28-07-2015

 

 

 

ТАПАНІМІЧНЫ СЛОЎНІК ЗЯМЕЛЬ БАРАВАБУДСКАГА

СЕЛЬСКАГА САВЕТА

Баравая Буда, в. – вёска ў Баравабудскім сельсавеце, цэнтр сельсавета, цэнтр камунальнага сельгаспрадпрыемства “Багданавічы”.

Старажылы распавядаюць, што ў даўнія часы на месцы вёскі Баравая Буда, рос вялікі хваёвы бор. Калі першыя жыхары паставілі тут некалькі будынкаў, па мясцовым – буданоў, за імі замацавалася назва Баравая Буда.

Слова “буда”  ў якасці назвы, як правіла, замацоўвалася за ляснымі засценкамі, невялікімі па памерах, і мела першапачаткова  якое-небудзь вытворчае значэнне. Мусіць, Баравая Буда таксама пачыналася як “прамысловае паселішча”. Узнікненне  вёскі  дакладна датаваць складана з-за адсутнасці гістарычных дакументаў. Але па ўскосных дадзеных яна магла ўзнікнуць прыкладна ў  XVI стагоддзі, калі на землях Беларусі з’явіліся і шматлікія іншыя Буды, прычым заснавалі яе выхадцы з сяла Меркулавічы. Пісьмовыя гістарычныя крыніцы ўзгадваюць вёску з XVIII ст.  

У пачатку XVIII ст. у складзе маёнтка Меркулавічы Рэчыцкага павета ВКЛ. У 1970 г. – 17 дымоў, 7 валок, прыватная ўласнасць Марціна і Міхайлы Міхалкоўскіх. У 1884 г.  – 67 двароў, 448 жыхароў, Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. Меліся крама, вятрак. У вёсцы былі распаўсюджаны промыслы: ганчарны, прыбытак – 45 рублёў, рамізніцкі – 20 рублёў, кравецкі – 15 рублёў, кавальскі – 25 рублёў. У пачатку 20 стагоддзя ў Магілёўскай губерні.     

У 1907 г. была адкрыта земская школа. У 1909 г. – вёска, 111 двароў, 794 жыхароў, прыналежала мясцовай сельскай грамадзе, якая валодала 1129 дзес. зямлі. У 1918 г. на базе дарэвалюцыйнай школы створана працоўная школа 1 ступені. У 1923 г. яна размяшчалася ў фальварку Лесавая Буда: двухпавярховы крыты гонтай будынак нацыяналізаваны ў гэтым жа годзе.

20.8.1924 г.  – цэнтр Баравабудскага сельсавета Кармянскага раёна Магілёўскай губерні, а 20.2.1938 г. гэтага ж раёна Гомельскай вобласці. Паводле перапісу 1926 гады – 83 двары, 423 жыхароў (214 мужчын, 218 жан.). Побач былі размешчаны Баравабудскія хутары, 12 двароў, 70 жыхароў (31 муж., 39 жан.). Меліся кравецкая майстэрня, вятрак, 2 гамарні, створаны калгас “Землеўпарадкавальнік”.

16.7.1954 г. сельсавет ліквідаваны, яго тэрыторыя далучылася да Струкачоўскага сельсавета. У 1970 г. 167 двароў, 586 жыхароў.

На 1.1.2002 г. 189 двароў, 501 жыхар. Сярэдняя школа, дзіцячы сад, фельчарска-акушэрскі пункт, Дом культуры, бібліятэка, аддзяленне сувязі, крама.

Баравікоў хутар – хутар у Баравабудскім сельсавеце, назва паходзіць ад прозвішча пасяленца – гаспадара гэтай мясцовасці. Знаходзіўся на ўсходзе ад вёскі Баравая Буда.

Бабічоў хутар – хутар у Баравабудскім сельсавеце, назва хутара ўтварылася ад прозвішча пасяленца – гаспадара гэтай мясцовасці. Знаходзіўся на ўсходзе ад вёскі Баравая Буда.

Вадапой, руч. – ручай непадалёку ад вёскі Баравая Буда, Баравабудскага сельсавета. Назва паходзіць ад месца, дзе летам пояць скот. Сюды ж на вадапой ходзяць і дзікія жывёлы.

Ветрадуеўка, вул. (устр.) – вуліца ў вёсцы Баравая Буда, Баравабудскага сельсавета. У зімовыя месяцы, у снегапад моцны вецер прыносіў снягі пад самыя дахі хат.

Выгар, а. – невялікае азярцо, якое знаходзілася на ўсход ад вёскі Баравая Буда, Баравабудскага сельсавета. Назва паходзіць ад стар. бел. “выкапны вадаём, штучная сажалка”.

Гарадок, в.вёска ў Баравабудскім сельсавеце. Назва Гарадок паказвае на археалагічны аб’ект каля населенага пункта ці нават у паселішчы – на ўмацаванае гарадзішча старажытна ўсходнеславянскай эпохі. “Гарадок” існаваў у маладаступным месцы, сярод балот, паколькі нават у цяперашні час уезд у вёску Гарадок магчымы толькі з боку Баравой Буды.

У другой палове XIX ст. у Меркулавіцкай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. У 1884 г. – 54 двары, 349 жыхароў. У вёсцы былі распаўсюджаны промыслы: адыходны, даход якога складаў 45 рублёў, кравецкі – 5 рублёў, рамізніцкі (займаліся 12 двароў) – 10 рублёў, колавы (займаліся 3 двары) – 5 рублёў, бандарны – 25 рублёў, па вырабу драўлянага посуду – 25 рублёў. У 1882 годзе адчынена царкоўнапрыходская школа ў пабудаванай сялянамі драўлянай хаце, крытай саломай. Вяскоўцы адносіліся да праваслаўнага Меркулавіцкага прыхода і наведвалі Ушэсцеўскую царкву. На пачатку XX ст. вёска ў Меркулавіцкай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. 1909 г. – 85 двароў, 612 жыхароў, належала вясковай сельскай грамадзе. У 1909 г. працавала царкоўнапрыходская школа, ператвораная ў 1918 г. у працоўную школу 1 ступені. У 1924 г. навучаліся 125 дзяцей, з вёскі Гарадок – 83 вучні, з Шэрахаўскай Буды – 42 чалавекі. Навучанне вялося на беларускай і рускай мовах. З 20. 08. 1924 г. – пасёлак у Баравабудскім сельсавеце Кармянскага раёна Магілёўскай акругі, з 20. 02. 1938 г. – гэтага ж раёна Гомельскай вобласці. Паводле перапісу насельніцтва 1926 г. – 42 двары, 207 жыхароў (80 мужчын, 127 жанчын). Створаны калгас “Чырвоны Гарадок”. Працавалі кузня, ветраны млын. З 16. 7. 1954 г. у Струкачоўскім сельсавеце. 22 снежня 1966 г. з вёскай злучыўся пасёлак Новы Прамень. Зараз у складзе КСУП “Багданавічы”.

На 1. 1. 2002 г. 45 двароў, 77 жыхароў.

Гомельская, вул. – вуліца ў вёсцы Баравая Буда, Баравабудскага сельсавета, узнікла ў савецкі час.

Гомельская, вул. – вуліца ў вёсцы Струкачоў, Баравабудскага сельсавета, назва ўзнікла ў савецкі час.

Гомельскі, пер. – перавулак у вёсцы Струкачоў, Баравабудскага сельсавета, назва ўзнікла ў савецкі час.

Дубавіца, в. – вёска ў Баравабудскім сельсавеце, назва паходзіць ад слова “дуб”. Па народнаму паданню, у старажытныя часы на месцы Дубавіцы рос вялікі дуб. Па дрэву і было дадзена назва новаму паселішчу. Вядома вёска з другой паловы XIX ст. 

У другой палове XIX ст. у Расохскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. У 1884 г. – 47 двароў, 220 жыхароў. Распаўсюджаны промыслы: кавальскі, даход – 30 рублёў, ганчарны, даход – 18 рублёў, колавы, даход – 40 рублёў. Размяшчаўся хлебазапасны магазін. Вяскоўцы адносіліся да праваслаўнага Расохскага прыхода і наведвалі Мікалаеўскую царкву. У 1909 г. вёска, 65 двароў, 477 жыхароў, 722 дзес. зямлі належала вясковай сельскай грамадзе. З 20. 08. 1924 г. у Струкачоўскім сельсавеце Кармянскага раёна Магілёўскай акругі, з 20. 02. 1938 г. гэтага ж раёна Гомельскай вобласці. Вясковыя дзеці (15 вучняў) наведвалі працоўную школу 1 ступені імя Вароўскага за 0,5 км. у вёсцы Міхалёўка. Створаны калгас “Чырвоны дабраволец”, працавалі ветраны млын, кузня. У 1971 г. 165 двароў, 565 жыхароў. Камбінат бытавога абслугоўвання, лесапільня, млын. Васьмігадовая школа, Дом культуры, бібліятэка, аддзяленне сувязі, магазін.

На 01. 01. 2002 г. 150 двароў, 429 жыхароў. Базавая школа, Дом культуры, бібліятэка, дзіцячы сад, фельчарска-акушэрскі пункт, магазін.

Дзюндзікаў хутар – хутар у Баравабудскім сельсавеце, назва паходзіць ад мянушкі пасяленца – гаспадара гэтай мясцовасці. Знаходзіўся на поўдні ад вёскі Баравая Буда.

Жданаў, п. – пасёлак у Баравабудскім сельсавеце. Узнік у 20-ыя гг. XX ст. у час калгаснага будаўніцтва, назва паходзіць ад прозвішча савецкага палітычнага дзеяча Жданава.

З 20. 08. 1924 г. у Струкачоўскім сельсавеце Кармянскага раёна Магілёўскай акругі, з 20. 02. 1938 г. гэтага ж раёна Гомельскай вобласці. Паводле перапісу насельніцтва 1926 г. – 14 двароў, 77 жыхароў (38 муж., 39 жан.). Створаны калгас імя К. Маркса, працаваў ветраны млын. 29 лістапада 1962 г. пасёлкі Крывы Рог і Круглы злучыліся з пасёлкам Жданаў. Не існуе.

Іванькаў хутар –хутар у Баравабудскім сельсавеце, назва паходзіць ад прозвішча пасяленца – гаспадара гэтай мясцовасці. Знаходзіўся на ўсходзе ад вёскі Баравая Буда, каля мясцовага сельскагаспадарчага комплексу.

Ігнатава шына – поле  у вёсцы Баравая Буда.

Кірылаў хутар – хутар у Баравабудскім сельсавеце, назва паходзіць ад прозвішча пасяленца – гаспадара гэтай мясцовасці. Знаходзіўся непадалёк ад Гарадка.

Коласава, в. – вёска ў Баравабудскім сельсавеце, назва паходзіць ад слова “колас” . З 20. 08. 1924 г. у Струкачоўскім сельсавеце Кармянскага раёна Магілёўскай акругі, з 20. 02. 1938 г. гэтага ж раёна Гомельскай вобласці. Паводле перапісу насельніцтва 1926 г. – 18 двароў, 96 жыхароў (40 муж., 56 жан.). Зараз у складзе КСУП “Багданавічы”.

На 01. 01. 2002 г. 9 двароў, 13 жыхароў.

Краншчыкаў хутар – хутар у Баравабудскім сельсавеце, назва паходзіць ад прозвішча пасяленца – гаспадара гэтай мясцовасці. Знаходзіўся на поўдні ад вёскі Баравая Буда, каля мясцовага аэрадрома.

Круглы, п.пасёлак (да 29 лістапада 1962 г.) у Струкачоўскім сельсавеце. З 20. 08. 1924 г. у Струкачоўскім сельсавеце Кармянскага раёна Магілёўскай акругі, з 20. 02. 1938 г. гэтага ж раёна Гомельскай вобласці. Паводле перапісу насельніцтва 1926 г. – 17 двароў, 76 жыхароў. З 29 лістапада 1962 г. знаходзіўся ў складзе пасёлка Жданаў. Не існуе.

Крывы Рог, п. – пасёлак (да 29 лістапада 1962 г.) у Струкачоўскім сельсавеце. Вядомы з 20-ых гг. XX ст. З 20. 08. 1924 г. у Струкачоўскім сельсавеце Кармянскага раёна Магілёўскай акругі, з 20. 02. 1938 г. гэтага ж раёна Гомельскай вобласці. Паводле перапісу насельніцтва 1926 г. – 13 двароў, 71 жыхар. З 29 лістапада 1962 г. знаходзіўся ў складзе пасёлка Жданаў. Не існуе.

Лесавая Буда, в. – вёска ў Баравабудскім сельсавеце, знаходзілася на месцы лесу, з якога першыя пасяленцы будавалі “буды”. Вядома з канца XIX ст. як фальварак, пабудаваны ў 1892 г. памешчыкам Жукоўскім. На пачатку XX ст. 2 аднайменныя фальваркі ў Меркулавіцкай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. У 1909 г. – паштовая станцыя Лесавая Буда, 1 двор, 6 жыхароў; фальварак (1 двор, 8 жыхароў, 162 дзес. зямлі), належаў двараніну Жукоўскаму. Побач размяшчаўся другі фальварак: 1 двор, 11 жыхароў, 1039 дзес. зямлі, таксама належаў двараніну Жукоўскаму. У 1923 г. фальваркі былі нацыяналізаваны, у адным з іх размясцілася Баравабудская працоўная школа 1 ступені. З 20. 08. 1924 г. – вёска ў Баравабудскім сельсавеце Кармянскага раёна Магілёўскай губерні, з 20. 02. 1938 г. гэтага ж раёна Гомельскай вобласці. Створаны калгас “12 Кастрычнік”, працавала кузня. З 16. 07. 1954 г. – вёска ў Струкачоўскім сельсавеце. Зараз вёска ў складзе КСУП “Багданавічы”.

На 01. 01. 2002 г. – 63 двары, 123 жыхары.

Маліноўская Буда (Шэрахаўская Буда), в. – вёска ў Баравабудскім сельсавеце, назва паходзіць ад прозвішча Маліноўскі, які з’яўляўся памочнікам мясцовага пана. 

Манголія - частка вёскі Баравая Буда, устр. Па тлумачэнні старажылаў, хаты так шчыльна знаходзіліся тут адна ад адной, быццам юрты ў стэпах манголаў.

Мархліва – поле ў вёсцы Баравая Буда, назва паходзіць ад прозвішча першага пасяленца.

Міра, вул. – вуліца ў вёсцы Баравая Буда, Баравабудскага сельсавета, узнікла ў савецкі час.

Міра, пер. – перавулак у вёсцы Баравая Буда, Баравабудскага сельсавета, назва ўзнікла ў савецкі час.

Мірны, пер. – перавулак у вёсцы Баравая Буда, Баравабудскага сельсавета, назва ўзнікла ў савецкі час.

Міхалёўка, в. – вёска ў Баравабудскім сельсавеце. Існуе паданне пра двух братоў – Міхала і Лёву, якія вырашылі пабудаваць хутар  на  гэтым месцы, назвалі яго шляхам складання сваіх імён, атрымалася Міхалёўка. Па другой версіі заснавальнікам вёскі быў адзін чалавек па прозвішчы Міхалёў. Узнікла вёска прыблізна ў XVII ст.

У 1884 г. – 37 двароў, 120 жыхароў, у Расохскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. Меўся хлебазапасны магазін. Распаўсюджаны промыслы: ганчарны, даход – 18 рублёў, бандарны – 10 рублёў. Вяскоўцы з’яўляліся прыхаджанамі Расохскага праваслаўнага прыхода і наведвалі Мікалаеўскую царкву. На пачатку XX ст. у Расохскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. У 1909 г. – 62 двары, 417 жыхароў. Належала вёска мясцовай сельскай грамадзе, якая валодала 703 дзес. зямлі. У 1911 г. пабудавана школа, якая ў 1918 г. ператворана ў працоўную школу 1 ступені. У 1924 г. яна насіла імя Вароўскага, навучаліся 35 вучняў з в. Міхалёўка і 153 з в. Дубавіца. Школе належала 2 дзес. зямлі. Навучанне вялося на беларускай мове. З 20. 08. 1924 г. вёска ў Струкачоўскім сельсавеце Кармянскага раёна Магілёўскай акругі. Паводле перапісу насельніцтва 1926 г. – 60 двароў, 331 жыхар (156 муж., 175 жан.).

На 01. 01. 2002 г. 42 двары, 71 жыхар.

Новая, вул. – вуліца ў вёсцы Струкачоў, Баравабудскага сельсавета, назва ўзнікла ў савецкі час.

Новы Свет, п. – пасёлак (да 22 снежня 1966 г.) у Баравабудскім сельсавеце. Узнік у час калгаснага будаўніцтва. З 20. 08. 1924 г. у Баравабудскім сельсавеце Кармянскага раёна Магілёўскай акругі, з 20. 02. 1938 г. гэтага ж раёна Гомельскай вобласці. Паводле перапісу насельніцтва 1926 г. – 15 двароў, 86 жыхароў (38 муж., 48 жан.). Пасялковыя дзеці наведвалі Гарадоцкую працоўную школу 1 ступені, працавала пякарня кандытарскіх вырабаў. 22 снежня 1966 г. пасёлак злучыўся з вёскай Гарадок.

Норкаўшчына, в.вёска ў Баравабудскім сельсавеце, назва паходзіць ад прозвішча чалавека Норка, які валодаў зямельнымі надзеламі вакол сучаснай вёскі. Прозвішча зафіксавана ў многіх гістарычных крыніцах XVII – XVIII стст.

У 1884 г. – 52 двары, 230 жыхароў, у Расохскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. Размяшчаўся хлебазапасны магазін, ветраны млын. Вяскоўцы, апрача земляробства, займаліся промысламі: ганчарным, даход з якога складаў 18 рублёў, кавальскім, 5 двароў, даход – 10 рублёў, рамізніцкім, 12 двароў, даход – 10 рублёў. Вяскоўцы з’яўляліся прыхаджанамі Расохскага праваслаўнага прыхода і наведвалі Свята-Троіцкую царкву. На пачатку XX ст. вёска ў Расохскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. У 1902 годзе адчынена царкоўнапрыходская школа. У 1909 г. – 78 двароў, 284 жыхары, належала вясковай сельскай грамадзе, якая валодала 100 дзес. зямлі. У 1918 г. на базе дарэвалюцыйнай школы была створана працоўная школа 1 ступені, у 1921 г. для яе пабудавалі ўласны будынак, драўляную хату, крытую саломай.

З 20. 08. 1924 г. – вёска ў Струкачоўскім сельсавеце Кармянскага раёна Магілёўскай акругі, з 20. 02. 1938 г. гэтага ж раёна Гомельскай вобласці. Паводле перапісу насельніцтва 1926 г. – 93 двары, 564 жыхары (273 муж., 291 жан.). Створаны калгас прасвет”, працавалі ветраны млын, кузня.

На 01. 01. 2002 г. 60 двароў, 123 жыхары.

Паштовая, вул. – вуліца ў вёсцы Баравая Буда, Баравабудскага сельсавета, узнікла ў савецкі час.

Перамогі, вул. – вуліца ў вёсцы Баравая Буда, Баравабудскага сельсавета, узнікла ў савецкі час.

Перамогі, вул. – вуліца ў вёсцы Струкачоў, Баравабудскага сельсавета, назва ўзнікла ў савецкі час.

Першамайская, вул. – вуліца ў вёсцы Струкачоў, Баравабудскага сельсавета, назва ўзнікла ў савецкі час.

Піянерская, вул. – вуліца ў вёсцы Баравая Буда, Баравабудскага сельсавета, узнікла ў савецкі час.

Праўда, в. – вёска ў Баравабудскім сельсавеце. Узнікла ў час калгаснага будаўніцтва на месцы сельскагаспадарчай арцелі “Праўда”. З 20. 08. 1924 г. у Струкачоўскім сельсавеце Кармянскага раёна Магілёўскай акругі, з 20. 02. 1938 г. гэтага ж раёна Гомельскай вобласці. Паводле перапісу насельніцтва 1926 г. – 8 двароў, 41 жыхар (21 муж., 20 жан.). Дзеці наведвалі працоўную школу 1 ступені за 1,5 км. у вёсцы Струкачоўка. Зараз у складзе КСУП “Багданавічы”.

На 01. 01. 2002 г. 5 двароў, 16 жыхароў.

Рабочая, вул. – вуліца ў вёсцы Струкачоў, Баравабудскага сельсавета, назва ўзнікла ў савецкі час.

Рахвееў хутар – хутар у Баравабудскім сельсавеце, назва паходзіць ад прозвішча пасяленца – гаспадара гэтай мясцовасці. Знаходзіўся на ўсходзе ад вёскі Баравая Буда.

Рэпішча – поле ў Баравабудскім сельсавеце. Знаходзіцца непадалёк ад вёскі Баравая Буда, назва ўтворана ад мянушкі Рэпіш.

Савецкая, вул. – вуліца ў вёсцы Струкачоў, Баравабудскага сельсавета, назва ўзнікла ў савецкі час.

Сёмчына – поле ў Баравабудскім сельсавеце. Знаходзіцца непадалёк ад вёскі Баравая Буда, назва ўтворана ад імя Сёмка.

Сілкаў хутар – хутар у Баравабудскім сельсавеце, назва паходзіць ад прозвішча пасяленца – гаспадара гэтай мясцовасці. Знаходзіўся непадалёк ад вёскі Зялёная Паляна (Чачэрскі раён).

Стальмакоў хутар – хутар у Баравабудскім сельсавеце, назва паходзіць ад прозвішча пасяленца – гаспадара гэтай мясцовасці. Знаходзіўся на поўдні ад вёскі Баравая Буда.

Струкачоў, в. – вёска ў Баравабудскім сельсавеце, назва паходзіць ад прозвішча Струкач, г. зн. “маленькі чалавек, ростам з гарохавага струка”. Вёска вядома з 1886 года.

У 1886 г. – былое ўладанне на р. Горка, 95 двароў, 541 жыхар у Расохскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. Размяшчаліся 2 ветраныя млыны, хлебазапасны магазін. Асноўным заняткам вяскоўцаў было земляробства, якое яны спалучалі з рознымі промысламі: ганчарным – даход 18 рублёў, кравецкім – 10 рублёў. Вёска адносілася да праваслаўнага Расохскага прыхода, вяскоўцы наведвалі Мікалаеўскую царкву. У 1885 годзе была пабудавана школа. На пачатку XX ст. вёска ў Расохскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. У 1907 г. дзейнічала земская школа. У 1909 г. – 153 двары, 995 жыхароў, належала вясковай сельскай грамадзе, якая мела 2126 дзес. зямлі. На базе дарэвалюцыйнай школы створана працоўная школа 1 ступені, якая размяшчалася ва ўласным будынку. Навучанне вялося на беларускай мове. З 20. 08. 1924 г. цэнтр Струкачоўскага сельсавета Кармянскага раёна Магілёўскай акругі, з 20. 02. 1938 г. гэтага ж раёна Гомельскай вобласці. Паводле перапісу насельніцтва 1926 г. – пасёлак, 25 двароў, 133 жыхары (53 муж., 80 жан.). Побач Струкачоўскія хутары: 11 двароў, 71 жыхар (39 муж., 32 жан.). Створаны калгас імя Розы Люксембург, працавалі ветраны млын, кузня. 29 жніўня 1974 г. вёска Лозкі злучыліся са Струкачовам. Зараз у складзе КСУП “Багданавічы”.

На 01. 01. 2002 г. 120 двароў, 389 жыхароў. Сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, дзіцячы сад, сталовая, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, магазін.

Сялянская, вул. – вуліца ў вёсцы Баравая Буда, Баравабудскага сельсавета, узнікла ў савецкі час.

Тапіла, саж. – сажалка ў вёсцы Баравая Буда, Баравабудскага сельсавета, азначае “топкая, балоцістая мясціна”.

Хайматаў хутар – хутар у Баравабудскім сельсавеце, назва паходзіць ад прозвішча пасяленца – гаспадара гэтай мясцовасці. Знаходзіўся на ўсходзе ад вёскі Баравая Буда.

Цыганская, вул. (устр.) – вуліца ў вёсцы  Баравая Буда, Баравабудскага сельсавета. Назва паходзіць ад слова “цыган”. На думку жыхароў, тут сяліліся жыхары з найбліжэйшых хутароў.

Чачора, р. – рака, якая працякае непадалёк ад вёскі Баравая Буда, Баравабудскага сельсавета.

Чайкін хутар – хутар у Баравабудскім сельсавеце, назва паходзіць ад прозвішча пасяленца – гаспадара гэтай мясцовасці. Знаходзіўся на поўдні ад вёскі Баравая Буда.

Шаламеі, в. – вёска ў Баравабудскім сельсавеце. У першай палове XIX ст. уласнасць памешчыка Коўзаня, затым яго дачкі Соф’і Сімпліцынавай. У 1858 г. налічвалася 249 рэвізскіх сялянскіх душ (128 муж., 121 жан.). У другой палове XIX вядома як цэнтр аднайменнага маёнтка ў Расохскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. У 1884 г. налічвалася 44 двары, 326 жыхароў. Распаўсюджаны промысел кавальскі, даход – 20 рублёў, які прыносіў значны даход у гаспадарку. Вяскоўцы з’яўляліся прыхаджанамі праваслаўнага Навасёлкаўскага прыхода і наведвалі Свята-Троіцкую царкву. На пачатку XX ст. вёска і маёнтак у Расохскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. У 1909 г. – вёска , 70 двароў, 442 жыхары, належала мясцовай сельскай грамадзе, якая валодала 518 дзес. зямлі; маёнтак, 1 двор, 6 жыхароў, належала нашчадкам памешчыка І. Коўзаня. З 20. 08. 1924 г. вёска ў Струкачоўскім сельсавеце Кармянскага раёна Магілёўскай акругі, з 20. 02. 1938 г. гэтага ж раёна Гомельскай вобласці. Вясковыя дзеці наведвалі працоўную школу 1 ступені за 1,5 км. у в. Струкачоўка. Паводле перапісу насельніцтва 1926 г. – 93 двары, 444 жыхары (200 муж., 244 жан.). Створаны калгас “Праўда”, працавалі нафтавы і ветраны млыны, конная крупарушка. Зараз у складзе КСУП “Багданавічы”.

На 01. 01. 2002 г. 6 двароў, 9 жыхароў.

Шэрахаўская Буда, в. – вёска ў Баравабудскім сельсавеце, назва паходзіць ад прозвішча Шэрахаў. Калі верыць народнаму паданню, Шэрахаўская Буда была заснавана на шляху з вёскі Баравая Буда ў мястэчка Шэрахаў (тэрыторыя Чачэрскага раёна).

У другой палове XIX ст. у Меркулавіцкай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. У 1884 г. заснаваны вінакурны завод. У 1884 годзе налічвалася 50 двароў, 312 жыхароў. Размяшчаўся хлебазапасны магазін. Асноўным заняткам вяскоўцаў было земляробства, якое яны спалучалі з рознымі промысламі: кавальскім, даход – 11 рублёў, адыходным – 45 рублёў, ганчарным – 45 рублёў. З 20. 08. 1924 г. вёска ў Баравабудскім сельсавеце Кармянскага раёна Магілёўскай акругі, з 20. 02. 1938 г. гэтага ж раёна Гомельскай вобласці. Вясковыя дзеці наведвалі працоўную школу 1 ступені за 5 км. у вёсцы Гарадок, дзе ў 1924 г. навучаліся 42 чалавекі. Паводле перапісу насельніцтва 1926 г. – 52 двары, 263 жыхары (121 муж., 141 жан.). Побач размяшчаліся Баравабудскія хутары: 22 двары, 125 жыхароў (54 муж., 70 жан.). Створаны калгас “13 Кастрычнік”, працавалі кузня, ветраны млын. З 16. 07. 1954 г. вёска ў Струкачоўскім сельсавеце. Зараз у складзе КСУП “Багданавічы”.

На 01. 01. 2002 г. 9 двароў, 18 жыхароў. 

Школьнае, воз. – возера ў вёсцы Баравая Буда, Баравабудскага сельсавета, раней каля возера размяшчалася школа.

Школьная, вул. – вуліца ў вёсцы Струкачоў, Баравабудскага сельсавета, назва ўзнікла ў савецкі час.

Шчаранка, руч. – невялікі ручай, які працякае непадалёк ад вёскі Баравая Буда, Баравабудскага сельсавета.