт школы “Вяснянкі” займаў дыпломы і падзякі на розных конкурсах народнай творчасці, што таксама вельмі важна ў 21 стагоддзі, калі знікаюць старажытныя пласты народнай маралі і самабытнасці.

Вывучаючы фальклор, дзеці бачылі сапраўдную душу народа. Можна сто разоў гаварыць пра талент, працавітасць, дасціпнасць і мудрасць беларусаў, але лепш, калі дзіця само пачуе песні роднага краю. Тады гэта дзіця пераканаецца, што гэтыя прыгожыя словы пра яго народ не абстракцыя, што ёсць чым ганарыцца беларусу.

Роля традыцыйнай культуры асабліва ўзрастае ў перыяд нацыянальна-культурнага адраджэння, аб’яднання народа на аснове нацыянальнай самасвядомасці. Менавіта ў школе ў дзяцей фармуецца цікавасць, патрэба да ведаў, закладваецца фундамент ведаў роднай мовы. Наш педагагічны калектыў разумее, што кожная краіна, кожны народ ганарыцца сваёй традыцыйнай мастацкай культурай, якая з’яўляецца найбольш яркай адзнакай нацыянальнай адметнасці i самабытнасці. А азнаямленне   з  традыцыямі  і  звычаямі  народа  і  далучэнне  да  іх – важная частка  работы ў патрыятычным выхаванні школьнікаў.

Школьныя экскурсіі па славутых мясцінах Кармяншчыны

У час Летняй школы была праведзеная экскурсія па славутых месцах Кармянскага раёна, у тым ліку экскурсія ў музей П. М. Лепяшынскага, што знаходзіцца ў вёсцы Літвінавічы. Экскурсія дала магчымасць пазнаёміцца школьнікам з жыццём П. М. Лепяшынскага, паглядзець іншыя выставы краязнаўчага характару.

Праца вялася з газетай “Зара над Сожам”. Вучні павінны былі знайсці і апісаць кароткае ўтрыманне артыкулаў, якія распавядаюць аб падзеях  XX ст. у нашым раёне, напісаць свой уласны краязнаўчы артыкул ці эсэ. У гэтым накірунку цікавыя працы стварылі вучаніцы 9 класа Лавянецкая Людміла і Папкова Алена.

Такім чынам, ствараючы працу па тэме “Таямніцы Кармянскага раёна”, вучні карысталіся  этапам Выкліку (падбор асацыятыўных радоў да паняцця “радзіма”); этапам Асэнсавання, дзе адбывалася атрыманне новай інфармацыі шляхам пошуку, працы з тэкстамі, экскурсій. На стадыі Рэфлексіі вучні пісалі эсэ, у якім раскрылі любоў і павагу да родных мясцін.

Праект “Чаму жыхары Кармянскага раёна не размаўляюць па-беларуску”

Праект “Чаму жыхары Кармянскага раёна не размаўляюць па-беларуску” паказаў, што гэта праблема хвалюе не толькі вучняў, але іх бацькоў і ўсіх жыхароў вёсак Баравая Буда, Гарадок, Лесавая Буда, а таксама ўсіх тых мястэчак, дзе праводзілася апытванне, а пасля і аналіз атрыманых вынікаў. Праект па дадзенай тэме быў для вучняў не новым. Упершыню з гэтай праблемай яны пазнаёміліся на ўроках беларускай мовы і літаратуры. Да прыкладу, мною быў распрацаваны ўрок-дыспут па тэхналогіі французскіх педагагічных майстэрняў “Чаму беларусы не размаўляюць па-беларуску”, які быў апублікаваны ў часопісе “Роднае слова” (2007 г., №8). Прыкладна праз паўгода да сусветнага Дня роднай мовы, 21 лютага 2008 года, у Баравабудскай школе прайшла літаратурна-музычная імпрэза “Размаўляй са мною па-беларуску”. Сцэнар гэтай імпрэзы быў таксама апублікаваны ў часопісе “Роднае слова” ў 2008 годзе (№8). Усе гэта садзейнічала разуменню паднятай праблемы. Пасля падвядзення вынікаў у якасці Рэфлексіі вучні таксама пісалі эсэ “Чаму беларусы не размаўляюць па-беларуску”. Гэта праца абудзіла нацыянальную самасвядомасць, любоў і павагу да сваёй роднай мовы, якая з кожным разам знікае не толькі з эфіру нацыянальных тэлеканалаў, але і з школьнага жыцця.

Выхаванне патрыятызму, любові да Айчыны сярод школьнікаў – ёсць таксама адна з галоўнейшых задач ідэалагічнай працы ў РБ. Але ўсе чамусьці забываюць тое, што патрыятызм пачынаецца перш за ўсе з любові да роднай мовы, гісторыі, з ведання сваіх каранёў. Як можна любіць свой народ, не ведаючы яго мовы? Як можна быць патрыётам, не размаўляючы на мове Скарыны, Багушэвіча, Янкі Купалы, Кастуся Каліноўскага? Даволі часта можна пачуць: “А зачем нам белорусский язык? Зачем нам два одинаковых языка?” Гэта я лічу адкрытым заклікам адракацца ад свайго роднага, самага дарагога. Гэта тое самае, што заклікаць адракацца ад родных бацькоў... Калі не праводзіць патрыятычную працу ў школе, не прывіваць любоў да роднай мовы, гісторыі, то чалавек паступова ўжо робіцца іншы: ён не пазнае свайго мінулага, свайго сённяшняга, а заўтра глядзіць чужымі вачыма. Там ён не знаходзіць месца свайму народу, яго мове, культуры. Калі не будзе беларускай мовы, не будзе i нас, беларусаў, не будзе нашага народа. “Вымерла мова ў вуснах народа – вымер i народ”,- сурова сказаў вялікі рускі педагог К. Дз. Ушынскі.

Падагульняючы сказанае і праілюстраванае, можна зрабіць некаторыя высновы.

Па-першае, выхаванне патрыятызму, нацыянальнай самасвядомасці – справа складаная, асабліва ў цяперашніх гістарычных умовах. Такія якасці не абудзіш толькі анкетаваннем ці гутаркай. Для гэтага патрэбна мэтанакіраваная праца не толькі аднаго настаўніка-энтузіяста, а ўсяго калектыву настаўнікаў і адміністрацыі навучальнай установы, падтрымка раённага ці гарадскога аддзела адукацыі.

Па-другое, практыка Летняй школы 2007 і 2008 гг. паказала перспектыўнасць гэтай працы ў будучым не толькі ў адной узятай школе, але і ва ўсім Кармянскім раёне. 

Па-трэцяе, толькі сучасныя асобасна арыентаваныя тэхналогіі дазваляюць вучню рэалізаваць сябе, раскрыць уласныя творчыя здольнасці, сказаць усё тое, што на звычайных занятках ён не мог бы. Тэхналогія педагагічных майстэрняў, інтэгральная тэхналогія, тэхналогія крытычнага мыслення абуджаюць зацікаўленасць вучняў пэўнай тэмай.

 

 

 

 

ДОСТИЖЕНИЯ

на областных и республиканских конкурсах и олимпиадах за 2022/2023 учебный год

 

7

дипломов I степени

12

диплома II степени

23

диплома III степени

Новости

Фестиваля любительских театральных коллективов «Аркад»
16 April 2024

15 апреля на базе ГУО "Коротьковская средняя школа Кормянского района имени П.П. Качуевского" прошел районный этап областного фестиваля любительских театральных коллективов «Аркад» на иностранных языках.
В фестивале приняли участие 5 любительских театральных коллективов учреждений общего среднего образования.
По итогам работы жюри победителями фестиваля признаны театральные коллективы:
1 место - коллектив Воровской СШ, 2 место - коллектив Гимназии г.п.Корма, 3 место - коллектив Барсуковской СШ.
Поздравляем победителей фестиваля и желаем творческих побед в будущем!