28-07-2015

 

 

 

ТАПАНІМІЧНЫ СЛОЎНІК ЗЯМЕЛЬ СТАРАГРАДСКАГА

СЕЛЬСКАГА САВЕТА

 Кастрычніцкая, Будаўнічая, Зарэчная,  Маладзёжная, Савецкая – вуліцы  вёскі  Стараград ,  назвы  атрымалі  ў  савецкі  час.

Архіпскае  - лес  на поўдзень  ад  вёскі Бераставец.

Барок – малады  сасновы  лес   на  захадзе  ад вёскі  Задуб’ е.

Барок  -  сасновы  лес  на  захадзе вёскі  Хізаў.

         Балацянка Става – невялікае  балота ў вёсцы  Задуб’ е.

Батракі – месца  на поўначы  вёскі  Стараград,  названа  па  месцы  пражывання  батракоў,  часоў  прыгоннага  права,  пасля месца  атрымала  назву  Крынічны ,зараз  вуліца Кастрычніцкая.

Белае – возера  ў вёсцы  Бераставец, назву  атрымала за  кошт  гліністага дна, якое  мае белы  колер.

Бераставец – вёска Стараградскага  сельскага  савета, вядомая з 19 стагоддзя.  У 1858 годзе – вёска  фальварка  Цераспаль,  прыватная ўласнасць  памешчыцы  Ванды  Манкевіч.

Назва пайшла  ад  слова “бераста”  , у  ваколіцах  вёскі расло  шмат  бярозавых  гаёў,  жыхары  назапашвалі  берасту, з якой  выраблялі  абутак, прылады  працы, прадметы  быту.

Берастоўка --  безымянны  ручэй,  які  цячэ  з  возера  на  поўнач  вёскі Хізаў.

Берастоўка – рака працякае па вёсцы  Бераставец,  упадае  ў Хізаўскае  возера, атрымала  назву  ад  назвы  вёскі. 

Брода – балота вёскі Задуб’ е   каля  Малай  ракі,  жыхары  рыхтавалі  альховыя  дровы. 

Буслянка – гара  на паўднёвым  захадзе  вёскі Хізаў , названая ў гонар  бусла, які  шмат  гадоў  жыве ў буслянцы, якая знаходзіцца на адзінай сасне.

Вазярышча --  луг вёскі Хізаў ,  дзе  па  меркаванні  жыхароў  у 19 ст.,  знаходзілася  возера.

Вір – старыца  ракі  Берастоўкі,  месца багатае на  флору  і фаўну.

Воўчы  лес – лес у вёсцы  Пятравічы, дзе  вадзілася  шмат ваўкоў,  існуе  меркаванне, што  лес  атрымаў  назву  ў гонар  чалавека, які працяглы  час  жыў  у  гэтым  лесе.

Втарка – гара  ў вёсцы  Лубянка,  у  часы  ВАВ  ішлі  вялікія  баі.

Выдабач – поле на поўнач ад вёскі Бераставец.

Вышкі – лес, размешчаны  на  самым высокім месцы ў  вёсцы  Пятравічы.

Дзеліцца  на  Маленькія  і Вялікія  Вышкі.

Гадка – рака, якая  працякае  па  вёсцы  Задуб’ е,  называецаа  таму, што  кожную  вясну  разліваецца  і  пакідае  пасля  сябе  шмат  гразі.

Галкова – на поўдзень  ад  вёскі  Стараград  балоцістая  тэрыторыя,  багатая  на  флору і фаўну,  цягнецца да  вёскі  Хізаў.

Дворня -  месца  ў  цэнтры  вёскі  Стараград,  названа  па  месцу  знаходжання  сельскагаспадарчага  двара  пана Случаноўскага,  зараз  вуліца Савецкая.

Дзярліўка – лес  на  захадзе  ад вёскі   Пятравічы,  калісьці  дралі  кару,  пагэтаму   і назва  адпаведная.

Добрыца  -  рака вёскі Хізаў,  якая  ўпадае  ў Добрыч,  атрымала  назву  ад  назвы  ракі  Добрыч.

Добрыч – рака , абвівае ўсю вёску Пятравічы.

Жыхары надавалі ёй міфічнае значэнне. Казалі, што ў  ёй жывуць  русалкі, якія  кожны  вечар  выходзілі  на  бераг  і  прыгожа  спявалі. Сельскія дзяўчаты таксама  пачыналі спяваць, налажваючы  спаборніцтва.  А прыгожыя хлопцы баяліся  купацца  ноччу  ў рэчцы,  таму што  баяліся  русалак, якія  маглі  заказытаць і  зацягнуць у  раку

Добрыч – рака вёскі Хізаў,  якая  цячэ з  захаду  на  ўсход,  упадае  ў  раку  Сож.

Доўгае  поле  - поле вёскі Задуб’ е ,  яшчэ  называецца  “пасекай”,  атрымала  назву таму, што  тут  існавала  вялікая  колькасць  земляных  пчол,  заўсёды  прысутнічаў  запах  мёду,  масава  расце  верас.

Завідаўка – месца  па  вуліцы  Камуністычнай  вёскі Задуб’ е, раней  жылі  заможныя  людзі  і  ім  астатнія  жыхары  зайздросцілі, пагэтаму  і  адпаведная назва.

Задабрачча – месца  вёскі Задуб’ е  за  ракой  Добрыч, раней  здабывалі  торф.

Задуб’ е -  вёска  ў  Стараградскім  сельскім  савеце,  вядомая  з  19 стагоддзя,  належыла  калежскаму  рэгістратару  Іосіфу  Янушкевічу. Распаўсюджаны  ганчарны  промысел,размяшчаўся  хлебазапасны  магазін.

Вёска атрымала  назву –Задуб’ е, таму што  знаходзілася  за  дубравай.

Зарэчча -  месца  вёскі Задуб’ е за  маладым  сасановым  лесам, які называецца  Барок.

Зарэчча --  частка  вёскі  Хізаў,  размешчаная  на  паўночы  ад  ракі  Добрыч,  якая  ўпадае  ў  р. Сож.

Зашколка -  месца вёскі  Стараград ,  дзе  раней  знаходзіўся  пітомнік  пладовых  дрэў,  зараз  вуліца  Будаўнічая.

Зялёнка – лес  паміж  Пятравічамі і  Слабодкай,  названы з- за балота, размешчанага  ў ім.

Індусаўка  -- забалочаная  тэрыторыя,  на  захадзе  вёскі Хізаў,  дзе  размешчана  некалькі  жылых  дамоў.

Інтэрнацыянальная,  Маладзёжная,  Палявая – вуліцы  вёскі Бераставец, атрымалі  назвы  ў савецкія часы.

Іржаўка – рака, якая  цячэ  з  вёскі Лубянка  ў  вёску  Стараград, названая  за  кошт  гліністага  дна , якое  мае  цёмна – жоўты  колер.

Казіны рог -  лес на  захадзе  вёскі  Бераставец, праз  яго  пралягае  казіная  трапа, па якой  жывёлы пераходзяць  з  “Лісічак” у” Архіпскае”.

Камуністычная, Касманаўтаў, Партызанская, Чырвонаармейская – вуліцы  вёскі Задуб’ е , названыя  ў  савецкі час.

Камянёў – камяністы  ўзгорак   на  ўсходзе  ад  вёскі  Задуб’ е.

Канапляннік – поле  ў  вёсцы  Пятравічы, раней  вырошчвалі  канаплю, зараз сельскагаспадарчыя  культуры.

Кірдзееўка -  старыца,  размешчана  на  ўсходзе  в. Хізаў.

Круглае – лес  паміж  Задуб’ ем  і  Лубянкай,  мае  адпаведную  форму,  жыхары  паведамляюць,  што  ў  часы  ВАВ  тут  упаў  нямецкі  самалёт  і патануў  у  лясным  балоце , зараз  знаходзіцца  там.

Кручок -  вуліца  Касманаўтаў  у  вёсцы  Задуб’ е,  жыхары  так  называюць,  таму  што  вуліца  мае  адпаведную  форму.

Культурка – лес на  паўночным усходзе   ад  вёскі Задуб’ е.

Лахманоўка – месца  былых  хутароў  з  боку  Старага  Крыўску  ад вёскі Пасека - Слабодка,  пайшло  ад слова  “лахматы”

Ліпавы  равок –   роў,  які  ўпадае  ў  Хізаўскае  возера,  паабапал  якога   растуць  ліпы,  месца,  дзе  людзі  нарыхтоўвалі  ліпу  і  займаліся  бортніцтвам.

Ліпнік -  балота  з яго  бярэ  пачатак  рака  Гадка, упадае   ў  Малую  раку і Задубскае  возера,  атрымала  такую  назву  з-за вялікай  колькасці  ліп.

Лісічкі – лес на  поўначы в.Бераставец,  празваны з-  за вялікай  колькасці  грыбоў – лісічак.

Лог – лес  на захадзе ад вёскі  Пятравічы,  у часы ВАВ  існаваў  ваенны  аэрадром.

Лясная – вуліца  ў вёсцы Пасека – Слабодка, названая ў савецкі час.

Малая  рака -  невялікая   рэчка вёскі Задуб’ е, пачатак бярэ на   “Сахаліне”і  ўпадае  ў  Задубскае  возера.

Малы  лясок -  невялікі  сасновы  лясок  на  паўднёвым  усходзе  вёскі Хізаў,  размешчаны  на  беразе  возера.

Марозаў  сад –  невялікі    яблыневы  сад  на  ўсходзе   вёскі Хізаў,  названы  ў  гонар  гаспадара   В.  Марозава( садам  карыстаецца  ўся  вёска)

Мачульнік – поле  ў  вёсцы  Пятравічы, атрымала  назву  ад  назвы травы “мачульнік”, якая  вельмі  падобная  на  мачалку, раней  сенакос,  зараз  хмызняк.

Машок – балота  на ўсходзе  вёскі Задуб’ е, атрымала  назву.

Машарына –  лес,  дзе  раней  было   многа  моху, жыхары  вёскі Пятравічы хадзілі  за  чарніцамі.

Маяк – частка  вёскі Пятравічы, празваная  ў  гонар назвы  калгаса  “Маяк” , зараз  вуліцы  Цэнтральная,  Шасейная  і Міру.

Мельнікаў  сад – сад  ў  вёсцы Задуб е, атрымаў  назву  ў  гонар  уладальніка  сада – мельніка.

Міра, Перамогі, Працоўная, Цэнтральная, Шасейная – вуліцы  вёскі Пятравічы,  названыя  ў  савецкія часы.

Мірскі  бярэзнік (Швейцарыя) -  месца  паміж  в. Багданавічы  і  Бераставец. Мох – балота на  захадзе   ад  вёскі  Лубянка.

Мох – вуліца Міра вёскі Пятравічы , жыхары  называюць  яе  так з-за  балоцістай мясцовасці.

Пагар –   тарфяная  балацянка  вёскі Задуб’ е, атрымала  назву  таму, што  часта  гарэў торф.

Паланскі  мост –  мост  вёскі Задуб е, раней  называлі “ палымскі”  мост ад слова  полымя,  магчыма  драўляны  мост часта  гарэў.

Пасека –забалочанае  месца  на  паўночным  усходзе   вёскі   Хізаў,  да  сярэдзіны  20  ст.  жыхары  вёскі  здабывалі  торф.

Пасека – Слабодка – вёска Стараградскага  сельскага  Савета, атрымала  назву  з-за  вялікай  колькасці  пчол  і пасек.

Пасёлак --  месца  першапачатковага  пасялення  хізаўчан,  зараз  вуліца  Пралетарская.

Перагон  --  невялікае  забалочанае  возера  на  месцы  былой  рэчкі  пад  назвай  Кірдзееўка  ў  вёсцы  Хізаў.

Пралетарская –   вуліца  ў  цэнтры  в. Хізаў,  названая  ў  гонар  рабочага  класа  ў  савецкі час.

Пята – лес на захадзе  ад  вёскі  Пятравічы,  названы  за  кошт  формы,  прыгадвае  пяту.

Пятравічы – вёска Стараградскага  сельскага савета, вядомая  з  19 стагоддзя. Прыватная ўласнасць  памешчыка  штабс – капітана І . Сідарэнкі. Назва паходзіць  ад  імя жыхара  вёскі Пятра.

Ракорд - частка  вёскі Пятравічы, празваная  ў  гонар назвы  калгаса  “Ракорд” , зараз  вуліцы Перамогі і Працоўная.

Ржаўка – рэчка вёскі Хізаў, якая  ўпадае ў  Добрыч,  названая  за  кошт  гліністага  дна, які  мае  цёмна – жоўты  колер.

Сажалкі – балота  на ўсходзе  ад  вёскі  Задуб’ е, раней  жыхары  вёскі  здабывалі  торф.

Сахалін -  вуліца  Чырвонаармейская  ў вёсцы  Задуб’ е,  названая  жыхарамі  за  кошт  аддалённасці.

Свіначос – лес  на  Захадзе  ад  вёскі  Стараград,  жыхары  паведамляюць,  што  тут  вадзілася  шмат   дзікіх  кабаноў.

Сеенае – лес  на поўнач   ад вёскі Бераставец , называецца  таму, што  вырас  сам  з  семян.

Скакун -  маленькая  балацянка  на захадзе ад  вёскі  Задуб’ е,  якую  можна  было  пераскочыць.

Стараград – цэнтр  сельскага  Савета, на  рацэ  Добрыч, за 16 км  на  захад  ад  Кармы.  У  пачатку 19 стагоддзя   вядомы  як  цэнтр  фальварка,  прыватная  ўласнасць  памешчакаў  Случаноўскіх.

Сярэдняя  Дарога -  дарога  злучае  Лубянку  і  Задуб’ е, па  ёй  хадзілі  ў  школу  вучні,  зараз  поле.

Табукоў  сад -  сад на  ўсходзе   вёскі Хізаў,  названы  ў  гонар  дзеда  Табука,  вартаўніка  гэтага  сада.

Тарасполле – месца вёскі  Бераставец, дзе жыў  кіраўнік  панскім  дваром, існавала  мельніца. У савецкі час  былі  агароды, дзе  вырошчвалі  агародніну, зараз  хмызняк.

         Фесціваль -  невялікі  бярэзнік,  пасаджаны  ў  савецкі  час,  для  святкавання  “маёўкі”  ў вёсцы Хізаў.

Фукаў – месца на поўначы вёскі Бераставец ,  тут  размяшчаўся былы  хутар, дзе  жылі  людзі,  прозвішча  якіх  было    Фукавы, пагэтаму  і  адпаведная  назва.

Хізаў – назва  вёскі  Стараградскага  сельскага Савета,  пайшла  ад слова  “хізы” --  неўрадлівае,  пустое,  пясчанае  месца.  Другое  значэнне  паходзіць  ад  слова  “Хіжына”  --пабудова  для  жылля.

Ранніх пісьмовых звестак аб Хізаве, на жаль, не захавалася, але помнікі мінулага – курганы, што знаходзяцца ў ваколіцах вёскі, каменныя прылады працы, знойдзеныя ў зямлі, сведчаць аб старажытнасці паселішча. Так, прайшлі нашы продкі і радавую абшчыну, зведалі феадальна-памешчыцкі лад і прыгоннае права.

         Вось у сувязі з адменай прыгоннага права і прыгадвае гісторыя цікавы факт з жыцця вёскі. Менавіта ў 1861 годзе тутэйшым сялянам, дакладней іх прадстаўніку, трэба было падпісаць акт аб перадачы ім зямлі, што належала памешчыку Шарэвічу. А так як пісьменнага чалавека ў Хізаве не было, то сяляне прывезлі нейкага пісарчука з Расохаў, дзе, дарэчы, была воласць і размяшчалася адно з першых народных вучылішчаў. Ён і згадзіўся падпісаць акт за … 25 залатых рублёў.

         Аднак і пасля адмены прыгону сяляне не мелі поўнай свабоды і пажыццёва плацілі выкуп за зямлю. Паступова расла незадаволенасць сялян парадкамі памешчыка, які займаўся ашуканствам., прымушаў працаваць у сваім маёнтку ад зары да змяркання за нікчэмныя грашы. І вось улетку 1905 года чаша цярпення перапоўнілася: сяляне ўзбунтаваліся супраць прыгнятальніка. Спынілася работа на млыне, цагельным заводзе, сукнавалцы. Бачачы гэта, памешчык выклікаў з воласці салдат і ўсмірыў з іх дапамогай забастоўшчыкаў, а іх кіраўнік стараста А.Несцераў быў схоплены і сасланы на катаргу на Поўнач. Лепшыя землі засталіся ў памешчыка, а сялянства атрымала малаўрадлівыя аддаленыя ад вёскі палі, аб чым гавораць назвы ўрочышчаў – Пясчанка, Чыстая Лужа, Узвальня, Курганы і т.п.

         Неўзабаве пачалася першая сусветная вайна, і цяжар ваеннага ліхалецця абрушыўся на хізаўчан з новай сілай. А на франтах і ў тыле спелі рэвалюцыйныя падзеі.

         Восенню 1917 года на радзіму з Петраграда прыехаў Цімох Кавалёў – рабочы завода – расказаў, што адбываецца ў сталіцы. І вось ужо склалася смелая дружына, якая прад’явіла памешчыцы Чарапанавай ультыматум – аддай зямлю сялянам. Тая адрэгавала хуценька: паведаміла ваеннаму каменданту ў Рагачоў. Адтуль, як вынік, у Магілёў, у стаўку, паляцела тэлеграма: “У Хізаве арганізавалася рэспубліка, якая не прызнае часовага ўрада”. Для пачатку ў Хізаў прыехалі двое конных чаркесаў са стрэльбамі і нагайкамі, схапілі галоўнага падбухторшчыка – Максіма Шаўчэнку. Разам з ім пайшоў і яго бацька. У Карме іх без суда і следства расстралялі.

         Здарылася гэта ў верасні 1917 года, а ў кастрычніку адбылася рэвалюцыя ў Петраградзе. Памешчыца Чарапанава знікла, а яе надзелы раздзялялі між сабой малазямельныя. На памешчыцкіх участках утварыліся хутары па 10 – 15 гектараў.

         У краіне тым часам запалыхала полымя грамадзянскай вайны. Тыя, хто ствараў рэспубліку ў Хізаве, уліліся ў рады Чырвонай  гвардыі, а хто стаў і чырвоным партызанам. Гэта Цімох Кавалёў, Лукаш Жукоўскі, Ціт Голубеў і іншыя.

         Пасля заканчэння вайны ў тутэйшых мясціна была канчаткова ўстаноўлена Савецкая ўлада, а кіруючым органам стаў Хізаўскі сельсавет. Першы камуніст Хізава Ф.С. Хрыпуноў быў выбраны і першым старшынёй яго. Сельскі Савет аб’ядноўваў тры вёскі: Хізаў, Бераставец і Тарахаўку. Пры Савеце быў камітэт беднаты.

         Калі стала вядома пра кааператыўны план Леніна. У Хізаве арганізавалася таварыства па супольнай апрацоўцы зямлі – ТОЗ. У яго аб’ядналіся сем гаспадарак: Фёдар Хрыпуноў, Акуліна Макарава, Аляксандр Барысенка, Іван Шаўчэнка і іншыя. ТОЗ і быў ядром, вакол якога ў 1929 годзе арганізаваўся калгас “Новы мір”. На жаль, прозвішча першага старшыні пакуль невядома, і аўтар гэтых радкоў будзе вельмі ўдзячны, калі нехта ведае аб гэтым.

         У краіне будаваліся трактарныя заводы, ішла індустрыялізацыя сельскай гаспадаркі. Былі арганізаваны МТС – машынна-трактарныя станцыі. Калгас “Новы мір” абслугоўвала Багданавіцкая МТС. З’явіліся новыя прафесіі: трактарыст, камбайнёр, спецыялісты па рамонту тэхнікі – Максім Аляксеенка, Іван Уласаў, Іван Лявончыкаў і іншыя.

         Ствараліся ўмовы для ўздыму пісьменнасці насельніцтва. Пры школах былі лікбезы па ліквідацыі непісьменнасці ўсіх слаёў, было ўведзена абавязковае пачатковае навучанне. Адначасова адзначаўся і агульны ўздым культуры. У кожнай вёсцы дзейнічалі хаты-чытальні. У Хізаве яе загадчыкам (“хатчыкам”) быў Клім Курганкоў. Настаўнікі рабілі даклады аб міжнародным становішчы і на навукова-папулярныя тэмы. У хатах-чытальнях быў патэфон з наборам пласцінак і радыёпрыёмнік на батарэйках.

         Зацікаўлена, актыўна вёў навучальны працэс у тутэйшай школе і асветніцкую дзейнасць сярод насельніцтва першы настаўнік-хізавец Іван Пятровіч Сяргеенка. Ён ганарыўся тым, што выбраўся з цемры і нясе веды сялянам. Педагог, як кажуць, ад прыроды, карыстаўся вялікім аўтарытэтам і павагай у школьнікаў і вяскоўцаў. І цяпер кожнаму хізаўцу прыемна сустрэцца з ім, калі ветэран педагагічнай працы наведваецца да сваіх землякоў з Кіева.

         Хізаўшчына – месца былых  хутароў  на  поўдзень  ад  вёскі  Пасека –Слабодка.

          Хілінская -  вуліца вёскі Хізаў,  названая  ў  гонар  земляка,  удзельніка  ВАВ  М.  Хілінскага.  Мікалай Лявонцьевіч Хілінскі нарадзіўся ў сялянскай сям’і . У гады вайны ў сувязі з пашырэннем падпольных групіровак сярод моладзі на сяле і ў раённым цэнтры Журавічах рашэннем падпольнага раённага камітэта партыі ў ліпеню 1943 годзе быў створаны Журавіцкі райком камсамола, другім сакратаром якога быў Мікалай Хілінскі. Загінуў Мікалай Лявонцьевіч у верасні 1945 года.

 Цагельня – поле  на  ўсходзе ад  вёскі Задуб’ е,  месца  дзе  раней  бралі  гліну.

  Чарнобыль  -  некалькі  вуліц  в. Хізаў,  якія  былі  пабудаваны  для  перасяленцаў , пацярпеўшых  ад  аварыі  на  ЧАЭС.

  Чвэрткі –  сістэма  палёў  у  выглядзе  квадрата  паміж  вёскай  Хізаў  і  Баравая  Буда,  з  даўніх  часоў  людзі нарыхтоўваюць   сена  і  дровы.

 Чоткі – лес паміж  Слабодкай  і Пятравічамі.

 Школьная –  перавулак,  месца  пабудовы  школы.

У 1882 годзе ў Хізаве была адкрыта трохкласная школа. Размяшчалася яна ў сялянскай хаце каля царквы. Школу наведвалі каля 30 хлопчыкаў.

Калі памяшканне школы зусім спарахнела, навучанне вялося вандроўным спосабам у розных сялянскіх хатах.

У 1906 годзе каля Хізаўскай царквы быў пабудаваны будынак школы з адным класным пакоем. У новым памяшканні была адкрыта чатырохкласная  царкоўна – прыхадская школа. Настаўнікам у гэтай школе працаваў Зуеў Спірыдон Якаўлевіч. У школе вывучалі рускую мову, славянскую мову, арыфметыку, Закон Божы. Навучальны год працягваўся з 1 кастрычніка да 1 красавіка па старому стылю. Пісьмо праводзілася на грыфельных дошках і ў сшытках з касой разгаліноўкай. Пасля Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі настаўнікі школы правялі вялікую работу па ліквідацыі непісьменнасці сярод насельніцтва. Уся моладзь,  хлопчыкі і дзяўчынкі сталі наведваць школу. Сялянскія дзеці імкнуліся да ведаў.

         У 1932 годзе ў школе быў адкрыты 5 клас. Школа стала  сямігодкай. Першым дырэктарам школы была Маісеенка Ганна Сямёнаўна. У 1935 годзе ва ўрачыстай абстаноўцы школа адзначыла свой першы выпуск.

Каля 200 навучэнцаў скончылі Хізаўскую сямігодку ў даваенны час. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, у час абстрэлу гітлераўцамі вёскі Хізаў памяшканне школы сгарэла. Настаўнікі пайшлі на фронт, а якія засталіся – не спыніліся перад ворагам. Яны распаўсюджвалі сярод насельніцтва змест лістовак, працавалі сувязнымі партызан. У час вайны геройскі загінулі былыя настаўнікі школы: Максіменка Ганна, Васіленка Мікалай, Патапенка Фёдар, Макараў Іван, Хрыпуноў Андрэй, Акуленка Васіль, Выдранкова Антаніна, Маруценка Канстанцін, Цімохаў Сцяпан і многія іншыя.

          Першага верасня 1944 года ў школе аднавіліся заняткі. У 1963 годзе была пабудавана новая двухпавярховая школа, будаўніцтву якой шмат увагі ўдзяляў малады дырэктар школы Сяргеенка Іван Канстанцінавіч.

1968 год – гэта памятны год гісторыі школы. 25 мая 1968 года ўрачыста празвінеў апошні званок першага выпуска ўжо сярэдняй Хізаўскай школы.

         За кругавод існавання школа выхавала не адно пакаленне людзей, якія сёння – сучаснасць і будучае нашай вёскі Хізаў. Працавітасць, узаемадапамога, бескарыслівасць, сумленнасць, самапавага перадаюцца па эстафеце ад дзядоў да ўнукаў.

         Шпакавы  бярэзнік --    лес на  захадзе вёскі Хізаў, атрымаў  назву  ў гонар  жыхара,  якога  ў  вёсцы  называлі   “ Шпак “ .

         Штапы – месца былога  хутара  на захад ад вёскі Пасека – Слабодка.

         Яменскі  -  бярозавы  лес вёскі Пятравічы,  атрымаў  назву  ад  назвы  вёскі  Ямнае.

Янінкавае  поле – поле на  захад ад  вёскі  Пятравічы, атрымала  назву  ад  імя  жыхаркі , якая  жыла  на ўскраіне  вёскі.