25 November 2015

 ТАПАНІМІЧНЫ СЛОЎНІК  ЗАСАЖЭЎЯ

Засажэўе. Адносілася да двух с\с Валынцаўскага і Струменскага. У сувязі з падзеямі на Чарнобыльскай АЭС- зараз часткова адселены, а землі, якія засталіся, адносяцца да Кароцькаўскага с\с.

1.Вёскі:

Валынцы - в.Кароцькаўскага с\с.,  упамінаецца ў пісьмовых крыніцах з 1562 года. Валынцы (валыняне)- старажытная назва насельніцтва Валыні. З глыбокай даўніны  існавалі цесныя кантакты паміж насельніцтвам Валыні і Беларусі. Назву Валынцы прынеслі на беларускую тэрыторыю перасяленцы з Валыні.

Па другой версіі. назва вёскі паходзіць ад прозвішча пана, якому належалі дадзеныя землі- пан Валынецкі.

В.Восаў- Струменскі с.\с - назва ўзыходзіць да прыметніка восаў, асовы, асінавы. Па другой версіі.  вёска сярод асінніку, шмат асін.Знікла ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

В. Кляпінская Буда - Кароцькаўскага с\с. Кармянскага раёна .Назва паходзіць ад устарэўшага тэрміна- буда, невялікае збудаванне, часовае жыллё, лясная старожка. Ад гэтай жа асновы беларускі дзеяслоў будаваць, тэрмін будынак (пабудова) .Выраз буда з часам некалькі змяніўся. У XIV-XVIIIстст. Будамі называлі аддаленыя лясныя збудаванні, у якіх жылі буднікі, якія выпальвалі паташ, гналі дзёгаць, смалу, драўляны вугаль. Існаваў таксама спецыяльны будны промысел. Напрыклад, ва “Устаўной грамаце Сігізмунда”(1527) сустракаем запіс”Мает он пильне стеречи и смотрети , абы сам нихто без воли нашое гасподарьское, не смел буд и всяких работ деревянных и попельных робяти…а кому быхмо дозволити  там буду мети, он мает о том ведати” (Ср.,т.1,стр.190).

Вёска Кляпін (Кляпіна) была заснавана  ажно ў 1667 г. На картах XVIII ст. і пачатку XIX ст. яна абазначана як Клятвін- па назве рэчкі  Клятвінкі. І толькі ў сярэдзіне XIXст. назвы вёскі і рэчкі змяніліся на Кляпін і Кляпінку.У чым загадка ?

Існуе паданне, што ў адзін з майскіх вечароў пан Васілеўскі згвалціў вясковую дзяўчыну Марысю, каханую юнака  Ігната. Дзяўчына, супраціўляючыся, пакусала ганебніка, за што атрымала трыццаць бізуноў.Зняслаўленая, абражаная, яна ледзь не расталася з жыццём.

Ігнат з братамі Пятром і Піліпам вывезлі ў лес свае   сем’і і Марысю з няхітрымі пажыткамі , а самі вярнуліся ў вёску. І хутка жанчыны ўбачылі , як запалала чырвоным агнём ускраіна неба над вёскай.Вярнуліся на панскіх конях браты. Лес добра схаваў уцекачоў.  Урэшце рэшт спыніліся ля струменчатай рачулкі і рашылі, што лепшага месца і шукаць не варта. І зноў прагучала клятва: панам тут не панаваць.Рачулку назвалі Клятвінкай, а новае паселішча Клятвінам. Сюды паціху пацягнуліся многія з тых, каго ўлада праследавала , каму пагражала смерць ад паноў . Вось і вырасла вёска Клятвін…

У зборніку “Магілёўшчына”, які выдадзены ў 1922 годзе , у раздзеле “Сялянскія бунты на Магілёўшчыне” ёсць такія радкі:”У маі 1667 г. тры браты зарэзалі пана Васілеўскага , што маёнтак меў на Чэрыкаўшчыне, спалілі падвор’е і ўцяклі з сем’ямі ў лясы”. Ёсць, значыць, выснова ў паданні. А зменена ранейшая назва хутчэй за ўсё па палітычных матывах: не хацелася ўладам, каб людзі ведалі пра  згвалтаванне і бунт братоў, вось і перайменавалі Клятвін у Кляпін. Самі кляпінцы па сённяшні дзень у гэтым  да канца ўпэўнены.І , бачна, небеспадстаўна.

Па другой версіі ў аснове назвы старажытнае імя –мянушка Кляпа, якое ўпамінаецца пад 1495 год.

Бель- пасёлак у Струменскім с\с  У 20-х гг. XX ст. хутар у Струменскім сельсавеце Кармянскага раёна Магілёўскай акругі, з 20.02.1938 г. гэтага ж раёна Гомельскай вобласці. Названы па адной з версій так  таму , што быў бялюткі пясок, на пяску. Пазней, як цэнтр вёскі Струмень.Зараз не існуе ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Дубараўка - раней вёска, зараз назва мясціны па-за Валынцамі. Дубрава на беразе ракі.

Лазовіца- вёска, Струменскі с/с - зараз адселена ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

 Высякалі лазняк, лаза паўз вёску.

Труд - вёска, Струменскі с/с. Прыйшлося папрацаваць, каб раскарчаваць месца для вёскі і палі. Знікла ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Калюды- вёска Валынцаўскага с/С.Заснавалі перасяленцы з Расіі, азначае , што паселішча заснавана на калектыўных пачатках. У сярэдзіне 80-ых гг.XX ст. была самай вялікай вёскай, у якой налічвалася 157 двароў і пражывала 928 жыхароў.Была вядома трыма ветранымі млынамі. Знікла ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Корсунь - раней Валынцаўскі с\с, зараз Кароцькаўскі с/с. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС засталося два жылыя двары.Назва паходзіць па адной з версій ад назвы месца на Украіне-Корсунь, заснавана нібыта  выхадцамі з Украіны. Па версіі  мясцовых жыхароў ад таго, што шмат карэння, корні выкопвалі.

Ясень- вёска Валынцаўскага с\с.  Па адной з версій, знаходзіцца на ўзвышшы, яснае, светлае месца; па другой, абсаджана была менавіта ясенем.Знікла ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

В.Струмень- па адной з версій, ад назвы струмень або ручай. Цэнтр Струменскага с\с. Знікла ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Жавуніца - ад назвы ракі Жавуніца л.пр.Сажа.Вёска ў Валынцаўскім с\с. Адселена ў сувязі з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС.                                              

В.Курганіца - па адной з версій, няроўная, бугрыстаяузгорыстая мясцовасць; па другой, заснаваная непадалёк ад курганоў, пахаванняў, на думку мясцовых жыхароў. шведаў.

2.Палі:

Кляпінская Буда

Ракітнік - ад ракіты расчышчалі поле, каб пасеяць.

Марцінава-ад імя чалавека Марціна, які распрацоўваў пустку.

Выдзел - прыклалі намаганні для таго, каб распрацаваць  зямлю,выдзел зрабіць, выдзелаць.

Мандрыкава поле- як ісці з Кляпіна на Калюды. Задавілі пад час уборкі пасля вайны Мандрыка(прозвішча). Назва так і засталася.

Ямка-пад Кляпінскай Будай месца, дзе поле знаходзіцца ў нізіне, пасярод лесу.

Гусараўшчына - поле  пад Кляпінам, дзе ў вайну 1812 года, стаялі коні гусар(рускай арміі). Жыхары ўспамінаюць гэты час як разарэнне, “руіну”.

2.Калюды:

Нізкае - поле знаходзіцца ў нізіне , у бок вёскі Бяразякі.

Грыва  - вялікая( грыўная) трава.

Ваўчаборык - па адной з версій. ад агульнага прозвішча Ваўчок або Ваўчкі.Бор належыць родзічам- Вачкам.

Вятрак-назва ўзнікла таму, што стаяў ветраны млын.

Аэрадрому вайну месца для пасадкі самалётаў. Вялікі прагал.

Пасечнае - знаходзілася вялікая пасека.

У яблыках - поле, сярод лесу, дзе былі дзічкі, дзікія яблыні.

Ля вёскі Ясень

Маяк-у даўні час, панамі зроблены маяк, каб засцерагчыся ад пажараў, назва поля так і засталася Маяк.

Пад саснойполе сярод сасняку, стаяла прыгожая сасна, лес выразалі, сасна засталася.

Сапронаўшчына-ад прыналежнасці чалавеку. Сапрон-гутарковы варыянт імя Сафрон (царк. Софроний).

Фесціваль - праходзілі святы(фесцівалі).

Брод - нізкае месца, у вялікі разліў залівалася вадой, пераходзілі.

2.Валынцы-

Падбалоцце- знаходзілася ля балота.

Поле Падлап’е- у выглядзе лапы звера.

Вятрак-як і на Калюдах, атрымала назву ад ветранага млына.

Хахлова - якое распрацавалі і засявалі жыхары Хахлова хутара(гл.Хахлоў хутар).

Паплавы- поле, якое распрацавалі.Раней быў поплаў, сухадольны луг.

В.Курганіца

Салдацкая ямка- поле, в.Курганіца,  дзе было масавае пахаванне салдат I-й сусветнай вайны. Перанесены ў брацкую магілу ў г.Гомель у даваенны час.

3.Месцы( часткі тэрыторыі):

Маяк- пабудова пачатку XX стагоддзя, для аховы лесу ад пажараў. Іншая версія, што меў ваеннае прызначэнне. Быў знішчаны ўдарам маланкі. На сённяшні дзень месца паміж Кляпінам  і Валынцамі, аб якім нагадвае толькі некалькі бярозак пасярод поля.

Курганы-ад слова курган, узгорак,узвышша. Курган шырока вядомы як старажытны штучны магільны насып. У мясцовых жыхароў існуе паданне , што тут пахаваны шведскія салдаты , якія ўдзельнічалі ў Паўночнай вайне.

З’яўляецца помнікам археалогіі. Усталявана пліта. Месца знаходжання паміж вёскамі Кляпін і Валынцамі. У народзе так і кажуць, ля Курганоў.

Склады-месца пад Струменем,а дакладней, як ісці па старой дарозе на Труд. Поле назвалі так ,таму што размясцілі  напярэдадні вайны ваенныя  арсеналы.

Стошаўшчына - месца   ў раёне Калюдоў.Перасякаўся з Маліноўшчынай.(землі  ў раёне Кляпінскай Буды). Пан Стош валодаў Засажэўем і в.Кляпін у  XIX    ст.

Пральня - месца ў в. Курганіца, дзе знаходзіцца старарэчышча і быў добры падыход да вады, жанчыны пралі ручным спосабам (пяруць пранікам), мылі бялізну.

Бор- месца у раёне былой Струменскай школы- прыгожы сасновы лес.

Лаза - месца у в.Струмень- за лясніцтвам, месца паўз раку, дзе была добрая зямля пад грады,высякалася лаза, адзінае месца, дзе ўся вёска рабіла грады, таму што сам Струмень знаходзіўся  на пяску. 

Лысая гара- ад вёскі  Струмень прыкладна 5 кіламетраў. Назва ўзнікла ад таго, што яна прыроднага паходжання, аднак з чыстага пяску і на ёй нічога не расло.У вялікі разліў Сожу сюды падыходзіў паром .Так і казалі, да Лысай гары або да Лысай. Лысымі ў народзе завуцца горы, не пакрытыя расліннасцю або зусім бедныя на яе.

Лысая гара таксама сустракаецца паміж Кляпінам і Кляпінскай Будай на рэчцы Кляпінка, дзе на свята Купалле любіла збірацца моладзь і ладзіць вогнішча, а таксама добрае месца для купання.

Лысая гара- узгорак , высокі курган , крутая гара без расліннасці .

Волак -дарога паміж вёскай Ясень (знікла ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС) і Сожам. Валаклі па зямлі караблі (лодкі) ў Сож.

4.Руччы(ручаі):

Гардзееў ручэй - як ісці на Бяразякі з Калюдоў, чыстая і смачная вада, бярэ пачатак з крынічкі. Калісьці быў хутар і жыў Гардзей.

Віктараў ручэй - недаходзячы в. Жавуніца. У вайну быў забіты Віктар.

Алёнава возера. Упадае ў Сож з левабярэжжа. У ВАВ      была на лузе забіта немцамі Алена.

Іржаўка - невялікая рэчка, якая бярэ пачатак з балота ў раёне в.Калюды, вада як быццам іржавая.

Пінтусава - невялікая рачулка(ручай) непадалёк ад Пінтусава хутара, адсюль і назва.(гл. Пінтусаў хутар).

5.Хутары

 каля в.Валынцы

Хахлы - пасяленне ўкраінцаў у перыяд грамадзянскай вайны, як ехаць з Кляпіна , недаходзячы Валынцаў з правага боку, пасяліліся перасяленцы, якія ратаваліся ад голаду.

Зязюлі- ад прозвішча чалавека-Зязюля;

Ярохаўка- ад прозвішча чалавека-Яроха;

Смаловіца- гналі смалу,жылі смалагоны.

Кур’які - недаходзячы Курганоў, першапачаткова стаялі курані, невялікія часовыя пабудовы.

Шышкоўка - месца або хутар, заснаваны  шышамі ( шышы-партызаны або паказачаныя сяляне) .Назва ўзыходзіць да    XVII ст.

Мікалаеўка - частка в.Валынцы,зараз вуліцы Піянерская,Міра, Інтэрнацыянальная. Па адной з версій , ад імя чалавека ,які першы пасяліўся . Па другой версіі, адасобленая частка в.Валынцы, дзе пасялілі ў часы калектывізацыі раскулачаных сялян.

В.Калюды:

Салаўі - па адной з версій, шмат вясной салаўёў;па другой, што больш верагодна, ад прозвішча Салаўёў, якое і зараз сустракаецца ў Валынцах.

Андронаўхутар - ад імя Андрон.

Мажэеўшчына - ад прозвішча сям’і , якая пасялілася там, Мажэйка.

Казакоў хутар - засялілі казакі ў XVII ст.

Гардзееўшчына - ад імя Гардзей, знаходзіцца за вёскай Калюды, як ісці на Беразякі.

Макееўшчына- ад прозвішча Макеенка, па другой версіі, ад імя чалавека Макей.

Піванава - жыли пявуны, іншая версія- Пімен з сям’ёй.

В.Кляпін

Зэхараў хутар - жыў Захар(або па- мясцоваму Зэхар) са сваёй сям’ёй.

Арсонаў хутар - ад імя чалавека Арсон, якраз насупраць Курганоў(левы бок)

Бінусаў хутар -  жыў Бінус з сям’ёй. Насупраць курганоў (правы бок). Вядомы па -за Сожам злодзей.

Гаўрылаў хутар, Гаўрылаўшчына знаходзіцца на Зэхаравай рэчцы  , перад уездам у Кляпін.

Марцінаў хутар, знаходзіцца за Прошчай, пасяліўся ў канцы XIX стагоддзя ляснік Марцін з дазволу пані фон Мект.

Пінтусаў хутар - ад мянушкі Пінтус або магчыма ад прозвішча заснавальніка Пінтус.

6. Лугі:

Веска Калюды:

Касцюкоў( Касцюкова)- ад прозвішча пасяленца Касцюкоў.

Гатальшчына- ад вядомага раней на Калюдах прозвішча Гаталавы.

Крывы рог- цікавая форма , як закручаны рог.

Сяменькаў- месца ад імя гаспадара- Сямён, па- мясцоваму Сяменька.

Маркелаў- ад імя чалавека Маркел.

Цітаўшчына - ад імя чалавека Ціт.

Арэнда- месца арэндаванае жыхарамі Калюдоў у кляпінцаў.

Півенаў- ад імя чалавека Пімен.

Газлаўка- па назве балота , якое знаходзіцца непадалеку.

Шапараўшчына - па адной з версій. паходзіць ад назвы Шапарня, асобны будынак, дзе стаялі вялікія скрыні для захоўвання збожжа, мукі і іншых прадуктаў.

Матвееў лу г- в.Калюды. Да вайны жыў Матвей, які быў вельмі руплівы, за ім ніхто не мог паспець. Людзі прыходзяць касіць, а Матвей ужо скасіў. Так і пайшло Матвееў луг.

В.Кляпін:

Папоў вугал (попл.) - касіў поп,месца як ісці з Кляпіна на Кл.Буду , недаходзячы прыкладна 0,5 км па правы бок.

Маячок- па правы бок, як ісці з Кляпіна на Кл.Буду. Стаяў да вайны супраць пажарны маяк. Зараз назва поля.

В.Ясень

Фёдараў надзел - ад імя чалавека, які выдзелаў дадзеную тэрыторыю Фёдар.

Парня- названа таму, што землі гулялі, астаўляліся пад папар.

7.Віры (асобныя месцы на рэчцы):

Антонаў вір-на Кляпінцы, патануў у XIXстагоддзі юнак Антон;

Цімохаў вір- на беразе Кляпінкі жыў Цімох з сям’ёй.

8.Дарогі:

Паліцаі - месца па дарозе з Кляпінскай Буды на Марынаполле(Магілёўшчына), дзе ў 1943 годзе партызаны пабілі паліцаяў. Месца амаль заўсёды мокрае. У народзе назва засталася .

Васяляўская дарога - злучае ў Кляпіне па-за вёскай 2 вуліцы Завадскую і Лясную, жыў Васіль ( па- мясцоваму Васялянак) з Мар’яй.

Гутнецкая дарога - вядзе з Кляпіна на Гуту(Чачэрскі раён).Па-за пасёлкам у Кляпіне.

Кацярынінскі шлях - праходзіў на Карму, насупраць Курганоў захавалася некалькі старых бяроз, як напамінак гэтага шляху.

9.Балоты:

Газлаўка - знаходзіцца за вёскай Калюды.Па адной з версій, названа так таму, што выдзялялася шмат балотных газаў, якія палохалі мясцовых жыхароў.

Краснае балота-  знаходзіцца за Кляпінам.Чырвонае ад журавін, прыгожае.

Караблінае балота - назва ўзнікла ад таго, што раслі высокія карабельныя сосны.Вядомы два Карабліныя балоты- у раёне вёскі Струмень і за вёскай Кляпін. Па версіі жыхароў Кляпіна, раней было мора і хадзілі вялікія караблі На балоце быццам знайшлі часткі карабля. Таму і назва- караблінае.

Жаб’е балотца-падКалюдамі.Вясной крумкалі жабы.

Махавое балота- былі  вялікія імхі. Адрозніваюць два Махавых балоты- Вялікае і Малое Махавое балота. Вялікае знаходзіцца па дарозе да Валынцаў. Малое –каля Струменя. Звязаны адно з адным.

Жорава абоЖорнава балота, шмат вадзілася жораваў. Знаходзіцца па дарозе ад Лазовіцы да Кармы.

Смаловіца-у раёне вёскі Валынцы.Балота атрымала назву ад назвы хутара(гл. Смаловіца).

Ля трактара- балота пад вёскай Ясень, дзе доўгі час стаяў разбіты ў ВАВ трактар. Балота так і сталі называць, “ля трактара”.

Вазвазер’е - перад Еселевай мельніцы, месца, дзе рэчку Кляпінку штучна запрудзілі і ўтварылася штосьці накшталт возера. Дамбу зруйнавалі ў 1920-я гг. Назва засталася.

10.Масты

Ёселеў мост - яўрэй, трымаў за заводам на Кляпінцы млын, каб зручна было пад’язджаць, пабудаваў мост.

Графскі мост, знаходзіцца па-за Кляпінам, у бок Кляпінскай Буды.Дзяліў землі на Маліноўшчыну і Графшчыну(ад прозвішчаў паноў).

Зэхарава рэчка, цячэ з Калюдоў і ўпадае ў Кляпінку, жыў Захар або па мясцоваму Зэхар.

11.Крыніцы:

Мілавец - знаходзілася непадалёк ад печышча Мілавец (гл Мілавец)

Якімаваад імя чалавека Якіма , які сачыў за крыніцай.

Падкруччазнаходзіцца ля берага ракі пад кручай .

Прошча - месца, надзеленае цудадзейнай , незвычайнай сілай,святое месца, вада лічыцца гаючай.Да яе ішлі і ідуць паломнікі за адпушчэннем(прашчэннем) грахоў, памаліцца за сваё здароўе і здароўе родных. Прошчы пакланяліся. Прыносілі розныя ахвяраванні ( палатно, ручнікі, грошы).Пры пані фон Мект  была пабудавана капліца ( разбурана ў 1960-я гг.) На сённяшні дзень невялікая крынічка ,ля якой стаіць крыж.

12.Млыны

Ветрачок- пад Калюдамі, быў ветраны млын.

Яськава мельніца - ад імя  чалавека  Яся, які яе трымаў.

13.Часткі вёскі:

Самадумаўка- частка Кляпінскай Буды, якая заселена была адразу пасля падзей 1917 года, заселена на свой абум, адум.

Панскі сад( або сад) - дзеліць вёску Кляпін папалам. У канцы XIXстагоддзя закладзены па загаду мясцовай памешчыцы фон Мект. Зараз засталася 1 яблынька і ігруша. А таксама векавечны  дуб.

Завод-месца за вёскай, як ісці з Кляпіна на Труд. Месца існавання лесапільнага завода, які быў пабудаваны пры панах і існаваў да 1990 года. Па загадзе раённых улад быў закрыты. Зараз засталася пара зруйнаваных будынкаў  і назва .

Царквішча, месца ў Кляпіне, як ехаць на Кляпінскую Буду, непадалёк ад фермы, знаходзілася царква Святога Пакрава.

Казёншчына - у раёне в.Калюды, дзе знаходзіліся дзяржаўныя лясы.

Зарэчча - частка Кляпіна па-за ракой Кляпінкай, якая дзеліць вёску на дзве палавіны.

Завад, заваднішча - месца ў Кляпіне,  напрыканцы вуліцы Лясной, дзе гналі бярозавы дзёгаць. Застаўся  шматлікі пласт вугалю.

Крумкачы і Совы - часткі  Кляпінскай Буды.Левы бок вуліцы-  Совы, праныры, хітруны, абы вока пабачыла, сцягнуць; правы бок - гультаі, спяць да абеда. Не ладзілі адзін з адным.

Прыбар- месца за Валынцамі, жыў пан, ад яго прозвішча і пайшла назва.

Хахловы могілкі, асобныя пахаванні жыхароў Хахлова хутара, захаваліся да сённяшняга дня  ў раёне вёскі Валынцы.

Пад ігрушай - за Хохлавым хутарам, пад Валынцамі . былі смачныя ігрушы.

Бурцы - частка вёскі Кляпін, пайшла назва ад перасяленцаў з Браншчыны, якія пераехалі ў пачатку XX стагоддзя і пасяліліся на водшыбе, на бурчаку.

Вуліца Паўла Паўлавіча Качуеўскага ў вёсцы Кляпін.

П.П.Качуеўскі- камандзір атрада спецыяльнага прызначэння НКУС у гады ВАВ.На тэрыторыю Кляпіна быў закінуты  ў сакавіку 1942 года.У ліпені 1942 года ў час аперацыі на тэрыторыі  в.Пільня Краснапольскага раёна быў паранены, прывезены ў Кляпін, дзе і памер ва ўзросце 24 год. Пахаваны на мясцовых могілках. Яго імя носіць вуліца ў вёсцы Кляпін , піянерская дружына ДУА “Кляпінскі ДССШ Кармянскага раёна”

14.Часткі леса:

Кабякі - па шырокай лініі, падзел леса на Гутнецкі і Кляпінскі.Калісьці быў кардон, жыў ляснік Кабяк, у якога ўкралі дачку.

Мілавец  – частка леса .Знаходзіцца непадалёк ад маста , які на дарозе, што вядзе з в.Труд  на Карму .Названа па печышчу, які звалі ў Мілаўцы. Па другой версіі, мілае сэрцу  месца.

Таполь- месца пад Валынцамі , дзе саджалі мэтанакіравана  на драўніну  таполі.

Мажэеў сад - месца за Валынцамі ў бок вёскі Жавуніца, дзе чалавек па прозвішчу Мажэйка пасадзіў вялікі сад. Зараз засталося некалькі яблынь сярод лесу.

Ярохаўка- па адной з версій, па мянушцы чалавека Яроха.

Казельская печ- месца лесу па-за Кляпінам у бок вёскі Труд. Гналі смалу, смалагонаў прозвішча Казельцы.

15.Забакавіны (часткі) р.Сож:

Каменне - частка Сожа па-за Валынцамі, куды мясцовыя жыхары ездзяць адпачываць і лавіць рыбу.  Ляжалі вялікія валуны , праз якія з шумам цякла вада, перакатвалася.

Зялены бераг - пойменная, зялёная частка, дзе раней касілі.

Дзёры - дзерць,дзерці- старажытны тэрмін падсечна-агнявога земляробства.У лясіста- балоцістай мясцовасці прыдатных зямель было няшмат, даводзілася адваёўваць іх у леса. Хмызнякі карчавалі(дралі) і на іх месцы заводзілі культурныя дзялянкі.

Прыбар- месца, дзе зручна было падыходзіць лодкам, прычальваць. У старажытны час сплаўлялі лес. Пасля вайны хадзіла так званая “ракета”.

Вусікі-месца, дзе Сож дзяліўся на два рукавы, як быццам вусы чалавека.

Хохлачы- непадалёк ад Хахлова хутара. Адсюль і назва.

На Цыганцы, або Цыганка. У бурны разліў Сожа заўсёды размывае ў гэтым месцы дарогу. Старое русла р.Сож. У даваенны час забілі цыганку

 

 

 

 

 

 

 

ДОСТИЖЕНИЯ

на областных и республиканских конкурсах и олимпиадах за 2022/2023 учебный год

 

7

дипломов I степени

12

диплома II степени

23

диплома III степени

Новости

Фестиваля любительских театральных коллективов «Аркад»
16 April 2024

15 апреля на базе ГУО "Коротьковская средняя школа Кормянского района имени П.П. Качуевского" прошел районный этап областного фестиваля любительских театральных коллективов «Аркад» на иностранных языках.
В фестивале приняли участие 5 любительских театральных коллективов учреждений общего среднего образования.
По итогам работы жюри победителями фестиваля признаны театральные коллективы:
1 место - коллектив Воровской СШ, 2 место - коллектив Гимназии г.п.Корма, 3 место - коллектив Барсуковской СШ.
Поздравляем победителей фестиваля и желаем творческих побед в будущем!