З вопыту педагагічнай працы

25-05-2015

 

 

 

З вопыту педагагічнай працы

Вывучэнне малой радзімы, яе гісторыі, культурных традыцый, сучасных дасягненняў – працэс вельмі займальны для школьнікаў, ён адкрывае вялікія магчымасці для рэалізацыі творчых праектаў, экскурсій, сустрэч. Але гэта толькі з аднаго боку. З іншага, - звычайна на ўрокі краязнаўчага характару застаецца мінімум навучальнага часу. Каб ліквідаваць гэтую супярэчнасць, у нашай навучальнай установе краязнаўчы матэрыял вывучаецца не толькі ў вучэбны час, але і ў час канікул: у перыяд Летняй школы (15 дзён у чэрвені месяцы). Гэта дае магчымасць актыўна выкарыстаць дадзены час для распрацоўкі навучальных праектаў на роднай беларускай мове.

На ўроках і ў пазакласнай працы я шырока прымяняю Тэхналогію педагагічных майстэрняў, якая абуджае цікавасць вучняў да свайго роднага краю, развівае творчыя здольнасці. Вучні на такіх уроках ствараюць уласныя творы, пішуць эсэ, сачыненні, праяўляюць самастойнасць і ініцыятыву. З маімі поглядамі па тэхналогіі французскіх майстэрняў можна было пазнаёміцца ў перыядычных рэспубліканскіх выданнях “Адкрыты ўрок”, “Настаўніцкая газета”, “Роднае слова”, “Народная асвета” і інш.

На сучасным этапе развіцця інфармацыйнага грамадства ўзнікла неабходнасць творча падыходзіць да вывучэння культуры народа, беларускай спадчыны. Час патрабуе чагосьці новага, каб зацікавіць вучняў. На наш погляд, значную ролю ў гэтым напрамку адыгрывае магчымасць акунуцца ў эпоху старажытнай беларускай культуры, дакрануцца да жывой гісторыі нашага народа. Паколькі ў Беларусі праходзіла акцыя “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, таму дзяржаўная ўстанова адукацыі “Баравабудскі дзіцячы сад – базавая школа Кармянскага раёна” не засталася ў баку ад гэтай акцыі. Лічым, што гэты праект унікальны ў сваім родзе на тэрыторыі Беларусі. Ведаць свой род, сваю гісторыю, мову – гэта абавязак кожнага свядомага беларуса. Але веды па гісторыі свайго роднага краю – гэта і сіла, калі яны атрыманыя ў выніку пошуку і даследаванняў. Неабходна задаваць вучням больш праблемных пытанняў і ніколі не даваць гатовых ведаў. Галоўнае – не веданне фактаў, а ўменне аналізаваць іх, параўноўваць, ацэньваць. Галоўнае – умець рабіць рэфлексію сваёй дзейнасці. Вось чаму ў час Летняй школы мае вучні займаюцца перш за ўсё рэфлексійнымі праектамі ў тэхналогіях праектнага навучання і развіцця крытычнага мыслення.

Новыя педагагічныя тэхналогіі. Выкарыстанне тэхналогіі крытычнага мыслення ў перыяд летніх канікул 2008 года

У апошнія гады настаўнікі ўсё часцей звяртаюцца да сучасных школьных тэхналогій, якія скіраваны на актывізацыю працэсу навучання беларускай мове і літаратуры. І гэта цудоўна. Я перакананы, што толькі праз гуманізацыю, праз любоў да дзіцяці можна стварыць умовы для вяртання беларускай мовы як роднай. А для гэтага трэба рабіць усё, каб вучэбная дзейнасць школьніка на ўроках ці выхаваўчых занятках была для яго цікавай, асобасна значымай, а не фармальнай.

Я шчырую на педагагічнай ніве амаль адзінаццаць гадоў. Яшчэ студэнтам факультэта славянскай філалогіі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта зразумеў, што тыя тэхналогіі, якія існавалі ў савецкі час, састарэлі, іх патрэбна было даўно відазмяніць і перагледзець. У 2002 годзе я прыехаў працаваць на Кармяншчыну настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Выразна акрэсліў для сябе галоўную мэту: абудзіць у вучняў цікавасць і любоў да роднага краю, да роднай мовы і пераканаць іх у тым, што мы, беларусы, не горшыя за іншых, што наш народ мае даўнюю гісторыю, багатую і самабытную культуру. Вось тады творчыя пошукі і задумы авалодалі мною. Перш-наперш я больш падрабязна пазнаёміўся з сучаснымі школьнымі тэхналогіямі, каб з іх дапамогай дасягнуць поспеху ў навучанні і выхаванні.

Жадалася б прывесці прыклад выкарыстання тэхналогіі “Развіцця крытычнага мыслення” на занятках краязнаўчага характару ў перыяд Летняй школы 2008 года.

Працуючы ў тэхналогіі, дзеці вырашылі стварыць калектыўны “партрэт”  “Мы – жыхары Кармяншчыны”. Для гэтага некалькі груп школьнікаў выбралі розныя тэмы, каб ахарактарызаваць вёску Баравая Буда і Кармянскі раён у цэлым.

Перш чым пачаць працаваць над праектамі, быў распрацаваны план дзеянняў, пастаўленыя задачы.

Задачы:

v Сістэматызаваць веды аб родных мясцінах: гісторыі,

культуры, асобах, якія жывуць на Кармяншчыне.

v Умацаваць у вучняў пачуццё гонару за свой родны край, за

людзей, якія памнажаюць яго дабрабыт, пачуццё любові да “малой радзімы”.

v Развіваць у школьнікаў крытычнае мысленне.

Былі вылучаныя наступныя этапы на аснове тэхналогіі “Развіцця крытычнага мыслення”:

  1. Этап выкліку. Тут вучні падбіралі асацыятыўныя рады слоў ці

словазлучэнняў да паняцця “радзіма”. Гэта першы этап праходзіў у першы дзень Летняй школы і быў замацаваны такім чынам, каб вызначыць накірункі наступнай працы.

  1. Этап Асэнсавання, які прадугледжваў некалькі стадый:

1). Праца з тэкстам. Настаўнік прапаноўвае тэкст аб гісторыі вёскі Баравая Буда і Кармянскага раёна, які падрыхтавалі вучні старэйшых класаў у 2007 годзе. Вучням прапаноўваецца пазнаёміцца з тэкстам пры дапамозе прыёма “ІНСЕРТ”, калі на палях тэксту патрэбна ставіць пэўныя значкі:

“+” новае для сябе

“-” не пагадзіўся

“v” ужо ведаў

“?” ёсць пытанні

2). Экскурсія па славутых месцах Кармянскага раёна, у тым ліку экскурсія ў музей П. М. Лепяшынскага. Экскурсія дала магчымасць пазнаёміцца школьнікам з жыццём і побытам жыхароў Кармяншчыны ў мінулым, паглядзець іншыя выставы музея. Гэта прывівала любоў і павагу да прыгажосці роднай зямлі, абуджала гонар і павагу да гісторыі малой радзімы.

3). Вучні падзяляюцца на групы і падгрупы, працуюць самастойна ў бібліятэцы, разам з настаўнікам, пішуць паведамленні, рэфераты, ствараюць ілюстрацыі.

4). Прэзентацыя сваёй працы ў класе. Абмеркаванне разам з настаўнікам незразумелых пытанняў па тэме праекта.

3. Этап Рэфлексіі. На стадыі Рэфлексіі вучні пісалі эсэ, у якім раскрылі любоў і павагу да роднага краю, роднай гісторыі і мовы, гонар у тым, што жывуць у Кармянскім раёне.

У выніку працы стваралася “Партфоліо” па тэме “Таямніцы Кармянскай зямлі”.

Разгледзім некалькі тэм, якія былі прапанаваныя ў якасці праектаў для абароны:

1). Вывучаем легенды, песні, абрады Кармянскага раёна.

2). Вывучэнне жыцця славутых землякоў Кармяншчыны.

3). Удзел у конкурсах.

4). Свята “Наш край” (Баравабудскі фестываль народнай творчасці”).

5). “Чаму жыхары Кармянскага раёна не размаўляюць па-беларуску”.

А азнаямленне   з  традыцыямі  і  звычаямі  народа

Той, хто не ведае сваёй гісторыі, не мае права на будучыню. Веданне гістарычнага мінулага неабходна па той прычыне, каб выратаваць нацыю ад культурнага вымярання. Мы і сёння не перастаём здзіўляцца, адкуль у нашым грамадстве людзі, што выракліся ўсяго роднага: мовы, звычаяў і абрадаў, традыцый і павер’яў, паданняў.

Адсюль вынікае праблема зберагання самабытных этнічных традыцый кожнай нацыі, якія ў сваю чаргу з’яўляюцца значнай умовай развіцця грамадзянска-патрыятычных пачуццяў. А беларускі народ здаўна славіўся сваёй самабытнай старажытнай культурай. Вось чаму школьнікі Баравабудскай школы запісвалі легенды і паданні пра паходжанне вёсак і мястэчак Кармянскага раёна. Многія вучні напісалі шэраг вершаў ад убачанага і пачутага.

Запісаныя ў нашай мясцовасці песні абсалютна арыгінальныя, ніколі нячутыя з іншых крыніцаў. Гэтыя песні апавядаюць пра цяжкую долю беларусаў, маюць нечаканыя сюжэтныя павароты, нясуць арыгінальную мараль.

У вёсцы Баравая Буда мы запісалі абрад “Гуканне вясны”, які быў паказаны на абласным фестывалі народнай творчасці ў г. Чачэрску. Наогул, на працягу многіх гадоў фальклорны гурт школы “Вяснянкі” займаў дыпломы і падзякі на розных конкурсах народнай творчасці, што таксама вельмі важна ў 21 стагоддзі, калі знікаюць старажытныя пласты народнай маралі і самабытнасці.

Вывучаючы фальклор, дзеці бачылі сапраўдную душу народа. Можна сто разоў гаварыць пра талент, працавітасць, дасціпнасць і мудрасць беларусаў, але лепш, калі дзіця само пачуе песні роднага краю. Тады гэта дзіця пераканаецца, што гэтыя прыгожыя словы пра яго народ не абстракцыя, што ёсць чым ганарыцца беларусу.

Роля традыцыйнай культуры асабліва ўзрастае ў перыяд нацыянальна-культурнага адраджэння, аб’яднання народа на аснове нацыянальнай самасвядомасці. Менавіта ў школе ў дзяцей фармуецца цікавасць, патрэба да ведаў, закладваецца фундамент ведаў роднай мовы. Наш педагагічны калектыў разумее, што кожная краіна, кожны народ ганарыцца сваёй традыцыйнай мастацкай культурай, якая з’яўляецца найбольш яркай адзнакай нацыянальнай адметнасці i самабытнасці. А азнаямленне   з  традыцыямі  і  звычаямі  народа  і  далучэнне  да  іх – важная частка  работы ў патрыятычным выхаванні школьнікаў.

 Вывучэнне жыцця славутых землякоў

Вывучэнне жыцця славутых землякоў таксамамае вялікае выхаваўчае значэнне. Гэта вельмі напружаная праца, якая праходзіць перш за ўсё ў бібліятэцы, кабінеце гісторыі, шмат карыснага можна пачуць ад мясцовых жыхароў.

Заслужаны артыст Беларусі Смірноў Валерый Васілевіч нарадзіўся ў г. п. Карма, скончыў Кармянскую СШ №2. Акцёр сыграў даволі шмат драматычных роляў у розных тэатрах Беларусі: Шупеня (“Трывога” А. Петрашкевіча), Будзіла (“Сотнікаў” паводле В. Быкава), пан Быкоўскі (“Паўлінка” Янкі Купалы), Качкароў (“Жаніцьба” М. Гогаля) і інш.

Асюлева Ніна Данілаўна – заслужаная настаўніца БССР (1968) – нарадзілася ў вёсцы Новая Зенькавіна Кармянскага раёна. Скончыла на выдатна Кармянскую сярэднюю школу. Працавала ў Баравабудскай школе настаўніцай пачатковых класаў.

Дзмітрыеў Міхаіл Апанасавіч – доктар педагагічных навук, прафесар – нарадзіўся ў вёсцы Барсукі Кармянскага раёна. Заслужаны настаўнік БССР (1964). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, працаваў настаўнікам, дырэктарам Журавіцкай (Рагачоўскі раён) і Кармянскай сярэдніх школ. З 1974 – рэктар Мазырскага педагагічнага інстытута, а з 1988 г. – працаваў у Гомельскім дзяржаўным універсітэце. Аўтар шэрагу навуковых прац па гісторыі педагогікі і адукацыі.

Радасна, што і на Кармяншчыне нарадзіліся, жылі і тварылі цудоўныя і таленавітыя паэты. Сярод усіх паэтаў асобае месца займае Авяр’ян Дзеружынскі.

Авяр’ян Дзеружынскі – вядомы ў Беларусі паэт, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра, аўтар больш як дваццаці вершаваных зборнікаў, напісаных пераважна для дзяцей. Ён вядомы нам і як паэт-песеннік, на вершы якога беларускія кампазітары напісалі яркія, запамінальныя песні патрыятычнага зместу.

А нарадзіўся паэт 10 чэрвеня 1919 года ў вёсцы Хляўно Кармянскага раёна.

Паэта не стала 4 студзеня 2002 года.

Так, паэта не стала. Але ж мелодыя яго душы, мелодыя любові да сваёй малой радзімы будзе гучаць заўсёды. Бездакорна валодаў Авяр’ян Дзеружынскі беларускім словам, упэўнена адчуваў сябе ў стыхіі роднай мовы.

У Кармянскім раёне таксама нарадзіліся гісторык Філімонаў Аляксандр Андрэевіч, паэт Тодар Пракопавіч Курбацкі, які з’яўляўся настаўнікам Івана Мележа – вядомага беларускага пісьменніка; Яцкевіч Алег Віктаравіч – намеснік міністра абароны Рэспублікі Беларусь у 1994 – 2000 гг. і інш.

Так ці інакш з Кармянскай зямлёй лёс звязаў Янчанка Міколу Ігнатавіча і Ткачова Васіля Юр’евіча – беларускіх пісьменнікаў, Ігнаценка Міхаіла Васілевіча і Русага Міхаіла Іванавіча – беларускіх дзяржаўных дзеячаў. У Карму часта да сваёй бабулі па матчынай лініі ў час школьных канікул прыязджала вядомая руская артыстка Марчанка Людміла Васілеўна, вядомая нам усім па фільмах “Цыган”, “Служебный роман”, “За бедного гусара замолвите слово” і інш.   Усё гэта дае магчымасць вучням пазнаёміцца з тымі асобамі, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё культуры, эканомікі роднага краю. Між тым “чалавечая” інфармацыя найбольш каштоўная і мае найбольшы выхаваўчы патэнцыял.

Школьныя экскурсіі па славутых мясцінах Кармяншчыны

У час Летняй школы была праведзеная экскурсія па славутых месцах Кармянскага раёна, у тым ліку экскурсія ў музей П. М. Лепяшынскага, што знаходзіцца ў вёсцы Літвінавічы. Экскурсія дала магчымасць пазнаёміцца школьнікам з жыццём П. М. Лепяшынскага, паглядзець іншыя выставы краязнаўчага характару.

Праца вялася з газетай “Зара над Сожам”. Вучні павінны былі знайсці і апісаць кароткае ўтрыманне артыкулаў, якія распавядаюць аб падзеях  XX ст. у нашым раёне, напісаць свой уласны краязнаўчы артыкул ці эсэ. У гэтым накірунку цікавыя працы стварылі вучаніцы 9 класа Лавянецкая Людміла і Папкова Алена.

Такім чынам, ствараючы працу па тэме “Таямніцы Кармянскага раёна”, вучні карысталіся  этапам Выкліку (падбор асацыятыўных радоў да паняцця “радзіма”); этапам Асэнсавання, дзе адбывалася атрыманне новай інфармацыі шляхам пошуку, працы з тэкстамі, экскурсій. На стадыі Рэфлексіі вучні пісалі эсэ, у якім раскрылі любоў і павагу да родных мясцін.

Прывядзём некалькі ўрыўкаў з эсэ некалькіх груп рознага ўзросту:

“Падчас вывучэння гісторыі нашага краю ў Летняй школе мы пазналі шмат новага. Экскурсіі ў Краязнаўчы музей Лепяшынскага і г. п. Карма дапамаглі нам у сучасны час пазнаёміцца з побытам жыхароў Кармяншчыны. Нашай увазе былі прадстаўленыя экспанаты жыцця і дзейнасці вядомага публіцыста, педагога і грамадскага дзеяча Панцеляймона Лепяшынскага.

З дадатковага матэрыялу мы пазналі аб важных гістарычных падзеях, звязаных з нашым раёнам: адкрыццё першых школ, лякарань. Такім чынам мы знаёміліся з невядомай нам гісторыяй роднага краю, а таксама лепш пазнавалі сучаснасць.

Цяпер Баравая Буда – развіваючы аграгарадок. З кожным годам ён становіцца больш прывабным і цікавым. Для многіх з нас ён з’яўляецца месцам, дзе мы нарадзіліся і на працягу многіх гадоў мы назіраем за яго развіццём…” (Кузьмянкова Віка, 8 клас);

“Для мяне Баравая Буда – не проста прыгожая вёска, у якой я нарадзілася. Тут я пражыла сваё дзяцінства. Я часта хаджу па знаёмых вуліцах любімай вёскі са сваімі сябрамі. Я часта хаджу ў лес, на поле і ганаруся, што жыву ў такім прыгожым месцы роднай Кармяншчыны.

Прыемна бачыць, як вёска адраджаецца, паступова будуюцца новыя дамы і будынкі. Гэта значыць, вёска не памірае, а расце і развіваецца…” (Папкова Анастасія, 7 клас);

“Учора наш клас наведаў краязнаўчы музей у вёсцы Літвінавічы. Ішлі весела, нічога характэрнага ў музейным мястэчку ніхто ўбачыць не чакаў. Але калі нас падвялі ў залу Лепяшынскага “гутаркі” мімаволі пачалі сціхаць, а ў дзяцей выявілася цікавасць да жыцця гэтага славутага чалавека. Было вельмі цікава пазнаць і пра мінулае Кармянскага раёна: пра побыт, стравы, якія ўжо зніклі з нашага сучаснага жыцця…” (Валанцэвіч Міхаіл, 7 клас). 

Удзел у конкурсах

Вучні Баравабудскай школы ўдзельнічаюць амаль ва ўсіх даследчых і творчых конкурсах і алімпіядах для школьнікаў. Падрыхтоўка да ўсіх конкурсаў пачынаецца менавіта ў час Летняй школы, а працягваецца на працягу новага навучальнага года.

Шмат якія з працаў адзначаны дыпломамі, граматамі, падзякамі, надрукаваныя ў калектыўных зборніках. Гэтую справу лічым надзвычай  важнай, бо яна дае магчымасць развіваць у вучняў уменні збіраць інфармацыю, сістэматызаваць яе, развівае навыкі навукова-даследчай дзейнасці, самастойнасць, творчасць.

Абуджаць нацыянальную свядомасць праз беларускую мову дапамагаюць святы роднага слова, конкурсы чытальнікаў, тэматычныя вечары, школьныя канферэнцыі, гутаркі, алімпіяды па беларускай мове, гульні-віктарыны, вечары народных і аўтарскіх беларускіх песняў.   

Я ўпэўнены, што народная песня вучыць вучняў дабрыні, спагадзе, чуласці, міласэрнасці, гуманізму і, канешне,- патрыятызму.   

Разам з вучнямі ў летні перыяд таксама выпускаем літаратурную насценгазету. Вучні ствараюць свае ўласныя творы, пішуць эсэ і сачыненні. Я заўважыў, што самастойныя і творчыя працы выконваюцца вучнямі з найбольшым задавальненнем. Мне, ды і вучням, падабаюцца тэмы сачыненняў-разважанняў “Што такое шчасце?”, “Шлях да ісціны”, “Чаму беларусы не размаўляюць па-беларуску”, “Мая Радзіма”, “Айчына маіма вачыма”. Вельмі часта размаўляем з вучнямі на гістарычныя тэмы, узгадваем якую-небудзь гістарычную постасць, асобу, каб вучні не забывалі сваіх нацыянальных герояў. Рагнеда, Еўфрасіння Полацкая, Кастусь Каліноўскі, Ларыса Геніюш застануцца ў памяці вучняў назаўсёды!.. 

Баравабудскі фестываль народнай творчасці

З 2002 года ў нашай вёсцы ў чэрвені месяцы праходзіць Баравабудскі фестываль народнай творчасці – свята беларускай музыкі і паэзіі. Арганізатары – народны гурт “Землякі” і вучнёўскі фальклорны гурт “Вяснянкі” – ставяць мэтай мерапрыемства сустрэчу з цікавымі людзьмі, стварэнне магчымасцяў для самавыяўлення вясковай моладзі, распаўсюджванне беларускай культуры, ведаў пра наш  край. А звышзадача свята – спрыяць фармаванню нацыянальнай свядомасці ў жыхароў мястэчкаў і вёсак Кармянскага раёна. 

 Праект “Чаму жыхары Кармянскага раёна не размаўляюць па-беларуску”

Праект “Чаму жыхары Кармянскага раёна не размаўляюць па-беларуску” паказаў, што гэта праблема хвалюе не толькі вучняў, але іх бацькоў і ўсіх жыхароў вёсак Баравая Буда, Гарадок, Лесавая Буда, Струкачоў, а таксама ўсіх тых мястэчак, дзе праводзілася апытванне, а пасля і аналіз атрыманых вынікаў. Праект па дадзенай тэме быў для вучняў не новым. Упершыню з гэтай праблемай яны пазнаёміліся на ўроках беларускай мовы і літаратуры. Да прыкладу, мною быў распрацаваны ўрок-дыспут па тэхналогіі французскіх педагагічных майстэрняў “Чаму беларусы не размаўляюць па-беларуску”, які быў апублікаваны ў часопісе “Роднае слова” (2007 г., №8). Прыкладна праз паўгода да сусветнага Дня роднай мовы, 21 лютага 2008 года, у Баравабудскай школе прайшла літаратурна-музычная імпрэза “Размаўляй са мною па-беларуску”. Сцэнар гэтай імпрэзы быў таксама апублікаваны ў часопісе “Роднае слова” ў 2008 годзе (№8). Усе гэта садзейнічала разуменню паднятай праблемы. Пасля падвядзення вынікаў у якасці Рэфлексіі вучні таксама пісалі эсэ “Чаму беларусы не размаўляюць па-беларуску”. Гэта праца абудзіла нацыянальную самасвядомасць, любоў і павагу да сваёй роднай мовы, якая з кожным разам знікае не толькі з эфіру нацыянальных тэлеканалаў, але і з школьнага жыцця.

Выхаванне патрыятызму, любові да Айчыны сярод школьнікаў – ёсць таксама адна з галоўнейшых задач ідэалагічнай працы ў РБ. Але ўсе чамусьці забываюць тое, што патрыятызм пачынаецца перш за ўсе з любові да роднай мовы, гісторыі, з ведання сваіх каранёў. Як можна любіць свой народ, не ведаючы яго мовы? Як можна быць патрыётам, не размаўляючы на мове Скарыны, Багушэвіча, Янкі Купалы, Кастуся Каліноўскага? Даволі часта можна пачуць: “А зачем нам белорусский язык? Зачем нам два одинаковых языка?” Гэта я лічу адкрытым заклікам адракацца ад свайго роднага, самага дарагога. Гэта тое самае, што заклікаць адракацца ад родных бацькоў... Калі не праводзіць патрыятычную працу ў школе, не прывіваць любоў да роднай мовы, гісторыі, то чалавек паступова ўжо робіцца іншы: ён не пазнае свайго мінулага, свайго сённяшняга, а заўтра глядзіць чужымі вачыма. Там ён не знаходзіць месца свайму народу, яго мове, культуры. Калі не будзе беларускай мовы, не будзе i нас, беларусаў, не будзе нашага народа. “Вымерла мова ў вуснах народа – вымер i народ”,- сурова сказаў вялікі рускі педагог К. Дз. Ушынскі.

 Заключэнне

Падагульняючы сказанае і праілюстраванае, можна зрабіць некаторыя высновы.

Па-першае, выхаванне патрыятызму, нацыянальнай самасвядомасці – справа складаная, асабліва ў цяперашніх гістарычных умовах. Такія якасці не абудзіш толькі анкетаваннем ці гутаркай. Для гэтага патрэбна мэтанакіраваная праца не толькі аднаго настаўніка-энтузіяста, а ўсяго калектыву настаўнікаў і адміністрацыі навучальнай установы, падтрымка раённага ці гарадскога аддзела адукацыі.

Па-другое, практыка Летняй школы 2007 і 2008 гг. паказала перспектыўнасць гэтай працы ў будучым не толькі ў адной узятай школе, але і ва ўсім Кармянскім раёне. 

Па-трэцяе, толькі сучасныя асобасна арыентаваныя тэхналогіі дазваляюць вучням рэалізаваць сябе, раскрыць уласныя творчыя здольнасці, сказаць усё тое, што на звычайных занятках ён не мог бы. Тэхналогія педагагічных майстэрняў, інтэгральная тэхналогія, тэхналогія крытычнага мыслення абуджаюць зацікаўленасць вучняў пэўнай тэмай.

Па-чацвёртае, вялікую ролю ў выхаванні і навучанні юнага пакалення адыгрывае родная мова як сродак выхавання і фарміравання ўнутранай культуры асобы. Аднак каб беларуская мова стала сапраўды роднай, сваёй, трэба, каб нацыянальная адукацыя была беларускамоўнай, як у Германіі – нямецкамоўнай, у Францыі – французскамоўнай…

Толькі праз гуманізацыю працэсу выкладання ці выхавання магчыма стварыць спрыяльныя ўмовы для адраджэння мовы нашага народа і ўсведамлення сябе прадстаўніком беларускай нацыі, якая мае сваю мову, культуру, гісторыю, уласныя звычаі і традыцыі. А для гэтага трэба імкнуцца да таго, каб дзейнасць вучня на выхаваўчых занятках была максімальна насычанай, разнапланавай, цікавай і захапляльнай.

 Спіс літаратуры

  1. Грынюк, Ж. У. Псіхалагічныя пытанні вывучэння беларускай мовы і літаратуры / Ж. У. Грынюк. – Мінск, 2000.

  2. Запрудский, Н. И. Современные школьные технологии / Н. И. Запрудский. – Минск, 2004.

  3. Зенченко, В. А. Проблемы формирования гражданственности и патриотизма у современной молодёжи / В. А. Зенченко. – Мн., 2001.  

  4. Мянькоў, Ю. У. Новае – майстэрня будучага / Ю. У. Мянькоў // Беларуская мова і літаратура. – 2011. – №6. – С. 53 – 56.  

  5. Руцкая, А. Пазакласная праца па беларускай літаратуры / А. Руцкая // Беларуская мова і літаратура. – 2006. – №11.

  6. Туркевіч, В. Творчасці зярняткі залатыя...: Метадычныя эцюды настаўніка / В. Туркевіч. – Мінск, 1988.

 

 

 

 

 

 

Новости

Логотип президентской избирательной кампании 2025 года
30-10-2024

 

Представлен логотип президентской избирательной кампании 2025 года

 Представлен логотип президентской избирательной кампании 2025 года, передает корреспондент БЕЛТА.

"Логотип представляет собой контур Государственной границы Республики Беларусь с нанесенным на нем Государственным гербом и Государственном флагом. Справа от контура на флаге расположена надпись "Выборы Президента Республики Беларусь" и дата выборов. Все очень емко, ярко и стильно", - отметил начальник отдела аппарата ЦИК Беларуси Сергей Шмарловский, представляя логотип.